Вацлаў Ластоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вацлаў Ластоўскі
Vacłaŭ Łastoŭski.jpg
2-і Старшыня Рады міністраў БНР
сьнежань 1919 — красавік 1922
Папярэднік: Антон Луцкевіч
Наступнік: Аляксандар Цьвікевіч
Неадменны сакратар БАН
1928 — 1930
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзіўся: 8 лістапада 1883
з. Калесьнікі, Дзісенскі павет, Віленская губэрня
Памёр: 23 студзеня 1938Саратаў
Нацыянальнасьць: беларус
Партыя: БСГ (1906-1908), БПСР (1919-1923)
Сужэнец: Марыя з Іваноўскіх
Бацькі: Юстын Ластоўскі
Ганна
Род: Ластоўскія
Рэлігія: каталіцтва

Ва́цлаў Юсты́навіч Ласто́ўскі (8 лістапада [ст. ст. 27 кастрычніка] 1883[1] — 23 студзеня 1938) — беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзяяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня. Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў засьценку Калесьнікі Дзісенскага павету Віленскай губэрні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці[2]) у сям’і безьзямельнага шляхціца. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Пасьля сканчэньня непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франціша Ластоўскага.

У 1896 годзе, прайшоўшы пехатой 70 вёрстаў да чыгункі, Ластоўскі зьехаў у Вільню. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы, канцылярыстам у Шаўлях (Летува), бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўнівэрсытэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадзкага і культурнага руху. У 19061908 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 годзе быў арыштаваны за сацыялістычную прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.

Ад 1909 — сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (па адрасе ў Вільні Завальная, 7), у 19161917 — рэдактар газэты «Гоман», у 1918 выдаваў газэту «Krywičanin». У канцы 1918 году ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 — у партыі беларускіх эсэраў, са сьнежня 1919 да красавіка 1923 узначальваў Раду міністраў БНР (быў прэм’ерам).

Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. Быў зьняволены польскімі ўладамі, у 1920 яму дазволена выехаць ў Летуву. У красавіку 1923 году выйшаў з ураду БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (19231927).

У красавіку 1926 пераехаў у БССР. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі — акадэмік і сакратар Інбелкульта і Акадэміі навук БССР.

У 1930 годзе, падчас экспэдыцыі ў Сыбір, Ластоўскага арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», пазбавілі званьня акадэміка і саслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзелу рэдкай кнігі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы. Паўторна арыштаваны ў 1937, прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. 23 студзеня 1938 году яго расстралялі. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988, па другім — у 1958.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крытыцы В. Ластоўскага прысьвечаныя некалькі нумароў часопіса Беларуская думка (галоўны рэдактар В. Гігін). У нумары № 3 за 2009 год публіцыст Алег Ліцкевіч выказвае меркаваньне, што Ластоўскі склаў шэраг песень, якія выдаў за аўтэнтычныя фальклёрныя, у тым ліку вядомую песьню пра бітву пад Воршай («Слава Воршы ўжо ня горша…»)[3].

У нумары № 2 за 2008 год гісторык А. Гронскі сьцьвярджае, што менавіта Ластоўскі «прыдумаў Каліноўскаму імя „Кастусь“»[4], ігнаруючы той факт, што ў адпаведнасьці з гістарычнымі дакумэнтамі дадзеная форма імя ўжывалася ў сям’і К. Каліноўскага.[5] У гэтым жа артыкуле Гронскі выкрывае падкрэсьлена ненавуковую, публіцыстычную працу[6] В. Ластоўскага, прыводзячы скажэньні арыгінальнага тэксту твору Каліноўскага:[7]

Браты мае, мужыкі родныя!
Марыська, чарнаброва галубка мая

У Ластоўскага[7]:

Беларусы, браты родныя!
Беларуская зямелька, галубка мая

На гэтай падставе Гронскі сьцьвярджае, што «зьвяртаючыся да сялянаў ён [К. Каліноўскі] не называў іх беларусамі», тым часам у шырока вядомых Лістах з-пад шыбеніцы К. Каліноўскі пісаў: «…а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваей сіле дабіваціся будуць».[8]

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2012 годзе разам зь іншымі выбітнымі ўраджэнцамі Глыбоччыны ў Глыбокім быў усталяваны бюст Вацлава Ластоўскага.[9]

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выступаў як паэт, празаік, публіцыст, крытык і літаратуразнавец. Выдаваў часопісы і газэты.

  • «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910; факсымільнае перавыданьне — Менск, 1992 і 1993)
  • «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926; факсымільнае перавыданьне — Менск, 2012 з прадмовай Алеся Сушы)
  • «Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924; факсымільнае перавыданьне — Менск, 1990)
  • «Што трэба ведаць кажнаму беларусу» (Менск, 1918, 1943, 1991)
  • «Творы» (Мюнхэн, 1956)
  • «Выбраныя творы» (Менск, 1997; уклад., прадм. і камэнт. Я.Янушкевіча).
  • Успаміны пра нашаніўскі пэрыяд

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Некаторыя крыніцы лічаць днём нараджэньня 1 лістапада (20 кастрычніка паводле старога стылю) 1883 году. Сам Ластоўскі ў сваім «Curriculum Vitae» ўжывае яшчэ адну дату нараджэньня — 24 сьнежня 1882 году.
  2. ^ Радзіма Вацлава Ластоўскага Radzima.org
  3. ^ Ліцкевіч А. «Слава Воршы ўжо не горша…» // Беларуская думка. — 2009. — № 3. — С. 92-99.
  4. ^ Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. — № 2. — 2008. — С. 82—87.
  5. ^ Ці застанецца Каліноўскі на п’едэстале нацыянальнага героя? // Радыё Свабода, 30 верасьня 2009
  6. ^ Андрэй Вашкевіч. Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім // ARCHE Пачатак, 11 лістапада 2008
  7. ^ а б «Мужыцкая праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы»: Тексты і каментарый. — Нью-Йорк, 1980
  8. ^ «І да нашага кутка даляцела ваша Газэтка…» // Лісты з-пад шыбеніцы
  9. ^ У Глыбокім усталявалі помнік прэм'еру БНР Вацлаву Ластоўскаму Эўрарадыё Праверана 30 жніўня 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]