Кіеўская Русь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кіеўская Русь

882—1240
 

 

 

Герб
Герб
Месцазнаходжаньне {{{НазваЎРоднымСклоне}}}
Афіцыйная мова Царкоўнаславянская
Сталіца Кіеў
Форма кіраваньня
Вялікі князь
Манархія
Алег (першы)
Даніла (астатні)
Этнічны склад Славяне:
Старажытнаўкраінцы
Старажытнабеларусы
Канфэсійны склад Язычніцтва
праваслаўе
Валюта Кіеўская грыўня
Цяпер зьяўляецца часткай Украіна
Беларусь
Расея
Польшча


Кі́еўская Русь — паняцьце, уведзенае ва ўжытак пазьнейшымі гісторыкамі, якое абазначае пэрыяд існаваньня старажытнарускай (усходнеславянскай) дзяржавы Русь ва Ўсходняй Эўропе ад канца IX ст. у выніку пераносу сталіцы з Ладагі ў Кіеў (у 882 годзе князем Алегам) і аб’яднаньня пад уладаю князёў дынастыі Рурыкавічаў большасьці ўсходніх славян, у тым ліку зямель, якія ляжалі на шляху з вараг у грэкі. Гэтая дзяржава праіснавала да падзеньня Кіева пад націскам войскаў манголаў.

У Сярэднявеччы Кіеўская Русь мела найбольшую плошчу сярод усіх дзяржаваў у Эўропе, пры гэтым адзінай дзяржавы фактычна не існавала: шматлікія спробы князя Ўладзімера ў канцы X ст. зброяй аб'яднаць ўсе ўсходнеславянскія землі ўрэшце скончыліся няўдачай, а Полацкае княства ў зацятым змаганьні адстаяла сваю незалежнасьць[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да сярэдзіны IX ст. на ўсей тэрыторыі, заселенай усходнімі славянамі, пачалі фармавацца раньнефэадальныя княствы. У канцы IX ст. тут узьнікла палітычнае ўтварэньне — Кіеўская Русь з цэнтрам у Кіеве. Землі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў увайшлі ў склад Кіеўскай Русі. Кіеўская Русь зьяўлялася раньнефэадальнаю дзяржаваю, на чале якой стаяў вялікі кіеўскі князь. У склад дзяржавы ўваходзілі асобныя землі на чале са сваімі князямі. Мясцовыя князі знаходзіліся ў васальнай залежнасьці ад вялікага кіеўскага князя. Яны павінны былі зьяўляцца з дружынай па патрабаваньні вялікага князя з мэтай ажыцьцяўленьня ваенных паходаў. Падуладнае мясцовым князям насельніцтва плаціла даніну вялікаму князю кіеўскаму. У той жа час мясцовыя князі карысталіся амаль неабмежаванай уладай у сваіх княствах.

На тэрыторыі Беларусі склаліся два раньнефэадальныя княствы — Полацкае і Тураўскае, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Геаграфічнае становішча Полацкага княства стварала спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця эканомікі, перш за ўсе гандлю, а таксама абумовіла значэньне княства як аднаго з ваенных фарпостаў Русі. У Полацку існавала мясцовая княская дынастыя. Полацкія князі імкнуліся праводзіць незалежную ад Кіева палітыку. У пачатку XII ст. Полацкае княства ўступіла ў пэрыяд фэадальнае раздробленасьці і распалася на шэраг удзельных княстваў: Полацкае, Менскае княства, Віцебскае княства, Друцкае княства, Ізяслаўскае княства, Лагойскае княства і інш. Другое раньнефэадальнае княства на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Тураўскае — утварылася ў канцы IX ст. Тураўскае княства належала то Полацку, то Кіеву ў якасьці часткі вялікакняскіх уладаньняў. У другой палове XII ст. тут усталявалася самастойная княская дынастыя, аднак ужо ў канцы XII — пачатку XIII ст. на тэрыторыі Тураўскага княства ўтварыўся шэраг дробных фэадальных княстваў: Тураўскае, Пінскае княства, Слуцкае княства, Клецкае княства, Дубровіцкае княства.

У пачатку XIII стагодзьдзя пачынаецца экспансія нямецкіх рыцараў-крыжаносцаў у Прыбалтыку. Рыцары захапілі вусьце ракі Дзьвіны і такім чынам паставілі пад свой кантроль важны для Полацка гандлёвы шлях. Полацкае княства ўступіла ў барацьбу з крыжакамі, абапіраючыся на дапамогу літоўскіх плямёнаў і Ноўгарада. У пачатку XIII ст. з усходу на рускія землі накіраваліся татара-манголы. Беларускія землі засталіся ў баку ад асноўнага напрамку руху татара-манголаў. Летапісы ўзгадваюць пра разбурэньні Берасьця, выкліканыя захопнікамі (аднак горад імі ня быў захоплены), а таксама пра асобныя бітвы з татара-манголамі ў Беларусі.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як мяркуюць сучасныя навукоўцы, адзінай этнакультуры на Русі ў XI—XII стагодзьдзях не было[2]. У этнічным пляне імпэрыя Рурыкавічаў была вельмі неаднароднай. Апрача ўсходніх славянаў, яе насялялі балты, фіна-вугры і народы цюркскага паходжаньня.

Агульная пісьмовая мова, ролю якой можна параўнаць з роляй лаціны ў каталіцкай Эўропе, не была этнакансалідуючым чыньнікам[3]. Простая мова жыхароў розных мясьцінаў адрозьнівалася. Напрыклад, як сьведчаць Берасьцяныя граматы, мова жыхароў Ноўгарада ў XI ст. істотна адрозьнівалася ад мовы кіяўлянаў[2].

У культурным сэнсе Кіеўская Русь улучала ў сябе вялікі комплекс лякальных культураў[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Тарасаў С. Ці быў старажытнарускі народ? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 5.
  2. ^ а б в Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 57.
  3. ^ Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. С. 24.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]