Жазэ Сарамагу
| Жазэ Сарамагу | |
| José de Sousa Saramago | |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Імя пры нараджэньні: | Жазэ дэ Соўза Сарамагу |
| Нарадзіўся: | 16 лістапада 1922 Азінага, Партугалія |
| Памёр: | 18 чэрвеня 2010 Лінсарот, Гішпанія |
| Грамадзянства: | Партугалія |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці: | драматург, раманіст |
| Гады творчасьці: | 1947—2010 |
| Жанр: | раман |
| Прэміі: | Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры (1998) |
| Афіцыйны сайт | |
Жазэ Сарамагу (па-партугальску: José de Sousa Saramago; 16 лістапада 1922 — 18 чэрвеня 2010) — партугальскі пісьменьнік, паэт, журналіст левых палітычных поглядаў, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1998), гуманіст і атэіст.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
[рэдагаваць] Палітычныя погляды
Атэіст, перакананы прыхільнік левых поглядаў, антыглябаліст. Сябра Партугальскай камуністычнай партыі з 1969 году. Эўраскэптык. Крытыкаваў брусэльскую й страсбурскую бюракратыю, параўноўвае Эўропу са старой кабетай, якая ў цяперашнім сьвеце абсалютна нічога ня робіць, ні на што не ўплывае, проста старэе.
На бок антыглябалістаў пісьменьнік стаў, бо гэта пакуль адзіная, на ягоную думку, сіла, якая ставіць актуальныя для ўсяго сьвету пытаньні, а ня проста дбае аб выгодзе, грошах, пасадах, кар’еры і г. д. Гэта адзіная групоўка і сіла, якая выкрывае сучасныя праявы таталітарызму ў сьвеце — эканамічную глябалізацыю.[1] Сарамагу — адзін з падпісантаў Маніфэсту ў Порта Алегры.
Пісьменьнік крытыкаваў ня толькі рэлігію, Бога, але й палітыкаў, краіны й цэлыя хаўрусы. У самым пачатку 2000-х Сарамагу абазваў італьянскага палітыка Сыльвіё Бэрлюсконі «крымінальнікам». У 90-х гадах мінулага стагодзьдзя партугальскі гуманіст абвінаваціў Ізраіль у генацыдзе палестынцаў.[2]
[рэдагаваць] Цытаты
- Плянэта была б нашмат бясьпечнейшай, калі б мы ўсе былі атэістамі.
- Насамрэч, адзіным сьмяротным грахом зьяўляецца крывадушніцтва.
- Бог — гэта маўчаньне сусьвету, а чалавек — крык, які надае сэнс гэтаму маўчаньню.
- Дазвольце мне сказаць, што Бог заўсёды быў і застаецца праблемай.[3]
[рэдагаваць] Творчасьць
Жазэ Сарамагу аддаваў перавагу сацыяльным антыўтопіям, часьцяком сатырычным антыўтопіям («Каменны плыт», «Перабоі ў сьмерці», а таксама антыўтопіі «Сьлепата» ці яшчэ «Яснасьць»). Гэта ня проста шэдэўры літаратуры (так і не перакладзеныя на беларускую мову), але раманы сацыяльнай і палітычнай значнасьці для Эўропы, асабліва для той шэрай Эўропы, што хаваецца за цьмянай назвай «Усходняя Эўропа». Падаецца, тая Усходняя Эўропа, як і Ібэрыя ў рамане «Каменны плыт», адарвалася ад астатняй Эўропы і кіруецца ў невядомым напрамку. У некаторых сваіх раманах пісьменьнік сьмяецца з сучаснай лянівай дэмакратыі і наагул вучыць іншых, як змагацца з рознага кшталту ўладамі. Так, у рамане «Яснасьць» грамадзяне нейкай уяўнай краіны падчас выбараў у сталіцы (83% выбарнікаў) укінулі ў выбарчую скрыню пустыя бюлэтені. Такім парадкам, улады сутыкунуліся з «сапраўднай анархісцкай змовай». З аднаго боку, раманы і асабліва некаторыя ідэі з тых раманаў Сарамагі могуць яшчэ навучыць іншых як спыніць свавольства ўлады, прынамсі паспрабаваць. А з другога боку, літаратура зноў сьцвярджае свае прагрэсісцкія пазыцыі і даводзіць, што слова не толькі замілоўвае, але і раніць, забівае, пагражае, не дае спаць многім стырнаўладнікам сучаснасьці.
Усё жыцьцё Сарамагу быў замілаваны ці, як гаварыў ён сам, «апанаваны» гісторыяй, францускія гісторыкі (Ф. Брадэль, Ж. Д’юбі, Ж. Лё Гоф) асабліва цікавілі яго. І, як «новыя» гісторыкі, у сваіх раманах ён ніколі не аддаваўся гістарызму, у ягоных творах заўсёды дамінаваў чалавек, які не рабіўся тлом гісторыі, а хутчэй наадварот, гісторыя ўсяляк выкарыстоўвалася раманістам дзеля выкрываньня чалавечага, інтымнага, паўсядзённага.
Таму нароўні з антыўтопіямі ён шмат энэргіі аддаваў напісаньню гістарычных раманаў: «Грэшная зямля», «Успаміны аб кляштары», «Гісторыя аблогі Лісабона» і «Вандроўка слана» і апошні ягоны філязофска-гістарычны раман-разьвітаньне «Каін».
З-за свайго самага неадназначнага твору ў 90-х мінулага стагодзьдзя партугальскі пісьменьнік зьехаў з кансэрватыўнай каталіцкай Партугаліі і пасяліўся ў Гішпаніі: на радзіме яму не даравалі сьмелай, адвольнай і вельмі крытычнай інтэрпрэтацыі эвангельляў і эвангельскіх сюжэтаў у рамане «Эвангельле ад Езуса».
Натуральна, як перакананы і непапраўны атэіст, але пры гэтым добры знаўца Бібліі і каталіцкай традыцыі, ён у тэкстах ды прамовах асабліва жорстка выступае супраць Бога, ягоныя героі пагражаюць нябёсам кулаком, ягоны Езус з рамана «Эвангелье ад Езуса» даруе не людзям, а Богу ўсе ягоныя выкіды і крывавыя задумы, а самым станоўчым героем твора робіцца д’ябал (ён жа і анёл).
Менавіта праз гэты твор Ватыкан і пракаталіцкі ўрад Партугаліі арганізавалі ў 1992 годзе сапраўдны байкот пісьменьніку, у выніку чаго той і перабраўся ў Гішпанію, на Канары. Тым не менш, байкот на радзіме не зьнішчыў пісьменьніка, твор быў перакладзены на больш чым 25 моваў і ўрэшце прынёс яму Нобэлеўскую прэмію.[4] Дарэчы, Сарамагу — гэта пакуль адзіны люзафон-набэляр.
[рэдагаваць] Творы
- 1966 — «Магчымыя вершы»
- 1978 — «Квазіаб’ект» (апавяданьні)
- 1979 — «Ноч» (п’есы)
- 1980 — «Паўсталыя зь зямлі» (Levantado do chao)
- 1981 — «Вандроўка ў Партугалію»
- 1982 — «Memorial do convento» / «Успамін аб кляштары»
- 1984 — «О ano da morte de Ricardo Reis» / «Год сьмерці Рыкарда Рэйса»
- 1986 — «J jangada de pedra» / «Каменны плыт»
- 1989 — «Гісторыя аблогі Лісабона»
- 1991 — «О Evangelho Segundo Jesus Cristo» / «Эвангельле ад Езуса»
- 1995 — «Ensaio sobre a Cegueira» / «Сьлепата»
- 1997 — «Усе імёны»
- 2000 — «Пячора»
- 2002 — «Двайнік»
- 2005 — «As Intermitencias da Morte» / «Перабоі ў сьмерці»
- 2009 — «Каін»
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Інтэрвію для часопісу «Расея ў глябальнай палітыцы».
- ^ У Ізраілі байкатуюць кнігі нобэлеўскага ляўрэата Жазэ Сарамагу
- ^ Усе цытаты на сайце «Aufil de mes lectures».
- ^ На lenta.ru.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- Евангелле ад Сарамага «Наша Ніва», 22 чэрвеня 2010
- http://www.aufildemeslectures.net/?au=318(фр.)
- http://www.monde-diplomatique.fr/2004/08/SARAMAGO/11481.html(фр.)
- http://www.citi.pt/cultura/literatura/romance/saramago/index.html(парт.)
- Блог пісьменьніка
| Ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ў 1976—2000 гадах | |
|---|---|
|
Сол Бэлоў (1976) • Вісэнтэ Алейксандрэ (1977) • Ісак Башэвіс Зынгер (1978) • Адысэяс Элітыс (1979) • Чэслаў Мілаш (1980) • Эліяс Канэцьці (1981) • Габрыэль Гарсія Маркес (1982) • Ўільям Голдынг (1983) • Яраслаў Сэйфэрт (1984) • Клёд Сымон (1985) • Воле Шайінка (1986) • Іосіф Бродзкі (1987) • Нагіб Махфуз (1988) • Каміла Хасэ Сэла (1989) • Актавіё Пас (1990) • Надын Гордымэр (1991) • Дэрэк Ўолкат (1992) • Тоні Морысан (1993) • Кэндзабура Оэ (1994) • Шэймас Гіні (1995) • Віслава Шымборска (1996) • Дарыё Фо (1997) • Жазэ Сарамагу (1998) • Гюнтэр Грас (1999) • Гао Сынцянь (2000) Поўны сьпіс | (1901—1925) | (1926—1950) | (1951—1975) | (1976—2000) | (2001—2025) |
|