Прагрэсіўны рок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Прагрэсіў-рок»)
Прагрэсіўны рок
Стылістычнае паходжаньнегард-рок, псыхадэлічны рок, джаз ф’южн, клясычная музыка
Паходжаньнесярэдзіна 1960-х, Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Нямеччына
Тыповыя інструмэнтыэлектрагітара, бас, бубны, сьпеў, клявішы
Папулярнасьць1970-я — 1990-я
Вытворныя формынью-эйдж
Паджанры
прагрэсіў-мэтал, сымфанічны рок, спэйс-рок, краўт-рок, нэа-прагрэсіў, пост-рок
Лягатып Вікісховішча Progressive rock ў Вікісховішчы

Прагрэ́сіўны рок — кірунак у рок-музыцы (галоўным чынам, эўрапейскай), які вылучаецца манумэнтальнасьцю кампазыцыяў, складанасьцю тэкстаў, эклектычнасьцю, разнастайнымі экспэрымэнтамі з мэлёдыямі, рытмамі, вакальнымі партыямі. Узьнік у Вялікабрытаніі ў другой палове 1960-х гадоў, пік папулярнасьці прыпадае на пачатак 1970-х гадоў, але й да сёньняшняга дню ў сьвеце існуе шмат гуртоў, творчасьць якіх належыць да прагрэсіў-року альбо мае яго асобныя рысы. Больш вузкія напрамкі ў межах прагрэсіў-року — арт-рок, сымфанічны рок, прагрэсіў-мэтал, сымфа-мэтал.

Асноўныя прыкметы стылю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прагрэсіўны рок узьнік на першай хвалі пратэсту супраць поп-культуры ды спажывецкага грамадзтва напрыканцы 1960-х гадоў. Усе музыкі гэтага напрамку грэбавалі радыйным фарматам ды пажаданьнямі масавай аўдыторыі, імкнуліся да больш поўнага самавыражэньня, да складанасьці клясычнае й джазавае музыкі пры захаваньні асноўных рысаў року. Большасьць альбомаў гуртоў прагрэсіўнага року канцэптуальныя, аб’яднаныя нейкай адзінай ідэяй (прыклады — «The Wall» Pink Floyd, «Tales from Topographic Oceans» Yes, «Thick as a Brick» Jethro Tull, «Still Life» Van der Graaf Generator); існуюць нават нізкі альбомаў з агульнай канцэпцыяй (як у гурта King Crimson).

Асаблівасьці музыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вельмі доўгія кампазыцыі. Нормаю зьяўляюцца кружэлкі з 3—5 песьняў працягласьцю па 10—20 хвілінаў кожная; сустракаюцца альбомы, складзеныя з адной надзвычай доўгай песьні (самы вядомы — «Thick as a Brick» гурта Jethro Tull, гучыць 43 хвіліны). Кампазыцыі могуць складацца зь вялікай колькасьці музычных тэмаў, што зьмяняюць адна адну без перапынкаў, альбо мець адну-дзьве галоўных тэмы, што разьвіваюцца па ходзе кампазыцыі.
  • Выкарыстаньне электрычных і электронных клявішных інструмэнтаў (мэлатрон, арган Гаманда, сынтэзатары) у роўнай ці нават у большай ступені з гітарамі ды бубнамі; адначасова могуць ўжывацца й клясычныя акустычныя інструмэнты — скрыпка, флейта ды іншыя.
  • Складаныя мэлёдыі, блізкія да клясычных (а таксама цытаты з клясыкі); складаныя рытмы, часта няроўныя, зьменлівыя; складаныя вакальныя партыі, шматгалосьсі, нязвыклыя манэры сьпеву.
  • Сустракаюцца сольныя партыі на ўсіх без выключэньня інструмэнтах — гітарах, клявішных, бубнах і гэтак далей (яскравы прыклад — альбом «Fragile» гурта Yes, на якім кожны ўдзельнік гурта запісаў па сольнай кампазыцыі). Вельмі пашыраныя імправізацыі кшталту джазавых.

Асаблівасьці тэкстаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Высокі стыль» мовы, у адрозьненьне ад большасьці эстрадных песень: багаты слоўнікавы запас, складаныя сказы, яскравыя вобразы, сымбалічнасьць, мэтафарычнасьць, алітэрацыі ды іншыя моўныя прыёмы.
  • Эпічнасьць, разьвіцьцё падзеяў у тэксьце (асабліва ў песьнях па гістарычных ці фантастычных матывах).
  • Разнастайнасьць паэтычных ды нават празаічных формаў, арганічнае зьліцьцё тэксту й музыкі.
  • У тэкстах раскрываюцца тэмы маралі, жыцьця й сьмерці, сацыяльнага пратэсту ды іншыя, уласьцівыя высокай літаратуры.

Гурты й выканаўцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • PROG ARCHIVES — даведнік выканаўцаў, архіў запісаў (анг.)