Гарыет Бічэр-Стоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Гарыет Бічэр-Стоў
Harriet Beecher Stowe
Гравюра, зробленая пры жыцьці пісьменьніцы
Гравюра, зробленая пры жыцьці пісьменьніцы
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Гарыет Элізабэт Бічэр
Нарадзілася 14 чэрвеня 1811
Сьцяг ЗША Лічфілд, Канэктыкут
Памерла 1 ліпеня 1896
Сьцяг ЗША Гэтфард, Канэктыкут
Грамадзянства ЗША ЗША
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьніца
Значныя творы «Хаціна дзядзькі Тома»

Га́рыет Элі́забэт Бі́чэр-Стоў (па-ангельску: Harriet Elizabeth Beecher Stowe; 14 чэрвеня 1811, Лічфілд, Канэктыкут, ЗША — 1 ліпеня 1896, Гэтфард, Канэктыкут, ЗША) — амэрыканская пісьменьніца, аўтар знакамітага раману «Хаціна дзядзькі Тома».

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарыет Элізабэт нарадзілася ў сям’і вядомага багаслова і прапаведніка Лімана Бічэра. Малодшы брат Генры Ўорд Бічэр таксама стаў прапаведнікам. Выхоўвалася ў пурытанскай традыцыі і непрыняцьці рабства. Доўгі час будучая пісьменьніца была настаўніцай у заснаванай ейнай сястрой школе для дзяўчынак. У 1836 выйшла замуж за Кельвіна Эліса Стоў, прафэсара багаслоўя ў Андавэры (Масачусэтс).

У сваіх літаратурных творах яна выступіла гарачай заступніцай жаночае адукацыі і зьнішчэньня рабаўладаньня. Самы вядомы раман Гарыет Бічэр-Стоў — «Хаціна дзядзькі Тома» (1852) — у першы ж год разышоўся ў Амэрыцы накладам 350 000, а агулам у 600 000 асобнікаў, вытрымаў 35 выданьняў у Ангельшчыне і быў перакладзены на 20 моваў. У адказ на праклёны і абвінавачаньні, якія пасыпаліся на Бічэр-Стоў за гэтую казань вызваленьня неграў з боку рабаўладальнікаў і іхніх паплечнікаў, яна выдала «Ключ» («Key to uncle Tom’s Cabin»), у якім яскрава засьведчыла, што сюжэт для раману ўзяты ёю наўпрост з жыцьця, часта нават да мізэрных падрабзянасьцяў.

Пісала таксама вершы, пераважна на рэлігійныя тэмы. У 1869 надрукавала ў адным амэрыканскім часопісе артыкул «Сапраўдная гісторыя жыцьця жонкі Байрана», у якім узьвяла на вялікага паэта абвінавачаньне ў пералюбным сужыцьці са зводнай сястрой. Артыкул выклікаў усеагульнае абурэньне ў Амэрыцы і Эўропе, і хоць Бічэр-Стоў намагалася апраўдацца і пацьвердзіць абвінавачаньне новымі фактамі ў кнізе «Lady Byron vindicated» (Бостан, 1869), аднак ёй ніхто не паверыў, і ўся гэтая гісторыя можа быць патлумачаная толькі пурытанскай нецярплівасьцю асяродзьдзя, у якім Бічэр-Стоў жыла з часу свайго замужжа.

Хата ў Брансўіку (штат Мэн), дзе была напісаная «Хаціна дзядзькі Тома», знаходзіцца ў сьпісе найістотнейшых славутасьцяў ЗША.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гарыет Бічэр-Стоўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Шаблён:Нацыянальная заля славы жанчын ЗША