Часовая Ірляндзкая Рэспубліканская Армія
Часовая Ірляндзкая Рэспубліканская Армія (па-ангельску: Provisional Irish Republican Army, Provos) — крыло ІРА, створанае ў 1969 годзе. Падставай для расколу сталі рознагалосьсі з нагоды ўдзелу або неўдзелу ў афіцыйных органах улады Паўночнай Ірляндыі (парлямэнцкія выбары) і ў мэтадах адказу на эскалацыю гвалту. Гэтыя рознагалосьсі шырока абмяркоўваліся ў вышэйшым органе ІРА, Радзе Войску (па-ангельску: Army Council).
Прыстаўка «часовая» падкрэсьлівае абмежаванае ў часе выкарыстаньне тэрарызму. У дакумэнце «Наша стратэгія. Як выйграць вайну» гаворыцца: «Ваенная акцыя пры вызначаных акалічнасьцях у вызначанай сытуацыі — адзіны тып рэалістычнай палітычнай акцыі… партызаны ведаюць, што час гісторыі працуе на іх, што сілы гісторыі на баку партызан». Ідэалягічнае апраўданьне змаганьня ЧІРА знаходзіць у ідэях сацыялізму, нацыяналізму, узьяднання Ірляндыі. Сваю дзейнасьць уяўляе як абарону «каталіцкіх гета ад ангельскіх салдатаў і пратэстанцкіх ультра». Галоўнай мішэньню тэрору было абвешчана Брытанскае войска.
Гісторыя [рэдагаваць]
У 1969 годзе ў Паўночнай Ірляндыі пачаліся так званыя Troubles (цяжкасьці) — масавыя сутыкненьні паміж каталікамі і пратэстантамі з-за пачатай прыхільнікамі незалежнасьці Ольстэра кампаніі за грамадзянскія правы. У адказ з ІРА, гатовай на кампраміс і ўдзел у выбарах, вылучылася больш жорсткае крыло — Часовая ІРА, а брытанцы ўвялі войскі.
У канцы 1970-х брытанская стратэгія змаганьня з ірляндзкім сэпаратызмам абвалілася. Ангельцы апынуліся не гатовыя да новай дактрыны ЧІРА, распрацаванай у 1977 годзе — так званай «канцэпцыі доўгай вайны». Як казалі рэспубліканцы, калі ў пачатку 70-х было адчуваньне, што доўгачаканае вызваленьне вось-вось адбудзецца, то празь некалькі гадоў ім прыйшлося ўсьвядоміць, што гэта хуткім часам не здарыцца, і трэба рыхтавацца да доўгай вайны па іншых правілах.
Да рэформаў баявікі ІРА былі разьмеркаваныя па ротах, якія звычайна складаліся з 30 чалавек. Роты былі згрупаваныя ў батальёны, якія ўключалі як валанцёраў (актыўных тэрарыстаў), так і памагатых. Гэтыя памагатыя былі патрэбныя на выпадак масавых міжрэлігійных сутыкненьняў. У Бэлфасьце і Дэры батальёны былі згрупаваныя ў брыгады. ЧІРА прынцыпова выкарыстала ваенную тэрміналёгію і структуру, што было ідэалягічна матываванае як адпраўленьнем да часоў паўстаньня 1916 году, пасьля якога Ірляндыя атрымала незалежнасьць, так і пахвальным параўнаньнем з рухам супраціву ў Францыі падчас Другой Сусьветнай.
З аднаго боку, дзякуючы ваеннай структуры ЧІРА мела большы кантроль над сваімі падразьдзяленьнямі і як сьледзтва магла праводзіць больш маштабныя апэрацыі, чым іншыя групоўкі. Зь іншага, у гэтай структуры была праблема – у першую чаргу, занадта шмат людзей ведала, хто ёсьць хто ў ЧІРА. Акрамя таго, дзяленьне на роты патрабавала вербаваньня занадта шматлікіх неправераных людзей, зьмешваючы тых, хто займаўся арганізацыйнай працай, з тымі, хто праводзіў апэрацыі. Рэарганізацыя ў першую чаргу кранула баявікоў: іх аб'ядналі ў ячкі. Тут ЧІРА скарысталася прыкладам партызанскіх арганізацый Лацінскай Амэрыкі, якія дзейнічалі па прынцыпах ячкаў у 60-я гады. Гэта значыць калі раней стралок ведаў ня толькі вышэйстаячых камандзіраў, але і падрыўнікоў, забесьпячэнцаў і чальцоў іншых падразьдзяленьняў, зараз ён падтрымліваў кантакт толькі з трыма-чатырма чальцамі свае ячкі. ЧІРА назвала іх ASU (па-ангельску: Active Service Units – падразьдзяленьні актыўнай службы).
Толькі камандзір ASU кантактаваў з вышэйстаячым узроўнем арганізацыі. Было зьнішчана дзяленьне на роты, батальёны таксама распусьцілі. Засталіся толькі брыгады ў Бэлфасьце і Дэрры. Затое былі адукаваныя малодшыя па колькасьці групы, дзе толькі камандзір і памагаты ведалі ўсе дэталі будучае апэрацыі. Яны аддавалі загады ASU, а таксама іншым групам, якія адказвалі за сачэньне за аб'ектам, крадзяжы машын і г.д. Ячкі атрымалі спэцыялізацыю: выведка, узброеныя напады, мінаваньне, рабаваньні, контрвыведка. У цяперашні час ЧІРА як адзін з спосабаў дзейнасьці выкарыстоўвае тактыку мабільных баявых групаў, якія складаюцца з 3-4 мужчын і жанчыны. Мужчыны рыхтуюць акт і забясьпечваюць бясьпеку жанчыны, яе роля - забойства. Баявікі ЧІРА дзейнічаюць на аснове Статуту, які выкладае задачы арганізацыі, абавязкі і правілы паводзін чальца ЧІРА. Беспрацоўныя чальцы ЧІРА атрымліваюць дараваньне 20 фунтаў стэрлінгаў у тыдзень.
Лік актыўных чальцоў ЧІРА упала з 1000 у 70-я гады да 250 баявікоў праз дзесяць гадоў. Але эфектыўнасьць групоўкі толькі вырасла.
У 1980-х адбываўся колькасны рост арганізацыі. Лік актыўных чальцоў вырас двухразова ў параўнаньні з 1970-мі, склаўшы 500 чалавек. У 1990-я адбылося некаторае паніжэньне колькасьці арганізацыі - да 300-400 баявікоў. Яшчэ некалькі сотняў чалавек займаюцца забесьпячэньнем, выведкай. ЧІРА у свае дзейнасьці абапіраецца на некалькі тысяч нерэгулярных чальцоў і тых якія спачуваюць.
У верасьні 1994 года ЧІРА абвясьціла аб спыненьні "ваенных акцый" і прапанавала правесьці перамовы, на што брытанскі ўрад адказаў адмовай. У хуткім часе ЧІРА ізноў зьвярнулася да тэрору, зрабіўшы ў ходзе 1996 - 1997 гадоў сэрыю выбухаў і забойстваў; асабліва маштабная тэрарыстычная аперацыя была праведзеная падчас перадвыбарчае кампаніі 1997, што стала адной з прычынаў паразы кансэрватараў, якія не жадалі пайсьці на перамовы. Пераможца - лейбарыст Тоні Блэр, пагадзіўся правесьці перамовы, якія ад асобы ЧІРА вёў лідэр легальнага крыла ЧІРА - партыі "Шын Фэйн" Джэры Адамс, у той час як баявыя структуры ЧІРА узначальваў Марцін Макгінэс. Незадаволеныя перамір'ем чальцы арганізацыі пакінулі шэрагі Часовай ІРА пры канцы 1997 года і сталі клікацца Рэальнай ІРА (Real IRA).
Тэрарысты атрымоўваюць фінансавую і палітычную дапамогу ад ірляндзкай дыяспары ЗША на ўмовах адмовы ад супрацоўніцтва з левымі радыкаламі; таксама фінансаваньне арганізацыі ажыцьцяўляецца Лібіяй і самафінансаваньнем (рабаванне банкаў, збор ахвяраваньняў). Бюджэт у 1970-х дасягаў 1.000.000 фунтаў у год, у 1980-х - вырас да 6.000.000 фунтаў у год.
З Лібіі і з боку ААП у Ірляндыю паступае зброя і выбухоўка. Асноўны канал дастаўкі - марская кантрабанда. На ўзбраеньні тэрарысты маюць аўтаматы, чэскую плястыкавую выбухоўку, гранатамёты РПГ-7, мінамёты. На тэрыторыі іншых краін ЧІРА супрацоўнічае з басконскай арганізацыяй ЭТА, рэвалюцыйнымі ячкамі (Нямеччына), мае сэтку прыхільнікаў у Галяндыі і Бельгіі.
Дзейнасьць [рэдагаваць]
- Студзень 1971: байцамі ЧІРА праводзіцца сэрыя з 40 выбухаў
- 6 лютага 1971: у выніку перастрэлак у гарадох Эрдайн і Клонард забіты 1 брытанскі салдат і 2 баявікі ЧІРА
- Красавік 1971: байцы ЧІРА правялі 37 выбухаў
- Травень 1971 г. - 47 выбухаў.
- Чэрвень 1971 г. - 50 выбухаў.
- 9-11 жніўня 1971 г. - Баявікамі забіта 23 чалавека, усяго за месяц - 35.
- 10 ліпеня 1972 г. - Адбываецца 146 перастрэлак байцоў ЧІРА і вайсковых фармаваньняў, падчас якіх зарэгістравана 10 забітых і дзясяткі параненых.
- 8 сакавіка 1973 г. - Баявікі праводзяць першы тэрарыстычны акт на тэрыторыі мэтраполіі: каля будынка суду ў Олд-Бэйлі быў выраблены выбух (1 чалавек загінуў), у выніку выбухаў на Трафальгардзкім пляцы 243 чалавека паранена; у далейшым праводзяцца тэракты супраць чальцоў брытанскага кабінэта, вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб, нападам падвэргнуліся тры прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі: Хіт, Тэтчэр, Мэйджар
- Ліпень 1972 г. - 19 бомбаў падарвана ў Бэлфасьце, пры гэтым загінула 9 чалавек і 130 паранена.
- 1974 г. - Байцы ЧІРА зрабілі замах на прэм'ер-міністра Хіта.
- Люты 1974 г. - Ажыцьцяўлены выбух брытанскага ваеннага аўтобуса, 12 салдат загінула.
- Лістапад 1975 г. - Забіты рэдактар "Кнігі рэкордаў Гінэса".
- 21 ліпеня 1976 г. - У Дубліне забіты ангельскі амбасадар.
- 30 сакавіка 1979 г. - Забіты ценявы міністар па справах Паўночнай Ірляндыі Э. Ніў. Яго аўтамабіль быў падарваны пры выезьдзе з гаража Ўэстмінстэрскага палаца.
- Люты 1978 г. - Баявікамі падарваны рэстаран у Бэлфасьце: 12 чалавек загінула і 30 паранена.
- Жнівень 1979 г. - Забойства лорда Маўнтбатэна.
- Люты 1980 г. - Забіты вайсковы палкоўнік.
- Лістапад 1981 г. - Забіты сьвятар Робэрт Брэдфард.
- 20 ліпеня 1982 г. - Баявікі правялі сэрыю выбухаў у Лёндане: у Гайд-парку загінулі 2 салдата; у Рыджэс-парку забіта 6 ваенных музыкаў.
- Сьнежань 1983 г. - Партызаны арганізавалі выбух перад унівэрмагам "Харрадас" у Лёндане, у выніку чаго 5 чалавек загінула і 37 паранена.
- 1984 г. - выбух у "Гранд-гатэлі" (Брайтан), на зьездзе Кансэрватыўнай партыі, 32 - паранена і 6 загінула.
- Люты 1985 г. - Баявікамі абстраляны г. Ньюры з гаўбіцы, 9 чалавек загінула і 37 паранена.
- Сакавік 1987 г. - Падарваны афіцэрскі клуб у ФРГ, паранена 27 немцаў і 4 ангельца.
- 1989 г. - Баявікамі ва ўсіх апэрацыях за год забіта 54 чалавека.
- 1990 г. - Забіта 44 чалавека.
- 28 лютага 1993 г. - Выбух на станцыі "Лёндан-брыдж", 29 параненых.
- 9 лютага 1996 г. - Выбух у Доклэнсе (Лёндан), у выніку чаго 2 чалавека загінула, 100 паранена.