Аляксандар Тармасаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Аляксандар Пятровіч Тармасаў
Александр Петрович Тормасов
11 жніўня 1752 — 25 лістапада (13 лістапада) 1819
Tormasov.jpg
Партрэт Аляксандра Пятровіча Тармасава
майстэрні[1] Джорджа Доў. Ваенная галярэя Зімовага палацу, Дзяржаўны Эрмітаж (Санкт-Пецярбург)
Месца сьмерці Масква
Прыналежнасьць Расейская імпэрыя
Званьне Генэрал ад кавалерыі
Камандаваў 3-я Заходняя армія
Бітвы/войны Рацлавіцы, Кобрынь, Гарадзечна, Таруціна, Малаяраславец, Вязьма, Красны
Узнагароды
Ордэн Сьвятога Георгія 2 ступені
Ордэн Сьвятога Георгія 3 ступені
Ордэн Сьвятога апостала Андрэя Першазваннага
Ордэн Белага арла
Ордэн сьвятога Станіслава
ОрдэнЧорнага арла

Алякса́ндар Пятро́віч Тарма́саў (11 жніўня 1752 — 13 лістапада 1819) — расейскі граф, генэрал ад кавалерыі. У француска-расейскую вайну 1812 году камандаваў 3-й заходняй арміяй на паўднёвых рубяжох Расейскай імпэрыі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З дваранаў. Бацька — лейтэнант флёту Пётар Іванавіч Тармасаў (памёр у 1789).

У 10 год быў накіраваны ў Найвышэйшы двор пажам, а ў 1772 паступіў на вайсковую службу паручыкам у Вяцкі пяхотны полк. У 1774 атрымаў званьне маёра, у 1777 — падпалкоўніка, у 1784 у чыне палкоўніка стаў камандаваць Александрыйскім лёгкаконным палком.

Заўважаны Пацёмкіным, ён быў камандзіраваны ў 1782 у Крым для здушэньня бунту татараў.

У пачатку 2-й турэцкай вайны (1787—1792) знаходзіўся ў кацярынаслаўскай арміі. У 1788 прымаў удзел у штурме Ачакава. У 1791, камандуючы коннай брыгадай, зьдзейсьніў удалы паход за Дунай да Бабадагу, а 28 чэрвеня прыняў удзел у мачынскай бітве, кіруючы коньніцаю левага крыла. 21 сакавіка 1791 атрымаў чын генэрал-маёра. Узнагароджаны 18 сакавіка 1792 ордэнам сьв. Гяоргія 3-е клясы № 95.

« Во уважение на усердную службу, храбрые и мужественные подвиги, оказанные им в сражении при Мачине и разбитии войсками Российскими под командою генерала князя Николая Васильевича Репнина многочисленной турецкой армии верховным визирем Юсуф-пашею предводимой. »

Удзел у здушэньні паўстаньня Т. Касьцюшкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас Паўстаньня Касьцюшкі атрымаў паразу ад паўстанцаў пад Рацлавіцамі, 28 верасьня 1794 у бойцы ля Мацяёвіц кіраваў левым флянгам галоўных сіл. Падчас штурму Прагі (прадмесьця Варшавы) узначальваў адну з калёнаў.

Пасьля здушэньня паўстаньня Кацярына II узнагародзіла Тармасава ордэнам Сьв. Уладзімера II клясы і залатой шпагай, аздобленай брыльянтамі з надпісам «За адвагу», а кароль Станіслаў Аўгуст даслаў яму ордэны Белага Арла і Сьв. Станіслава. У сьнежні 1795 прызначаны віленскім губэрнатарам.

Пэрыяд канфліктаў з Турэччынай і Пэрсыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 лютага 1798 атрымаў чын генэрал-лейтэнанта.

За царом Паўлам I у 1799 годзе звольнены са службы і кінуты ў турму, як і шмат якія іншыя генэралы. Але 16 лістапада 1800 ізноў прызначаны камандзірам палку кірасіраў ляйб-гвардыі Ягонае Высокасьці. 15 верасьня 1801 з прычыны ўзыходу на сталец Аляксандра I атрымаў чын генэрала-ад-кавалерыі. У 1803 прызначаны кіеўскім генэралам-губярнатарам, у 1807 — рыскім. Пасьля заключэньня Тыльзіцкага міру папрасіўся ў адстаўку, аргумянтуючы гэта пагаршэньнем стану здароўя і 35-гадовай службай. 11 сьнежня 1807 Аляксандар I здаволіў ягоную прозьбу, пакінуўшы яму, аднак, поўную пэнсыю і права нашэньня мундыру. Пасьля сьмерці жонкі (інфлянцкай шляхцянкі з дому фон Гайкінгаў (von Geicking)) вярнуўся на службу і 8 чэрвеня 1808 быў прызначаны галоўнокамандуючым у Грузіі і на Каўкаскай ліні.

Прыбыўшы да свайго месца службы ў лютым 1809, Тармасаў пераняў справы ў цяжкім становішчы: Турцыя і Пэрсыя рыхтаваліся да вайны з Расеяй, у Імярэціі і Абхазіі выбухнулі паўстаньні, Дагестан пагражаў тым самым, а пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага знаходзілася ня больш за 42 тысячы войскаў. Праявіўшы дыпляматычны талент, уменьне абіраць выканаўцаў і падаграваць варагаваньне між народамі і плямёнамі Каўказу і інтарэсамі Турцыі і Пэрсыі, змог унікнуць вялікіх канфліктаў. Зваяваўшы крэпасьць Поці і такім чынам скасаваўшы ўплыў турак на Абхазію і Імярэцію, Тармасаў уціхамірыў і паўстаньні ў іх; у Дагестане ўсе спробы паўстаньня былі здушаныя.

Бліжэйшыя паплечнікі Тармасава — П. С. Катлярэўскі, Р. І. Лісаневіч і Сімановіч — нанесьлі туркам і пэрсам некалькі рашучых паразаў і тым самым забясьпечылі спакой на паўднёвых межах Расеі.

Расейска-француская вайна 1812 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перад пачаткам француска-расейскай вайны 1812 году Тармасаў атрымаў камандаваньне 3-й Заходняй арміяй (54 батальёны, 76 швадронаў, 9 казачых палкоў, агулам 43 тысячы), якая ў часе вайны выконвала ахову паўднёвай мяжы. Адначасна ён быў уганараваны ордэнам Сьв. Уладзімера I-е клясы.

Супраць войскаў Тармасава быў накіраваны сьпярша Шварцэнбэрг, потым Рэнье з саксонскім корпусам. 1 ліпеня Тармасаў, пакінуўшы для аховы Валыні і для сувязі з Дунайскай арміяй корпус Ф. В. Сакена, а генэрал-маёра І. А. Хрушчова (драгунская брыгада і 2 казачыя палкі) ва Ўладзімеру-Валынскім (для забесьпячэньня межаў з боку Галіцыі і Варшаўскага герцагства), сам, з галоўнымі сіламі, рушыў супраць флянгу і тылу францускіх войскаў, што наступалі ад Берасьця да Пінску супраць Багратыёна. Корпус Рэнье быў раскіданы на вялікай прасторы (Слонім — Пружаны — Берасьце — Кобрынь — Янава — Пінск). 24 ліпеня частка арміі Тармасава захапіла Берасьце; 27-га быў разьбіты і склаў зброю саксонскі атрад (генэрал Кленгель, 66 афіцэраў, 2200 ніжэйшых чыноў, 8 гарматаў); пасьля таго Тармасаў заняў Пружаны. Гэтая перамога мела важкае значэньне як першы посьпех у пэрыяд адступленьня расейскіх войскаў. За яе Тармасаў 28 ліпеня 1812 быў уганараваны ордэнам Сьв. Гяоргія 2-е клясы № 43 і 50 тысячаў рублёў.

« За поражение французов при Кобрине 15 июля 1812 года. »

Рэнье, сабраўшы свае войскі і злучыўшыся са Шварцэнбэргам, атакаваў Тармасава ля Гарадзечны. 1 жніўня расейскія войскі адышлі сьпярша да Кобрыні, а пасьля да Луцку для злучэньня з Дунайскай арміяй П. В. Чычагава, што ішла ў Расею пасьля заключэньня бухарэсцкага міру.

У верасьні арміі злучыліся і вымусілі Шварцэнбэрга пасьпешна адступіць да Берасьця. Неўзабаве кіраваньне над аб’яднанымі войскамі перайшло да адмірала П. В. Чычагава, а Тармасаў быў адкліканы ў галоўны штаб, дзе яму было даручана ўнутранае кіраваньне войскамі і іх арганізацыя. Тармасаў удзельнічаў у бойках пад Таруцінам, Малаяраслаўцам, Чырвоным і з галоўнай арміяй перайшоў мяжу імпэрыі ў сьнежні 1812 году. Напрыканцы году атрымаў ордэн Сьв. Андрэя. Калі М. І. Кутузаў, захварэўшы, застаўся ў Бунцлаў, Тармасаў часова прыняў камандаваньне над арміяй.

Позьнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве параза пад Лютцэнам і пагаршэньне стану здароўя вымусіла яго прасіць звальненьня; ён быў прызначаны чальцом Дзяржаўнага Савету, а ў 1814 — генэрал-губэрнатарам Масквы. Заняўся адбудовай Масквы пасьля пажару. Па вяртаньні Аляксандра I з Парыжу Сэнат высунуў праект усталяваньня цару помніка і наданьня яму тытулу «Багаславёны». У гэтай дэлегацыі да цара быў таксама і Тармасаў. 30 жніўня 1816, падчас візыту Аляксандра I ў Маскву, А. П. Тармасаў атрымаў тытул графа. У 1818 прускі кароль адзначыў Тармасава ордэнам Чорнага Арла.

Памёр у 1819 пасьля працяглай і цяжкай хваробы. Пахаваны ў Маскве ў Данскім манастыры. Ягоны сын Аляксандар быў камэр-юнкерам на царскім двары і памёр у 1839 годзе, спыніўшы дынастыю Тармасавых.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзяржаўны Эрмітаж. Заходнеэўрапейскі жывапіс. Каталёг = Государственный Эрмитаж. Западноевропейская живопись. Каталог / под ред. В.Ф. Левинсона-Лессинга; ред. А.Е. Кроль, К.М. Семенова.. — 2-е выданьне, перапрацаванае і дапоўненае. — Л.: Искусство, 1981. — С. 260. — 360 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]