Джон Рональд Руэл Толкін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Джон Толкін
John Ronald Reuel Tolkien
Tolkien 1916.jpg
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Джон Рональд Руэл Толкін
Нарадзіўся 3 студзеня 1892, Блумфантэйн, Паўднёвая Афрыка
Памёр 2 верасьня 1973, Оксфард, Вялікабрытанія
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік і мовазнаўца

Джон Рональд Руэл То́лкін (па-ангельску: John Ronald Reuel Tolkien) (3 студзеня 1892 — 2 верасьня 1973) — брытанскі пісьменьнік і мовазнаўца.

Зьмест

Біяграфія [рэдагаваць]

Джон Рональд Руэл Толкін нарадзіўся ў Блумфантэйне ў Паўднёвай Афрыцы, у сям’і банкаўскага служачага Артур Толкіна ды Мэйбл Толкін (дзявочае прозьвішча Сафілд). Артур Толкін паходзіў з саксонскіх немцаў, што пераехалі ў Англію ў 18 стагодзьдзі. У 1894 годзе нарадзіўся малодшы брат Толкіна, Гілары Артур Руэл. У хуткім часе Мэйбл разам зь дзецьмі перабралася да сваякоў у Англію. Артур зьбіраўся паехаць сьледам за імі крыху пазьней, але нечакана памёр ад інсульту. У 1900 годзе Мэйбл прыняла каталіцтва, моцна сапсаваўшы гэтым адносіны са сваімі сваякамі-пратэстантамі. Пасьля яе сьмерці ад дыябэту ў 1904 годзе апякунства над дзецьмі ўзяў яе духаўнік, айцец Фрэнсыс Ксаўер Морган.

У школьныя гады Толкін сустрэў Эдыт Брэт і закахаўся ў яе. Яны бавілі шмат часу разам, і айцец Морган, непакоячыся, каб гэта не перашкодзіла паступленьню хлопчыка ва ўнівэрсытэт, на доўгі час забараніў ім сустракацца. Толкін паступіў у Оксфардзкі ўнівэрсытэт і сур’ёзна заняўся мовамі. За сваё жыцьцё Толкін вывучыў вялікую колькасьць моваў, у тым ліку валійскую, старажытнаангельскую, готскую.

Калі пачалася Першая сусьветная вайна, Джон Толкін запісаўся ў поўк Ланкашырскіх стралкоў. Пасьля Бітвы пры Соме Толкін цяжка захварэў на акопную ліхаманку і быў адпраўлены назад у Англію.

У 1916 годзе Толкін нарэшце ажаніўся з Эдыт Брэт. У 1917 у іх нарадзіўся сын Джон, у 1920 — Майкл, у 1924 — Крыстафер, у 1929 — дачка Прысцыла.

У 1920 годзе Толкін атрымаў месца выкладчыка ва Ўнівэрсытэце Лідса, ў 1925 годзе вярнуўся ў Оксфард у якасьці прафэсара старажытнаангельскае мовы. З 1945 году да выхаду на пэнсію ў 1959 быў прафэсарам ангельскае мовы ды літаратуры ў Мэртан-каледжы, Оксфард. Сярод ягоных студэнтаў быў Уістан Х'ю Одэн. Падчас выкладчыцкае працы Толкін ўваходзіў у клюб Інклінгаў, пасябраваў з Клайвам Льюісам.

Памёр у горадзе Борнмут 2 верасня 1973 года. Пахаваны на могілках ў Оксфардзе побач з жонкаю.

Літаратурная творчасьць [рэдагаваць]

Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Толкін-пісьменьнік вядомы перш за ўсё як аўтар кнігаў пра сьвет Сярэдзінных Земляў. Складаць гэтыя разнастайныя па форме ды памеры творы ён пачаў у юнацтве ды займаўся гэтым усё жыцьцё, несупытнна зьмяняючы і рэдагуючы зробленае раней. Першыя легенды, што складалі так званую «Кнігу страчаных паданьняў», Толкін напісаў падчас Першае сусьветнае вайны. Але выданыя яны ў той час не былі, і знаёмства чытачоў з Сярэдзіннымі Землямі пачалося нашмат пазьней, ў 1937, калі пабачыў сьвет іншы (і зусім непадобны) твор гэтага цыклу, казка «Хобіт». Казка адразу набыла вялікую папулярнасьць, і выдавец зьвярнуўся да Толкіна з просьбаю напісаць працяг. Той пагадзіўся, але справа зацягнулася на доўгія гады. Вынікам стаў трохтомны «Уладар пярсьцёнкаў», які быў надрукаваны ў 19541955 і прынес аўтару сусьветную славу.

Тым ня менш, вартыя ўвагі й іншыя творы Толкіна, паміж якімі казкі, вершы ды паэмы. Значная частка твораў Толкіна выйшла ўжо пасьля ягонае сьмерці пад рэдакцыяй ягонага сына Крыстафэра.

На творчасьць Толкіна моцна паўплывала яго прафесійнае захапленьне сярэдневечнай эўрапейскай літаратурай, у прыватнасьці стараангельскай паэзіяй. Так, у «Хобіце» і ў «Уладары пярсьцёнкаў» можно знайсьці адсылкі да «Бэавульфа», некаторыя сюжэты «Сільмарыліяна» натхнёныя «Калевалай», шматлікія паэтычныя творы Толкіна напісаныя стараангельскім алітэраваным вершам.

Навуковая дзейнасьць [рэдагаваць]

Толкін удзельнічаў ва ўкладаньні Оксфардзкага слоўніка ангельскае мовы і ў падрыхтоўцы выданьняў шэрагу сярэднявечных паэмаў. Дасьледваў стараангельскую і сярэднеангельскую літаратуру. Ягоныя працы па паэме «Бэавульф» — асабліва знакамітая лекцыя «Бэавульф: пачвары і крытыкі» — шырока цытуюцца да цяперашняга часу.

Штучныя мовы [рэдагаваць]

Пішучы кнігі пра Сярэдзінныя Землі, Толкін стварыў некалькі штучных моваў для прыдуманых ім народаў. Найбольш вядомыя і прапрацаваныя з гэтых моваў — Квэнья і Сіндарын. Стварэньню моваў як роду мастацкае творчасьці прысьвечанае ягонае эсэ «Тайная загана» (1930).

Бібліяграфія [рэдагаваць]

Прыжыцьцёва выданыя літаратурныя творы [рэдагаваць]

  • Песьні для філёлягаў (Songs for the Philologists, 1936, разам з Э. В. Горданам)
  • Хобіт (The Hobbit, 1937)
  • Ліст Нігля (Leaf by Niggle, 1945)
  • Паэма пра Аотру ды Ітрун (The Lay of Aotrou and Itroun, 1945)
  • Фэрмэр Джайлз з Гэму (Farmer Giles of Ham, 1949)
  • Вяртаньне Беорхтната, сына Беорхтхельма (The Homecoming of Beorhtnoth Beorhthelm’s Son, 1953)
  • Уладар пярсьцёнкаў (The Lord of the Rings, першыя два тамы выданыя ў 1954, трэці — у 1955))
  • Прыгоды Тома Бамбадзіла (The Adventures of Tom Bombadil, 1962)
  • Каваль зь Вялікага Вутану (Smith of Wootton Major, 1967)

Важныя акадэмічныя і тэарэтычныя прыжыцьцёвыя публікацыі [рэдагаваць]

Сярэднеангельскія і стараангельскія словыі выразы ў назвах артыкулаў дадзеныя без перакладу.

Пасьмяротна выданыя творы [рэдагаваць]

  • Лісты Каляднага дзеда (The Father Christmas Letters, 1976)
  • Сільмарыліян (The Silmarillion, 1977)
  • Малюнкі Дж. Р. Р. Толкіна (Pictures by J. R. R. Tolkien, 1981)
  • Няскончаныя паданьні (Unfinished Tales, 1980)
  • Лісты Дж. Р. Р. Толкіна (The Letters of J. R. R. Tolkien, 1981)
  • Містэр Бліс (Mr. Bliss, 1982)
  • Гісторыя Сярэдзінных Земляў (The History of Middle-Earth, 19831996)
  • Равэрандам (Roverandom, 1998)
  • Дзеці Хурына (The Children of Húrin, 2007)

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]

Commons-logo.svg  Джон Рональд Руэл Толкінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў