Ляхчыцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ляхчыцы
трансьліт. Liachčycy
Герб Ляхчыцаў Сьцяг Ляхчыцаў
Першыя згадкі: 1563
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Кобрынскі
Сельсавет: Хідрынскі
Насельніцтва: 155 чал. (2011)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1642
Паштовы індэкс: 225866
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°5′13″ пн. ш. 24°23′45″ у. д. / 52.08694° пн. ш. 24.39583° у. д. / 52.08694; 24.39583Каардынаты: 52°5′13″ пн. ш. 24°23′45″ у. д. / 52.08694° пн. ш. 24.39583° у. д. / 52.08694; 24.39583
Ляхчыцы на мапе Беларусі ±
Ляхчыцы
Ляхчыцы
Ляхчыцы
Ляхчыцы
Ляхчыцы
Ляхчыцы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ля́хчыцы[1] (таксама — Ля́хчычы[2]) — вёска ў Кобрынскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Ляхчыцы ўваходзяць у склад Хідрынскага сельсавету. Вёска разьмешчана на захадзе Палесься за 15 км ад Кобрыню і 18 км ад Дзівіна.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва вёскі ўтворана ад слова «ляха» — незасеянае поле («ляшыць» — значыць засяваць). Паводле народнага паданьня, назва паходзіць ад прозьвішча першапасяленца Ляха, які быў палякам. Таксама ўпершыню ўпамінаецца ўрочышча Княжая Гара, на якім, паводле народнага паданьня, пахавана княгіня Вольга.

Каля вёскі былі знойдзены крамянёвыя наканечнікі стралы і дзіды. Упершыню вёска ўпамінаецца ў Рэвізіі Кобрынскай эканоміі, састаўленай каралеўскім рэвізорам Дзьмітрыем Сапегам у 1563 годзе[3].

Каля вёскі знаходзяцца дзьве магілы ахвяраў фашызму. На поўдзень ад вёскі каля каналізаванай рэчкі Трасьцяніцы знаходзіцца ўрочышча Княжая гара. Паводле мясцовага паданьня ва ўрочышчы разьмешчана магіла княгіні Вольгі.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ёсьць Дом сацыяльных паслуг, крама, новы будынак лазьні, які не выкарыстоўваецца. У 2011 годзе зачынена сельская бібліятэка.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2010 годзе — 142 жыхары. У 2011 годзе — 72 двары, у вёсцы жыве 155 чалавек. Самыя распаўсюджаныя прозьвішчы Назарук і Барысюк.

Паданьне пра Княжую гару[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У паўднёвым напрамку ад вёскі знаходзіцца пагорак, які называецца Княжая гара. Пагорак мае вышыню ў амаль 10 мэтраў, аднак непадалёк разьмешчаныя і больш высокія ўзгоркі. Пра Княжую гару існуе мясцовае паданьне.


« Даўно тое было. Княгіня Вольга тут праходзіла. Была яна наша, руская… Некалі забілі мужа яе, Уладзіміра, і пайшла Вольга ваяваць з ворагамі… Вольга хітрасьцю перамагла ворагаў, перакаваўшы ў коней капыты наадварот. Але за Дзівінам быў пост, і адтуль салдаты яе даганялі. У той час наша гара над балотамі стаяла, лесу на ёй не было. Там княгіня і спынілася. У той час варожыя войскі наступалі з поўдня, ад Навасёлак. На гары і напаткала сьмерць Вольгу… Там яе і пахавалі. Як кажуць, магіла была амаль пад вяршыняй. 3 таго часу гара і завецца Княжаю. Здаўна на магіле стаяў просты драўляны крыж, але, напэўна, пры бальшавіках яго зьнялі… »

Гістарычныя крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Валыні
Крыж на Княжай Гары

Паданьне зьвязана з канкрэтнымі гістарычнымі фактамі. У 1287 годзе галіцка-валынскія князі пайшлі на Польшчу. Уладзімера-валынскі князь Уладзімер Васількавіч, цяжка хворы, паслаў замест сябе ваяводу, а сам застаўся ў Камянцы. Вельмі пакутуючы ад сваёй раны (у яго гніла ніжняя сківіца), ён паведаміў Мсьціславу Данілавічу Луцкаму, што прызначае яго спадкаемцам. Пасьля паходу Луцкі князь быў выкліканы для падпісаньня дакумэнтаў. Асобна была напісана грамата, у якой жонцы Ўладзімера Вользе Раманаўне быў адпісаны горад Кобрынь і сяло Городель (Гарадзец). Акрамя таго, у грамаце князь запісаў: «…а княгіня мая оже восхочет ў чэрніч поіті поідеть, Аже не восхочет ити, а како ёй любо мне не воставши глядеті, што, хто мае чыніть по моем жывоте»[4]. Да таго ж князь вымусіў пераемніка цалаваць крыж, што ён не аддасьць прыёмную дачку Ізяславу супраць яе волі замуж, а толькі так, як захоча Вольга.

10 сьнежня 1288 году Ўладзімер Васількавіч памёр. Вольга Раманаўна на пахаваньні мужа была з Ізяславай і зь сястрой свайго мужа манашкай Аленай. Апошні раз у Іпацьеўскім летапісе Вольга згадваецца ў сакавіку 1289 году[4].

Аб Княжай гары існуюць пісьмовыя зьвесткі ў гістарычных крыніцах. Першыя гэта «Рэвізія Кобрынскай эканоміі» 1563, дзе запісана: «Княжая Гора, урочище села Рухович»[5]. Пазьней Гара прысутнічае на расейскіх мапах XIX ст. і на польскіх пачатку ХХ ст. У канцы XIX ст. археоляг Ф. В. Пакроўскі са словаў сьвятара запісаў: «с. Хабовічы … Блоцкай вол., Кобрынскага павету. За 5 вёрстаў на паўднёвы захад ад сяла ёсьць невялікі пагорак, званы ў народзе Княжы гара. Называецца так таму, што тут быццам бы ў час бою забітая нейкая князёўна»[6].

Княжая гара аказала вялікі ўплыў на разьвіцьцё вёскі Ляхчыцы і суседняй акругі. У Пакроўскай царкве вёскі Хабовічы, у прыход якой уваходзяць Ляхчыцы, захоўваўся летапіс пра падзеі, зьвязаных з урочышчам, а 24 ліпеня «на Вольгу» адзначаецца прастольнае храмавае сьвята. У Ляхчыцах вельмі распаўсюджана жаночае імя Вольга. Указам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 сьнежня 2008 г. № 659 заснаваны афіцыйныя геральдычныя сымбалі вёскі Ляхчыцы — герб і сьцяг, на якіх намаляваная княгіня Вольга.

Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь 22 лютага 2012 году прыняла рашэньне ўнесьці прапанову ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці тапанімічнаму аб’екту — назьве ўрочышча Княжая Гара, якое знаходзіцца каля вёскі Ляхчыцы Кобрынскага раёну. Гэта першы тапонім, які плянуецца ўзяць пад ахову дзяржавы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 191
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 192
  3. ^ Акты Виленской археографической комиссии. Вильно, 1876. Т. 15. С. 68.
  4. ^ а б ПСРЛ. Т. 2. Іпацьеўскі летапіс. М.: АН СССР, 1952. С. 904—905.
  5. ^ Акты Віленскай археаграфічнай камісіі. Вільні, 1876. Т. 15. С. 67.
  6. ^ Ф.В. Покровский. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильно, 1895. С. 83.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ляхчыцысховішча мультымэдыйных матэрыялаў