Нганасанская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нганасанская мова
ня’’ сиәде
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён Таймырскі Далгана-Ненецкі раён Краснаярскага краю Расеі
Колькасьць карыстальнікаў 125 чал.
(перапіс насельніцтва Расеі 2010 р.)[1]
Клясыфікацыя Уральскія мовы
Афіцыйны статус
Статус: 6b Пад пагрозай[d][2]
Пісьмо кірыліца
Коды мовы
ISO 639-2(Т) nio
ISO 639-3 nio

Нганаса́нская мова (саманазва: ня’’ сиәде, вымаўл. [næʔ]~[nʲɐʔ) — самадыйская мова ўральскае моўнае сям'і, на якой размаўляе самадыйскі народ нганасаны.

На мове размаўляе 125 чалавек (паводле зьвестак перапісу насельніцтва ў Расеі 2010 року). Распаўсюджаная ў паўднёва-заходняй ды цэнтральнай частках паўвостраву Таймыр, у прыватнасьці, трох паселішчах Таймырскага Далгана-Ненецкага раёну Краснаярскага краю: Вусьць-Авам, Валачанка, Новая.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нганасанская мова зьяўляецца найбольш аддаленай ад астатніх самадыйскіх моваў[3]. Існуе два дыялекты мовы, распаўсюджаньне якіх адпавядае дзьвюм родапляменным групам нганасанаў: авамскі (Вусьць-Авам, Валачанка) і вадзееўскі (Новая). Адрозьненьні паміж дыялектамі не перашкаджаюць узаемаразуменьню.

Носьбіты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нганасаны засяляюць паўночную частку Таймырскага паўвостраву. Іхная асноўная частка жыве ў Таймырскім Далгана-Ненецкім раёне Краснаярскага краю, у пасёлках Вусьць-Авам, Валачанка ды Новая. Паводле зьвестак Усерасейскага перапісу насельніцтва ў 2010 годзе, колькасьць нганасанаў склала 862 чалавекі, зь іх моваю валодала 125. Усе нганасаны вольна размаўляюць на расейскай мове, некаторыя — таксама па-далганску ды энецку. На Таймыры сярод носьбітаў мовы адбываецца моцная моўная асыміляцыя, у тым ліку і праз далганскую мову. Асноўная сфэра ўжытку мовы збольшага прадстаўленая зносінамі людзей старэйшых за 60 гадоў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя вывучэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню мова была зафіксаваная ў перакладзе малітвы «Ойча наш», які быў зроблены між 1664 і 1667 галяндзкім картографам і палітыкам Нікаляэсам Вітсэнам. Далей, у XVIII ст. нганасанскія словы публікаваліся нямецкім мэдыкам і батанікам Даніелем Готлібам Мэсэршмітам, нямецкім географам і лінгвістам Філіпам Ёганам фон Штраленбэргам, нямецкім географам і вандроўнікам Пэтэрам Сыманам Палясам, а таксама фінскім дасьледчык фіна-вугорскіх і самадыйскіх моваў, філёлягам Матыясам Аляксандрам Кастрэнам. Зьвесткі былі сабраныя ў 1845-1849 гадох, граматыка і слоўнік выйшлі ў 1854 і 1856 гадох. За савецкім часам дасьледаваньнем нганасанскай (і іншых самадыйскіх) мовы займаліся Н. Цярэшчанка (першае сыстэматычнае апісаньне мовы) і Е. Хелімскі.

«Гаворка»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гаворка (Таймыр)

У XVIII-XIX ст. у асяродку таймырскіх расейскіх затундравых сялянаў, нганасанаў і далганаў склаўся піджын, лексыка якога амаль поўнасьцю складаецца з расейскай, а граматыка нашмат бліжэйшая да ўрала-алтайскага аглютынацыйнага тыпу[4]. Пераважае парадак словаў паводле SOV, замест ускосных склонаў выступаюць канструкцыі з пасьлялогамі место і мера, адсутнічаюць анляўтныя спалучэньні зычных (напрыклад, се (параўн. з расейскім «все», па-беларуску: «усе»), тарик (параўн. з расейскім «старик», па-беларуску: «стары»), малаший (параўн. з расейскім «младший», па-беларуску: «малодшы»). Адбываецца індукаваньне палісэміі словаў гаворкі субстратнымі мовамі (напрыклад, тебя ночь как резал?, параўн. з расейскім «как ты провёл ночь?» (па-беларуску: «як ты бавіў ноч?»).

Літаратурная мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле зьвестак Хелімскага[5], што ў адрозьненьне ад большасьці бесьпісьмовых народаў, нганасаны валодалі высокастандартызаванай літаратурнай мовай і традыцыяй культуры маўленьня. Выкананьне эпічных песень і легендаў зьяўлялася асноўным заняткам таймырскіх нганасанаў падчас завеі (а значыць, цягам многіх тыдняў шторок). Мова фальклёру была багатая на цяжкія поліпрэдыкатыўныя канструкцыі, рэдкія іменныя і дзеяслоўныя формы; для яе былі характэрныя сыстэматычныя і шматлікія праявы моўнага пурызму. Паводле Хелімскага, шматлікія нганасаны адрозьніваліся схільнасьцю да рэфлексіі з нагоды тых ці іншых сэмантычных або граматычных тонкасьцяў, этымалёгіі. Традыцыі нацыянальнае ўвагі да мовы адлюстраваліся ня толькі ў багацьці лексыкі, стылістычных мажлівасьцях мовы і г.д., але і ў архаічнай, досыць складанай, але абсалютна пасьлядоўнай нганасанскай марфаналёгіі, амаль зусім не закранутай аналягічным зрухамі, і ва ўсіх складаных выпадках матываванай фанэтычнымі працэсамі. На думку Хелімскага, менавіта існаваньне нацыянальнае літаратурнае мовы прывяло да яе практычнага зьнікненьня. Старэйшае пакаленьне носьбітаў мовы кіравалася своеасаблівымі максымалісцкімі меркаваньнямі і лічыла, што лепей дапусьціць сьмерць мовы, чым яе зьмяненьне.

Асноўная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граматыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Фаналёгія

У нганасанскай мове існуе 9 галосных гукаў і вялікая колькасьць дыфтонгаў:

Манафтонгі
Пярэднія Сярэднія Заднія
неагубленыя агубленыя неагубленыя агубленыя
Закрытыя i y ɨ u
Сярэднія e ə o
Адкрытыя æ a
      
Дыфтонгі
ia ya ɨa ua
ɨə
yo uo
au eu əu ou

Зычныя:

Зычныя
Вуснавыя Зубныя Палятальныя Заднеязычныя Лярынгальныя
Выбухныя p b t d с ʝ k g   ʔ
Афрыкаты         d‿ð с‿ç        
Фрыкатыўныя s ð x
Насавыя m n ɲ ŋ
Апраксыманты j
Бакавыя l ʎ
Дрыжачыя r

Адною з асаблівасьцяў нганасанскае мовы зьяўляецца наяўнасьць градацыі зычных. Яна выражаецца ў зычных фанэмах /b, t, k, s (sʼ)/, а таксама ў іх назалізаваных варыяцыях: /mb, nt, ŋk, ns/.

Марфалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для нганасанскае мовы характэрная аглютынацыя. Пры гэтым, з прычыны ўзрастальнае фузіі ў некаторых месцах словазьмяняльных парадыгмаў, напрыклад, у назоўніка між маркерам склону і пасэсыўным паказьнікам, прысутнічаюць і выпадкі фузіі. Словазьмяненьне часта суправаджаецца складанымі чаргаваньнямі ў слове (turku > turkuʔ, ɟam > ɟaməʔ, toxi > tobiʔ, bigai > bikaːʔ, lɨŋxɨ > lɨmbɨʔ, isi > iɟiʔ).

Тып выражэньня граматычных значэньняў — сынтэтычны. Амаль адзіным выпадкам аналітызму ў нганасанскай мове зьяўляецца наяўнасьць спэцыяльнага аналітычнага дзеяслова, што выражае адмаўленьне. У назоўніках нганасанскае мовы з граматычных катэгорыяў выражаюцца склон (7), пасэсыўнасьць (адзнака сынтаксічнае сувязі між назоўнікам і займеньнікам), катэгорыя асабовага прызначэньня (адзнака ўдзельніка з сэмантычнаю роляй бэнэфактыва).

У нганасанскай мове, у адрозьненьне ад іншых самадыйскіх моваў, мае больш сэнсу вылучаць фармальную клясу прыметнікаў. Прыметнікі ўзгадняюцца з назоўнікамі ў ліку ды склоне (у назоўным, вінавальным, родным) альбо толькі ў склоне (у астатніх склонах). Існуе досыць шмат словаўтваральных сродкаў, якія зьяўляюцца ўнікальнымі для прыметнікаў (напрыклад, шматлікія афіксы зьмяншэньня і паслабленьня меры й ступені якасьці). Па аналёгіі зь іншымі мовамі самадыйскае групы, у нганасанскай мове не існуе марфалягічнага спосабу выражэньня параўнальнае й пераўзыходнае ступені параўнаньня: у параўнальных канструкцыях прыметнік проста набывае ўнутраны актант у аблятыве. У прэдыкацыйнай пазыцыі да назоўніка прыядноўваецца дзеяслоўны асабова-лічэбны паказьнік безаб'ектнага спражэньня (напрыклад, mənə nilɨtɨ-m (па-беларуску: «я жыву»), mənə iɟi-m (па-беларуску: «я дзядзька»)). Гэтае правіла дзейнічае для назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў ды займеньнікаў, апрача асабовых.

Серад граматычных катэгорыяў дзеяслова ў нганасанскай мове вылучаюцца асоба і лік, час, мадальнасьць, эвідэнцыяльнасьць (набор сьведчаньняў, што выражаюць указаньне на крыніцу зьвестак датычна распавяданае сытуацыі), аспэкт, зьніжальная актантная дэрывацыя (шэраг спэцыяльных лічэбна-колькасных паказьнікаў), статыў-дэкаўзатыў (марфаналягічная апэрацыя над асновай).

Адмаўленьне ў нганасанскай мове будуецца з удзелам дапаможнага дзеяслова ɲi-, да якога пераходзяць усе словазьмяняльныя афіксы, а сэнсавы дзеяслоў ставіцца ў спэцыяльную форму канэгатыву з паказчыкам -ˀ.

Парадак словаў у сказе будуецца паводле схемы SOV: дзейник-прамое дапаўненьне-выказьнік (у фінітнай кляўзе). У іменнай групе як ад'ектыўнае, так і іменнае (у залежнасьці ад сэмантыкі генітыўнае або немаркаванае) залежныя стаяць зьлева ад вяршыні.

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нганасанскі альфабэт засноўваецца на кірылічнай графіцы і створаны ў 1990-х гадох[6], пры гэтым было прапанавана два праекты гэтага альфабэту. Нягледзячы на невялікую колькасьць выдадзеных па-нганасанску кнігаў, існуюць адрозныя варыянты пісьмовасьці (напрыклад, у газэце «Таймыр» выкарыстоўваецца літара Ӱ ӱ і адсутнічае Ç ç).

Сучасны нганасанскі альфабэт.

А а Б б В в Г г Д д Е е Ё ё Ж ж
З з З̌ з̌ И и Й й ’’ К к Л л М м
Н н Ӈ ӈ О о Ө ө П п Р р С с Ç ç
Т т У у Ү ү Ф ф Х х Ц ц Ч ч Ш ш
Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь Э э Ә ә Ю ю Я я

Грамадзкае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За сёньняшнім часам нганасанская мова мае статус мовы карэннага малаколькаснага народу.

Паводле зьвестак 2000/2001 рок мова выкладаецца ў якасьці прадмэту ў школах Валачанкі ды Вусьць-Аваму зь першае па дзявятую клясы. Таксама выкладаньне вядзецца ў Інстытуце Народаў Поўначы (Санкт-Пецярбург).

На нганасанскай мове зрэдку публікуюцца матэрыялы ў раённай газэце «Таймыр», на мове вядзецца радыёвяшчаньне Дудзінскае радыёстанцыі. Перадачы на нганасанскай выходзяць 5 разоў на тыдзень цягам 15 хвілінаў[7].

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Г. Н. Прокофьев. Нганасанский (тавгийский) диалект // Языки и письменность народов Севера. Ч. 1. М.-Л., 1937.
  • Н. М. Терещенко. Нганасанский язык. Л.: Наука, 1979
  • Е. А. Хелимский. Очерк морфонологии и словоизменительной морфологии нганасанского языка. — Таймырский этнолингвистический сборник. М.: РГГУ, 1994.
  • Helimski, E. 1998. Nganasan. // D. Abondolo (ed.). The Uralic Languages. London and New York: Routledge.
  • Wagner-Nagy, Beáta: Chrestomathia Nganasanica. (Studia Uralo-Altaica : Supplementum 10) Szeged, 2002
  • Katzschmann, Michael: Chrestomathia Nganasanica : Texte - Übersetzung - Glossar - Grammatik , Bearbeitung der Нганасанская фольклорная хрестоматия zusammengestellt von Kazis I. Labanauskas unter Berücksichtigung des Словарь нганасанско-русский и русско-нганасанский. (Nganasanica 1) Norderstedt, 2008, 604 p. ISBN 978-3-8370-1121-0

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://www.gks.ru/free_doc/new_site/population/demo/per-itog/tab6.xls
  2. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 2022. — ISSN 1946-9675
  3. ^ Janhunen, 1998
  4. ^ Е. А. Хелимский. «Говорка» — таймырский пиджин на русской лексической основе//Е. А. Хелимский. Компаративистика, уралистика: лекции и статьи. — М.: Языки русской культуры, 2000.
  5. ^ Е. А. Хелимский. Нганасанский язык как литературный: размышления по поводу литературных языков//Е. А. Хелимский. Компаративистика, уралистика: лекции и статьи. — М.: Языки русской культуры, 2000.
  6. ^ Жовницкая-Турдагина С. Н. Ня’’ букварь. СПб., 1999.
  7. ^ Письменные языки мира. Языки Российской Федерации. — М.: Academia, 2003. — Т. 2. — С. 323-339. — 848 с. — 1000 ас. — ISBN 5-87444-191-3