Турфан
Турфан, таксама Турпан (кітайская мова: 吐魯番, уйгурская мова: تۇرپان شەھىرى) — горад ва ўсходняй частцы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну Кітая. Плошча 69 324 км², насельніцтва каля 570 000 чалавек (2004). У старажытныя часы і ў эпоху Сярэднявечча праз Турфан пралягала паўночная ветка Вялікага Шаўковага шляху. Пачынаючы з дынастыі Заходняя Хань (206 да н. э. — 8 г. н.э.), Турфан становіцца значным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Заходняга Кітая. Сучасныя Турфан і Кашгар — адзіныя зь вялікіх гарадоў Сіндзяна, у якіх яшчэ захаваліся адметныя рысы традыцыйнай уйгурскай культуры.
Як сьведчаць кітайскія летапісныя крыніцы, першымі вядомымі жыхарамі Турфанскай катлавіны былі сагдыйцы — старажытны ўсходне-іранскі этнас. Сагдыйцы добра ведалі тэхніку кярызнага абвадненьня, а таму пасьпяхова валодалі майстэрствам ажыўленьня пустынь. Кітайцы ж праніклі ў Турфан толькі ў II ст. да н.э., сустрэўшы там нешматлікі самастойны этнас, які атрымаў назву чэшы. [1].
Горад славіцца сваім сусьветнавядомым салодкім белым турфанскім вінаградам без костак, а таксама сакавітымі хамійскімі дынямі.
Зьмест |
Геаграфія і клімат [рэдагаваць]
Турфан ляжыць на адлегласьці 150 км ад Урумчы, сталіцы Сіньцзяна. Турфанская нізіна зьяўляецца самым гарачым рэгіёнам Кітая, а Турфан самым знойным месцам краіны, за што гэтыя мясціны таксама называюць вогненны край альбо вогненная зямля. Турфанская катлавіна таксама зьяўляецца самым нізкім месцам Кітая па вышыні над узроўнем мора і самым нізкім месцам Зямлі пасля Мёртвага мора. Вышыня самага нізкага месца катлавіны, берагавой лініі вакол возера Айдзін-куль, складае 154,50 м ніжэй за узровень мора.
Дастаткова распаўсюджаным у Турфанскай даліне феноменам зьяўляюцца моцныя ветры — арканы — хуткасьцю вышэй за 32,6 м/с (12 балаў). Моцныя паветраныя патокі, якія ўзьнікаюць у выніку значнага перападу ціску паветра паміж далінай і зьнешнімі зонамі павялічанага ціску, накіроўваюцца з паўночнага захаду праз Цяньшань у Турфанскую катлавіну. Таму штогод на працягу 30-40 дзён над Турфанам праносяцца ветры сілай у 8 і больш балаў. 19 мая 1977 года над Турфанскай далінай прайшоў аркан, моц якога дасягала 50 м/с. У 1949 пачалі прымацца першыя меры па ахове аазіса ад моцных вятроў, і былі закладзеныя лесаполасы з 30 мільёнамі дрэваў.[2]
Дэмаграфія [рэдагаваць]
| Народ/этнас | Колькасьць | Суадносіны |
|---|---|---|
| Уйгуры | 385.546 | 70,01% |
| Хань | 128.313 | 23,3% |
| Хуэй | 35.140 | 6,38% |
| Казахі | 321 | 0,06% |
| Тудзя | 274 | 0,05% |
| Маньджуры | 254 | 0,04% |
| Манголы | 158 | 0,03% |
| Ту | 154 | 0,03% |
| Тыбетцы | 105 | 0,02% |
| Мяо | 98 | 0,02% |
| Джуан | 88 | 0,02% |
| Дунгане | 79 | 0,01% |
| Іншыя | 201 | 0,04% |
Адпаведна апошняму перапісу насельніцтва у 2000 годзе насельніцтва Турфана складала 251,652 чалавек, з якіх 70,38% — уйгуры. Шчыльнасьць насельніцтва — 7,94 чалавек/км².
Адміністрацыйны падзел [рэдагаваць]
Гісторыя [рэдагаваць]
Доўгі час Турфан быў цэнтрам пладароднага аазіса, вада ў які падавалася з дапамогай кярызаў — гідратэхнічнай сыстэмы падземных каналаў, а таксама важным гандлёвым цэнтрам. У 840 годзе пасьля заняпаду Трэцяга уйгурскага каганата уйгуры заснавалі дзяржаву з цэнтрам у Турфане на тэрыторыі Усходняга Туркестана. [3] У 1420 годзе Турфан падчынілі сабе манголы, пасьля чаго горад пачаў інтэнсіўна ісламізавацца.
Мусульманскае паўстаньне ў Сіньцзяне У красавіку 1931 г. насельніцтва Турфана падтрымала стыхійныя выступы пад кіраўніцтвам байскіх вярхоў і купецтва, мэтай паўстаньня было ўтварэньне незалежнай ісламскай рэспублікі. У 1932 горад быў захоплены атрадамі Шэн Шыцая пры падтрымцы казакоў. [4]
Гістарычныя помнікі [рэдагаваць]
Гарадзішча Дзяохэ (交河故城) Знаходзіцца за 10 км ад Турфана. Заснавальнікамі старажытнага горада былі чэшы, першыя жыхары Турфанскай даліны. Знаходзіцца на месцы раздваеньня ракі. Зьнішчана манголамі ў 13 стагодзьдзі.
Гарадзішча Гаочан (高昌故城) На месцы сёньняшняга гарадзішча Гаочан стаяў старажытны горад. Гарадзішча знаходзіцца за 30 км на паўднёвым захадзе ад сучаснага Турфана. Гаочан быў заснаваны ў 1 стагодзьдзі да н.э. Зьнічшаны пажарам у час вайны ў 14 стагодзьдзі.
Мінарэт Іміна Помнік мусульманскага дойлідзтва. Будаўніцтва мінарэта было завершанае ў 1778 годзе ў часы княжаньня Сулеймана, сына Іміна. Мінарэт Іміна аб'яўлены ахоўваемым помнікам дзяржаўнага значэньня.
Базыкліцкія пячоры (柏孜克里克千佛洞) Базыклікскія пячоры тысячы Буддаў знаходзяцца на адлегласьці 45 км ад Турфана. Узьніклі яны ў 5-9 стагодзьдзях н.э. паміж гарадамі Турфан і Шаньшань (Лоўлань) на паўночным усходзе пустыні Такла-Макан.
Краявіды [рэдагаваць]
Вогненая гара (火焰山) Знаходзіцца за 10 км ад горада. Даўжыня з захаду на ўсход каля 98 км, шырыня каля 10 м. Шырокую вядомасьць і папулярнасьць сярод турыстаў Вогненная гара набыла між іншым дзякуючы клясычнаму раману кітайскай літаратуры «Падарожжа на Захад»
Айдзін-куль (艾丁湖) Возера Айдзін-куль зьяўляецца самым нізкім месцам Кітая. Дабрацца да гэтых мясцін летам амаль што немагчыма: возера з усіх бакоў абступаюць багністыя балоты, тэмпература паверхні якіх падымаецца да 70 градусаў Цэльсія.[5] Альтытуда возера Айдзін-куль — каля 155 м ніжэй узроўня мора.
Вінаградная даліна (葡萄沟)
Эканоміка [рэдагаваць]
Вінаградарства: 75% сукупнай вытворчасьці разынак Кітая. Пераважная большасьць насельніцтва Турфанскай даліны — мусульмане, таму амаль што ўвесь турфанскі вінаград перапрацоўваецца на разынкі, нязначная доля перапрацоўваецца на віно.
Карысныя выкапні
Вугаль: Турфан-Хамійскае вугальнае радовішча ўваходзіць у склад 10 буйнейшых у сьвеце вугальных басейнаў, запасы вугля басейна дасягаюць 500 мільярдаў тон.
Нафта: Перапрацоўка сыравіны з Турфан-Хамійскага нафтавага радовішча.
Транспарт [рэдагаваць]
Чыгунка: Турфан называюць перадапошнім чыгуначным вакзалам Кітая. Бліжэйшы аэрапорт знаходзіцца ў Урумчы.
Рэлігія [рэдагаваць]
У 1 ст. да н.э. у Турфан пачаў пранікаць будызм, рэлігія паступова набывала папулярнасьць сярод насельніцтва, а ў 4 стагодзьдзі будызм атрымаў статус дзяржаўнай рэлігіі у княстве.
Турфанскія фрагмэнты [рэдагаваць]
Паміж 1902 і 1914 гадамі па ініцыятыве дырэктара індыйскага аддзела музэя этнаграфіі ў Бэрліне Альберта Грунведэля былі зьдзейснены чатыры нямецкія экспэдыцыі ў Турфан. У арганізацыі экспэдыцый таксама актыўна ўдзельнічай нямецкі турколаг Альберт фон Ле Кок. У выніку турфанскіх экспедыцый вучонымі было прывезена ў Бэрлін звыш тысячы фрагмэнтаў прадметаў жывапісу і іншых мастацкіх аб'ектаў, а таксама звыш 40 000 тэкставых фрагмэнтаў, якія сёньня захоўваюцца ў Бэрлінскім музэі індыйскай культуры.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Гумилев Л. Н. История народа Хунну. VII. Взлет дракона
- ^ Der zweittiefste Ort der Welt: Die Oase Turfan, 150 m unter dem Meeresspiegel
- ^ http://www.pereplet.ru/cgi/gbook.cgi?guestbook=hist&command=view442
- ^ Е.Н. Наземцева. Роль белогвардейских военных подразделений в подавлении мусульманского восстания в Синьцзяне в первой половине 30-х гг. ХХ в.
- ^ В Синьцзяне проводится повторная топографическая съемка самой низкой точки в Китае.
Відэаматэрыялы [рэдагаваць]
- YouTube: Турфан, вогненая гара
(даўжыня 00:17) - YouTube: Вінаграднікі ў Турфане, панарама з даху будынка
(даўжыня 00:31) - YouTube: Турфан: гарадзішча Дзяохэ
(даўжыня 00:26) - YouTube: Турфан: гарадзішча Гаочан
(даўжыня 01:07) - YouTube: Турфан: Мінарэт Іміна
(даўжыня 02:47)
Спасылкі [рэдагаваць]
Turfan — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Турпан (на рускай мове)
- Турфан, Tianshannet, Окно в Синьцзян (на рускай мове)
- Турфан і наваколле, фотаздымкі
- Удивительный Турфан, Газета «Жэньминь Жибао» (на рускай мове)
- 富庶丰饶之地 — 吐鲁番绿洲 (на кітайскай мове)