Турызм у Славаччыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Браціслава, сталіца Славаччыны, таксама найбольш наведвальны горад краіны

Турызм у Славаччыне прапануе натуральныя ляндшафты, горы, пячоры, сярэднявечныя замкі і мястэчкі, народныя архітэктурныя помнікі, мінэральныя і лыжныя курорты.

Больш за 1,6 мільёнаў чалавек наведалі Славаччыну ў 2006 годзе і найбольш прывабнымі для турыстаў мясьцінамі зьявіліся сталіца Браціслава і Вялікія Татры[1]. Большасьць турыстаў прыязджае з Чэхіі (каля 26%), Польшчы (15%) і Нямеччыны (11%)[2].

Прыроднае навакольле[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Высокія Татры — найвышэйшыя горы Славаччыны

Каля 40% Славаччыны пакрытыя лясамі. Славацкія лясы ўтрымліваюць багатую біяразнастайнасьць і жывёлаў, асабліва такіх як бурыя мядзьведзі, воўкі, лісы, кабаны, андатры, сарны і рысі. Славаччына прадстаўляе вялікі адсотак жывой прыроды, унесенай у запаведнікі.

Адным з найбольш папулярных для турыстаў месцам у Славаччыне зьяўляюцца Татры (у прыватнасьці Высокія Татры), найвышэйшая частка Карпатаў. Яны ўтрымліваюць шмат рэдкіх відаў расьлінаў і жывёлаў; прадстаўляюць турыстам магчымасьці для адпачынку на лыжах, пешых вандровак і альпінізму.

Горныя рэкі і ручаі Славаччыны часта выкарыстоўваюцца для рафтынгу і іншай водна-спартовай дзейнасьці. Выкарыстаньне платоў мае вельмі доўгую традыцыю, асабліва платаваньне на рацэ Дунаец зьяўляецца вельмі папулярным сярод турыстаў.

На тэрыторыі Славаччыны разьмяшчаецца шмат мінэральных крыніцаў і спа-курортаў. У 2007 годзе налічвалася 94 асобных спа-цэнтры, якія ўтрымлівалі больш за 11 900 ложкаў. У 2007 годзе ў славацкіх спа-цэнтрах мелі адпачынак 276 200 чалавек, што было на 9% больш за 2006 год. Зь іх замежных турыстаў — 35,2%[3].

Архітэктура і славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бойніцкі замак — найбольш наведвальнае месца Славаччыны

Тэрыторыя Славаччыны багата ўсеяна старажытнымі замкамі, якіх раней налічвалася каля трох соцен[4]. Ад большасьці зь іх засталіся толькі руіны. Найвядомейшымі замкамі зьяўляюцца: Бойніцкі замак (часта выкарыстоўваецца ў якасьці здымачнай пляцоўкі), Ораўскі замак, Браціслаўскі Град і руіны Дзевінскага замка. Чахціцкі замак раней знаходзіўся ва ўладаньні сумна вядомай масавымі забойствамі маладых дзяўчынаў «Крывавай графіні» Элізабэты Баторы, пляменьніцы Стэфана Баторыя.

Гістарычная архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узор народнай архітэктуры ў Чычманах

Гістарычныя цэрквы знаходзяцца фактычна ў кожным мястэчцы і вёсцы Славаччыны. Большасьць зь іх збудаваныя ў барокавым стылі, радзей — у раманскім і гатычным архітэктурных стылях, як напрыклад, Банска Быстрыца, Бардзеёў і Сьпіская капітула. Царква сьвятога Якуба ў Левачы з найвялікшым драўляным алтаром у сьвеце і Царква сьвятога Духу ў Жэгры зь сярэднявечнымі фрэскамі ўнесеныя ў Сьпіс сусьветнай Спадчыны ЮНЭСКО. Катэдральны Сабор Сьвятога Мартына ў Браціславе служыў месца каранаваньня каралей Вугоршчыны. Найстарэйшыя сакральныя збудаваньні Славаччыны сягаюць у вялікамараўскі пэрыяд IX стагодзьдзя. Вельмі каштоўнымі зьяўляюцца будынкі драўляных цэркваў славацкіх Карпатаў, большасьць зь якіх былі збудаваныя ў XV ст. каталікамі, лютэранамі і вернікамі грэка-каталіцкай царквы.

Фальклёр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славаччына таксама багатая на народныя традыцыі: сьпевы, танцы, народнае мастацтва, нацыянальнае ўбраньне і архітэктура. Поўныя культурныя ансамблі народнагістарычных збудаваньняў захаваліся толькі ў некаторых месцах, такія, напрыклад, як Вэлколінец.

Сувэніры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тыповымі славацкімі сувэнірамі зьяўляюцца традыцыйныя льлякі, убраныя ў нацыянальнае адзеньне, керамінчныя прадметы, шкляныя вырабы, выразныя драўляныя фігуркі, фуяры (нацыянальны музычны інструмэнт) і валашкі. Сувэніры можна набыць у крамавай сетцы ўрадавай арганізацыі «Ústredie ľudovej umeleckej výroby». Такія крамы збольшага засяроджаныя ў гарадах і мястэчках.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ The number of tourists in Slovakia is increasing (Turistov na Slovensku pribúda) (славацк.). Aktualne.sk (30 June 2007). Праверана 30 сьнежня 2007 г.
  2. ^ Most tourists in Slovakia still come from the Czech Republic (Na Slovensko chodí stále najviac turistov z ČR) (славацк.). Monika Martišková, Joj.sk (20 September 2007). Праверана 28 лістапада 2007 г.
  3. ^ One third of Slovak spas visitors is foreign (Tretina návštevníkov slovenských kúpeľov je zo zahraničia) (славацк.). SME (April 24, 2008). Праверана 24 красавіка 2008 г.
  4. ^ Ірына Хадарэнка (12 кастрычніка 2010) Фотаадпачынак. Славакія — краіна сціплай прыгажосці. TUT.BYПраверана 6 лютага 2011 г.