Індаіранскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
індаіранская галіна
арыйская
Народнасьць індаіранскія народы
Арэал Сярэдняя Азія, Паўднёвая Азія, Каўказ, Усходняя Эўропа
Лінгвістычная клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
  • Інда-іранская галіна
Склад
Колькасьць носьбітаў больш за 1 млрд чал.
ISO 639-5: iir
Indo-European branches map.png
Інда-іранскія мовы на мапе Эўразіі (хакі)

І́ндаіра́нскія мовы (таксама вядомыя як ары́йскія[1]) — адна з галінаў моваў у складзе індаэўрапейскае моўнае сям'і, найбольш усходнія з сучасных індаэўрапейскіх моваў. Зьяўляецца найбольшай галіной індаэўрапейскіх моваў паводле колькасьці носьбітаў, налічваючы больш за 1 млрд чал., тэрыторыя пражываньня якіх распасьціраецца ад Усходняй Эўропы (цыганская мова) і Каўказу (асэтынская мова) да захаду Кітаю (сарыкольская мова) і ўсходу Гімалаяў (асамская мова). Цыганскія мовы й іншыя блізкія ёй дыялекты пашыраныя па ўсім сьвеце, у Фіджы, Маўрыкіі ды Сурынаме існуюць значныя гіндзімоўныя супольнасьці. Узыходзяць да праіндаіранскае мовы і зьвязаныя зь міграцыямі старажытных арыяў.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам параўнальна-гістарычнага дасьледаваньня індаэўрапейскіх моваў інда-іранская галіна традыцыйна падзялялася на індаарыйскую й іранскую групы, адкуль і паходзіць тэрмін індаіранскія мовы. Тым ня менш, дасьледаваньні малых народаў і моваў Гіндукушу ды Гімалаяў у другой палове ХХ ст. прымусілі навукоўцаў перагледзець дыхатамічную клясыфікацыю і прызнаць, што схема распаду праарыйскае мовы была значна складаней за падзел арыяў на індаарыяў ды іранцаў.

Паводле гэтых дасьледаваньняў стала вядомым, што нурыстанскія мовы, знойдзеныя ў ХІХ ст. на поўдзень ад Гіндукушу, зьяўляюцца не галіной індаарыйскіх, а самастойнай галіной у складзе арыйскіх, якая вылучылася з праарыйскага стану яшчэ да дывэргенцыі астатніх арыяў на індаарыйцаў ды іранцаў[2].

Інда-іранская галіна моваў традыцыйна падзяляецца на тры моўныя групы: індаарыйскую, нурыстанскую ды іранскую.

Сур'ёзны перагляд за цяперашнім часам зазнае й становішча дардзкіх моваў, якія звычайна разглядаюцца ў якасьці гіндукуска-гімалайскага адгалінаваньня індаарыйскіх. На цяперашні момант таксама існуюць аргумэнты, якія дазваляюць лічыць дардзкія мовы асобным таксонам унутры ўласна індаіранскіх без нурыстанскіх. Паводле часу вылучэньня яны суадносяцца з індаарыйскай ды іранскай галінамі. Некаторыя рысы дардзкіх моваў дазваляюць іх лічыць прамежкавым зьвеньнем між індаарыйскімі й іранскімі мовамі[3]. З вышэйзгаданых прычынаў у навуковае абарачэньне ўсё часьцей уваходзіць тэрмін арыйскія мовы, якім падсумоўваюцца нурыстанскія і ўласна індаіранскія мовы. Такі погляд падае наступную ўнутраную клясыфікацыю:

  • Нурыстанская падгаліна:
    • Нурыстанскія мовы:
      • паўднёвыя;
      • паўночныя (адна мова — прасун).
  • Індаіранская падгаліна:
    • Індаарыйскія мовы:
      • Астраўныя;
      • Мацерыковыя;
      • Цыганскія;
      • Сярэднеазіяцкія (адна мова — пар'я).
    • Дардзкія мовы:
      • Заходнія;
      • Усходнія.
    • Іранскія мовы:
      • Заходнія;
      • Усходнія.

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Індаіранскія мовы зьяўляюцца найбуйнейшай галіной серад індаэўрапейскай сям'і паводле колькасьці носьбітаў, маючы агулам 1 млрд чал. носьбітаў.

У сваю чаргу, найбуйнейшай серад інда-іранскіх моваў паводле колькасьці носьбітаў зьяўляецца мова гіндустані (гіндзі і ўрду — часам лічацца адзінай мовай; колькасьць носьбітаў каля 240 млн чал.), наступнымі ідуць бэнгальская (~205 млн), панджабі (~100 млн), маратгі (~75 млн), фарсі (~60 млн), пушту (~50 млн), гуджараці (~50 млн), бгаджпуры (~40 млн), авадгі (~40 млн), майтгілі (~35 млн), орыя (~35 млн), марвары (~30 млн), бэлудзкая (~30 млн), сіндгі (~25 млн), курдзкая (~20 млн), раджастгані (~20 млн), чгатысгаргі (~18 млн), сінгальская (~16 млн), асамская (~15 млн) і мова рангпуры (~15 млн). Большасьць носьбітаў, звыш за 75%, прыпадае на мовы індаарыйскае падгаліны. Каля 150 млн чал. размаўляюць на іранскіх мовах, далей ідуць дардзкія (5—6 млн чал. носьбітаў), найменшыя паводле колькасьці носьбітаў — нурыстанскія мовы (каля 120 тыс чал.).

Сучасныя індаарыйскія мовы налічваюць больш за 300 розных ідыёмаў, улучна з буйнымі мовамі міжнацыянальнае камунікацыі.

Праарыйская мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне індаіранскіх (арыйскіх) моваў зьвязваецца з рэканструяванай праарыйскай мовай, што вылучылася з індаэўрапейскае супольнасьці і праіснавала да свайго распаду ІІІ тыс. да н. э. Паводле марфалягічных, лексычных і некаторых фанэтычных прыкметаў праарыйская мова знаходзіць вызначаную блізкасьць з продкамі грэцкай ды армянскай моваў[4], што, у прыватнасьці, дае падставу некаторым лінгвістам высоўваць тэорыю пра існаваньне праарыйска-грэка-армянскага адзінства перад вылучэньнем праарыйскае мовы з праіндаэўрапейскай.

Асноўнымі рысамі праарыйскай мовы, якія вылучылі яе серад астатніх індаэўрапейскіх моваў, зьяўляюцца:

  • Сатэмізацыя — пераход індаэўрапейскіх палятальных вэлярных зычных у афрыкаты: *ḱ, *ǵ, *ǵʰ > *ć, *j́, *j́h. Пры гэтым, пасьля аддзяленьня нурыстанскіх ва ўласна індаіранскіх у афрыкаце *ć страціўся змычны элемэнт, праз што адбыўся пераход у *ś. Гэтая ізаглёса аб'ядноўвае арыйскія мовы з балцкімі, славянскімі, армянскай і альбанскай мовамі, супрацьпастаўляючы іх астатнім, кентумным, індаэўрапейскім мовам, у якіх згаданыя вышэй індаэўрапейскія афрыкаты перайшлі ў іншыя гукі. Лябіявэлярны шэраг, як і ў іншых сатэмных мовах, супаў з вэлярным: *kʷ, *gʷ, *gʷʰ > *k, *g, *gh.
  • «Другая паляталізацыя» — пераход вэлярных і лябіявэлярных у шыпячыя афрыкаты перад галоснымі *i, *e: *k/kʷ, *g/gʷ, *g/gʷʰ > *č, *ǰ, *ǰh. Эвалюцыя гэтых афрыкатаў асобная ў розных арыйскіх моваў, што сьведчыць на карысьць іх першапачатковага адрозьніваньня.
  • Супадзеньне галосных і некаторых складовых: *a, *e, *o, а таксама *m̥ ды *n̥ > *a; *ā, *ē, *ō, m̥̅, *n̥̅> *ā.
  • Ратацызм: *r, *l > *r, які дадаткова закрануў складовы варыянт фанэмы: l̥, *r̥ > *r̥.

У выніку гэтага сыстэма галосных абмяжоўваецца сямю фанэмамі: кароткімі *a, *i, *u, доўгімі *ā, *ī, *ū (з чатырма адпаведнымі дыфтонгамі — *ai̭, *aṷ, *āi̭, *āṷ) і складовы санант *r̥ (яго падоўжаны варыянт *r̥̅ зьяўляўся рэдкім). Апрача таго, пасьля супадзеньня галосных і іх пераходу праз гэта ў *a, гэтая галосная стала мажлівай пасьля другога шэрагу афрыкатаў (*če, *ǰe, *ǰhe > *ča, *ǰa, *ǰha), што зрабіла гэты шэраг афрыкатаў паўнавартаснымі фанэмамі.

  • Пераход складовага лярынгалу *H̥ (*ə) > *i у першым і апошнім складох.
  • Дзеяньне правіла RUKI: пераход *s > *š пасьля *i, *r (<*r, *l), *k (<*k, *kʷ) ды *ḱ. Пасьля аддзяленьня нурыстанскіх моваў адбыўся таксама пераход *s > *š, а пазьней — у *u.

Праарыйскі шэраг звонкіх прыдыхальных змычных працягвае індаэўрапейскія прыдыхальныя: *bʰ, *dʰ, *gʰ > *bh, *dh, *gh/ǰh, які надалей лепш за ўсё захаваўся ў індаарыйскіх. У праарыйскай таксама разьвіўся адпаведны шэраг прыдыхальных глухіх змычных, які першапачаткова адсутнічаў у праіндаэўрапейскай. Асноўнай іх крыніцай былі спалучэньні зь лярынгалам: *pH, *tH, *kH > *p(h), *t(h), *k(h). Хутчэй за ўсё, фанэмізацыя гэтага шэрагу адбылася толькі пасьля аддзяленьня нурыстанскіх.

Старажытныя мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найстаражытнымі мовамі індаіранскае галдіны, пісьмовыя фіксацыі якіх захаваліся да цяперашняга часу, зьяўляюцца:

  • Мітанійская арыйская мова — найстаражытная пісьмовая фіксацыя (XV—XIII стст. да н. э.) адной з формаў старажытнаарыйскага маўленьня з выглядзе імёнаў багоў у дамовах гурытамоўнае дзяржавы Мітані, конегадоўчай тэрміналёгіі гурытаў, запазычаньняў у акадзкую мову ды іншыя старажытныя мовы Блізкага Ўсходу. Лічыцца найбліжэйшай да старажытнаіндыйскай, аднак збліжаецца збольшага архаізмамі, маючы ўласныя інавацыі. Лічыцца, што мітаніцы былі вельмі хутка асыміляваныя серад гурытаў і не пакінулі нашчадкаў у мове[5].
  • Старажытнаіндыйская мова — літаратурная форма мовы старажытных індаарыяў, якая традыцыйна падзяляецца санскрыт і вэдыйскую мову. Мова Вэдаў адпавядала размоўнай старажытнаіндыйскай, якая мела ўжытак у Панджабе падчас складаньня найстаражытных гімнаў Рыгвэды (1500—1300 гг. да н. э.), у позьневэдыйскі пэрыяд кансэрватыўная рэлігійная мова стала адасабляцца ад разьвіцьця размоўных формаў (пракрытаў), што пазьней спрычынілася да выпрацоўкі санскрыту — закансэрваванай і ўпарадкаванай формы літаратурнае старажытнаіндыйскай мовы, супрацьпастаўленай пракрытам, якія на той момант ужо адышлі ад старажытнай формы.
  • Авэстыйская мова — літаратурная мова помнікаў Авэсты (1200—600 гг. да н. э.), найбліжэйшая да старажытнаіранскае мовы. Мова найстаражытнае часткі Авэсты — Гатаў — асабліва блізкая да мовы старажытнаіндыйскае Рыгвэды.

Зь сярэдзіны I тыс. да н. э. узьнікаюць помнікі на мовах, што дэманструюць адыход ад старажытнаарыйскай формы і ўсё большае павелічэньне разыходжаньняў між сабою:

  • Індыйскія пракрыты;
  • Мідыйская мова, пазьней — азэры (ня блытаць з азэрбайджанскай, якая не належыць да індаэўрапейскіх), талыская, гілянская, тацкая, кіліцкая, дыялекты таці;
  • Старажытнапэрсыдзкая мова, пазьней — сярэднепэрсыдзкая, партанская, бактрыйская, сагдыйская, харэзьмійская, хатанасацкая мовы.

У ранейшыя часы інда-іранскія мовы мелі значна большы арэал распаўсюджваньня. Серад іх носьбітаў — скіфы, якія жылі на поўначы ад Чорнага мора паводле старажытнагрэцкіх й рымскіх апісаньняў. У прыватнасьці, меркавана інда-іранскую этымалёгію маюць гідронімы Дон, Дняпро, Дунай. Тым ня менш, інда-іранскія мовы зьніклі з тэрыторыі Ўсходняй Эўропы па Вялікім перасяленьні народаў, адным з ашкепкаў гэтых моваў зьяўляецца асэтынская мова, распаўсюджаная на Каўказе.

З VII ст. па ўсёй Паўднёва-Ўсходняй Азіі распаўсюджаньне набыў санскрыт.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Jadranka Gvozdanović. Numeral Types and Changes Worldwide / Walter de Gruyter. — 1999. — 281 с.
  2. ^ Эдельман Д. И. Нуристанские языки / Дардские и нуристанские языки. — Языки мира. — М.: 1999. — С. 99.
  3. ^ Коган, А. И. Дардские языки: Генетическая характеристика. — М.: Восточная литература РАН, 2005.
  4. ^ Т. В. Гамкрелидзе, Вяч. Всев. Иванов. Индоевропейский язык и индоевропейцы. — Тбилиси: 1984. — С. 415.
  5. ^ Paul Thieme. The "Aryan" gods of the Mitanni treaties. — Tubingen: . — (Seminar fur Indologie).