Гаштольды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Гаштольды
Herb Abdank.svg
Герб «Габданк»
Краіна паходжаньня Вялікае Княства Літоўскае

Ґаштольды (Gaštoldy[1]), Гаштаўты[2]шляхецкі род гербу «Габданк», адзін з найбольш знатных і багатых у Вялікім Княстве Літоўскім. Галоўная рэзыдэнцыя — Геранёнскі замак.

Хроніка Быхаўца прыпісвае Гаштольдам адно паходжаньне зь іх галоўнымі супернікамі — Радзівіламі. Назва роду ўтварылася ад імя ягонага пачынальніка, Гедымінава ваяводы Гаштольда, якога забілі на вайне зь мечаносцамі ў 1364 годзе. Ягоны сын Андрэй ў 1387 годзе быў старостам віленскім, унук Ян Гаштольд (памёр у 1458 годзе) намесьнічаў у 1436 годзе ў Смаленску, а з 1443 году — у Вільні.

У Яна Гаштольда былі дачка Марыя, якая была ў шлюбе з князем кіеўскім Сямёнам Алелькавічам, і сын Марцін Гаштольд (1428—1483), ваявода кіеўскі і троцкі, які ад шлюбу зь дзьвюма князёўнамі Гальшанскімі прыжыў двух дзяцей: ад першага — сына Альбрэхта, ад другога — дачку Лізавету, выдадзеную ў 1492 годзе замуж за Яна Мікалая Радзівіла — пачынальніка старэйшай галіны Радзівілаў.

Альбэрт Гаштольд (Альбрэхт Гаштольд; пам. 1539) быў ваяводам віленскім і канцлерам вялікім літоўскім. Ён атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Старога дазвол ужываць на пячатках чырвоны воск замест зялёнага, што дазвалялася толькі асобам панавальнага дому, і ажаніўся з Соф'яй, дачкой князя Васіля Вярэйскага, які ўцёк у Літву. Яе маці была грачанка Марыя — пляменьніца Соф'і Палеолаг.

Іх сын Станіслаў Гаштольд (каля 15071542), у жылах якога, верагодна, цякла кроў бізантыйскіх імпэратараў, ня меў дзяцей ад шлюбу з Барбарай Радзівіл. Апошняя па яго сьмерці выйшла за вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, і гэтым шлюбам прынесла ў дзяржаўны скарб прыналежныя Гаштольдам валадарствы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ґаштольд = Gaštold // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  2. ^ Гаштольды // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 518.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
  • Казлоўскі С. Гаштовты — уладальнікі Ліпнішок. Нарыс гісторыі аднаго роду / Сяргей Казлоўскі // Ліпнішкі — 500 гадоў гісторыі (1510—2010 гг.): Рэгіянальная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 500-годдзю Ліпнішкаўскай парафіі і 400-годдзю надання мястэчку Магдэбурскага права. / пад рэд. А. К. Гецэвіча. — Гродна, 2010. — С. 14-19.