Год
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Год, рок (па-ўкраінску: рік, па-польску: rok) — адзінка вымярэньня часу паміж аднолькавымі палажэньнямі Зямлі на яе арбіце вакол Сонца. Аналягічна можна казаць пра марсіянскі год ці вэнэрыянскі — гэта адрэзак часу паміж дзьвюма палажэньнямі плянэты ў яе руху па арбіце вакол сваёй зоркі.
Зьмест |
[рэдагаваць] Этымалёгія
У літоўскіх (беларускіх) літаратурных помніках фіксуецца сталае ўжываньне слова «рок»[1] разам са словам «лета»[2] ў значэньні больш распаўсюджанага цяпер «году». Шырока выкарыстоўвалася гэтае слова і ў простай гаворцы. Напрыклад, этнограф Міхал Федароўскі ў сваёй працы «Люд Беларускі на Русі Літоўскай» прыводзіць наступныя прыказкі са словам «рок» у значэньні «году»:
«Рок ні век». «Рок плаціць, рок траціць». «Што рок, то прарок». «Цяпер дзень — рок». «Пане Грыгоры, што рок, то хворы». «На рок два Юр'і, абодва дурні: адзін халодны, а другі галодны». «Як паехаў, так рок на кірмаш, то і сягоньня нямаш». «Век веку падасьць і па веку на рок астанецца». «Гадзіна (мне) рокам». «Да року нарабілі кроку». «Мінуліся тыя рокі, цо [паны] паролі бокі» (або «мінуліся тыя рокі, калі паны браліся ў бокі»[3]). «Пад рок збожжа родзіць».
а таксама віншаваньні:
«Дай табе Божа што рок прорак!» «Дай жа Божа сьвята сьвяткаваці, за рок дачакаці ў меньшых грэхах, у большых пацехах!» («дай жа, божа, за рок дачакаці, гэтага паніча панам назваці!»[4] або «той рок правадзіці, другога дачакаці у радасці, весялосці, каб багаты быў да нас не забыў!»[5]) «Каб Бог пазволіў гэта сьвята перасьвяткаваці і за рок [на лета] жывым і здаровым прыждаці!» «Віншую з Новым рокам, каб вылезла кішка бокам!»
і праклёны:
«Каб ты, Бог даў міленькі, хварэў сем рок на адзін бок, сем рок на другі бок!» і г.д.[6]
Некаторыя з гэтых фразэалягізмах шырока ўжываюцца і дагэтуль: напрыклад, «мінуліся тыя рокі, калі паны браліся ў бокі» зафіксаваны у «Малым руска-беларускім слоўніку прыказак, прымавак і фразем» (1991).[7]
Ужывалі ў сваіх творах слова «рок» і вытворныя ад яго такія клясыкі беларускае літаратуры, як Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч і інш. Напрыклад у творы Багушэвіча «Тралялёначка» (1892):
Бартак Сасок купіў ад Прыбалдова маёнтак са ўсім дабыткам, з вазамі і карэтамі, а навет зь вялікім, як конь, сабакай; але павінен быў заплаціць даўгі і свае семсот рублей залічыць; а даўгоў тых было ці мала: у банку тысяч трыццаць, то толькі працэнтаў дзьве тысячы шторок трэба было заплаціць, а так людзям розным тысяч з дваццаць набралася.[8]
Слова «рок» замест «году» ўжываецца ўва ўсіх Устаўных граматах БНР. [9] У мовазнаўчай навуцы БССР слова «рок» і ўтвораныя ад яго прыметнікі «рочны», «ракавы» і назоўнік «рочніца» зафіксаваныя ў акадэмічным Беларуска-расейскім слоўніку С. Некрашэвіча і М. Байкова (1925) з адпаведнымі расейскімі эквівалентамі — «год», «годовой», «годичный» і «годовщина».[10] Пасьля правапіснай рэформы 1933 году, з пачаткам палітыкі расейфікацыі слова «рок» не сустракаецца ў беларускіх савецкіх слоўніках, але працягвае ўжывацца ў беларускай эмігранцкай літаратуры.
[рэдагаваць] Каляндарны год
Каляндарны год — гэта адрэзак паміж дзьвюма аднолькавымі датамі ў дадзеным календары. Мы ўжываем сонечны каляндар, у якім выдзяляецца 4 пары года.
Поры года: вясна – лета – восень – зіма.
1 год = 12 месяцаў = 52 тыдня = 365 дзён (высакосны год 366 дзён) = 8 760 (8 784) гадзін = 525 600 (527 040) хвілін = 31 526 000 (31 622 400) сэкунд.
Час, за які Зямля праходзіць сваю арбіту вакол Сонца складае 365 дзён 5 гадзін 43 хвіліны. У рымскім календары год пачынаўся ў веснавое раўнадзенства. У 155 годзе пачатак года быў перанесены на 1 студзеня. Гэта дата захавалась і ў юліянскім і ў грыгарыянскім календары.
[рэдагаваць] Розная працягласьць года
Астранамічнае вызначэньне года можа быць заснавана на пэрыядзе паміж паўторамі розных астранамічных падзей, зьвязаных з арбітальным рухам Зямлі вакол Сонца. Так, трапічны год прывязаны да бачнага руху Сонца адносна экватара Зямлі і вызначае зьмену пор года; сыдэрычны год прывязаны да арбітальнага руху Зямлі вакол Сонца адносна “нерухомых зорак”; анамалістычны год зьвязан з рухам Зямлі адносна кропак яе арбіты (пэрыгелія і афэлія). У сувязі з тым, што парамэтры арбіты Зямлі і арыентацыя яе восі абарачэньня ў адносінах да экліптыкі марудна, з цягам часу, зьмяняюцца, гэты вызначэньні года крыху адрозьніваюцца. Сытуацыя ўскладняецца, калі вызначэньне года прывязана да сутачнага абарачэньня Зямлі адносна Сонца (сонечныя календары) ці да ўзаемнага стана Месяца і Сонца адносна Зямлі (месяцова-сонечныя календары). Праз тое, што пэрыяд абарачэньня Зямлі вакол Сонца, сярэдні пэрыяд асявога абарачэньня Зямлі ў адносінах да Сонца і пэрыяд абарачэньня Месяца вакол Зямлі не суадносяцца ў дакладнай прапорцыі, ва ўсіх існуючых календарах прыходзіцца ўвадзіць удакладненьні (высакосныя дні, дадатковыя месяцы і г.д.).
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Рокъ // Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік. Менск: Беларускае выдавецтва Таварыства «Хата», 1997
- ^ Лето // Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік. Менск: Беларускае выдавецтва Таварыства «Хата», 1997
- ^ Змітрок Бядуля. Летапісцы
- ^ Добры вечар, слічны панічок! // Паэзія беларускага земляробчага календара. / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А.С. Ліса. Мн., 1992
- ^ Ото ж табе, пане гаспадару... // Паэзія беларускага земляробчага календара. / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А.С. Ліса. Мн., 1992
- ^ Michał Federowski. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. Warszawa, 1935.
- ^ Не все коту масленица // Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. Менск: Навука і тэхніка, 1991.
- ^ Францішак Багушэвіч. Тралялёначка
- ^ Акты Беларускай Народнай Рэспублікі // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі
- ^ Беларуска-расійскі слоўнік. Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925
[рэдагаваць] Літаратура
- Michał Federowski. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. Tom 4. Warszawa, 1935.
- Беларуска-расійскі слоўнік. Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
- Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. Менск: Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00761-9
- Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік. Менск: Беларускае выдавецтва Таварыства «Хата», 1997. ISBN 985-6007-39-9
- Паэзія беларускага земляробчага календара. / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А.С. Ліса. Мн., 1992.