Баркулабаўскі летапіс
Баркулабаўскі летапіс, Баркулабаўская хроніка — летапісны звод, помнік літоўскага (беларускага) летапісаньня пачатку ХVII ст. Складзены ў мястэчку Баркулабава (цяперашні Быхаўскі раён). Аўтарам, магчыма, зьяўляецца мясцовы праваслаўны святар Фёдар Магілёвец.
Зьмест |
[рэдагаваць] Зьмест
Апісаньне падзеяў пачынаецца з сойму ў Берасьці (1545) і пабудовы Магілёўскага замка (1526). Затым назіраецца 11-рочны перапынак. Больш сыстэматызавана выкладзеныя падзеі з 1563 (захоп Іванам IV Полацку ) і да 1608. У канцы летапісу ёсьць пазьнейшы дадатак невядомага аўтара пра паход караля Уладыслава IV на Смаленск у час вайны 1632—1634 рр. Разгорнута апісваецца Берасьцейская царкоўная вунія; магчыма, што аўтар удзельнічаў у Берасьцейскім царкоўным саборы (1596) і абараняў інтарэсы праваслаўнага насельніцтва.
Асноўнымі крыніцамі летапісу зьяўляюцца асабістыя назіраньні і ўспаміны аўтара. Падзеі асьвятляюцца з патрыятычных пазыцыяў. Так, асуджаюцца дзеяньні ўкраінскіх казакаў, якія «вялікую шкоду чынілі... горш, чым злыя непрыяцелі».
У твор улучаныя ліст Івана IV да Стэфана Баторыя (1580), грамата Жыгімонта III (1592), тэкст «Унівэрсалу» рокашу 1606 року.
[рэдагаваць] Каштоўнасьць
Летапіс зьмяшчае ўнікальныя зьвесткі па гісторыі Ўсходняй Беларусі: інфармацыю пра асобныя ваенна-гістарычныя падзеі, пра гісторыю беларускай культуры і праваслаўнай царквы, пра гістарычных асобаў, у тым ліку двух Ілжэдзьмітрыяў, пра ўзьнікненьне мястэчка Баркулабава.[1]
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 54.
[рэдагаваць] Літаратура
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.