Царква Сьвятога Спаса (Полацак)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сакральнае збудаваньне
Царква Сьвятога Спаса
Царква Сьвятога Спаса станам на 2006 год
Царква Сьвятога Спаса станам на 2006 год
Краіна Беларусь
Места Полацак
Каардынаты 55°30′14″ пн. ш. 28°46′50″ у. д. / 55.50389° пн. ш. 28.78056° у. д. / 55.50389; 28.78056Каардынаты: 55°30′14″ пн. ш. 28°46′50″ у. д. / 55.50389° пн. ш. 28.78056° у. д. / 55.50389; 28.78056
Дата заснаваньня XII ст.
Царква Сьвятога Спаса на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Спаса
Царква Сьвятога Спаса
Царква Сьвятога Спаса
Commons-logo.svg Царква Сьвятога Спаса на Вікісховішчы

Царква Сьвятога Спаса або Спаса-Эўфрасіньнеўская царква — праваслаўнае сакральнае збудаваньне ў Полацку, узьведзенае ў XII ст. і часткова перабудаванае ў XVIIXIX стст. (зьмянілася канструкцыя даху і форма купала). Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца ў цэнтры комплексу Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На просьбу Эўфрасіньні Полацкай мясцовы япіскап выдзяліў для будаваньня царквы вёску Сяльцо за межамі Полацку каля япіскапскай пахавальні, «идеже братия наша лежа, преже нас бывши епископи». «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай» дае падставу меркаваць, што Эўфрасіньня магла распачаць узьвядзеньне па 11281129 гадох на блаславеньне япіскапа Міны. Імаверна, царкву заклалі па сьмерці бацькі Эўфрасіньні, князя Сьвятаслава Ўсяславіча па 1128 годзе[1]:

« И тако начаста пребывати в монастыри. И по сему блаженная Ефросиния заложи церковь каменну св. Спаса. »

Асьвячэньне магло адбыцца паміж 1133 годам і пачаткам 1140-х гадоў япіскапам Іліяй, які ў гэты час (да 1145) кіраваў полацкай япіскапіяй. Паводле іншых меркаваньняў, царкву мог асьвяціць пераемнік япіскапа Іліі Казьма, які быў полацкім япіскапам з 1143 па 1166 гады[1]. Аўтар «Жыція» апісвае гэтую падзею наступным чынам:

« Преподобная Ефросиния видевше совершенну церковь, возрадовася, и бысть священие ей — велия радость всем христьяном; и собравшися князи и сильнии мужие, иноки и инокиня и простии людие и бысть торжество велие и праздноваша многия дни. »

Дакладна вядома, што царкву за 30 тыдняў збудаваў полацкі дойлід Іаан («муж нарочит именем Иоан, приставник над делатели церковными», г.зв. кіраўнік арцелі ўзьвядзеньня цэркваў) на заказ прападобнай I ігуменьні Эўфрасіньні Полацкай.

У 15631579 гадох у манастыры ўжо не было манахаў[2], у 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы перадаў ягоныя будынкі Полацкаму езуіцкаму калегіюму. Вядома, што езуіты атрымалі комплекс у зруйнаваным стане. Неўзабаве яны аднавілі старажытную царкву і пакінулі ёй стары тытул — Панскага Перамяненьня[3].

У Трынаццацігадовую вайну (16541667) па захопе Полацку маскоўскім войскам у 1656 годзе на загад цара Аляксея Міхайлавіча царкву Сьвятога Спаса паўторна асьвяцілі як праваслаўную. Па вызваленьне места яна зноў знаходзілася ў валоданьні езуітаў, якія выкарыстоўвалі будынак як касьцёл. Паміж 1728 і 1734 гадамі, а таксама ў 1786 годзе ордэн праводзіў аднаўленчыя працы. У 18001803 гадох будынак грунтоўна рэканструяваў прафэсар архітэктуры езуіт Войцех Абрампольскі[4]. У вайну 1812 году царква пацярпела, але неўзабаве яе аднавілі. Паводле тагачаснага інвэнтару збудаваньне мела наступны выгляд:

« Франтон касьцёлка з чатырма калёнамі, над каторымі малая мураваная вежачка з касьцёльным званочкам. Па бакох франтону дзьве малыя жалезныя піраміды і дзьве вазы, абітыя жалезнай бляхай, купал таксама бляшаны, дах жа касьцёльны пакрывае дахоўка. У сярэдзіне ўва ўсім касьцёле старадаўняе маляваньне на сьценах і на шасьці падпіраючых хоры і купал калёнах. »

Па скасаваньні ордэна ў 1820 годзе будынак перайшоў да іншых гаспадароў, і толькі ў 1832 годзе расейскія ўлады перадалі царкву Маскоўскаму патрыярхату. У 1833 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара А. Порты яе часткова перабудавалі. Асьвячэньне «благолепно отремонтированного Спасова храма» адбылося 30 ліпеня 1839 году.

У 1918 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр. Сваю дзейнасьць царква аднавіла ў 1990 годзе ў складзе Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэканструкцыя пачатковага выгляду царквы аўтарства М. Брунова, які беспасярэдне дасьледаваў збудаваньне

Помнік Полацкай школы дойлідзтва. Дойлід Іаан імкнуўся стварыць урачысты архітэктурны вежападобны манумэнт, помнік-рэквіем[1].

Царква атрымала вельмі выразны кампазыцыйны разьвязак. Гэта быў выцягнуты ў пляне крыжова-купальны 3-нэфавы 6-стоўпны аб’ём (даўжыня без апсіды 14,4 м, з апсідай 18,2 м, шырыня 9,8 м, таўшчыня выкладзеных плінфай сьценаў (1,24—1,8 м). Цэнтральны нэф з усходу завяршаўся паўкруглай апсідай, крапаванай тонкімі паўкалёнкамі. Бакавыя апсіды малых памераў паўцыркульныя, звонку нябачныя. Бакавыя паўднёвы і паўночны фасады падзяляюцца пілястрамі з паўкалёнамі на 2 вузкія і 2 шырокія прасьценкі, іх праразаюць 2 ярусы аркавых аконных праёмаў, дэкараваных броўкамі. Аконныя праёмы ніжняга яруса ў паўтара разы большыя за верхнія, з броўкамі з 4 шэрагаў плінфы. Барабан купала абапіраўся на кубічны пастамэнт. Моцна высунутая паўкруглая апсіда рытмічна падзяляецца 6 тонкімі паўкалёнкамі, на барабане ў прасьценках вузкіх аркавых аконных праёмаў — прастакутныя ў сечыве лапаткі. Будынак мае 2 уваходныя парталы — заходні галоўны і паўднёвы дадатковы[1].

Царква захавалася амаль цалкам, пэўныя перабудовы адбыліся толькі ў верхняй частцы. Вынікам іх зьяўлялася замена закамарнага пакрыцьця насьценным, увядзеньне ў афармленьне атынкаваных фасадаў гафраванага фрызавага паса, які наклалі на старажытны раманскі; салярнага арнамэнту ў пазухі вялікіх закамараў, капітэляў пілястраў з вэртыкальный гафраваньнем, зьбіўка паўкалёнак на кутніх лапатках. Апроч таго, з аконных праёмаў прыбралі броўкі паўцыркульнага абрысу з бакавымі гарызантальнымі ўсёкамі (г. зв. — сырыйскага тыпу)[5].

Царква і манастыр да перабудовы, 1812

Унутраная прастора падзяляецца 6 масіўнымі апорнымі слупамі (унізе 8-гранныя, вышэй — 4-гранныя) на 3 нэфы, бакавыя зь якіх вузейшыя і завяршаюцца паўкруглымі эксэдрамі ў тоўшчы ўсходняй сьцяны. Кампазыцыя пляну характарызуецца рытмічным падзелам унутранай прасторы: шырокі прытвор, потым вузкі нартэкс, далей зноў шырокая малітоўная заля і, нарэшце, вузкая апсіда. Прытвор адмяжоўваецца ад малітоўнай залі 3 невысокімі аркамі, над якімі разьмяшчаюцца хоры, на якія ідзе лесьвічны ход у тоўшчы заходняй сьцяны. Па іхных бакох 2 маленькія крыжападобныя ў пляне перакрытыя купальнымі скляпеньнямі на ветразях кельлі, адна зь якіх (праваруч ад уваходу), паводле паданьня, прызначалася для Эўфрасіньні Полацкай, другая — для ейнай сястры Эўпраксіі. Перакрыцьці нэфаў — цыліндрычныя скляпеньні. Пад царквой скляпеністая крыпта.

Асаблівую гістарычна-мастацкую каштоўнасьць маюць фрэскавыя размалёўкі XII ст. — унікальны твор манумэнтальнага мастацтва сусьветнай значнасьці. Старажытныя фрэскі таксама ўпрыгожвалі вонкавую паўднёвую сьцяну (не зьбераглася)[6].

У царкве захоўваўся напрастольны крыж, зроблены ў 1161 годзе. Разам з цудоўным абразом «Маці Божая Этэская-Карсунская» крыж забраў маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч у паход на Рыгу ў 16561667 гадох (крыж вярнулі ў манастыр у 1659 годзе, абраз вывезьлі ў Маскву)[7].

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наш час праводзіцца рэканструкцыя («рэстаўрацыя») царквы, навуковым кіраўніком якой зьяўляецца Г. Лаўрэцкі[8]. Лаўрэцкі выступае за захаваньне выгляду будынка, які той набыў у XIX ст.[9]

У 2007 надбудаваны ўладамі Расейскай імпэрыі драўляны купал-цыбуліну дэмантавалі, а на яго паставілі новы, абшыты пад золата (супраць гэтага купала сваё меркаваньне выказвалі найбольш аўтарытэтныя беларускія навукоўцы). Праз павелічэньне вагі канструкцыі пачалося разбурэньне скляпеньняў і муроў царквы[10]. З гэтай прычыны ЮНЭСКО адмовіла Беларусі ва ўлучэньні царквы ў Сьпіс сусьветнай спадчыны[11].

У 2003 годзе Нацыянальным банкам РБ была адбітая манэта, на рэвэрсе якой выяўлены храм.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 165.
  2. ^ Аляксандр Ярашэвіч. Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 455.
  3. ^ Гліннік В. Да гісторыі будаўнічай актыўнасці полацкіх езуітаў у фальварку Спас // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Полацк: НПГКМЗ, 2003. С. 66.
  4. ^ Гліннік В. Да гісторыі будаўнічай актыўнасці полацкіх езуітаў у фальварку Спас // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Полацк: НПГКМЗ, 2003. С. 67.
  5. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 166.
  6. ^ Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларус. энцыкл., 1993. С. 400.
  7. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 167.
  8. ^ Людміла Дрык. Журналісты за гістарычную спадчыну // «Туризм и отдых» № 32, 2007.
  9. ^ Виктор Корбут. Фрески в лесах // «Советская Белоруссия», 19 октября 2006.
  10. ^ Буховецкий А., Буховецкий А., Закревский Е. Спасите белорусскую святыню. Краевед-исследователь Полоцкой землиПраверана 2 чэрвеня 2012 г.
  11. ^ Глеб Лабадзенка. У Нясвіжы на знаку ЮНЕСКА зрабілі памылку ў слове... ЮНЕСКА! // «Звязда» № 59 (26923), 31 сакавiка 2011.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  210Г000621

Commons-logo.svg  Царква Сьвятога Спаса (Полацак)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў