Інфармацыйная вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Інфармацыйная вайна — проціборства ў інфармацыйнай прасторы ў выглядзе нанясеньня шкоды інфармацыйным сыстэмам, працы і багацьцям праціўніка, а таксама душэўнай апрацоўкі асабовага складу ўзброеных сілаў і насельніцтва праціўніка дзеля няўстойлівасьці яго грамадзтва і дзяржавы[1].

Падзяляецца на душэўную і прыладную. Прадугледжвае захады душэўнага ўзьдзеяньня, агнявое зьнішчэньне інфраструктуры вайсковага і дзяржаўнага кіраваньня, а таксама радыёэлектронную барацьбу. Прадметамі выкарыстаньня інфармацыйнай зброі служаць: інфармацыйна-вылічальныя сеткі, сеткі вайсковай і ўрадавай сувязі, а таксама электронныя сродкі масавай інфармацыі. Мэтай наступу ёсьць асабовы склад войска і цывільнае насельніцтва праціўніка. Ва ўзброеных сілах існуюць інфармацыйныя падразьдзяленьні. У якасьці асобнай зьявы найбольш падрабязна дасьледавалася на прыкладах Другой сусьветнай вайны і войнаў 1990-х гадоў, у тым ліку Косаўскай вайны 1999 году, Грузінска-расейскай вайны 2008 году і войнаў на Блізкім Усходзе на пачатку ХХІ стагодзьдзя, у тым ліку Ірацкай вайны[1].

Спосабы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэтай інфармацыйнай вайны служыць зьмяненьне сьвядомасьці людзей. Пры гэтым, выкарыстоўваюць разнаякае і малазаўважнае маніпуляваньне пачуцьцямі дзеля кіраваньня паводзінамі ў чужых зацікаўленасьцях. На цэнтральную нэрвовую сыстэму аддалена ўплываюць праз пэрыядычную падачу зьвестак з аднаго пункту гледжаньня, найчасьцей у сучасных умовах празь Сеціва, каб вызначыць выбар паводзінаў. Сярод іншага, праз зрок і пах уплываюць на падсьвядомасьць, каб дыктаваць лад жыцьця стварэньнем ілжывых мэтаў у выглядзе адчуваньня залежнасьці ад нястачы пэўных рэчаў. У выніку думкі і высілкі людзей накіроўваюць на шкоду іх душэўнаму здароўю праз выкарыстаньне большай параўнальна з жывёламі плястычнасьці галаўнога мозгу чалавека. Асноўнымі спосабамі ёсьць:

  • «Акно Овэртана». Маніпуляваньне грамадзкай думкай дзеля ўчыненьня людзьмі нявыгадных і непрымальных дзеяньняў супраць сябе празь зьмяненьне іх ацэнкі на станоўчую і дасягненьне згоды з такімі дзеяньнямі.
  • Люстэркавыя нэўроны. Адказваюць за паводзіны сярод людзей на ўзор большасьці, у тым ліку за мысьленьне і рухі цела. Адсюль незаўважны ўплыў праз паводзіны большасьці.
  • Узьдзеяньне на лімбічную сыстэму. У імкненьні да пачуцьця шчасьця людзі могуць згубіць мэту праводзіць больш часу з родзічамі і мэту атрымліваць асалоду ад зносінаў зь імі. Праз парушэньне здаровых грамадзкіх сувязяў людзей накіроўваюць на аддаленыя стасункі зь незнаёмымі людзьмі[2].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для нэрвовай сыстэмы наступствамі інфармацыйнай вайны служаць такія душэўныя хваробы, як стрэс, дэпрэсія і панічны разлад. У такім стане пагаршаецца арыентацыя ў сваіх дзеяньнях, мысьленьне і праца, што павышае ўзровень грамадзкага бязладзьдзя і пазбаўляе сілаў на яго ўпарадкаваньне. Пры перанапрузе выпрацаваныя гармоны адрэналін, нор-адрэналін і картызол трапляюць праз кроў у галаўны мозаг і цягліцы, каб накіраваць дзеяньне праз сымпатычную нэрвовую сыстэму. Пры гэтым, расьце ўзровень глюкозы ў крыві, што праз паскарэньне сэрцабіцьця дае сілу. Сама кроў становіцца больш густой дзеля хутчэйшага спыненьня магчымага крывацёку ў выпадку атрыманьня раны. Аднак праз адсутнасьць існай пагрозы і адпаведнага руху адмоўныя зьвесткі выклікаюць працяглы стрэс, бо адпаведныя гармоны надоўга застаюцца ў крыві, што выклікае шкоду здароўю. Пры гэтым, стрэс пагаршаюць: 1) пераяданьне праз нагрузку на страўнікава-кішачны тракт, 2) выпіваньне сьпіртовых напояў праз пагрозу алькагалізму і вяртаньне падвойнага стрэсу, 3) тытунепаленьне праз забор патрэбнага пры стрэсе тлену і перашкоду засваеньня вітамінаў[2].

У якасьці ўскладненьня стрэс перарастае ў дэпрэсію. У выніку чалавек губляе цікавасьці, перастае есьці, адмаўляецца працаваць і не выказвае зваротнай сувязі, ад чаго становіцца сварлівым. Такая прыгнечанасьць можа стаць пажыцьцёвай пры адсутнасьці ўсьведамленьня і прадпрыманьня заспакаяльных захадаў. Урэшце, хвароба разьвіваецца ў панічны разлад, пры якім чалавек верыць у абавязковасьць здарэньня праз уласную раздражняльнасьць. Здаровы адказ на падзеі навокал становіцца немагчымым праз парушэньне душэўнай раўнавагі[2].

Засьцярога[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для пазьбяганьня адмоўнага ўзьдзеяньня карысна ўспрымаць інфармацыю з улікам падвержанасьці людзей маніпуляваньню, а таму адмовіцца ад пачуцьцёвага яе засваеньня. Таксама варта засяроджвацца на крыніцах зьвестак, што спрыяюць працы і побыту. Таксама ў патоку навінаў варта аддаваць перавагу падзеям з наўпроставым удзелам чытача. Для зьніжэньня ўзроўню гармонаў стрэсу карысны ўплыў аказваюць бег, цялесная нагрузка ў трэнажорнай залі і язда на ровары. Сярод іншага, дзеля супакаеньня патрабуецца адпаведнае самаўнушэньне і адцягненьне ўвагі ад прычыны напругі на рэцэптары іншай часткі цела. Урэшце, каб пераключыць увагу, выкарыстоўваюць 5-ступенны спосаб супраць спалоху: 1) агляданьне вакол сябе, каб знайсьці 5 рэчаў, і называньне іх уголас; 2) кратаньне 4-х рэчаў і апісаньне іх якасьцяў уголас; 3) заплюшчаньне вачэй, каб вылучыць 3 гукі з навакольля, і апісаньне іх уголас; 4) знаходжаньне 2-х крыніцаў паху, каб панюхаць і сказаць, на што яны падобныя; 5) каштаваньне 1-й рэчы на смак[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Іван Чмыхун. Інфармацыйная вайна // Ваенная энцыкляпэдыя Беларусі / гал.рэд. Ларыса Языковіч, маст. Віктар Ляхар. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2010. — С. 453. — 1136 с. — 2100 ас. — ISBN 978-985-11-0542-3
  2. ^ а б в г Кацярына Тумас-Цішкевіч. Як захаваць псіхічнае здароўе падчас інфармацыйнай вайны // Газэта «Зьвязда», 26 сакавіка 2022 г. Праверана 26 сакавіка 2022 г.