Беларуская цэнтральная рада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Пячатка Беларускай цэнтральнай рады

Беларуская Центральная Рада (БЦР, па-нямецку: Weißruthenischer Zentralrat) — дапаможны дарадчы орган, цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў Генэральнай акрузе «Беларусь», намінальна ўрад Беларусі ў 19431944 гадох.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларуская цэнтральная рада была створана ў сьнежні 1943 з Беларускай рады даверу пры Генэральным камісарыяце Беларусі.

У БЦР увайшлі 14 чалавек: Радаслаў Астроўскі (прэзыдэнт), Мікалай Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзыдэнт), Юры Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзыдэнт), Францішак Кушаль (вайсковыя справы), С. Кандыбовіч (фінансы), Аўген Калубовіч (справы культуры), Павал Сьвірыд (юрыдычныя і рэлігійныя справы), С. Каляда (лясная гаспадарка), С. Станкевіч (прафэсійныя справы), А. Сакрат (школьныя справы), П. Орса (сельская гаспадарка), Н. Абрамава, Н. Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных разьдзелаў.

Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы і надалей заставаліся пад кантролем нямецкіх акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесьніцтвы ці аддзелы БЦР (не былі створаныя ў Барысаўскай, Ганцавіцкай і Лідзкай акругах).

У падпарадкаваньне БЦР былі перададзены Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі. Члены БЦР спрабавалі стварыць зь беларускага насельніцтва вайсковыя фармаваньні.

Дзейнасьць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе (27 чэрвеня 1944).

Эміграцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сувязі з наступленьнем савецкіх войск большасьць членаў БЦР перабраліся ў Нямеччыну, дзе працягвалі сваю дзейнасьць. 28 чэрвеня 1944 г. прэзыдэнт Р. Астроўскі атрымаў ад нямецкага кіраўніцтва Менску загад на эвакуацыю ў Кёніґсбэрґ. Пасьля кароткага знаходжаньня ва Ўсходняй Прусіі супрацоўнікі БЦР, паводле загаду нямецкага кіраўніцтва, былі пераведзены ў Бэрлін. Яўхім Кіпель пазьней згадваў:

« Улетку 1944 г. беларускае жыцьцё ў Бэрліне было досыць актыўнае: паступова зьяжджаліся ў Бэрлін уцекачы, дзеілі арганізацыі беларускія пры Міністэрстве Прапаганды й пры Міністэрстве Ўсходніх Справаў, быў беларускі аддзел пры Арбайтфронце, дзеіў Беларускі камітэт, выходзілі газэты «Раніца» й «Беларускі Работнік» і паступова афармлялася БЦР[1] »

20 ліпеня 1944 г. Міністэрства ўсходніх акупаваных тэрыторыяў выдала інструкцыю, у якой былі пералічаны «рэальныя задачы і паўнамоцтвы» БЦР.

  1. Барацьба з бальшавізмам шляхам:
  • удзелу ў падрыхтоўцы да стварэньня беларускіх ваенных фармаваньняў;
  • удзелу ў стварэньні партызанскіх груп за лініяй фронта;
  • актыўнае прапагандысцкая дзейнасьць сярод беларускіх рабочых.
  1. Аб'яднаньне ўсіх беларусаў у Саюзе вызваленьня Беларусі.
  2. Культурная, сацыяльная і прававая апека над усімі беларусамі ў Нямеччыне.
  3. Моладзевая праца (СБМ, ваенная дапаможная служба)
  4. Жаночая праца[2].

24 верасьня 1945 г. на паседжаньні XI Пленуму, які прайшоў у вёсцы Эшэрсьбекен (каля Вюрцбурга), усе наяўныя ў Нямеччыне члены арганізацыі (Радаслаў Астроўскі, Франц Кушаль, Аўген Калубовіч, Сымон Кандыбовіч, Пётар Орса, Станіслаў Станкевіч, Васіль Рагуля, Анатоль Шкутка (быў уключаны ў склад Рады восеньню 1944 г.), Мікола Шчорс, Аляксей Сянькевіч) вырашылі прыпыніць дзейнасьць БЦР. Двое членаў Прэзыдыюму БЦР (Кастусь Езавітаў і Мікалай Шкялёнак) вясной 1945 г. трапілі ў рукі СССР, а Сьцяпан Калядка добраахвотна выехаў у Савецкі Зьвяз. Абгрунтаваньне такой пастановы было зьвязанае з тым «каб (…) ня даць бальшавіком магчымасьці выкарыстаць перад заходнімі саюзнікамі фармальна тактычнае супрацоўніцтва з немцамі ў мэтах канчальнага знішчэньня супрацьбальшавіцкага актыву»"[3]. XI Пленум БЦР ччасова прыпыніў дзейнасьць арганізацыі, але не распускаў яе (пытаньне нават не ставілася на галасаваньне).

У 19471948 гг. у дачыненьні да членаў БЦР пачалася кампанія дыскрэдытацыі. БЦР і яе прэзыдэнт абвінавачваліся ў супрацоўніцтве з нацыстамі, прычым закіды рабілі экс-члены БЦР, якія самі прымалі ўдзел у грамадзка-палітычным і ваенным жыцьці акупаванай Беларусі: Барыс Рагуля — намеснік прэзыдэнта БЦР у Наваградзкай акрузе, Аўген Калубовіч, Антон Адамовіч, Станіслаў Станкевіч, Франц Кушаль, Янка Станкевіч.

30 сьнежня 1947 г. Радаслаў Астроўскі зьвярнуўся да беларускай эміграцыі ў Нямеччыне, заклікаючы «спыніць усе спрэчкі паміж беларускім актывам» і правесьці выбары ў Беларускае цэнтральнае прадстаўніцтва — арганізацыю, якая павінна была аб’яднаць прыхільнікаў БЦР[4]. У студзень 1948 г. да Радаслава Астроўскага зьвярнулася група беларускіх дзеячаў (Васіль Рагуля, Юры Сабалеўскі, Мікола Шыла і інш.) з просьбай аднавіць дзейнасьць БЦР. 9 траўня 1948 г. у Эльвангене быў скліканы XII Пленум БЦР[5], на якім Беларуская цэнтральная рада была абвешчана «выканаўчым і прадстаўнічым на эміграцыі органам незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі». На Пленуме Радаслава Астроўскага пераабралі Прэзыдэнтам на чарговы 4-гадовы тэрмін. Першым віцэ-прэзыдэнтам БЦР стаў Васіль Рагуля, другім — Мікола Шчорс. Старшынём Рады міністраў быў абраны Юры Сабалеўскі, сакратаром БЦР — Іван Касяк[6].

Пасьлядоўнікі БЦР пасьля вайны дзейнічалі ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш.

22 кастрычніка 1960 г. Радаслаў Астроўскі на пленуме ў Саўт-Рывэры быў абраны на пасаду прэзыдэнта БЦР на чарговую пяцігадовую кадэнцыю, аднак дзеяч склаў зь сябе паўнамоцтвы, заявіўшы на III Кангрэсе беларусаў Амэрыкі 23 кастрычніка 1960 г., што старэйшае пакаленьне мусіць пакінуць актыўнае грамадзкае жыцьцё, «каб даць дарогу маладым»[7].

У 1962 г. Радаслаў Астроўскі склаў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта, матываваўшы гэта ўзростам (яму тады споўнілася 75 гадоў) і перадаў іх кіраўніку Выканаўчага органа БЦР Аркадзю Арэхву, які, аднак, неўзабаве моцна захварэў і ня здолеў прыступіць да выкананьня абавязкаў прэзыдэнта. Да 1974 г., пакуль Астроўскі не вярнуўся да актыўнай грамадзкай дзейнасьці, БЦР не вяла ніякай працы. Прынамсі, не склікалася пленумаў, не праводзілася пасяджэньняў, не вялося справаводзтва.

34 ліпеня 1977 г. прайшоў XVIII-ы Пленум БЦР у рэсорце (доме адпачынку) «Белэйр-Менск» (Глен-Спэй, штат Нью-Ёрк). У ім удзельнічалі 43 грамадзкія дзеячы з ЗША, якія мелі мандаты-ўпаўнаважаньні ад 16 дэлегатаў: з Аўстраліі (5), Канады (5), Вялікабрытаніі (3), Нямеччыны (3)[8]. Удзельнікі Пленуму рэпрэзентавалі Выканаўчы орган БЦР, дэлегатуры ў Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Канадзе, а таксама Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі, аддзелы Беларускага вызвольнага фронту (краёвыя штабы) у Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Кліўлэндзе, Вініпэгу і Таронта, Згуртаваньне беларуска-амэрыканскіх вэтэранаў (галоўны штаб і аддзел у Саўт-Рывэры), беларускія праваслаўныя парафіі ў Саўт-Рывэры, Рычманд-Гіле (Нью-Ёрк), Таронта і Лёндане (Вялікабрытанія), Беларуска-амэрыканскі грамадзка-рэлігійны цэнтар у Саўт-Рывэры і грамадзка-рэлігійны цэнтар у Глен-Сьпей, арганізацыя «Амэрыканскія прыхільнікі БЦР». Сваё ўпаўнаважаньне на Пленум даслалі Ян і Аліцыя Пятроўскія — як прадстаўнікі сямейнага Беларускага харатыўнага фонду.

Пасьля 1995 г. БЦР не была дзейнай арганізацыяй, хоць афіцыйнага рашэньня пра яе самароспуск не было. Паводле тэстаменту Міхася Зуя, пасьля яго сьмерці (красавік 1995 г.) усе справы БЦР, абавязкі і паўнамоцтвы прэзыдэнта былі перададзеныя В. Цярпіцкаму да часу скліканьня XX Пленуму БЦР. Але В. Цярпіцкі прыняў рашэньне прыпыніць дзейнасьць БЦР, якая ня мае людзкіх рэсурсаў[9]. Віталь Цярпіцкі згадваў:


« Афіцыйна [з 1995 г.] ніякіх пасадаў у БЦР я не займаў. Адразу сказаў, што не зьбіраюся гуляць у салдацікі, як БНРаўцы. З адыходам Астроўскага эпоха БЦР скончылася. Я і Міхасю Зую радзіў паставіць кропку.[10] »

Прэзыдэнты БЦР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйны падзел БЦР уключаў у сябе некалькі акругоў пад нямецкім назовам Hauptgebieten:

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кіпель Я. Эпізоды. — Нью-Ёрк: Выдавецтва газэты «Беларус», 1998. — С. 231.
  2. ^ Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 192.
  3. ^ Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — С.18
  4. ^ Астроўскі Р. Беларусы і Беларускі. — Эміграцыя, сьнежань 1947. — 2 с.
  5. ^ У Пленуме ўдзельнічалі 48 чалавек: Радаслаў Астроўскі, Янка Бекіш, Аляксандар Буглай, Аляксандар Вабішчэвіч, Ксенафонт Вайцяхоўскі, Людвік Галубовіч, Аляксандр Гузоўскі, Сьцяпан Дашкевіч, Раіса Евец, Міхаіл Ігнатовіч, Хведар Ільяшэвіч, Ільля Калько, Іван Касяк, Яўхім Кіпель, Барыс Крыстовіч, Янка Кудрук, Антон Курыловіч, Уладзімер Лазарэвіч, Мікалай Лапіцкі, Нік Лапушынскі, Іван Любачка, Віктар Мелюк, Мікалай Мінкевіч, Часлаў Найдзюк, Алесь Падун, Анатоль Плескачэўскі, Юрый Прускі, Васіль Рагуля, Усевалад Родзевіч, Сяргей Розмысл, Аляксандар Русак, Юры Сабалеўскі, Ціхан Селівончык, Уладзімер Сенька, Юрый Стукаліч, Масей Сяднёў, Павал Сьвірыд, Аляксей Сянькевіч, Анатоль Ушал, Віктар Чабатарэвіч, Андрэй Чарэўка, Іван Шакун, Сымон Шаўцоў, Анатоль Шкутка, Марк Шпакоўскі, Мікола Шчорс, Хведар Шыбут, Эмануіл Ясюк
  6. ^ На пасаду першага віцэ-прэзыдэнта былі вылучаны 3 кандыдатуры: Васіль Рагуля (19 галасоў), Юры Сабалеўскі (14) і Анатоль Шкутка (7). Мікалай Шчорс набраў 29 галасоў, Анатоль Шкутка — 17 (тут галасаваньне ішло за пасаду другога віцэ-прэзыдэнта)
  7. ^ Пратакол III Кангрэсу Бел. Амэрыкі, каторы адбыўся дня 23 кастрычніка 1960 г. у Саўт-Рывэры ў залі Шакаў, 25 Уайтхэд Авэ а 13:00 пасьля паўдня. Архіў Івана Касяка
  8. ^ Пратакол 18-га Пленуму БЦР, які адбыўся 3 і 4 ліпеня 1977 г. у рэсорце «Белэр-Менск», Злучаныя Штаты Амэрыкі
  9. ^ Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — С.239 — 240
  10. ^ Цярпіцкі, В. Я — астрўшчык / Віталь Цярпіцкі // Адзінец, А. Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў: Зборнік ўспамінаў / Аляксандар Адзінец; Рэдактар А.Гардзіенка. — Мн.: Медысонт, 2007. — 704 с., 28 с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кніга 11). — С. 414—421.