Чаротаўка вяртлявая
| Вяртлявая чаротаўка | |
Вяртлявая чаротаўка (Acrocephalus paludicola) |
|
| Клясыфікацыя | |
|---|---|
| Царства | Жывёлы |
| Тып | Хордавыя |
| Кляса | Птушкі |
| Атрад | Вераб’інападобныя |
| Падатрад | Пявучыя птушкі |
| Сямейства | Чароткавыя |
| Род | Чаротаўкі |
| Від | Вяртлявая чаротаўка |
| Бінамінальная намэнклятура | |
| Acrocephalus paludicola | |
| Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца законам. |
Вяртлявая чаротаўка (па-лацінску: Acrocephalus paludicola) — дробная пявучая пералётная птушка сямейства Чароткавых (па-лацінску: Acrocephalidae), від роду Чаротавак (па-лацінску: Acrocephalus).
Зьмест |
Распаўсюджаньне [рэдагаваць]
Арэал вяртлявай чаротаўкі даволі шырокі, нягледзячы на яе агульную нешматлікасьць. Яе гнезьдзішчы сустракаюцца па ўсёй Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе: у Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндах, Італіі, Нямеччыне, Вугоршчыне, Польшчы, Беларусі, Латвіі, Летуве, Украіне, Даніі, Фінляндыі.
Зімуе ў заходняй Афрыцы, на абодва бакі Ля-Маншу і ў Біскайскай затоцы[1].
Найбуйнейшая папуляцыя ў сьвеце пражывае на Спораўскім балотным масіве ў Беларусі[2]. Тут гняздуе 60% сусьветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі[3].
Зьнешні выгляд [рэдагаваць]
Уяўляе сабой невялікую, памерам зь вераб’я птушку. Памер крылаў складае каля 6,5 сантымэтраў, хвасту — каля 5 сантымэтраў, дзюбы — крыху болей за сантымэтар. Хвост ступеневы з крыху загостранымі канцамі стырнавых пёраў. Памеры самцоў і саміцаў аднолькавыя[4].
Афарбоўка сьпіны бэжава-аліўкавая з цёмнымі, амаль чорнымі надствольлямі. Бліжэй да хваста выражаецца рудаватае адценьне. Пасярод галавы праходзяць дзьве чорныя палоскі, падзеленыя вузкай аліўкава-жоўтай палоскай. Брушка афарбаванае ў сьветла-руды колер і становіцца больш сьветлым да сярэдзіны. Ногі жоўтага колеру[4][5].
Увосень у вяртлявых чаротавак адбываецца лінька, пасьля чаго афарбоўка набывае ярчэйшыя адценьні. Маладыя асобіны адрозьніваюцца большай колькасьцю сьветлых участкаў пер’я[4][5].
Экалёгія [рэдагаваць]
Вяртлявая чаротаўка адносіцца да стэнатопнага тыпу, то бок пражывае толькі ў нямногіх, вельмі падобных адно на адну мясьцінах. Тыповымі месцамі яе пражываньня зьяўляюцца раўнінавыя вільготныя і забалочаныя ўчасткі з густой травой вышынёй ад 50 сантымэтраў і рэдкім вербалозам. Пераважаюць у поймах рэкаў, на асаковых і пажарніцавых балотах у разводзьдзях рэкаў і на зарослых травой сажалках, дзе глыбіня воды не перавышае 10 сантымэтраў. Падчас пералётаў на зімоўлю абірае узьбярэжныя раёны сажалак і рэкаў у зарасьніках травы і хмызьняку[6][7][8][4][5].
Вяртлявая чаротаўка зьяўляецца недастаткова вывучаным відам, працягласьць яе жыцьця і ўзрост полавага высьпяваньня невядомы. У пэрыяд распладненьня назіраецца некаторая перавага самак, што тлумачыцца асаблівасьцямі полігінійных шлюбных зносінаў птушак, калі адзін самец на сваёй тэрыторыі ўтварае адразу некалькі часовых параў з саміцамі.
Месцы гняздоўлі непастаянныя, мяняюцца штогод і пачынаюцца ў пачатку чэрвеня. Будуе гняздо, выседжвае яйкі і корміць птушанят толькі саміца. Месца для гнязда выбірае на сухім месцы ў высокай асацы ці ў зарасьніку ля асновы кустоў вербалозу. Гнёзды маюць шараападобную форму і складаюцца з сухіх сьцяблінаў травы[9][6][4][5].
У кладцы звычайна ад чатырох да шасьці яек памерам 1,6 на 1,2 сантымэтры паўшарападобнай формы аліўкава-жоўтага колеру з бляклымі крапінкамі, сьветлыя ля вострага канцу і цямнейшыя да асновы, на якой можа ўтварацца венца. Шкарупа моцная, гладкая і крыху бліскучая. У выпадку гібелі нявылупленых нашчадкаў звычайна кладкі паўтараюцца. Гняздо птушаняты пакідаюць на 14-ы — 15-ы дзень, пасьля чаго яшчэ каля месяца трымаюцца побач зь ім[9][8][6][4].
Харчуюцца разнастайнымі казуркамі, больш дакладных зьвестак няма ў сувязі з кепскай дасьледаванасьцю віду[4][6].
Напрыканцы лета — у пачатку восені пачынаецца пералёт вяртлявых чаротавак на зімоўлю[5].
Колькасьць і ахоўны статус [рэдагаваць]
Меркаваная колькасьць папуляцыі вяртлявай чаротаўкі складае каля 15-25 тысячаў. Прычым, сыходзячы са сталых назіраньняў, колькасьць віду стала скарачаецца[6].
Асноўнай прычынай скарачэньня папуляцыі лічыцца супадзеньне арэалу чаротаўкі з выгаднымі для землекарыстаньня надзеламі. Мэліярацыя, выпальваньне травы і стварэньне вадасховішчаў прыводзяць да скарачэньня прыдатных для гэтай птушкі месцаў пражываньня. Акрамя таго, на скарачэньне арэалу ўплывае рост шчыльнасьці вясковага насельніцтва і наступнае засваеньне земляў, упадабаных птушкай. Пашырэньне пустыннай зоны ў Афрыцы таксама зьяўляецца нэгатыўным фактарам праз павелічэньне пералётнай дыстанцыі[6][8][5].
Птушка занесеная ў Чырвоны сьпіс міжнароднага Зьвязу аховы прыроды, у Дадатак 2 Бэрнскай канвэнцыі, Дадаткі 1 і 2 Бонскай канвэнцыі, а таксама ў Чырвоную кнігу Беларусі[2].
Крыніцы і заўвагі [рэдагаваць]
- ^ Aquatic Warbler (Acrocephalus paludicola) на бачыне Bird Guides(анг.)
- ^ а б Леанід Лахманенка. «Залатыя» яйкі вяртлявай чаротаўкі // «Звязда». — 8 лютага 2011. — № 24 (26888). — С. 3.
- ^ У біялягічным заказьніку «Спораўскі» сёлета для турыстаў пачала дзейнічаць экалягічная сьцежка па Спораўскім балоце Навіны. Радыёстанцыя «Беларусь» (5 ліпеня 2010). Праверана 12 лютага 2011 г.
- ^ а б в г д е ё Энцыкляпэдыя жывёлаў «Зааклюб»
- ^ а б в г д е Лясны атлас(рас.)
- ^ а б в г д е Чырвоная кніга Расеі(рас.)
- ^ Чырвоная кніга Чалябінскай вобласьці(рас.)
- ^ а б в Чырвоная кніга Навасыбірскай вобласьці(рас.)
- ^ а б Чырвоная кніга Смаленскай вобласьці(рас.)
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Чаротаўка вяртлявая — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў