Мікалай Статкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Статкевіч
Старшыня БСДП (НГ)
25 лістапада 2007 — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 12 жніўня 1956(1956-08-12) (67 гадоў)
вёска Лядна, Слуцкі раён, Менская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Партыя: КПСС (1982—1991),
БСДГ (да 1996),
БСДП (НГ) (ад 1996)
Сужэнец: Марына Адамовіч[d]
Адукацыя:
Узнагароды:

Мікала́й (Міко́ла) Ві́ктаравіч Статке́віч (нарадзіўся 12 жніўня 1956 году; в. Лядна, Слуцкі раён, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Адзін са стваральнікаў грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае аб’яднаньне вайскоўцаў». Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. У 1978 годзе скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню СПА. У 1978—1982 гадох служыў у войску ў Мурманскай вобласьці. Там стаў сябрам КПСС, зь якой выйшаў у 1991 годзе на знак пратэсту супраць спыненьня забурэньняў у Вільні. У 1982 годзе паступіў у ад’юнктуру Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні. У 1993 годзе яго звольнілі зь беларускага войска за месяц да абароны доктарскай дысэртацыі за выступленьне супраць Дамовы аб калектыўнай бясьпецы з Армэніяй і Таджыкістанам, дзе ішла вайна. У выніку розгаласу Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ухваліў дамову з агаворкай не пасылаць беларускіх жаўнераў у месцы ваенных дзеяньняў[1].

У 1995 годзе абраны старшынём БСДГ замест Алега Трусава. Пасьля аб’яднаньня з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народнай згоды і стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) стаў старшынём БСДП (НГ).

З 2003 году — лідэр «Эўрапейскай кааліцыі». 31 траўня 2005 году разам з Паўлам Севярынцам быў асуджаны да трох гадоў прымусовай працы за арганізацыю пратэстаў апазыцыі супраць фальшаваньня вынікаў кастрычніцкіх выбараў у Палату прадстаўнікоў 2004 году. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя «Amnesty International» прызнала Мікалая Статкевіча вязьнем сумленьня[2]. У ліпені 2007 году вызвалены па амністыі.

У 2009 годзе кангрэс «Эўрапейскай кааліцыі» вылучыў Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты. У 2010 годзе зарэгістраваны кандыдатам на выбарах прэзыдэнта Беларусі. 26 траўня 2011 году асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму[3]. 22 жніўня 2015 году Мікалай Статкевіч быў памілаваны і выпушчаны на волю[4].

14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на выязным паседжаньні ў сьледчым ізалятары вырак Статкевіча да 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму за ладжаньне масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Разам зь ім выраклі яшчэ 5 чалавек. Паводле 4-х артыкулаў Крымінальнага кодэксу блогера Сяргея Ціханоўскага — да 18 гадоў зняволеньня, праграміста Зьмітра Папова за мадэрацыю сацсетак і апэратара Арцёма Сакава — да 16 гадоў узмоцненага рэжыму. Журналіста Беларускай службы Радыё «Свабода» Ігара Лосіка і блогера Ўладзімера Цыгановіча — да 15 гадоў узмоцненага рэжыму паводле 2-х артыкулаў КК Беларусі[5]. Таксама з 6 абвінавачаных пастанавілі спагнаць 3,5 млн рублёў (1,4 млн даляраў)[6]. Вырак вынес судзьдзя Мікалай Доля[7].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тры мэдалі Ўзброеных Сілаў СССР.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]