Усебеларускі народны сход

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Усебелару́скі наро́дны сход — агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўраду, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў іншых галінаў гаспадаркі. Адбываецца кожныя пяць гадоў перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў менскім Палацы Рэспублікі. На сход вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Урад складае каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзеньне сходу ды ажыцьцяўляе яго фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне. З другога сходу колькасьць удзельнікаў складае 2500 чалавек, у тым ліку ад Менску — 400, ад кожнай вобласьці — па 350[1]. Дзейсная ўлада ацэньвае яго як «найвышэйшую форму дэмакратыі», прызначаную для абмеркаваньня найістотнейшых пытаньняў жыцьця дзяржавы[2], параўноўваючы з народным вечам.

Мажлівасьць скліканьня «рэспубліканскага сходу» замацаваная ў Законе «Пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы»:

« Рэспубліканскі сход можа склікацца па меры неабходнасьці прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь для абмеркаваньня істотных пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця і праектаў адпаведных рашэньняў. Нормы прадстаўніцтва і парадак абраньня ўпаўнаважаных удзельнічаць у рэспубліканскім сходзе, а таксама склад арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы і правядзеньні рэспубліканскага сходу ўсталёўваюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. »

Закон Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2000 г. №411-З «Пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы»

Традыцыйны выступ Аляксандра Лукашэнкі перад дэлегатамі народнага сходу з праграмай сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця палітолягі называюць ягонай перадвыбарнай праграмай[3].

Удзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 лістапада 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Закон № 70-З «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», паводле якога выклаў яго ў новай рэдакцыі. Глава 2 «Рэспубліканскія сходы» адпаведнага Закону зьмяшчала 9-ы артыкул, згодна зь якім: «У рэспубліканскім сходзе маюць права ўдзельнічаць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў і зарэгістраваныя па месцы жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым, «удзельнікі рэспубліканскага сходу абіраюцца на сходах калектываў працаўнікоў арганізацыяў, грамадзянаў па месцы навучэньня або службы, мясцовых сходах, сходах вышэйшых органаў рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў, рэлігійных арганізацыяў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія прадстаўляюць усе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Рэспублікі Беларусь. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і сябры Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь таксама ёсьць удзельнікамі рэспубліканскага сходу». Таксама «на рэспубліканскі сход запрашаюцца прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, сябры Ўраду», старшыні Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Найвышэйшага гаспадарчага судоў, Цэнтральнай выбарчай камісіі, генэральны пракурор, старшыні Сьледчага камітэту, Управы Нацыянальнага банку і Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі[4].

Рашэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Закону Рэспублікі Беларусь 2000 году «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» у рэдакцыі 2013 году, «Рашэньне рэспубліканскага сходу прымаецца адкрытым галасаваньнем простай большасьцю галасоў яго ўдзельнікаў і афармляецца рэзалюцыяй рэспубліканскага сходу, якая ў 3-дзённы тэрмін накіроўваецца прэзыдэнту» Беларусі. У сваю чагу прэзыдэнт разглядае рэзалюцыю і прымае рашэньне датычна справаў, якія ўваходзяць у яго непасрэдныя паўнамоцтвы. Пры гэтым, Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь накіроўвае рэзалюцыю для разгляду і прыняцьця па ёй рашэньня ў дзяржаўныя органы і іншыя ўстановы па пытаньнях, якія адносяцца да іх паўнамоцтваў. Урэшце «рашэньне па рэзалюцыі рэспубліканскага сходу мае быць прынята ў 3-месячны тэрмін з дня яе паступленьня ў Адміністрацыю прэзыдэнта». Пагатоў, Адміністрацыя прэзыдэнта, адпаведныя дзяржаўныя органы і ўстановы апавяшчаюць грамадзянаў аб прынятым рашэньні[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы сход, у якім прынялі ўдзел каля 5 тысячаў дэлегатаў, адбыўся 19—20 кастрычніка 1996 году. Упершыню адбылася яго прамая трансьляцыя на ўсіх тэлеканалах, уключна з расейскімі НТБ, РТР і ОРТ[5]. На ім ладзілася абмеркаваньне асноўных палажэньняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны і праекту зьмяненьняў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі. Празь месяц прапанаваны праект, які пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі, быў падтрыманы на рэфэрэндуме.

Празь пяць год, ужо на другім Усебеларускім сходзе, Лукашэнка абвясьціў: : «Першы зьезд адвёў краіну ад хаосу, анархіі і вайны розных палітычных групаў і груповак. Ён вызначыў курс на правядзеньне рэфэрэндуму. У гэтым найгалоўнейшая асноўная заслуга першага зьезду.»[6]

Другі сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі сход пад лёзунгам «За моцную і квітнеючую Беларусь» адбыўся 18 траўня 2001 году, за чатыры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў. З удзелам 2500 дэлегатаў, абраных на гарадзкіх, раённых і працоўных сходах найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў усіх рэгіёнаў краіны. Паводле ўхваленай 2-ім сходам рэзалюцыі, Праграма разьвіцьця на 2001—2005 гады мела 4 напрамкі:

  1. утварэньне выніковага парадку аховы здароўя,
  2. актывізаваньне інавацыяў і ўкладаньняў,
  3. нарошчваньне экспарту тавараў і паслугаў,
  4. разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва, аграпрамысловага комплексу[7].

Трэці сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці сход, што прайшоў пад лёзунгам «Дзяржава для народа» 2—3 сакавіка 2006 году, за два тыдні да выбараў[8], замацаваў асноўным прынцыпам дзяржаўнага будаўніцтва ў чарговай пяцігодцы патрабаваньне значна павысіць якасьць жыцьця. У ім прынялі ўдзел 2,5 тысячы чалавек[9]. Менавіта на гэтым сходзе Лукашэнка прамовіў знакамітую фразу пра тое, што «Скарына быў ня толькі беларус, ён жыў і ў Піцеры і тварыў там»[10].

2 сакавіка на сход спрабаваў патрапіць кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, але пры гэтым быў зьбіты людзямі ў цывільным пад кіраўніцтвам тагачаснага камандзіра спэцназу Міністэрства ўнутраных справаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі[5]. Пазьней высьветлілася, што зьбіцьцё адбывалася байцамі спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз»[11].

Чацьвёрты сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Транспарант на плошчы Незалежнасьці (Менск)

Чацьвёрты сход, скліканы з мэтай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзянаў удзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця, праходзіў у Менску 6—7 сьнежня 2010 году, перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі. У ім прымаюць удзел 2,5 тыс. чалавек. Сход трансьляваўся па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах, а таксама па беларускім радыё[12]. Паводле ўхваленай 4-ім сходам рэзалюцыі, Праграма разьвіцьця на 2011—2015 гады мела 8 напрамкаў:

  1. разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу, улучна з павышэньнем узроўню дабрабыту, ростам нараджальнасьці і павелічэньнем працягласьці жыцьця, умацаваньнем здароўя грамадзянаў і павышэньнем якасьці адукацыі;
  2. карэннае асучасьненьне гаспадаркі, стварэньне новых навукаёмістых, высокатэхналягічных вытворчасьцяў;
  3. заахвочваньне прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы;
  4. рост экспарту тавараў і паслугаў, збалянсаванасьць і выніковасьць зьнешняга гандлю;
  5. разьвіцьцё імпартазамяшчальных вытворчасьцяў;
  6. устойлівае разьвіцьцё рэгіёнаў;
  7. будаўніцтва якаснага і даступнага жытла;
  8. павышэньне выніковасьці аграпрамысловага комплексу[13].

Трапіць на сход плянаваў Уладзімер Някляеў[14]. За ягонае вылучэньне было сабрана 27 000 подпісаў, а таксама праведзены сход грамадзянаў Ленінскага раёну Менску[15]. Аднак на сход упаўнаважаных Ленінскага раёну, які непасрэдна абіраў дэлегатаў, яго не дапусьцілі.

Пяты сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты сход праходзіў у Менску 22—23 чэрвеня 2016 году.

Шосты сход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 сьнежня 2020 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 492 аб скліканьні VI Усебеларускага народнага сходу (УБНС), які прызначыў на 11—12 лютага 2021 году. На абмеркаваньне ўдзельнікаў вынесьлі Праграму грамадзка-гаспадарчага разьвіцьця Беларусі на 2021—2025 гады і напрамкі грамадзка-палітычнага разьвіцьця. Сярод 2700 месцаў да 370 прызначалася для прадстаўнікоў ад Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў і найбольш шматлікіх грамадзкіх аб’яднаньняў сталіцы. Да 310 месцаў ад кожнай з 6 вобласьцяў прызначалася для прадстаўнікоў ад іх гарадзкіх і раённых Саветаў дэпутатаў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт УБНС меў запрасіць на астатнія 470 месцаў у якасьці гасьцей кіраўнікоў дзяржаўных органаў і СМІ, прадстаўнікоў беларускай дыяспары і міжнародных арганізацыяў, а таксама замежных дыпляматаў[16].

5 студзеня 2021 году 7-ы Пленум Цэнтральнага камітэту Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі абраў 140 прадстаўнікоў (5,1 %) на 6-ы Ўсебеларускі народны сход. Зь іх 51,8 % складалі мужчыны. Сярод абраных было 75,2 % працаўнікоў і службоўцаў зь ліку кіраўнікоў мясцовых суполак БРСМ, 15,6 % студэнтаў і навучэнцаў вучэльняў, а таксама 9,2 % дэпутатаў раённых Саветаў дэпутатаў і моладзевых парлямэнтаў[17]. Таксама 5 студзеня Прэзыдыюм Беларускага саюзу жанчынаў вылучыў 135 прадстаўніцаў (5 %) на ЎБНС[18]. 2 лютага 2021 году старшыня Савету міністраў Беларусі Раман Галоўчанка абвясьціў склад УБНС: «49 % дэлегатаў — 1175 чалавек — прадстаўляюць мясцовыя Саветы дэпутатаў усіх узроўняў. Яшчэ 1051 чалавек (гэта 44 %) — сябры буйнейшых грамадзкіх арганізацыяў. Да іх дадаюцца (згодна з Законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах) дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чальцы Савета Рэспублікі. Такім чынам мы выйшлі на агульную лічбу 2394 дэлегаты». Таксама Галоўчанка адзначыў, што 36 % склалі жанчыны (864 чалавекі), а найбольш паводле ўзросту прыпала на людзей у веку 40—60 гадоў. Урэшце старшыня ўраду згадаў пра ўдзел маладзейшых: «моладзь — 6 %. Гэта людзі да 30 гадоў. 17 % — ад 30 да 40 гадоў»[19].

Сярод дэлегатаў сходу прадстаўнікі з прадпрыемстваў прамысловасьці, будаўніцтва і перавозак склалі 30 %, з установаў культуры, сфэры паслугаў і СМІ — 25,9 %, чыноўнікі — 14,8 %, прадстаўнікі зь сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — 8,2 %, сябры Нацыянальнага сходу Беларусі — 6,8 %, прадстаўнікі ад пэнсіянэраў — 5,9 %, ад сілавых ведамстваў — 4,1 %, прыватныя прадпрымальнікі — 2,7 % і прадстаўнікі ад навучэнцаў і студэнцтва — 1,5 %[20]. 11 лютага 2021 году 6-ы Ўсебеларускі народны сход абраў прэзыдыюм і сакратарыят, а таксама мандатную, падліковую і рэдакцыйную камісіі. Старшынёй 1-га дня УНС стала старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, а 2-га — старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка[21].

12 лютага 2021 году 6-ы УНС зацьвердзіў Рэзалюцыю, у якой ухваліў 7 напрамкаў Праграмы грамадзка-гаспадарчага разьвіцьця Беларусі на 2021—2025 гады:

  1. «паляпшэньне якасьці жыцьця праз узмацненьне сямейнай палітыкі і ўмацаваньне здароўя нацыі;
  2. паскоранае і збалянсаванае рэгіянальнае разьвіцьцё праз стварэньне новых вытворчасьцяў, камфортнага асяродзьдзя пражываньня, разгалінаванай транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры за межамі сталіцы і абласных цэнтраў;
  3. умацаваньне прамысловасьці праз мадэрнізацыю традыцыйных вытворчасьцяў, фармаваньне новых высокатэхналягічных галінаў, паглыбленьне перапрацоўкі мясцовых сыравінных рэсурсаў;
  4. павышэньне канкурэнтаздольнасьці аграпрамысловага комплексу праз узмацненьне дысцыпліны землекарыстаньня, укараненьне эфэктыўных тэхналёгіяў і лічбавізацыю, паглыбленьне каапэрацыі ў вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчаваньня;
  5. дынамічнае разьвіцьцё сфэры паслуг праз разьвіцьцё транзытнага патэнцыялу і лягістыкі, пашырэньне ўнутранага і ўязнога турызму, павышэньне якасьці і даступнасьці сацыяльных паслуг;
  6. лічбавая трансфармацыя праз інтэграцыю інфармацыйна-камунікацыйных і перадавых вытворчых тэхналёгіяў ва ўсе сфэры жыцьцядзейнасьці, павышэньне лічбавай дасьведчанасьці насельніцтва;
  7. актыўная зьнешнеэканамічная палітыка праз пашырэньне экспарту на новыя рынкі, разьвіцьцё ўзаемавыгаднай эканамічнай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЭАЭЗ і СНД, умацаваньне стратэгічнай супрацы з КНР»[22].

Таксама 6-ы УНС ухваліў 5 прапановаў у галіне грамадзка-палітычнага разьвіцьця па:

  • «забесьпячэньні ўдзелу шырокіх слаёў насельніцтва ў распрацоўцы і рэалізацыі важнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, прызнаўшы Ўсебеларускі народны сход вышэйшай формай народнага прадстаўніцтва з заканадаўчым замацаваньнем яго асаблівага прававога статусу;
  • стварэньні канстытуцыйнай камісіі, у склад якой увойдуць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай грамадзкасьці, розных галінаў эканомікі і сацыяльнай сфэры. Гэтай камісіі ў 2021 годзе даручаецца распрацаваць прапановы па зьмяненьні Канстытуцыі Беларусі для іх далейшага вынясеньня на ўсенароднае абмеркаваньне і рэспубліканскі рэфэрэндум;
  • пераразмеркаваньні паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі органамі, у тым ліку органамі мясцовага кіраваньня і самакіравання, узмацненьні ролі палітычных партыяў у жыцьці краіны;
  • падтрымцы стваральных ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці, накіраваных на вырашэньне канкрэтных сацыяльна-эканамічных праблемаў, павышэньне якасьці жыцьця людзей, садзейнічаньне найбольш поўнаму раскрыцьцю творчага патэнцыялу моладзі;
  • распрацоўцы праграмы патрыятычнага выхаваньня насельніцтва, сьцвярджэньні ў грамадзтве традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасьцяў і ўстановак беларускага народу»[22].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апанэнты ўлады выказваюць сумнеў у мэтазгоднасьці скліканьня падобных мерапрыемстваў. Часам сход гіранічна называюць «Усебеларускім хуралам»[23][24].

Удзельнік першага Ўсебеларускага сходу Ўладзімер Ганчарык называе плянаваньне будучых пяцігодак на гэткіх сабраньнях «прапагандысцкім крокам», матывуючы гэта тым, што ўсе падобныя сходы адбываюцца за некалькі тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў, а значыць, існуе магчымасьць выбару іншага кандыдата[25]. Акрамя таго, на ягоную думку, прынятыя пастановы не выконваюцца:


« Я прааналізаваў перадвыбарчую праграму Лукашэнкі 2006 году. У ёй было тры прынцыповыя моманты. Па-першае, за пяцігодку нам абяцалі эўрапейскі ўзровень жыцьця (па зарплатах, мэдыцынскім абслугоўваньні і г.д.). Па-другое, жыльлё мусіла стаць удвая таньней. Па-трэцяе, інфляцыя не павінна была быць вышэй за 5%. Што ж маем насамрэч? Інфляцыя вырасла ў два разы. Жыльлё не патаньнела. Па ўзроўні жыцьця, заробках мы ня толькі з разьвітымі краінамі Эўропы, але з той жа Польшчай ня можам раўняцца. Больш за тое, раней мы мелі большыя, чым у Расеі, пэнсіі, але цяпер і ў гэтым прайграем. Вось вам і абяцаньні, агучаныя на папярэднім Усебеларускім народным сходзе. »

—У. Ганчарык, Вайтовіч і Ганчарык: Усебеларускі сход — фігавы лісток для ўлады

Невыкананьне Лукашэнкам абяцаньняў, зробленых на першым падобным сходзе ў 1996 годзе, закідаў таксама ягоны ўдзельнік Міхаіл Чыгір перад чарговым сабраньнем 2001 году[26].

Удзельнік другога Ўсебеларускага сходу акадэмік Аляксандар Вайтовіч зазначае, што сход не прымае ніякіх рашэньняў, а ўсё адбываецца па загадзя сплянаваным сцэнары[25]. З гэтай прычыны на сходы не дапускаюцца ўдзельнікі, якія маюць «альтэрнатыўныя погляды».

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятны штэмпель, прымеркаваны да Трэцяга Ўсебеларускага сходу

У 2006 годзе «Белпошта» выпусьціла мастацкую капэрту з арыгінальнай маркай «Трэці Ўсебеларускі народны сход». У часе працы сходу на Менскім паштамце праводзілася адмысловае памятнае гашэньне[27].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксандар Лукашэнка (20 лютага 2001) Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2001 г. № 80 «Аб скліканьні другога Ўсебеларускага народнага сходу» Дакумэнты. Зьвязда, № 38 (24154). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  2. ^ Сяргей Каралевіч (4 сакавіка 2006) Аляксандар Лукашэнка: «Зрабіць Радзіму моцнай і квітнеючай» Улада і грамадзтва. Зьвязда, № 50 (25639). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  3. ^ Ольга Шестакова (14 кастрычніка 2010) Всебелорусское народное собрание пройдет за две недели до выборов (рас.) Палітыка. «Камсамольская праўда ў Беларусі». Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  4. ^ а б А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2013 г. № 70-З «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 19 лістапада 2013 г. Праверана 29 лютага 2021 г.
  5. ^ а б Усебеларускі народны сход: што аб ім ведаюць? Што аб ім думаюць? Палітыка. «Гавары праўду!» (22 ліпеня 2010). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  6. ^ Уступнае слова прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі на другім Усебеларускім народным сходзе Розгалас. Зьвязда, № 102 (24218) (23 траўня 2001). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  7. ^ Рэзалюцыя другога Ўсебеларускага народнага сходу Улада і грамадзтва. Зьвязда, № 101 (24217) (22 траўня 2001). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  8. ^ Чацвёрты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6–7 снежня Выбары-2010. «Наша Ніва» (13 кастрычніка 2010). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  9. ^ Чацьвёрты Усебеларускі народны сход Дасье. БелТА (3 сьнежня 2010). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  10. ^ Лукашенко: Скорина был не только белорус, он жил и в Питере (рас.) Грамадзтва. TUT.BY (2 сакавіка 2006). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  11. ^ Всебелорусские собрания как «высшая форма демократии» в Беларуси (рас.) Навіны. TUT.BY (14 кастрычніка 2010). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  12. ^ У Менску праходзіць Усебеларускі народны сход Палітыка. Радыё «Свабода» (6 сьнежня 2010). Праверана 6 сьнежня 2010 г.
  13. ^ Рэзалюцыя IV Усебеларускага народнага сходу Грамадзтва. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (7 сьнежня 2010). Праверана 28 сьнежня 2011 г.
  14. ^ Някляеў пайшоў па слядах Казуліна Выбары-2010. «Наша Ніва» (19 ліпеня 2010). Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  15. ^ Іна Студзінская (4 лістапада 2010) Някляева не ўпаўнаважылі трапіць на Ўсебеларускі сход Палітыка. Радыё «Свабода»Праверана 4 сьнежня 2010 г.
  16. ^ Лукашэнка падпісаў указ аб скліканьні VI Усебеларускага народнага сходу // БелТА, 28 сьнежня 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  17. ^ БРСМ выбраў прадстаўнікоў для ўдзелу ў VI Усебеларускім народным сходзе // БелТА, 5 студзеня 2021 г. Праверана 5 студзеня 2021 г.
  18. ^ Беларускі саюз жанчын уносіць 67 прапаноў для разгляду на УНС - Богдан // БелТА, 5 студзеня 2021 г. Праверана 5 студзеня 2021 г.
  19. ^ Галоўчанка назваў беспадстаўнымі прэтэнзіі да паўнамоцтваў дэлегатаў УНС // БелТА, 2 лютага 2021 г. Праверана 2 лютага 2021 г.
  20. ^ Шосты Ўсебеларускі народны сход пачаў працу ў Менску // БелТА, 11 лютага 2021 г. Праверана 11 лютага 2021 г.
  21. ^ Шосты Ўсебеларускі народны сход пачаў працу ў Менску (11:12) // БелТА, 11 лютага 2021 г. Праверана 11 лютага 2021 г.
  22. ^ а б Прынятыя рэзалюцыя і зварот удзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу // БелТА, 12 лютага 2021 г. Праверана 14 лютага 2021 г.
  23. ^ Валер Карбалевіч (12 лістапада 2010) Всебелорусский хурал — ностальгия по КПСС (рас.). Грамадзянская кампанія «Гавары праўду!». Праверана 6 сьнежня 2010 г.
  24. ^ Некляева не пустили на всебелорусский «хурал» (рас.). Навінасны партал www.udf.UDF (3 лістапада 2010). Праверана 6 сьнежня 2010 г.
  25. ^ а б Кастусь Лашкевіч (4 сьнежня 2010) Вайтовіч і Ганчарык: Усебеларускі сход — фігавы лісток для ўлады Палітыка. TUT.BYПраверана 4 сьнежня 2010 г.
  26. ^ Юры Сьвірко (15 траўня 2001) Міхаіл Чыгір заклікаў «Другі ўсебеларускі народны сход» рэкамэндаваць Лукашэнку не вылучацца Грамадзтва. TUT.BYПраверана 4 сьнежня 2010 г.
  27. ^ Третье Всебелорусское народное собрание. Информационный листок № 3 (230) (рас.). «Белпошта» (27 лютага 2006). Праверана 4 сьнежня 2010 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]