Канстантын Вялікі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Фляві Валер Аўрэлі Канстанцін, Канстанцін I, Канстанцін Вялікі (па-лацінску: Flavius Valerius Aurelius Constantinus)) (27 лютага 274 - 22 траўня 337) - рымскі імпэратар, сын Канстанцыя Хлёру і Алены. Па сьмерці бацькі, у 306, абраны войскам у жніўні, пасьля перамогі над Максэнціем у 312 г. у бітве ля Мільвійскага маста і над Ліцініем у 323 стаў адзінаўладцам рымскай дзяржавы, хрысьціянскую рэлігію зрабіў дзяржаўнай, у 330 г. перанёс сталіцу дзяржавы ў Бізантый (Канстанцінопаль), арганізаваў новы дзяржаўны лад. Эпоха кіраваньня К. - час уздыму імпэрыі і яе апошняга росквіту.
Постаць К. Вялікага супярэчлівая. Ён замацаваў у Эўропе хрысьціянства і выступаў за памяркоўнасьць, аднак усё жыцьцё заставаўся язычнікам і вельмі жорстка распраўляўся з канкурэнтамі. К. I Вялікі стаў ідэалам кіраўніка для шматлікіх эўрапейскіх манархаў. Пэрыяд кіраваньня К. сымбалізуе прыход у Эўропу хрысьціянскай рэлігіі і, адначасова, мірнае суіснаваньне хрысьціянства і паганскіх культаў. У праваслаўнай царкве К., які перанёс сталіцу імпэрыі з Рыму ў Канстанцінопаль, узьведзены ў ранг сьвятога. К. нарадзіўся праўдападобна ў 275 ці 274 годзе ў Наісе (сёньня – Ніш) на тэрыторыі цяперашняй Сэрбіі. Ён быў байструком-сынам Канстанцыя, пасьля аўгуста Рымскай Імпэрыі, і Флявіі Алены. Яшчэ ў дзіцячым веку К. супраць волі бацькоў адправілі да двара ўсходняй часткі імпэрыі, дзе ён пасьля зрабіў вайсковую кар'еру. У 305, пасьля ўзьвядзеньня Канстанцыя ў ранг аўгуста Заходняй Рымскай Імпэрыі К. змог вярнуцца да бацькі. Праз год, падчас супольнай экспэдыцыі ў Брытанію Канстанцый сканаў, і войска абвесьціла аўгустам ягонага сына. З гэтага моманту К. пачаў барацьбу за абсалютную ўладу ў Рымскай Імпэрыі. У той час Рымская імпэрыя кіравалася па прынцыпе тэтрархіі. Тэрыторыя была падзеленая на чатыры зоны – дзьве ва ўсходняй і дзьве ў заходняй частцы. Абодва аўгуста прызначалі для кіраваньня другой паловай сваёй тэрыторыі цэзараў. У 307 годзе К. прыехаў у Трыр – сталіцу Заходняй Рымскай Імпэрыі – і ажаніўся на дачцы цэзара Максыміяна Фаўсьце, замацаваўшы, такім чынам, свае прэтэнзіі на ўладу. У 311, пасьля скону Максыміяна, аўгуста Галерыя і цэзара Поўначы, у Кастуся засталося два канкурэнты – аўгуст Ліціній і сын Максыміяна Максэнцій. Апошні прэтэндаваў на пасад аўгуста Заходняй Рымскай Імпэрыі, які займаў К. К. уклаў хаўрус зь Ліцініем, аддаўшы яму ў жонкі сваю сястру Канстанцыю, і выправіўся з сваім войскам у Рым, дзе разьмяшчалася войска Максэнція. У 312 адбылася вялікая бітва ля Мульвіева маста, у якой К. разграміў Максэнція. Прытым, паводле легенды, атрымаць перамогу К. дапамог хрысьціянскі Бог, явіўшы яму ў дзень бітвы знак у выглядзе палаючага крыжа з надпісам па-грэцку. Як гаворыцца ў кнізе Еўсевія " Жыцьцё Канстанціна", вачам Кастуся зьявілася цудоўнае бачаньне палаючага Крыжа, што ўзьнікла ў небе апоўдні з надпісам пад ім па-грэцку: " Эв тоута віка" ("Гэтым пераможаш"), і гэта прывяло яго да пераходу ў хрысьціянства. Еўсеві заяўляе, што чуў гэтую гісторыю ад К.; але ён пісаў пасьля сьмерці імпэратара, і яна, відавочна, была яму незнаёмая ў такім выглядзе, калі ён пісаў "Гісторыю Царквы". Аўтар іншага зборніка "Аб сьмерці ганіцеляў" ("De mortibus persecutorum") быў добра дасьведчаным сучаснікам К. (гэты твор прыпісваюць Лактанцію, пісьменьніку і рытару, які жыў пры Дыяклетыяне і памёр у 317), і ён распавядае, што знак палаючага Крыжа зьявіўся К. у сне; і нават Еўсеві дадае, што гэта было ня дзённае бачаньне, а начны сон. Як бы ні было, К. стаў насіць адпаведную манаграму ўласнага вынаходзтва. З гэтага дня К. стаў аднаасобным кіраўніком Заходняй Рымскай Імпэрыі і прыхільнікам хрысьціянскай рэлігіі. Вярнуўшыся з поля бітвы, К. разам з усходнім аўгустам Ліцініем склаў Медыялянскі эдыкт аб памяркоўнасьці. Эдыкт забараняў перасьледаваць хрысьціянаў і адначасова дазваляў далейшае правядзеньне паганскіх абрадаў, за выключэньнем ахвярапрынашэньняў. З гэтага моманту К. пачаў мэтанакіравана падтрымліваць хрысьціянства. Менавіта ў гады яго кіраваньня было распачатае будаўніцтва такіх помнікаў хрысьціянскай архітэктуры, як сабор Сьвятога Пятра ў Рыме і храм Дамавіны Гасподняй у Ерусаліме. Пры гэтым К. заставаўся вельмі супярэчлівай постацьцю, а яго паводзіны часьцяком не адпавядалі вобразу праведнага хрысьціяніна. Змагаючыся за аднаасобную ўладу, К. не спыняўся ні перад чым. У 323 ягонае войска разграміла войскі былога хаўрусьніка Ліцінія. Нягледзячы на ўгаворы сваёй сястры – жонкі Ліцінія, - К. загадаў пакараць сьмерцю канкурэнта. Пасьля гэтага К. Вялікі стаў аднаасобным уладаром Рымскай Імпэрыі. Праз тры гады, асцерагаючыся змовы, імпэратар пакараў сьмерцю свайго старэйшага сына Крыспа і жонку Фаўсту. Даўшы сваім дзецям хрысьціянскае выхаваньне, сам К. усё жыцьцё заставаўся паганцам. Абрад хрышчэньня ён прыняў толькі перад сьмерцю – у 337 годзе, аднак гэтая легенда не пацьверджаная гістарычнымі фактамі. Затое яшчэ ў сярэднія стагодзьдзі была аспрэчаная чутка пра тое, што падчас хрышчэньня імпэратар заявіў біскупу Сільвэстру I, што з гэтага часу царкоўная ўлада мае прыярытэт над сьвецкай. Менавіта гэтая гістарычная фальсыфікацыя, атрымаўшая назву "Дарунак Канстанціна", стала падмуркам улады папства. Апошняй вялікай справай К. стала заснаваньне новай сталіцы – Канстанцінопаля (цяпер - Стамбул). Яна была закладзеная ў 326 году і асьвечаная ў 330 году, неўзабаве пасьля таго, як хрысьціянства стала афіцыйнай рэлігіяй Рымскай Імпэрыі. Пасьля расколу царквы ў 1054 Канстанцінопаль стаў цэнтрам праваслаўнай рэлігіі, а яго заснавальнік быў узьведзены ў ранг святога.
Зьмест |
[рэдагаваць] К. і хрысьціянства
К. атрымаў права звацца "Вялікім" хутчэй у сілу сваіх справаў, чым таго, якім ён быў; яго інтэлектуальныя і маральныя якасьці не былі настолькі высокія, каб забясьпечыць яму гэты тытул. Яго веліч грунтуецца на тым, што ён прадбачыў будучыню, якая чакае хрысьціянства, і вырашыўся атрымаць зь яго карысьць для сваёй імпэрыі, а таксама на праўна-дзяржаўных дасягненьнях, бо ён завяршыў працу, пачатую Аўрэліянам і Дыёклетыянам, дзякуючы якім квазіканстытуцыйная манархія, або "прынцыпат" Аўгуста, ператварыўся ў адкрыты абсалютызм, часам званы "дамінатам". Дзеля палітычнай мэтазгоднасьці К. адклаў поўнае прызнаньне хрысьціянства як дзяржаўнай рэлігіі да таго, пакуль ня стаў адзіным кіраўніком імпэрыі. Ён ня толькі забясьпечыў памяркоўнае стаўленьне да хрысьціянства адразу пасьля перамогі над Максэнціем, але ўжо ў 313 г. выступіў на яго абарону ад апазыцыйнай плыні данатыстаў і налета старшыняваў на радзе ў Арэлаце. Шэрагам актаў ён вызваліў царкву і сьвятароў ад падаткаў дый дараваў ім разнастайныя прывілеі, якія не распаўсюджваліся на ерэтыкоў. Паступова высьветлілася стаўленьне імпэратара да паганства: яго можна назваць пагардлівай памяркоўнасьцю. З вышыні прызнанай дзяржавай рэлігіі яно скацілася да простых забабонаў. У той самы час дазвалялася спраўляць паганскія абрады, за выключэньнем тых месцаў, дзе лічылася, што яны падрываюць маральныя асновы. І нават у апошнія гады кіраваньня К. мы знаходзім законы на карысьць мясцовых жрацоў-флямэнаў і іх калегіяў. У 333 або пазьней быў усталяваны культ роду Флявіяў, як звалася імпэратарская сям'я; аднак ахвярапрынашэньні ў новым храме былі строга забароненыя. Толькі пасьля канчатковай перамогі Кастуся над Ліцініем паганскія знакі зьніклі з манэтаў, і на іх зьявілася выразная хрысьціянская манаграма (якая ўжо служыла знакам манэтнага двара). З гэтага часу увагу імпэратара прыцягнула ерась арыянства, і старшынюючы на саборы ў Нікеі ды, пасьля, выносячы прысуд аб выгнаньні Афанасію, ён ня толькі больш адкрыта, чым раней, загаварыў аб сваім стаўленьні да хрысьціянства, але і выявіў імкненьне дамагчыся для сябе вяршэнства ў справах Царквы. К. не сумняваўся, што ягоны сан Вялікага пантыфіка дае яму вышэйшую ўладу над рэлігійнымі справамі ўсёй імпэрыі, а ўпарадкаваньне хрысьціянства знаходзіцца ў яго кампэтэнцыі. Было досыць лёгка ўжыць гвалт да данатыстаў, супраціў якіх сьвецкай уладзе ня быў цалкам духоўным, але ў значнай ступені быў зьвязаны зь не зусім чыстымі матывамі. Але ерась арыянства ўзьняла фундамэнтальныя пытаньні, якія на думку К., магчыма было пагадзіць, але насамрэч, як лічыў Афанасі, яны агалялі істотныя супярэчнасьці ў дактрыне. У выніку пачаўся працэс, які прывёў да таго, што Царква, якую К. спадзяваўся зрабіць прыладай абсалютызму, стала рашучым супернікам апошняга.
[рэдагаваць] Палітычная сістэма К.
Палітычная сыстэма К. зьявілася канчатковым вынікам працэсу, які, хоць і доўжыўся на працягу ўсяго пэрыяду існаваньня імпэрыі, прыняў выразную форму пры Аўрэліяне. Менавіта Аўрэліян атачыў персону імпэратара ўсходняй пышнасьцю, насіў дыядэму і ўпрыгожанае каштоўнымі камянямі адзеньне, прыняў сан дамінуса (спадара) і нават дэуса (бога); ператварыў Італію ў падабенства правінцыі і афіцыйна дазволіў эканамічны працэс, што замяшчаў рэжым дамовы на рэжым статуту. Дыяклетыян паспрабаваў абараніць новую форму дэспатыі ад узурпацыі з боку войска, стварыўшы хітрую сістэму супольнага кіраваньня імпэрыяй з двума лініямі ўспадкаваньня ўлады, якія мелі імёны Юпітэра і Геркулеса, але гэтая пераемнасьць ажыцьцяўлялася не шляхам успадкоўваньня, а шляхам усынаўленьня. Гэтая штучная сыстэма была разбураная К., які ўсталяваў дынастычны абсалютызм на карысць сваёй сям'і - рода Флявіяў, доказы культу якога знойдзеныя ў Італіі і Афрыцы. Каб атачыць сябе царскім дваром, ён стварыў афіцыйную арыстакратыю ўзамен сэнатарскага ордэна, які "салдацкія імпэратары" 3-го стагодзьдзя практычна пазбавілі ўсякага значэньня. Гэтую арыстакратыю ён забясьпечыў тытуламі і адмысловымі прывілеямі, так, напрыклад, ён стварыў перайначанае патрыцыянства, вызваленае ад падатковага цяжару. Сэнат зараз нічога ня значыў і К. дапусьціў яго чальцоў да кар'еры правінцыйных адміністратараў, якая з часу кіраваньня Галіена была амаль зачыненая для іх, дый дараваў ім некаторыя пустыя прывілеі, напрыклад, вольныя выбары квэстараў і прэтараў, а зь іншага боку, у сэнатара было аднятае права быць асуджанымі роўнымі сабе, і ён перайшоў пад юрысдыкцыю правінцыйнага губэрнатара.
[рэдагаваць] Адміністрацыйная лад Рымскай імпэрыі пры К.
У сфэры адміністрацыйнага ладу імпэрыі К. завяршыў пачатае Дыяклетыянам, падзяліўшы грамадзянскія і вайсковыя функцыі. Пры ім прэфэкты прэторыя цалкам перасталі выконваць вайсковыя абавязкі і сталі ачольнікамі грамадзянскай адміністрацыі, асабліва ў справах заканадаўства: у 331 г. іх рашэньні сталі канчатковымі і не дапушчалася ніякіх абскарджаньняў у імпэратара. Грамадзянскія кіраўнікі правінцыяў ня мелі ніякай улады над вайсковымі сіламі, якімі камандавалі дзюкі; і каб надзейней забясьпечыць абарону ад узурпацыі, чаму служыў падзел улады, К. наймаў комітаў, якія склалі значную частку афіцыйнай арыстакратыі, каб яны назіралі і дакладвалі аб тым, як у вайскоўцаў ідуць справы, а таксама войска так званых агентаў, якія пад выглядам інспэктаваньня імпэрскай паштовай службы працавалі як масавая сыстэма шпіянажу. Што тычыцца арганізацыі войска, К. падпарадкаваў камандаваньне ваенным магістратам, якія адказваюць за пяхоту і коньніцу. Ён таксама адкрыў доступ барбарам, асабліва германцам, да адказных і высокіх пасадаў. Заканадаўства К. Арганізацыя грамадзтва па прынцыпе строгай спадчыннасьці ў карпарацыях або прафэсіях часткова ўжо скончылася перад прыходам К. да ўлады. Але яго заканадаўства працягвала прывязваць кожнага чалавека да той касты, зь якой той выйшаў. Такія originales (спадчынныя саслоўі) згадваюцца ў самых першых законах К., а ў 332 году прызнаецца і ўкараняецца спадчынны статут сельскагаспадарчага саслоўя калёнаў. Апроч таго, муніцыпальныя дэкурыёны, адказныя за збор падаткаў, страцілі ўсе шляхі да адступленьня: у 326 году ім забаранілі набываць недатыкальнасць шляхам уступленьня ў шэрагі хрысьціянскіх святароў. У інтарэсох урада было забясьпечыць гэткім чынам рэгулярнае паступленьне ў казну падаткаў, што вялікім цяжарам як у грошах, так і ў натуры клаліся на насельніцтва яшчэ пры Дыяклетыяне. Адзін з старажытных аўтарытэтаў кажа аб ім, што дзесяць гадоў ён быў выдатным кіраўніком, дванаццаць гадоў – рабаўніком і яшчэ дзесяць – марнатраўцам, і яму пастаянна даводзілася ўводзіць празьмерныя падаткі, каб узбагачаць сваіх фаварытаў і ажыцьцяўляць такія экстравагантныя праекты, як будаўніцтва новай сталіцы. Дзякуючы яму зьявіліся падаткі на сэнатарскія маёнткі, вядомыя як collatio glebalis (пазямельны), і на прыбыткі ад гандлю – collatio lustralis (адкупны). Увогуле, у галіне заканадаўства кіраваньне К. было часам ліхаманкавай актыўнасьці. Да нас дайшлі каля трохсот яго законаў у кодэксох, асабліва ў зборы Хвядоса. У гэтых зборах праглядаюцца шчырае жаданьне рэформаў і ўплыў хрысьціянства, напрыклад, у патрабаваньні гуманнага стаўленьня да зьняволеных і нявольнікаў дый пакараньняў за злачынствы супраць маралі. Тым ня менш, яны часьцяком складаліся афіцыйнымі рыторыкамі, а не дасьведчанымі законьнікамі. Падобна Дыяклетыяну, К. верыў, што прыйшоў час, калі грамадзтва трэба перарабляць дэкрэтамі дэспатычнай улады, і важна адзначыць, што з таго часу мы сутыкаемся зь непрыхаваным сьцьвярджэньнем волі імпэратара як адзінай крыніцы закону. Па сутнасьці, К. увасабляе ў сабе дух абсалютнай улады, які запанаваў на працягу шматлікіх стагодзьдзяў як у Царкве, так і ў дзяржаве.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Канстантын Вялікі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

