Канстантын I Вялікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Канстантын I Вялікі
лац. Flavius Valerius Aurelius Constantinus
0 Constantinus I - Palazzo dei Conservatori (2).JPG
Статуя Канстантына з Капіталійскага музэя
Рымскі імпэратар
Папярэднік Канстанцыюс Хлёр і Галеры
Наступнік Канстантыюс II, Канстант I, Канстантын II
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Flavius Valerius Aurelius Constantinus
Нарадзіўся 27 лютага 272, Нэсус, Ілірыя (суч. Ніш, Сэрбія)
Памёр 22 траўня 337 (65 гадоў), Нікамэдыя (суч. Ізьміт, Турцыя)
Нашчадкі Канстантына
Алена
Крысп
Канстантын II
Канстантыюс II
Канстант I
Дынастыя Дынастыя Канстантына
Жонкі Мінэрвіна
Флявія Максыма Фауста
Бацька Канстанцыюс Хлёр
Маці Алена

Фля́віюс Вале́рыюс Аўрэ́ліюс Канстанты́н, Канстанты́н I, Канстанты́н Вялікі (па-лацінску: Flavius Valerius Aurelius Constantinus, 27 лютага 274 — 22 траўня 337) — рымскі імпэратар, сын Канстантыюса Хлёру і Алены. Па сьмерці бацькі, у 306 годзе, абраны войскам у жніўні, пасьля перамогі над Максэнтыюсам у 312 годзе ў бітве ля Мільвійскага маста і над Ліцініюсам у 323 годзе стаў адзінаўладцам рымскай дзяржавы, хрысьціянскую рэлігію зрабіў дзяржаўнай, у 330 годзе перанёс сталіцу дзяржавы ў Бізантый (Канстантынопаль), арганізаваў новы дзяржаўны лад. Эпоха кіраваньня Канстантыну — час уздыму імпэрыі і ейнага апошняга росквіту.

Постаць Канстантына Вялікага супярэчлівая. Ён замацаваў у Эўропе хрысьціянства і выступаў за памяркоўнасьць, аднак усё жыцьцё заставаўся паганцам і вельмі жорстка распраўляўся з канкурэнтамі. Канстантын I Вялікі стаў ідэалам кіраўніка для шматлікіх эўрапейскіх манархаў. Пэрыяд ягонага кіраваньня сымбалізуе прыход у Эўропу хрысьціянскай рэлігіі і, адначасова, мірнае суіснаваньне хрысьціянства і паганскіх культаў. У праваслаўнай царкве Канстантын, які перанёс сталіцу імпэрыі з Рыму ў Канстантынопаль, узьведзены ў ранг сьвятога.

Падзеі жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ён нарадзіўся праўдападобна ў 275 ці 274 годзе ў Наісе (сёньня — Ніш) на тэрыторыі цяперашняй Сэрбіі. Ён быў байструком-сынам Канстантыюса, пасьля аўгуста Рымскай Імпэрыі, і Флявіі Алены. Яшчэ ў дзіцячым веку Канстантына супраць волі бацькоў адправілі да двара ўсходняй часткі імпэрыі, дзе ён пасьля зрабіў вайсковую кар’еру. У 305 годзе, пасьля ўзьвядзеньня Канстантыюса ў ранг аўгуста Заходняй Рымскай Імпэрыі Канстантын змог вярнуцца да бацькі. Праз год, падчас супольнай экспэдыцыі ў Брытанію Канстантыюс сканаў, і войска абвесьціла аўгустам ягонага сына. З гэтага моманту Канстантын пачаў барацьбу за абсалютную ўладу ў Рымскай Імпэрыі.

Бронзавая статуя Канстантына ў Ёрку, Ангельшчына.

У той час Рымская імпэрыя кіравалася па прынцыпу тэтрархіі. Тэрыторыя была падзеленая на чатыры зоны — дзьве ва ўсходняй і дзьве ў заходняй частцы. Абодва аўгуста прызначалі для кіраваньня другой паловай сваёй тэрыторыі цэзараў. У 307 годзе Канстантын прыехаў у Трыр — сталіцу Заходняй Рымскай Імпэрыі — і ажаніўся на дачцы цэзара Максыміяна Фаўсьце, замацаваўшы, такім чынам, свае прэтэнзіі на ўладу.

У 311 годзе, пасьля сьмерці Максыміяна, аўгуста Галерыюса і цэзара Поўначы, у Канстантына засталося два канкурэнты — аўгуст Ліцыніюс і сын Максыміяна Максэнтыюс. Апошні прэтэндаваў на пасад аўгуста Заходняй Рымскай Імпэрыі, які займаў Канстантын, які ўклаў хаўрус зь Ліцыніюсам, аддаўшы яму ў жонкі сваю сястру Канстанцыю, і выправіўся з сваім войскам у Рым, дзе разьмяшчалася войска Максэнтыюса.

У 312 годзе адбылася вялікая бітва ля Мульвіева маста, у якой Канстантын разграміў Максэнтыюса. Паводле легенды, атрымаць перамогу яму дапамог хрысьціянскі Бог, явіўшы ў дзень бітвы знак у выглядзе палаючага крыжа з надпісам па-грэцку. Як гаворыцца ў кнізе Эўсэбіоса Нікамэдыйскага «Жыцьцё Канстантына», вачам Канстантына зьявілася цудоўнае бачаньне палаючага Крыжа, што ўзьнікла ў небе апоўдні з надпісам пад ім па-грэцку: «Эв тоўта віка» («Гэтым пераможаш»), і гэта прывяло яго да пераходу ў хрысьціянства. Эўсэбіос заяўляе, што чуў гэтую гісторыю ад Канстантына; але ён пісаў пасьля сьмерці імпэратара, і яна, відавочна, была яму незнаёмая ў такім выглядзе, калі ён пісаў «Гісторыю Царквы». Аўтар іншага зборніка «Аб сьмерці ганіцеляў» («De mortibus persecutorum») быў добра дасьведчаным сучасьнікам Канстантына (гэты твор прыпісваюць Ляктантыюсу, пісьменьніку і рытару, які жыў пры Дыяклетыяне і памёр у 317 годзе), і ён распавядае, што знак палаючага Крыжа зьявіўся Канстантыну ў сьне; і нават Эўсэбіос дадае, што гэта было ня дзённае бачаньне, а начны сон. Як бы ні было, Канстантын стаў насіць адпаведную манаграму ўласнага вынаходзтва. З гэтага дня ён стаў аднаасобным кіраўніком Заходняй Рымскай Імпэрыі і прыхільнікам хрысьціянскай рэлігіі.

Вярнуўшыся з поля бітвы, Канстантын разам з усходнім аўгустам Ліцыніюсам склаў Медыялянскі эдыкт аб памяркоўнасьці. Эдыкт забараняў перасьледаваць хрысьціянаў і адначасова дазваляў далейшае правядзеньне паганскіх абрадаў, за выключэньнем ахвярапрынашэньняў. З гэтага моманту Канстантын пачаў мэтанакіравана падтрымліваць хрысьціянства. Менавіта ў гады ягонага кіраваньня было распачатае будаўніцтва такіх помнікаў хрысьціянскай архітэктуры, як Сабор Сьвятога Пятра ў Рыме і храм Труны Гасподняй у Ерусаліме. Пры гэтым Канстантын заставаўся вельмі супярэчлівай постацьцю, а ягоныя паводзіны часьцяком не адпавядалі вобразу праведнага хрысьціяніна. Змагаючыся за аднаасобную ўладу, ён не спыняўся ні перад чым. У 323 годзе ягонае войска разграміла войскі былога хаўрусьніка Ліцыніюса. Нягледзячы на ўгаворы сваёй сястры — жонкі Ліцыніюса, — Канстантын загадаў пакараць сьмерцю канкурэнта. Пасьля гэтага Канстантын Вялікі стаў аднаасобным уладаром Рымскай Імпэрыі.

Праз тры гады, асьцерагаючыся змовы, імпэратар пакараў сьмерцю свайго старэйшага сына Крыспа і жонку Фаўсту. Даўшы сваім дзецям хрысьціянскае выхаваньне, сам Канстантын усё жыцьцё заставаўся паганцам. Абрад хрышчэньня ён прыняў толькі перад сьмерцю — у 337 годзе, аднак гэтая легенда не пацьверджаная гістарычнымі фактамі. Затое яшчэ ў сярэднія стагодзьдзі была аспрэчаная чутка пра тое, што падчас хрышчэньня імпэратар заявіў біскупу Сыльвэстру I, што з гэтага часу царкоўная ўлада мае прыярытэт над сьвецкай. Менавіта гэтая гістарычная фальсыфікацыя, атрымаўшая назву «Дарунак Канстантына», стала падмуркам улады папства.

Апошняй вялікай справай Канстантына стала заснаваньне новай сталіцы — Канстантынопаля (цяпер — Стамбул). Яна была закладзеная ў 326 годзе і асьвечаная ў 330 годзе, неўзабаве пасьля таго, як хрысьціянства стала афіцыйнай рэлігіяй Рымскай Імпэрыі. Пасьля расколу царквы ў 1054 годзе Канстантынопаль стаў цэнтрам праваслаўнай рэлігіі, а ягоны заснавальнік быў узьведзены ў ранг сьвятога.

Узьвядзеньне Канстантынопаля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да IV стагодзьдзя горад Рым перастаў быць рэзыдэнцыяй імпэратараў. Ва ўмовах сталай небясьпекі вонкавага ўварваньня кіраўнік павінен быў знаходзіцца бліжэй да межаў імпэрыі. З гэтага пункту гледжаньня разьмяшчэньне сталіцы было няёмкім. Таму, пачынаючы з Дыяклетыяна, імпэратары мелі свае рэзыдэнцыі ў гарадах, якія больш адпавядалі стратэгічным мэтам абароны дзяржавы. Такімі месцамі былі Трыр ў Нямеччыне, Нікамэдыя ў Малой Азіі, Аквілея й Мілян у Паўночнай Італіі. Канстантын ня быў выключэньнем з гэтага правіла. Першы раз ён наведаў Рым пасьля перамогі над Максэнцыюсам, пасьля пабываўшы там толькі два разы. Канстантын загарэўся марай стварыць новую сталіцу, якая сымбалізавала бы пачатак новай эпохі ў гісторыі Рыма. Асновай для будучага гораду паслужыў старажытны грэцкі горад Бізантый, які месьціўся на эўрапейскім ўзьбярэжжы Басфора. Стары горад быў пашыраны й акружаны непрыступнымі сьценамі. У ім пабудавалі іпадром і мноства храмаў, як то хрысьціянскіх, гэтак і паганскіх. З усёй імпэрыі ў Бізантый звозіліся творы мастацтва: карціны, скульптуры й іншае.

Будаўніцтва пачалося ў 324 годзе, а праз шэсьць гадоў 11 траўня 330 году Канстантын афіцыйна перанёс сталіцу Рымскай імпэрыі ў Бізантый і даў яму імя Новы Рым (па-грэцку: Νέα Ῥώμη, па-лацінску: Nova Roma), аднак гэтая назва неўзабаве была забыта й ужо пры жыцьці імпэратара горад сталі называць Канстантынопалем.

Апошнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рымская імпэрыя ў 335 годзе

Канстантын лічыў Канстантынопаль сваёй сталіцай і сталым месцам жыхарства. Ён пражыў там вялікую частку свайго наступнага жыцьця. Ён перабудаваў мост Траяна праз Дунай, у надзеі зноўку падпарадкаваць Дакію, правінцыю, якая была страчана рымлянамі пры Аўрэліяне. У канцы зімы 332 году, Канстантын праводзіў кампанію разам з сарматамі ў бырыцьбе супраць готаў. Надвор’е і недахоп ежы зрабілі становішча готаў вельм дрэнным, амаль 100 тысяч памерла перш, чым яны падпалі пад рымскае панаваньне. У 334 годзе, пасьля таго як сарматы зрынулі сваіх лідэраў, Канстантын удала прывёў кампанію супраць племені. Ён атрымаў перамогу ў вайне і ўзмацніў свой кантроль над рэгіёнам, як рэшткі лягераў і ўмацаваньняў ў рэгіёне паказваюць[1]. Канстантын перасяліў некаторых сармацкіх высыльных, як фэрмэраў на Балканы і ў Італію, а астатніх заклікаў у войска. Канстантын прыняў тытул Dacicus maximus у 336 годзе[2].

У апошнія гады свайго жыцьця Канстантын будаваў пляны па заваёве Пэрсіі. У лісьце да цара Пэрсіі, Шапура, Канстантын заявіў аб сваіх прэтэнзіях на шэфства над хрысьціянскімі падданымі Пэрсіі і заклікаў Шапура ставіцца да іх добра. Канстантын паслаў Канстанцыюса на варту да ўсходняй мяжы ў 335 годзе. У 336 годзе, князь Насэр уварваўся ў Армэнію (царства хрысьціянскае з 301 году) і ўсталяваў пэрсыдзкага стаўленьніка на трон, пасьля чаго Канстантын вырашыў пачаць кампанію супраць Пэрсіі. Ён ставіўся да вайны як да хрысьціянскага крыжовага паходу, заклікаючы біскупаў, каб яны суправаджалі войска падчас паходу. Канстантын плянаваў прыняць хрышчэньне ў рацэ Ярдан да перасячэньня мяжы Пэрсіі. Пэрсыдзкія дыпляматы прыязджалі ў Канстантынопаль узімку 336 году, імкнучыся скласьці мір, але Канстантын выгнаў іх прэч. Аднак кампанія так і не была закончаная, бо вясной 337 году Канстантын сур’ёзна захварэў, а пасьля чаго памёр[3].

Канстантын і хрысьціянства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстантын Вялікі. Мазаіка з Сафійскага сабору, Канстантынопаль.

Канстантын атрымаў права звацца «Вялікім» хутчэй у сілу сваіх справаў, чым таго, якім ён быў; ягоныя інтэлектуальныя і маральныя якасьці не былі настолькі высокімі, каб забясьпечыць яму гэты тытул. Ягоная веліч грунтуецца на тым, што ён прадбачыў будучыню, якая чакае хрысьціянства, і вырашыўся атрымаць зь яго карысьць для сваёй імпэрыі, а таксама на праўна-дзяржаўных дасягненьнях, бо ён завяршыў працу, пачатую Аўрэліянам і Дыёклетыянам, дзякуючы якім квазіканстытуцыйная манархія, або «прынцыпат» Аўгуста, ператварыўся ў адкрыты абсалютызм, часам званы «дамінатам».

Дзеля палітычнай мэтазгоднасьці Канстантын адклаў поўнае прызнаньне хрысьціянства як дзяржаўнай рэлігіі да таго, пакуль ня стаў адзіным кіраўніком імпэрыі. Ён ня толькі забясьпечыў памяркоўнае стаўленьне да хрысьціянства адразу пасьля перамогі над Максэнтыюсам, але ўжо ў 313 годзе выступіў на ягоную абарону ад апазыцыйнай плыні данатыстаў і старшыняваў на радзе ў Арэлаце. Шэрагам актаў ён вызваліў царкву і сьвятароў ад падаткаў ды дараваў ім разнастайныя прывілеі, якія не распаўсюджваліся на герэтыкоў.

Паступова высьветлілася стаўленьне імпэратара да паганства: яго можна назваць пагардлівай памяркоўнасьцю. З вышыні прызнанай дзяржавай рэлігіі яно зводзілася да простых забабонаў. У той самы час дазвалялася спраўляць паганскія абрады, за выключэньнем тых месцаў, дзе лічылася, што яны падрываюць маральныя асновы. І нават у апошнія гады кіраваньня Канстантына мы знаходзім законы на карысьць мясцовых жрацоў-флямэнаў і іхных калегіяў. У 333 годзе або пазьней быў усталяваны культ роду Флявіяў, як звалася імпэратарская сям’я; аднак ахвярапрынашэньні ў новым храме былі строга забароненыя. Толькі пасьля канчатковай перамогі Канстантына над Ліцыніюсам паганскія знакі зьніклі з манэтаў, і на іх зьявілася выразная хрысьціянская манаграма (якая ўжо служыла знакам манэтнага двара). З гэтага часу ўвагу імпэратара прыцягнула ерась арыянства, і старшынюючы на саборы ў Нікеі ды, пасьля, выносячы прысуд аб выгнаньні Атанасіюса, ён ня толькі больш адкрыта, чым раней, загаварыў аб сваім стаўленьні да хрысьціянства, але і выявіў імкненьне дамагчыся для сябе вяршэнства ў справах Царквы. Канстантын не сумняваўся, што ягоны сан Вялікага пантыфіка дае яму вышэйшую ўладу над рэлігійнымі справамі ўсёй імпэрыі, а ўпарадкаваньне хрысьціянства знаходзіцца ў яго кампэтэнцыі. Было досыць лёгка ўжыць гвалт да данатыстаў, супраціў якіх сьвецкай уладзе ня быў цалкам духоўным, але ў значнай ступені быў зьвязаны зь не зусім чыстымі матывамі. Але ерась арыянства ўзьняла фундамэнтальныя пытаньні, якія на думку Канстантына, магчыма было пагадзіць, але насамрэч, як лічыў Атанасіюс, яны агалялі істотныя супярэчнасьці ў дактрыне. У выніку пачаўся працэс, які прывёў да таго, што Царква, якую Канстантын спадзяваўся зрабіць прыладай абсалютызму, стала рашучым супернікам апошняга.

Палітычная сыстэма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэт на рымскай манэце

Палітычная сыстэма Канстантына зьявілася канчатковым вынікам працэсу, які, хоць і доўжыўся на працягу ўсяго пэрыяду існаваньня імпэрыі, прыняў выразную форму пры Аўрэліяне. Менавіта Аўрэліян атачыў пэрсону імпэратара ўсходняй пышнасьцю, насіў дыядэму і ўпрыгожанае каштоўнымі камянямі адзеньне, прыняў сан дамінуса (спадара) і нават дэўса (бога); ператварыў Італію ў падабенства правінцыі і афіцыйна дазволіў эканамічны працэс, што замяшчаў рэжым дамовы на рэжым статуту. Дыяклетыян паспрабаваў абараніць новую форму дэспатыі ад узурпацыі з боку войска, стварыўшы хітрую сыстэму супольнага кіраваньня імпэрыяй з двума лініямі ўспадкаваньня ўлады, якія мелі імёны Юпітэра і Гэркулеса, але гэтая пераемнасьць ажыцьцяўлялася не шляхам успадкоўваньня, а шляхам усынаўленьня. Гэтая штучная сыстэма была разбураная Канстантынам, які ўсталяваў дынастычны абсалютызм на карысьць сваёй сям’і — рода Флявіяў, доказы культу якога знойдзеныя ў Італіі і Афрыцы. Каб атачыць сябе царскім дваром, ён стварыў афіцыйную арыстакратыю ўзамен сэнатарскага ордэна, які «салдацкія імпэратары» 3 стагодзьдзя практычна пазбавілі ўсякага значэньня. Гэтую арыстакратыю ён забясьпечыў тытуламі і адмысловымі прывілеямі, так, напрыклад, ён стварыў перайначанае патрыцыянства, вызваленае ад падатковага цяжару. Сэнат зараз нічога ня значыў і Канстантын дапусьціў ягоных чальцоў да кар’еры правінцыйных адміністратараў, якая з часу кіраваньня Галіена была амаль зачыненая для іх, дый дараваў ім некаторыя пустыя прывілеі, напрыклад, вольныя выбары квэстараў і прэтараў, а зь іншага боку, у сэнатараў было аднятае права быць асуджанымі роўнымі сабе, і ён перайшоў пад юрысдыкцыю правінцыйнага губэрнатара.

Адміністрацыйны лад Рымскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сфэры адміністрацыйнага ладу імпэрыі Канстантын завяршыў пачатае Дыяклетыянам, падзяліўшы грамадзянскія і вайсковыя функцыі. Пры ім прэфэкты прэторыя цалкам перасталі выконваць вайсковыя абавязкі і сталі ачольнікамі грамадзянскай адміністрацыі, асабліва ў справах заканадаўства: у 331 годзе іхныя рашэньні сталі канчатковымі і не дапушчалася ніякіх абскарджаньняў у імпэратара. Грамадзянскія кіраўнікі правінцыяў ня мелі ніякай улады над вайсковымі сіламі, якімі камандавалі дзюкі; і каб надзейней забясьпечыць абарону ад узурпацыі, чаму служыў падзел улады, Канстантын наймаў комітаў, якія склалі значную частку афіцыйнай арыстакратыі, каб яны назіралі і дакладвалі аб тым, як у вайскоўцаў ідуць справы, а таксама войска так званых агентаў, якія пад выглядам інспэктаваньня імпэрскай паштовай службы працавалі як масавая сыстэма шпіянажу. Што тычыцца арганізацыі войска, Канстантын падпарадкаваў камандаваньне ваенным магістратам, якія адказваюць за пяхоту і коньніцу. Ён таксама адкрыў доступ барбарам, асабліва германцам, да адказных і высокіх пасадаў.

Заканадаўства Канстантына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манэты з выявай Канстантыну, адбітыя на гадавіну заснаваньня Канстантынопалю.

Арганізацыя грамадзтва па прынцыпе строгай спадчыннасьці ў карпарацыях або прафэсіях часткова ўжо скончылася перад прыходам Канстантына да ўлады. Але ягонае заканадаўства працягвала прывязваць кожнага чалавека да той касты, зь якой той выйшаў. Такія originales (спадчынныя саслоўі) згадваюцца ў самых першых законах Канстантына, а ў 332 годзе прызнаецца і ўкараняецца спадчынны статут сельскагаспадарчага саслоўя калёнаў.

Апроч таго, муніцыпальныя дэкурыёны, адказныя за збор падаткаў, страцілі ўсе шляхі да адступленьня: у 326 годзе ім забаранілі набываць недатыкальнасьць шляхам уступленьня ў шэрагі хрысьціянскіх сьвятароў. У інтарэсах урада было забясьпечыць гэткім чынам рэгулярнае паступленьне ў казну падаткаў, што вялікім цяжарам як у грошах, так і ў натуры клаліся на насельніцтва яшчэ пры Дыяклетыяне. Адзін са старажытных аўтарытэтаў кажа аб ім, што дзесяць гадоў ён быў выдатным кіраўніком, дванаццаць гадоў — рабаўніком і яшчэ дзесяць — марнатраўцам, і яму пастаянна даводзілася ўводзіць празьмерныя падаткі, каб узбагачаць сваіх фаварытаў і ажыцьцяўляць такія экстравагантныя праекты, як будаўніцтва новай сталіцы. Дзякуючы яму зьявіліся падаткі на сэнатарскія маёнткі, вядомыя як collatio glebalis (пазямельны), і на прыбыткі ад гандлю — collatio lustralis (адкупны).

Увогуле, у галіне заканадаўства кіраваньне Канстантына адзначалася часам ліхаманкавай актыўнасьцю. Да нас дайшлі каля трохсот ягоных законаў у кодэксох, асабліва ў зборы Хвядоса. У гэтых зборах праглядаюцца шчырае жаданьне рэформаў і ўплыў хрысьціянства, напрыклад, у патрабаваньні гуманнага стаўленьня да зьняволеных і нявольнікаў дый пакараньняў за злачынствы супраць маралі. Тым ня менш, яны часьцяком складаліся афіцыйнымі рыторыкамі, а не дасьведчанымі законьнікамі. Падобна Дыяклетыяну, Канстантын верыў, што прыйшоў час, калі грамадзтва трэба перарабляць дэкрэтамі дэспатычнай улады, і важна адзначыць, што з таго часу мы сутыкаемся зь непрыхаваным сьцьвярджэньнем волі імпэратара як адзінай крыніцы закону. Па сутнасьці, Канстантын увасабляе ў сабе дух абсалютнай улады, які запанаваў на працягу шматлікіх стагодзьдзяў як у Царкве, так і ў дзяржаве.

Дарунак Канстантына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Канстантынавым дарункам» называлася грамата, нібыта выдадзеная імпэратарам Канстантынам Вялікім папе Сыльвэстру, у якой імпэратар аб’яўляў, што перадае папе ўладу над усёй заходняй часткай Рымскай імпэрыі, а сам жа выдаляецца ў Канстантынопаль. Гэтая грамата ў рэальнасьці была сфабрыкавана ў папскай курыі каля сярэдзіны VIII стагодзьдзя дзеля абгрунтаваньня ўзьнікненьня сьвецкай улады папаў і ў асаблівасьці іхных дамаганьняў на вяршэнства над мірскімі ўладамі на Захадзе. Першыя сумневы наконт сапраўднасьці дакумэнта паўсталі яшчэ ў Сярэднявеччы. Канчаткова даказаў факт падробкі італьянскі гуманіст Лярэнца дэля Вальля ў сваёй працы «Аб дарунку Канстантына» (1440), якая была апублікавана ў 1517 годзе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Timothy D. Barnes, «Constantine and Eusebius», Cambridge, MA: Harvard University Press, 1981. ISBN 978-0-674-16531-1 p. 250.
  2. ^ Odahl, Charles Matson. «Constantine and the Christian Empire». New York: Routledge, 2004. Hardcover ISBN 0-415-17485-6 Paperback ISBN 0-415-38655-1 p. 261.
  3. ^ Timothy D. Barnes, «Constantine and Eusebius», Cambridge, MA: Harvard University Press, 1981. ISBN 978-0-674-16531-1 pp. 258—259.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Канстантын I Вялікісховішча мультымэдыйных матэрыялаў