Менскінтэркапс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°50′41″ пн. ш. 27°41′0″ у. д. / 53.84472° пн. ш. 27.68333° у. д. / 53.84472; 27.68333

«Менскінтэркапс»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 13 лістапада 1990 (33 гады таму)
Разьмяшчэньне Менск, Заводзкі раён, вул. Інжынэрная, д. 26
Ключавыя фігуры Ірына Падабед, Анатоль Кліменка
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя лекі
Абарачэньне $26,15 млн (2014 г.)
Лік супрацоўнікаў 342 (2015 г.)
Матчына кампанія Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь

«Менскінтэркапс» — дзяржаўнае фармацэўтычнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў Менску ў лістападзе 1990 году ў якасьці сумеснага прадпрыемства.

Прадпрыемства зьяўляецца адзіным у Беларусі вытворцам лекаў у цьвёрдых жэлацінавых капсулах. На 2017 год ажыцьцяўляўся выпуск 68 лекаў, зь іх звыш 20 уласнай распрацоўкі, у тым ліку біялягічна актыўных дадаткаў (БАД). Найбольшую выручку забясьпечваў продаж 9 лекаў: «АнГрыМакс» ад застуды і грыпа, «Антыаксікапс» ад гіпавітаміноза, «Лізінапрыл Плюс» ад гіпэртаніі, «Моцілак» супраць ірвоты, «Пірацэзін» для паляпшэньня мазгавога кровазвароту, «Урсакапс» ад хваробаў жоўцевага пухіра, «Хандразамін» для адновы храстковых тканак, «Цэрэпра» ад хваробаў нэрвовай сыстэмы і «Эсэнцыкапс» ад хваробаў печані.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 лістапада 1990 г. кіраўнік асацыяцыі «Белмэд» Валеры Красоўскі падпісаў з канадзкай карпарацыяй «Міжнародная капсульная тэхналёгія» (Ўіндзар, правінцыя Антарыё) пагадненьне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства «Менскінтэркапс», якое атрымала ўлік у Дзяржаўным камітэце зьнешнеэканамічных сувязяў за № 124. У 1995 годзе дзяржаўны завод «Электронмаш» унёс у статутны фонд будынак у менскім мікрараёне Шабаны, дзе пры канцы году разгарнулі вытворчасьць лекаў. 5 чэрвеня 2001 г. Выканаўчы камітэт Менску зацьвердзіў Рашэньне № 740 аб пераўліку прадпрыемства ў якасьці дзяржаўнага. 31 сьнежня 2002 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 1843 «Аб уключэньні вытворчага РУП "Менскінтэркапс" у склад дзяржаўнага канцэрна "Белбіяфарм"»[1]. За 2002 г. аб'ём продажаў перавысіў 6,5 млн эўра, што зрабіла прадпрыемства 3-м па велічыні фармацэўтычнай вытворчасьці ў Беларусі. У 2005 годзе УП «Менскінтэркапс» атрымала дазвол на збыт біялягічна актыўных дадаткаў у Эўрапейскі Зьвяз ад латвійскага цэнтру сэртыфікацыі «Балтсэрт» (Дзьвінск). За 2009—2011 гады УП «Менскінтэркапс» асвоіла выпуск 5 лекаў: 1) «Мельдоній-МІК» для лячэньня ішэміі і сардэчнай недастатковасьці, пры парушэньні мазгавога кровазвароту і зьніжанай працаздольнасьці ад цялеснай перанапругі, у тым ліку ў спартоўцаў (лек-адпаведнік мілдранату); 2) «Перындапрыл Плюс» для лячэньня артэрыяльнай гіпэртэнзіі (клінічнае выпрабаваньне правялі ў РНПЦ «Кардыялёгія» ў Менску); 3) «Унапрост» ад ацёка і запаленьня падкарэньніцы (зьмяшчае экстракт пладой нізкарослай веералістай пальмы); 4) «Урсакапс» ад хваробаў печані і жоўцевыводных шляхоў; 5) «Цэрэпра» для аднаўленьня пазнавальных здольнасьцяў (маўленьня, памяці, пісьма, рухавасьці, увагі і чытаньня) пасьля інсульту (выпускаецца сумесна з расейскім заводам «Верафарм»(ru)). Распрацоўка аналягавых лекаў займала 2-3 гады. Арыгінальныя лекі вымагалі 10-15 гадоў распрацоўкі і выпрабаваньняў[2].

11 жніўня 2011 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 360, якім скасаваў канцэрн «Белбіяфарм». 28 кастрычніка 2011 г. Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 1446 аб стварэньні ў Міністэрстве аховы здароўя дэпартамэнта фармацэўтычнай прамысловасьці, якому ў тым ліку перападпарадкаваў УП «Менскінтэркапс»[3]. За 2011 год УП «Менскінтэркапс» прадало лекаў на больш як $15,5 млн, зь іх 25% паставілі за мяжу. У Беларусі збыт пераважна ажыцьцяўлялі ў дзяржаўныя аптэкі УП «Белфармацыя». Найбольшыя продажы прыпадалі на лек «АнГрыМакс» ад віруса грыпу А і вітамінны дадатак «Антыаксікапс» зь ёдам, жалезам, сэленам і цынкам. Істотную выручку прынесьлі яшчэ 6 лекаў: 1) «Лізінапрыл Плюс» для зьмяншэньня сардэчна-ссудзінных ускладненьняў (вытворчасьць паводле распрацоўкі вугорскага ААТ «Рыхтэр Гедэон»(hu)); 2) «Пірацэзін» ад ссудзіннай паталёгіі мозга; 3) «Хандразамін» пры артрозе і адкладаньні соляў; 4) «Чарніцы-МІК» для папярэджаньня і лячэньня блізарукасьці, дыябэтычнай рэтынапатыі, парушэньня прыстасаваньня зроку да цемры, дыстрафіі сятчаткі і катаракты (зьмяшчае 177 міліграмаў сухога экстракту чарніцаў, што адпавядае 1,5 кг сьвежых ягадаў); 5) «Чарніцы зь лютэінам» для папярэджаньня пашкоджаньня сятчаткі і памутненьня крышталіка вока (дадаткова зьмяшчае лютэін і зеаксантын); 6) «Эсэнцыкапс» пры гепатыце, алькагольным і наркатычным атручаньні, цырозе і тлушчавой дэгенэрацыі печані, у тым ліку пры лускаватым лішаі, прамянёвай хваробе і цукровым дыябэце[2].

16 красавіка 2012 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 174 «Аб некаторых захадах разьвіцьця фармацэўтычнай прамысловасьці», паводле якога «Белінвэстбанк» пазычыў $10 млн на будаўніцтва новага корпуса УП «Менскінтэркапс». Паводле Ўказа, прадпрыемству зь дзяржаўнага каштарысу ў дадатак вылучылі $8,5 млн на закуп абсталяваньня, сыравіны і інтэлектуальнай уласнасьці, і яшчэ $0,6 млн на распрацоўку лекаў[4]. На чэрвень 2012 году УП «Менскінтэркапс» выпускала 52 найменьні лекаў, зь іх 30 лекаў-аналягаў і 22 лекі ўласнай распрацоўкі. Лекі прызначаліся для лячэньня алергіі, заражэньняў, хваробаў вачэй, крывяносных ссудзінаў, плоцевых органаў, страўнікава-кішачнага тракту і сэрца. Істотную частку вытворчасьці складалі вітамінна-мінэральныя дадаткі ў ежу. Прадпрыемства зьяўлялася адзіным у Беларусі вытворцам лекаў у цьвёрдых жэлацінавых капсулах[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Генадзь Навіцкі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сьнежня 2002 г. № 1843 «Аб уключэньні вытворчага РУП "Менскінтэркапс" у склад дзяржаўнага канцэрна "Белбіяфарм"»  (рас.) // Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. — 15 студзеня 2003. — № 5. — С. 38.
  2. ^ а б в Сьвятлана Барысенка, Віктар Пазьнякоў. Капсула даўгалецьця // Зьвязда : газэта. — 14 чэрвеня 2012. — № 112 (27227). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Марына Носава. Створаны дэпартамэнт фармацэўтычнай прамысловасьці // БелаПАН, 1 лістапада 2011 г. Архіўная копія ад 2 лістапада 2011 г. Праверана 13 сьнежня 2017 г.
  4. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 красавіка 2012 г. № 174 «Аб некаторых захадах разьвіцьця фармацэўтычнай прамысловасьці» (рас.) // Заканадаўчы партал «Навіны Беларусі», 1 студзеня 2014 г. Праверана 13 сьнежня 2017 г.