Гісторыя Пінску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Краявіды гістарычнай Піншчыны

Пінск — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну.

Храналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тураўскае княства. XI—XIII стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лешчанскі манастыр, Н. Орда

Першы пісьмовы ўспамін пра Пінск («Пінеск») зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуецца 5 лістапада 1097 году[1].

  • 1174: сталіца самастойнага Пінскага княства.
  • 1183: летапісы згадваюць князёў пінскіх — Яраслава (1183) і Яраполка (1190). На той час горад знаходзіўся ў цэнтры Тураўскага княства, меў гандлёвыя сувязі з Валыньню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем.[1]
  • XIII ст.: цэнтар Пінска-Тураўскай япархіі.[2]
  • 1263: першы пісьмовы ўспамін пра праваслаўны храм пры манастыры ў прадмесьці Лешча — рэлігійным і асьветніцкім цэнтры Піншчыны.

У Вялікім Княстве Літоўскім. XIV—XVI стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1320: належаў Нарымунту Гедзімінавічу (у 1348 пінскі князь Нарымунт загінуў у бітве з крыжакамі)
  • 1396: агульнапрынятая дата заснаваньня ў Пінску касьцёла францішканаў.[3]
  • 1471: у Пінску валадарыла князёўна Марыя — удава Сямёна Алелькавіча, які вёў свой род ад Ґедзіміна. Шматлікасьць дароўных грамат князёўны Марыі дазваляюць спасылацца на першае пісьмовае згадваньне вёсак Піншчыны.[4]
  • 1521: вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы каралеве Боне. На Палесьсі яна вядомая тым, што актыўна пачала праводзіць першыя аграрныя пераўтварэньні.
  • 1527: перад сьценамі пінскага замка затрыманы паход атрада татараў, якія зруйнавалі паўднёва-ўсходнюю частка Піншчыны. Гэта быў апошні набег татараў.
  • 1539: цэнтар Пінскага староства.
Пінск у 1863 годзе

У эпоху Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. XVII—XVIII стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1581, 12 студзеня: атрымаў Магдэбурскае права (пацьвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадох) і герб «на чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой».[5][6]
  • 1636—1675: у Пінску ўзьвялі мураваныя езуіцкія касьцёл і калегіюм.[7]
  • 1648: на Запарожжы пачалося паўстаньне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны супраць уніяцкай царквы, што цясьніла праваслаўную. Хваляваньні дакаціліся да Пінску, але іхных удзельнікаў разам з казакамі разьбілі войскі Януша Радзівіла.
  • 1655, 5 кастрычніка: у вайну Масковіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) ваявода Ф. Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі.[2]
  • 1659: у вёсцы Гарадзішча каля Пінску паўстаў кляштар бэнэдыктынаў. Яго збудавалі паводле фундацыі ваяводы Патоцкага Яна Караля Копеца (праіснаваў да 1855 году).
  • 1660, 25 чэрвеня: казацкі загон ўзяў Пінск штурмам[2].
  • 1705: князь Міхал Вішнявецкі і ягоная жонка Кацярына заснавалі кляштар бэрнардынаў (праіснаваў да 1832 году).
  • 1706: швэдзкі кароль Карл XII заняў Пінск, разрабаваў і спаліў места. Разбураны быў і бастыённы замак у прымесьці Пінску Караліне, які быў створаны для маршалка Вялікага Княства Літоўскага, а пазьней адышоў да князёў Вішнявецкіх.
Касьцёл Сьвятога Станіслава (1930-я)
  • 1710: у Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомавай «Гісторыі Расейскай», навуковец, дыплямат, асьветнік, падарожнік, дзяржаўны дзяяч XVIII стагодзьдзя. Таго ж году на Піншчыне паводле загаду Пятра I ён арганізаваў вытворчасьць 30 гармат і 7 судоў.
  • 1729—1746: пры Пінскім езуіцкім калегіюме працавала друкарня.
  • 1750—1782: на паўночна-ўсходняй ускраіне пінскага прымесьця Каралін айцы-камуністы збудавалі мураваны касьцёл, вядомы зараз як касьцёл Карла Барамея.
  • 1784: у Пінску спыняўся кароль Рэчы Паспалітай Станіславаў Аўгуст Панятоўскі, які прысутнічаў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовіча і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова.
  • 1787—1810-я: будаўніцтва мураванага касьцёлу пры Пінскім кляштары дамініканаў.
  • 1791, 1 ліпеня: пачала працу Пінская генэральная кангрэгацыя, мэтай якой зьяўлялася ўтварэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі зьдзейсьніцца гэтым плянам.[8]

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 23 студзеня 1793: у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай места ўвайшло ў склад Расейскай імпэрыі.
  • 1795: пры ўладкаваньні Менскай губэрні, на падставе ўстановаў аб губэрнях, Пінск прызначылі павятовым горадам Менскага намесьніцтва. Застаўся павятовым горадам Менскай губэрні, пры выданьні штатаў 1796 і 1802 гг.
  • 1812: у расейска-францускую вайну атрад палкоўніка Жавахава разьбіў у Пінску атрад французаў і ўзяў у якасьці трафэя гарматы.[9]
  • 1831: каля вёскі Невель царскія войскі разьбілі пінскіх паўстанцаў пад кіраўніцтвам Цітуса Пуслоўскага.
  • 1837: у вёсцы Парэчча распачала працу суконная фабрыка Скірмунта.
Руіны замка ў прадмесьці Каралін. Н. Орда
  • 1858: побач зь Лешчанскім манастыром заклалі Пінскі гарадзкі парк.
  • 1860: у вёсцы Парэчча запрацаваў цукровы завод Скірмунта.
  • 1863: паўстанцы атрада Рамуальда Траўгута 12 і 13 ліпеня панесьлі цяжкія страты пад Пінскам.
  • 1865: муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску лякарню.
  • 1884, сьнежань: пачаўся рух цягнікоў па чыгунцы Пінск — Лунінец[10].
  • 1885: у Пінску распачалі працу суднарамонтны і мэханічны завод, уладальніцай якога была Юлія Пятроўна О’Брыэн дэ Ласі.
  • 1892: аўстра-вугорскі капіталіст Гальпэрын зьудаваў у Пінску запалкавую фабрыку «Прагрэс — Вулькан».
  • пачатак ХХ стагодзьдзя: у Пінску было 5 лякарань, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касьцёлы, 2 сынагогі, паштова-тэлеграфную кантору, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 працоўнымі. Станцыя Палескай чыгункі, суднаходзтва па Прыпяці. Акрамя грузавой прыстані, мелася параходная пасажырская зь лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшаў, Пінск — Целяханы. У месьце працавалі Азова-Данскі камэрцыйны банк, рэстарацыя, тэатар, рэальная вучэльня, жаночая гімназія, 6 прыходзкіх школаў, 2 пачаткевыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўная вучэльня, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы.[11]
  • сакавік 1904: у Пінску зьявілася тэлефонная сетка.
  • 1906—1909: у горадзе дзейнічала правінцыйнае кола Польскага таварыства «Асьвета» ў Менску, якое займалася арганізацыяй лекцыяў пра польскую літаратуру і слоўніцтва, што паводле рапортаў царскай паліцыі, «выклікала ўзрост польскай нацыянальнай сьвядомасьці» у Пінску. У 1908 кола зьварнулася з просьбай атрымаць дазвол адчыніць польскую бібліятэку, але расейскія ўлады адмовіліся[12].
  • 1910: паслугамі Пінскай тэлефоннай станцыі карысталіся 196 абанэнтаў.
  • 1910—1916: у Пінску, паводле зборніка «Папярэдні сьпіс пэрыядычных выданьняў Расеі 1901—1916 гг.», выдаваліся «Пінскі лісток», «Пінскі голас», «Тэлеграмы», «Аб’яднаньне».
  • лістапад 1911: у месьце пачаліся першыя сэансы кінэматографу.
Рынкавы пляц, 1930-я
  • 1912—1914: у Пінску жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас.

І сусьветная вайна і польска-савецкая вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1915, 15 верасьня: у Першую сусьветную вайну Пінск акупавалі нямецкія войскі.
  • 1918, 4 сакавіка: абвешчаны часткай Украінскай Народнай РэспублікіДрыгавіцкай зямлі), адначасова ад 25 сакавіка ў складзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесься была прадметам перамоваў паміж БНР і УНР[13].
  • 1919, 1 студзеня: горад заняты бальшавікамі, якія, у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, ўключаюць горад у склад Беларускай ССР, цэнтар павету («падраёну») Берасьцейскага раёну[14].
  • 5 сакавіка 1919 — бітва за Пінск паміж Палескай групай Польскага войска пад кіраўніцтвам ген. Антонія Лістоўскага і бальшавікамі. Саветы, якія прабавалі ўтрымаць кантроль над горадам, былі добра падрыхтаваныя да абароны і карысталіся як пяхотай, так і артылерыяй. У наступе з польскага боку ўдзельнічалі: 1 батальён бельскага палку, 2 і 4 батальёны 4 палку пяхоты, расейская афіцэрская каманда, тры эскадроны віленскага палку ўланаў, 4 эскадрон 2 палку ўланаў ротмістра Жэліслаўскага і 1 эскадрон 5 палку ўланаў паручніка Сакалоўскага. Галоўная калёна палякаў наступала ад поўначы, меншая — з захаду, а кавалерыя зрабіла напад, дзякуючы якому зьнішчыла чыгуначны шлях, які вёў зь Пінска на ўсход. Бітва за горад трывала ад 11 да 16 гадзіны і скончылася перамогай Польскага войска. Палякі здабылі цягнікі, ваенныя склады, калёну пантонаў і ўзялі ў палон некалькі дзясяткаў жаўнераў. У бітве з польскага боку асабліва адзначыліся: батальёны бельскага палку, расейская афіцэрская каманда і атрад партызанаў паручніка Замэчка[15]
  • 7 чэрвеня 1919 — горад уваходзіць у склад Пінскага павету Берасьцейскай акругі Грамадзкай управы Ўсходніх земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[16]
  • жнівень 1920 — бальшавікі зноў занялі горад
  • 26 верасьня 1920 — Польскае войска зноў яго адбіла

У складзе Польскай Рэспублікі (1921—1939)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1921: згодна з Рыскай мірнай дамовы тэрыторыя Заходняй Беларусі, у тым ліку і Пінск адышла да Польшчы. Пінск зрабіўся цэнтрам павету Палескага ваяводзтва.
  • 1921, 7 верасьня: здарыўся вялікі пажар. Агонь зьнішчыў практычна ўсю цэнтральную частку места.
  • 1924: заснаваньне Пінскага краязнаўчага музэя (адкрыўся ў 1926 годзе).
  • 1929, 25 траўня: адбылося пашырэньне межаў Пінску [17].
  • 1936: у Пінску адкрылася вялікая сельскагаспадарчая выстава ў гарадзкім парку «Ляшчэ». Напярэдадні выставы выйшаў «Informator m. Pinska»,[18] які зьяўляецца своеасаблівым даведнікам места 1936 году.
  • 1939, 20 верасьня: часткі Чырвонай Арміі на дамову з гітлераўскай Нямеччынай увайшлі ў места. Пінск далучылі да БССР. З 4 сьнежня горад — цэнтар Пінскай вобласьці. На працягу кастрычніка пад ўладай камуністаў праходзілі расстрэлы і ліквідацыя палякаў і польскай культуры. Больш за 500 палякаў і беларусаў расстралялі ці вывезьлі ў Катынь. Васіль Корж і ягоныя паплечнікі з НКУС бралі ўдзел у забойстве людзей.

Гісторыя гораду Пінску з 1939 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар францішканаў
  • 1941, 4 ліпеня: у вайну ў Пінск увайшлі нямецкія войскі[19]
  • 1944, 14 ліпеня: Пінск занялі савецкія войскі.[19]
  • 1946, 10 жніўня: пачаўся рух па першым гарадзкім аўтобусным маршруце.
  • 1953: у Пінску ўсталявалі першыя чатыры тэлефоны-аўтаматы.
  • 1954, 1 жніўня: ліквідаваная Пінская вобласьць.
  • 1956: камуністычныя ўлады зьнішчылі выбітны помнік архітэктуры барока — Касьцёл Сьв. Станіслава, рынкавы пляц з гандлёвымі радамі, а таксама рэнэсансавую жыдоўскую Вялікую сынагогу.
  • 1960: пачатак будаўніцтва аўтамабільнай трасы Пінск — Столін.
  • 1965: у Пінску пачалося будаўніцтва камбінату верхняга трыкатажу, вядомага цяпер як ААТ «Палесьсе».
  • 1966: пачатак будаўніцтва мікрараёну паміж вуліцамі Першамайская і Цэнтральная.
  • 1972: у Пінску заклалі першы шматкватэрны дзевяціпавярховы жылы будынак.
  • 1974, 30 сьнежня: у месьце пачалося будаўніцтва заводу «Кузлітмаш».
Цэнтральная меская бібліятэка
  • 1981, 14 лютага: у Пінску адкрыўся новы кінатэатар «Перамога».
  • 1983, 14 жніўня: у месьце адбылося адкрыцьцё спартова-тэхнічнага комплексу па вул. Ракасоўскага.
  • 1984, 17 сакавіка: засяленьне першага жылога будынка ў пінскім мікрараёне «Поўнач-1» (Лугі).
  • 1986, 22 студзеня: увядзеньне ў экплюатацыю Пінскага заводу сродкаў малога мэханізаваньня і мэталаканструкцыяў Аб’яднаньня «Палесьсевадбуд» Міністэрства мэліярацыі і сельскай гаспадаркі СССР (цяпер ААТ «ЗСММ»).
  • 1987, 17 студзеня: у Пінску адкрыўся новы будынак аўтавакзалу.
  • 1987, 5 красавіка: да новага Пінскага порту прычаліла першае судна.
  • 1989, 7 лістапада: у Пінску адкрыўся новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі.
  • 1992, 15 жніўня: выйшла першая тэлепраграма пінскага тэлеканалу «Вараг».
  • 2007: падчас рэканструкцыі цэнтральнага пляца места выявілі пахаваньні, датаваныя прыблізна XVII стагодзьдзем.
  • 2010, 19 красавіка: узнагароджаны вымпэлам «За мужнасьць і стойкасьць у гады Вялікай Айчыннай вайны» [20].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Старажытнарускія летапісы пра Пінск (рас.)
  2. ^ а б в г Пінск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 432
  3. ^ Францысканскі манастыр і касьцёл — архітэктурны помнік 16—18 стагодзьдзяў. (рас.)
  4. ^ Пісцовая кніга Пінскага і Клецкага княстваў. (рас.)
  5. ^ «У чырвомым полі — залаты лук…» (рас.)
  6. ^ Пінск // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  7. ^ Пінскі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 435
  8. ^ Пінская кангрэгацыя // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 434
  9. ^ Айчынная вайна 1812 году на Піншчыне. (рас.)
  10. ^ Чыгунка Пінск — Лунінец. (рас.)
  11. ^ Пінск // Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. С. 209
  12. ^ Dariusz Tarasiuk: Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007, s. 34—48. ISBN 978-83-227-2629-7
  13. ^ Валянціна Лебедзева. Дыпляматычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15
  14. ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  15. ^ Lech Wyszczelski: Wstępna faza walk. W: Lech Wyszczelski: Wojna polsko-rosyjska 1919–1920. Wyd. 1. Warszawa: Bellona, 2010, s. 65. ISBN 978-83-11-11934-5.
  16. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41
  17. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 26 kwietnia 1929 r. o rozszerzeniu granic gminy miejskiej Pińsk w powiecie pińskim, województwie poleskiem, Dz. U. Nr 35, poz. 319(недаступная спасылка)  (пол.)
  18. ^ Informator m. Pinska. Rok 1936.
  19. ^ а б Пінск у гады Вялікай Айчыннай… (рас.)
  20. ^ УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 19 красавіка 2010 г. № 189 Аб узнагароджанні некаторых населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»(недаступная спасылка)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]