Джон Мэйнард Кейнс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Джон Мэйнард Кейнс
John Maynard Keynes
Keynes 1933.jpg
Кейнс у 1933 годзе
Род дзейнасьці Эканаміст
Дата нараджэньня 5 чэрвеня 1883
Месца нараджэньня Кембрыдж, Вялікабрытанія
Дата сьмерці 21 красавіка 1946
Месца сьмерці Тылтан, Усходні Сасэкс, Вялікабрытанія

Джон Мэ́йнард Кейнс (па-ангельску: John Maynard Keynes), барон (5 чэрвеня 1883, Кембрыдж, Вялікабрытанія — 21 красавіка 1946, Сасэкс, Вялікабрытанія) — ангельскі эканаміст, журналіст, інвэстар, заснавальнік кэйнсіянскага напрамку ў эканамічнай тэорыі. Ягоная найбольш вядомая праца: «Агульная тэорыя занятасьці, адсотку і грошай» (па-ангельску: The General Theory of Employment, Interest and Money), якая прапануе дзяржаўную палітыку ў галіне эканомікі, накіраваную на падтрымку поўнай занятасьці і павелічэньне дзяржаўных выдаткаў як сродак ад эканамічнага заняпаду.

Уплыў Кейнса зьменшыўся ў 1970 годзе, збольшага ў выніку праблемаў, якія пачалі ўзьнікаць у паўночнаамэрыканскай эканоміцы з пачатку дзесяцігодзьдзя, і часткова з-за крытыкі ад Мілтана Фрыдмана і іншых эканамістаў, якія былі настроены пэсымістычна адносна здольнасьці ўрада рэгуляваць бізнэс-цыклі зь фіскальнай палітыкай[1]. Аднак, зьяўленьне глябальнага фінансавага крызісу ў 2007 годзе прывяло да адраджэньня кейнсіянскай думкі. Кейнсіянскай эканоміка забясьпечылі тэарэтычную аснову для эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца і праводзілася ў сувязі з крызісам прэзыдэнтамі Джорджам Бушам і Баракам Абамам у ЗША, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Горданам Браўнам у Вялікабрытаніі, і іншымі кіраўнікамі ўрадаў[2].

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кейнс нарадзіўся ў сям’і, якая належала да сярэдняй клясы. Асяродзьдзе, у якім нарадзіўся і вырас Джон Мэйнард, было надзвычай акадэмічным. Ягоны бацька Джон Нэвіль Кейнс быў эканамістам, настаўнікам эканомікі і лёгікі, доўгі час зьяўляўся акадэмічным адміністратарам Каралеўскага каледжу Кембрыдзкага ўнівэрсытэту. Маці Кейнса, Флоранс Ада Браўн (па-ангельску: Florence Ada Brown), адна зь першых жанчын з дыплёмам Кембрыджу, была пасьпяховай пісьменьніцай і грамадзкай дзяячкай. Дарэчы, Джон Нэвіль быў настаўнікам сваёй будучай жонкі. Ягоны малодшы брат, Джэфры Кейнс (па-ангельску: Geofferey Keynes) быў хірургам, а малодшая сястра Маргарэт была ў шлюбе з Арчыбальдам Гілам, псыхолягам, ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі.

Кейнс быў даволі высокім, ростам прыкладна 198 см. Існуюць зьвесткі пра яго нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю. Ён меў блізкія адносіны з мастаком Дунканам Грантам у пэрыяд з 1908 да 1915 году. У 1918 годзе Кейнс сустрэў расейскую балерыну Лідыю Лапухову, якая ў 1925 годзе стала ягонай жонкай. У тым жа 1925 годзе ён упершыню пабыў у СССР на ўрачыстасьці, прысьвечанай 200-годзьдзю Акадэміі навук. Шлюб Кейнса быў, напэўна, шчасьлівым, нягледзячы на тое, што яны ня мелі дзяцей.

Кейнс быў пасьпяховым інвэстарам. Нават пасьля фондавага краху 1929 году ён, застаўшыся фактычна банкрутам, здолеў ня толькі паправіць становішча, але і зарабіць асабістае багацьце. Апрача гэтага, Кейнс быў і мэцэнатам. Ён аказваў фінансаваю дапамогу Кембрыдзкаму мастацкаму тэатру. Яго інтарэсы не абмяжоўваліся навукай, ён зьбіраў кнігі і ўвогуле цікавіўся літаратурай, пісаў лібрэта да балетаў.

Кейнс меў рэпутацыю таленавітага ўдзельніка розных дэбатаў. Знакаміты эканаміст Фрыдрых фон Хаек некалькі разоў адмаўляўся спрачацца з Кейнсам у пытаньнях эканомікі. А пасьля выхаду «Трактату аб грошах» (1930) Хаек абвінавачваў Кейнса ў тым, што апошні ня мае тэорыі капіталу і адсотку. У некаторай ступені Кэйнс быў вымушаны прызнаць справядлівасьць гэтых папрокаў. Але ўжо напрыканцы 30-х гадоў перамога Кейнса ў спрэчках з Хаекам, ня толькі па пытаньнях эканамічнай тэорыі, але і практыцы стала бясспрэчнай. Увогуле, гісторыя спрэчкі паміж знакамітымі эканамістамі ярка адлюстроўвае супрацьлегласьці паміж англасаксонскай і аўстрыйскай традыцыямі ў эканамічнай тэорыі.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 7 гадоў Кейнс пайшоў у школу Пёрс (па-ангельску: Perse School Kindergarten). Праз 2 гады — перайшоў у пачатковую школу Сьвятога Фэйта (па-ангельску: St Faith's preparatory school). Ужо ў той час было відавочна, што Джон Мэйнард быў таленавітым вучнем. У 1894 ён абышоў усю клясу па матэматыцы і атрымаў вышэйшую адзнаку.

У наступным годзе (1895) Кейнс пасьпяхова здаў экзамэн на паступленьне ў Ітан. З 20 хлопцаў, якія былі прынятыя ў тым годзе ў каледж, ён быў дзесяты па агульнай адзнацы і першы — па матэматыцы. Гэтаксама ж яскрава Джон Мэйнард і вучыўся. У 1899 годзе ён атрымаў найвышэйшую адзнаку па матэматыцы. У наступныя гады (19001901) ён пацьвердзіў свой высокі ўзровень. Ягоныя посьпехі не абмяжоўваліся толькі матэматыкай. У 1901 годзе, апрача матэматыкі, ён быў першы па гісторыі і па ангельскім эсэ. У 1902 годзе Кейнс выйграў стыпэндыю ў памеры £60 ў Каралеўскі каледж у Кембрыджы на вывучэньне матэматыкі і клясычнай літаратуры.

На працягу ўсяго тэрміну навучаньня ў Кембрыджы Джон Мэйнард браў актыўны ўдзел у сацыяльным і палітычным жыцьці. Падчас Бурскай вайны (1900), Кейнс адмовіўся ўзяць удзел у ваенных трэніроўках «Ітанскіх стралкоў», зьяўляючыся сталым пацыфістам, праціўнікам гвалту. Ён да ночы спрачаўся са сваімі сябрамі з розных інтэлектуальных суполак у Кембрыджы. У 1901 годзе ён быў абраны ў «Каледж поп» (па-ангельску: College Pop) — прэстыжную інтэлектуальную суполку ў Ітане. У 1902 Кейнс неаднаразова выступае ў якасьці дакладчыка ў «Зьвязе» (па-ангельску: Union) — знакамітай інтэлектуальнай суполцы Кембрыджу. У 1904 годзе Кейнс быў абраны сакратаром «Зьвязу» і Прэзыдэнтам Унівэрсытэцкага Лібэральнага клюбу (па-ангельску: University Liberal Club). У 1905 годзе па выніках экзамэну на бакаляўра ён дванаццаты ва ўсім Кембрыджы. Падчас вакацыяў 1905 году Кейнс знаёміцца з працай Альфрэда Маршала «Прынцыпы эканомікі» (па-ангельску: Principles of Economics), якая зрабіла вялікі ўплыў на хлопца. Пасьля вяртаньня ў Кембрыдж на заняткі, Джон Мэйнард пачынае слухаць курс Альфрэда Маршала па эканоміцы. Менавіта Альфрэд Маршал параіў Джону перайсьці з матэматыкі і клясычнай літаратуры да вывучэньня эканомікі і палітыкі. Малады студэнт Кейнс быў вельмі зацікаўлены ў вывучэньні новага прадмету.

Дункан Грант і Мэйнард Кэйнс

У 1906 годзе Кейнс прайшоў іспыты на паступленьне на дзяржаўную службу ў ліку 10 іншых, хто здолеў гэта зрабіць у тым годзе. Ягоны вынік — другое месца. Па правілах, першае месца атрымлівае пасаду ў Міністэрстве фінансаў, другое — Індыйскі офіс (дэпартамэнт па кіраваньню Індыяй). Але агульны высокі вынік не ўзрадаваў Мэйнарда, калі ён атрымаў падрабязныя адзнакі па прадметах. Адзнакі па прадметах матэматыка і эканоміка былі ніжэйшымі за адзнакі па лёгіцы і псыхалёгіі, гісторыі, эсэ.

Падчас вучобы Кейнс уваходзіў у элітную суполку пісьменьнікаў, артыстаў і мастакоў. Яна звалася «група Блумсбэры» (па-ангельску: Bloomsbury group). Сябрамі гэтай суполкі зьяўляліся Леанард Вульф (па-ангельску: Leonard Woolf), Вірджынія Ўулф (па-ангельску: Virginia Woolf), Дункан Грант (па-ангельску: Duncan Grant), Клайв Бэл (па-ангельску: Clive Bell) і Літан Стрэчы (па-ангельску: Lytton Strachey). На працягу ўсяго жыцьця Кейнс захаваў духоўную сувязь з гэтай суполкай.

Кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1906 да 1907 году Кейнс працаваў у Дэпартамэнце па справах Індыі (па-ангельску: The India Office). У вольны ад дзяржаўнай службы час ён працуе над асабістай дысэртацыяй па праблемах імавернасьці, асноўныя вынікі якой былі апублікаваныя ў «Трактаце аб імавернасьці». У 1907 годзе Кейнс пакідае службу, каб скончыць сваю дысэртацыю, вяртаецца ў Кембрыдж і пачынае настаўніцкую дзейнасьць. Ён выкладае тры разы на тыдзень прадмет «Грошы, крэдыт і цэны». Пасьля абароны дысэртацыі Кэйнс уваходзіць у кола сяброў Каралеўскага каледжу.

З 1911 году Джон Кейнс працуе рэдактарам Эканамічнага часопіса (па-ангельску: Economics Journal) — вельмі высокая і паважаная пасада ў навуковых эканамічных колах. У 1912 годзе ён быў абраны ў Савет (па-ангельску: the Council) Каралеўскага каледжу. У 1913 годзе скончыў сваю першую вялікую працу па эканоміцы «Індыйская грашовая сыстэма і фінансы» (па-ангельску: Indian Currency and Finance). 3 красавіка, яшчэ перад публікацыяй працы, Джон атрымаў прапанову заняць пасаду ў Каралеўскай камісіі па індыйскіх фінансах і валюце (па-ангельску: The Revenue, Statistics and Commerce Department).

Ў студзені 1915 году Джон трапляе ў Міністэрства фінансаў у якасьці дапаможніка саветніка Міністра. Пасада ня вельмі вялікая, але незалежная. Яна дазваляла Кейнсу заўсёды выказваць свае думкі адкрыта. І яго ацанілі. З мая 1915 году ён працуе на афіцыйнай пасадзе ў Міністэрстве. А ўжо ў 1916 годзе Кэйнс узначальвае аддзел па міждзяржаўных адносінах.

Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года ў Расеі Кейнс успрыняў вельмі добра. Ён справядліва лічыў, што рэвалюцыя стала адным з вынікаў Першай сусьветнай вайны.

У 1918 годзе, калі стала відавочна блізкая перамога над Нямеччынай, Джон Кейнс разам са сваім аддзелам распачынае працу над будучымі ўмовамі фінансавай кампэнсацыі для пераможцаў з боку Нямеччыны.

У 1919 годзе як прадстаўнік Міністэрства фінансаў Кейнс бярэ ўдзел у Парыскіх мірных перамовах. Там ён прапаноўвае асабісты плян пасьляваеннага аднаўленьня эўрапейскай эканомікі, які, на жаль, ня быў прыняты, але стаў асновай для ягонай працы «Эканамічныя вынікі міру». У гэтай працы Кейнс, апрача іншага, пярэчыў супраць эканамічнага ўціску Нямеччыны, накладаньня велізарных кантрыбуцыяў, якія напрыканцы, на думку Кэйнса, падштурхнулі і ўзмацнілі рэваншысцкія настроі сярод насельніцтва Нямеччыны. Кейнс прапанаваў у процівагу пэўную колькасьць крокаў па аднаўленьню эканомікі Нямеччыны. Ён разумеў, што гэтая краіна зьяўляецца адным з самых важных зьвёнаў сусьветнай эканамічнай сыстэмы.

У 1919 годзе Кейнс пакідае пасаду ў міністэрстве, вельмі расчараваўшыся ў дзяржаўнай працы. Ён зноў вяртаецца ў Кембрыдж, аднак больш за ўсё працуе ў Лёндане, зьяўляючыся сябрам праўленьня некалькіх фінансавых кампаніяў, сябрам рэдкалегіяў некалькіх часопісаў, уладальнікам штотыднёвіка «Нацыя» (па-ангельску: Nation), рэдактарам (1911—1945) «Эканамічнага часопіса» (па-ангельску: Economic Journal), а таксама кансультуе ўлады. Таксама вядома, што ён даволі пасьпяхова гуляў на біржы. З 1920 па 1924 год Кейнс здолеў зарабіць гульнёй £57.797, што было вельмі шмат на той час. Тым больш, што ў 1920 годзе ён быў фактычна банкрутам — меў на рахунку 0.

У 1920-я гады Кейнс працаваў над праблемамі будучыні сусьветнай эканомікі і фінансаў. Крызыс 1921 году і дэпрэсія падштурхнулі навукоўца да аналізу стабільнасьці цэнаў, ўзроўню вытворчасьці і занятасьці. У 1923 годзе ён публікуе «Трактат аб грашовай рэформе» (па-ангельску: A Tract on Monetary Reform), у якім дасьледуе прычыны і вынікі зьмяненьня вартасьці грошай, уплыў інфляцыі на разьмеркаваньне даходаў, уплыў чаканьняў, залежнасьць паміж чаканьнямі зьмяненьня цэнаў і адсоткавымі стаўкамі і шмат іншага. На думку Кейнса, патрэбна падтрымліваць стабільнасьць унутраных цэнаў, а не завышанага курсу нацыянальнай валюты, як гэта рабілі ўлады таго часу. Гэтая праца Кейнса лічыцца канцом эры «Залатога стандарту». На працягу 20-х гадоў Кейнс няспынна крытыкуе эканамічную палітыку ўладаў, накіраваную на падтрымку «Залатога стандарту».

У другой палове 20-х гадоў вучоны цалкам захоплены працай над «Трактатам аб грошах» (па-ангельску: A Treatise on Money), які быў скончаны ў 1930 годзе. У гэтым трактаце Кейнс дасьледуе пытаньні, якія датычацца валютных курсаў і «залатога стандарту». Напрыканцы 20-х — пачатку 30-х гадоў у эканоміцы ЗША распачаўся глыбокі крызыс — так званая «Вялікая дэпрэсія», якая захапіла ня толькі амэрыканскую, але і эўрапейскую эканоміку. Лідэры і эканамісты вядучых краін сьвету шукалі выйсьця з крызысу. Улады Вялікабрытаніі былі вымушаныя адмовіцца ад «залатога стандарту». Кейнс быў прызначаны сябрам Каралеўскай камісіі па фінансах і прамысловасьці, а таксама Эканамічнай кансультацыйнай рады. У лютым 1936 году вучоны публікуе сваю асноўную працу «Агульная тэорыя занятасьці, адсотку, грошай». У ёй, напрыклад, усталёўваецца тэрмін «мультыплікатар накапленьня» (мультыплікатар Кейнса). Пасьля публікацыі Кейнсу надаецца статус лідэра ў эканамічнай навуцы і эканамічнай палітыцы таго часу. Вынікі гэтай працы былі рэвалюцыйнымі.

Джон Мэйнард Кейнс (справа) падчас Брэтон-Вудзкай канфэрэнцыі (1944)

Тут упершыню падаецца ідэя аб тым, што сталая капіталістычная эканоміка ня здолее аўтаматычна дасягнуць раўнавагі ва ўмовах поўнага выкарыстаньня рэсурсаў. У 1936 годзе Кейнс перанёс небясьпечную для жыцьця хваробу — трабоз каранарнага сасуда.

У 1940 годзе Кейнс стаў сябрам Кансультацыйнага камітэта пры Міністэрстве фінансаў па ваенных пытаньнях. У той жа час ён публікуе працу «Як аплочваць вайну?» (па-ангельску: How to Pay for the War). Вучоны прапанаваў прымушальна дэпанаваць апрача невялікай сумы ўсе сродкі насельніцтва пасьля ўплаты падаткаў на спэцыяльныя рахункі. Пасьля вайны сродкі гэтыя павінны вяртацца насельніцтву. Такі плян дазваляў паміж іншага паслабіць інфляцыю і зьнізіць пасьляваенны заняпад.

У 1941 годзе Кейнс абраны ў раду Банку Ангельшчыны (па-ангельску: the Bank of England)

У 1924 годзе Кейнсу нададзены тытул пэра. У 1944—1945 гадах ён зьяўляецца прэзыдэнтам Эканамэтрычнага таварыства.

Падчас Другой сусьветнай вайны Кейнс прысьвячае сябе працы над пытаньнямі ў галіне міжнародных фінансаў і пасьляваеннага ўладкаваньня сусьветнай фінансавай сыстэмы. Ён прымаў удзел у распрацоўцы канцэпцыі Брэтон-Вудзкай сыстэмы, а таксама вёў перамовы аб амэрыканскіх пазыках Вялікабрытаніі. Яму належыць ідэя сыстэмы рэгуляваньня валютных курсаў. Дэ-факта такая сыстэма на доўгі час гарантавала б стабільнасьць валютных курсаў. Таксама ён браў удзел у стварэньні Клірынгавага зьвязу, Міжнароднага валютнага фонду і Міжнароднага Банку.

У лютым 1946 году Кейнс прымаў удзел у адкрыцьці Міжнароднага валютнага фонду і Міжнароднага Банку.

У апошні год хвароба значна ўскладнілася. Памёр Джон Кейнс 21 красавіка 1946 году ад інфаркту міякарда. Пасьля сьмерці быў крэмаваны, ягоны прах разьвеялі над родным горадам Тылтанам[3].

Узьніклы пад уплывам ідэяў Джона Кейнса напрамак у эканамічнай тэорыі атрымаў яго імя: кэйнсіянства.

Эканамічная тэорыя Кейнса[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Кэйнсіянства

Кейнс аналізуе і прапануе выкарыстоўваць тыя ж мэханізмы, якія ўжо існавалі на той час у межах клясычнай і нэаклясычнай эканамічнай тэорый, але дзеля іншай мэты і асноўваючыся на іншых гіпотэзах.

Асноўныя гіпотэзы:

  1. Узровень занятасьці адпавядае ўзроўню вытворчасьці.
  2. Агульны попыт заўсёды меншы за агульную колькасьць плацёжных сродкаў (частка апошніх заўсёды зьберагаецца).
  3. Аб’ём вытворчасьці адпавядае чаканьням вытворцаў аб будучым агульным попыце.

Увогуле тэорыя Кейнса гаворыць так:

Падзеньне спажывецкага попыту паменшыць аб’ём вытворчасьці тавараў і паслуг. Падзеньне вытворчасьці выклікае банкруцтва дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама звальненьні з буйных. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да павелічэньня беспрацоўя. Чым большае беспрацоўе, тым меншыя даходы насельніцтва. Меншыя даходы насельніцтва выклікаюць яшчэ большае падзеньне спажывецкага попыту. Гэта заганнае кола.

Такім чынам, асноўнай мэтай зьяўляецца павелічэньне агульнага попыту.

Сродкам супраць эканамічнага заняпаду, паводле гіпотэзы Кэйнса, зьяўляецца дзяржаўная замова. Калі агульны попыт значна меншы за агульную вытворчасьць, дзяржава павінна зрабіць замову, якая будзе гарантыйна аплачаная. У гэтым выпадку, прадпрыемствы ноймуць новых працоўных, што зьнізіць беспрацоўнасьць. Былыя беспрацоўныя атрымаюць зарплату, павялічаць свае расходы і, такім чынам, павялічыцца агульны попыт. На думку Кэйнса, першапачатковая замова дзяржавы можа быць вельмі вялікая і нават малапатрэбнай.

Даволі доўгі час шматлікія краіны пасьпяхова выкарыстоўвалі тэорыю Кэйнса ў сваёй эканамічнай палітыцы.

Але ў 1960-х гадах зьявіўся новы напрамак нэаклясычнай школы — манэтарызм, які крытыкаваў кэйнсіянства за вялікі ўплыў дзяржавы на эканоміку. На думку манэтарыстаў, умяшальніцтва дзяржавы ў вытворчасьць выклікае дэзарганізацыю апошняй. Адзіная галіна, дзе патрэбна дзяржаўнае кіраваньне — гэта грашовая палітыка. Сродак ад эканамічнага заняпаду, такім чынам, — даўгатэрміновая грашовая палітыка. Дзяржава павінна заўсёды падтрымліваць адпаведны ўзровень грашовай масы праз грашовую эмісію, адпаведную тэмпу росту вытворчасьці.

Нягледзячы на крытыку, навуковыя погляды Кэйнса жывуць і сёньня. Пасьлядоўнікі навукоўца працягваюць працу ў рамках ужо новага, нэа- і посткэйнсіянства.

Таксама варты ўвагі той факт, што менавіта Кэйнс распачаў выкарыстаньне макраэканамічных агрэгатных (сукупных) велічынь і іх колькасных ўзаемасувязей. Гэта, у сваю чаргу, падштурхнула разьвіцьцё новых разьдзелаў эканамічнай навукі, асабліва, эканамэтрыкі.

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кейнс заваяваў рэпутацыю таленавітага ўдзельніка рознага кшталту дэбатаў, і Фрыдрых фон Хаек некалькі разоў адмаўляўся абмяркоўваць зь ім пытаньні эканомікі. Хаек у свой час выступіў з рэзкай крытыкай ідэяў Кейнса, у спрэчках паміж німі знайшло адлюстраваньне процістаяньня англасаксонскай і аўстрыйскай традыцыі ў зканамічнай тэорыі. Пасьля выхаду «Трактата пра грошы» (1930) Хаек абвінаваціў Кейнса за адсутнасьць у яго тэорыі капітала і адсотка і ў няправільным дыягназу прычынаў крызісаў. Варта адзначыць, што ў некаторай ступені Кейнс быў вымушаны прызнаць справядлівасьць папрокаў.

Асноўныя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «To Set the Economy Right». Time magazine.
  2. ^ «The undeniable shift to Keynes». Financial Times.
  3. ^ John Maynard Keynes на Find a Grave(анг.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Clark, Barry. Political economy: a comparative approach. Westport: Greenwood Publishing Group, 1998. ISBN 0-275-96370-5
  • Wolfe, Alan. The Future of Liberalism. New York: Random House, Inc., 2009. ISBN 0-307-38625-2
  • John Maynard Keynes: Hopes Betrayed 1883—1920, Robert Skidelsky, Papermac, 1992, ISBN 0-333-57379-X (US Edition: ISBN 0-14-023554-X)
  • John Maynard Keynes: The Economist as Saviour 1920—1937, Robert Skidelsky, Papermac, 1994, ISBN 0-333-58499-6 (US Edition: ISBN 0-14-023806-9)
  • John Maynard Keynes: Fighting for Britain 1937—1946 (published in the United States as Fighting for Freedom), Robert Skidelsky, Papermac, 2001, ISBN 0-333-77971-1 (US Edition: ISBN 0-14-200167-8)
  • The Life of John Maynard Keynes, R. F. Harrod, Macmillan, 1951, ISBN 1-125-39598-2
  • Essays on John Maynard Keynes, Milo Keynes (Editor), Cambridge University Press, 1975, ISBN 0-521-20534-4
  • Keynes , Donald Edward Moggridge , Macmillan, 1980 , ISBN 0-333-29524-2
  • Keynes, John Maynard, Don Patinkin, The New Palgrave: A Dictionary of Economics, v. 2, 1987, pp. 19-41. Macmillan ISBN 0-333-37235-2 (US Edition: ISBN 0-935859-10-1)
  • The Commanding Heights: The Battle for the World Economy, Daniel Yergin with Joseph Stanislaw, New York: Simon & Schuster, 1998, ISBN 0-684-82975-4
  • John Maynard Keynes and International Relations: Economic Paths to War and Peace, Donald Markwell, Oxford University Press, 2006. ISBN 0-19-829236-8 978-0-19-829236-4
  • The Economic Consequences of Mr. Keynes: How the Second Industrial Revolution Passed Great Britain By, Bernard C. Beaudreau, iUniverse, 2006, ISBN 0-595-41661-6
  • John Maynard Keynes (Great Thinkers in Economics), Paul Davidson, Palgrave Macmillan, 2007 , ISBN 1-4039-9623-7

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Джон Мэйнард Кейнссховішча мультымэдыйных матэрыялаў