Мао Дзэ-дун
| Мао Дзэ-дун | |
Партрэт |
|
| 1-ы Старшыня Камуністычнай партыі Кітаю | |
|---|---|
| 20 сакавіка 1943 — 9 верасьня 1976 | |
| Папярэднік: | няма |
| Наступнік: | Хуа Гафэн |
| 27 верасьня 1954 — 27 красавіка 1959 | |
| Папярэднік: | няма |
| Наступнік: | Лю Шаоцы |
| Асабістыя зьвесткі: | |
| Нарадзіўся: | 26 сьнежня 1893 Шаашань, Кітай |
| Памёр: | 9 верасьня 1976 Пэкін, Кітай |
| Нацыянальнасьць: | кітаец |
| Партыя: | Камуністычная партыя Кітаю |
| Бацькі: | Мао Жэньшэн Вэнь Цымэй |
Мао Дзэ-дун (па-кітайску: 毛澤東, 26 сьнежня 1893 — 9 верасьня 1976) — кітайскі дзяржаўны дзяяч, старшыня Камуністычнай партыі Кітаю (1943—1976) і КНР (1954—1959). Адзін з найбольш вядомых дыктатараў XX стагодзьдзя.
Падчас грамадзянскай вайны й барацьбы зь Японіяй у 1930-я апынуўся на чале падпарадкаваных камуністам раёнаў Кітаю. Быў ідэолягам партызанскай барацьбы. Падчас замірэньня КПК і Гаміньдану для барацьбы супраць Японіі рыхтаваўся да вайны з Гаміньданам. Пасьля перамогі ў грамадзянскай вайне, 1 кастрычніка 1949 году была абвешчана Кітайская Народная Рэспубліка. Доўгі час супрацоўнічаў з СССР, аднак хутка пасьля асуджэньня культа асобы Сталіна адыйшоў ад супрацоўніцтва зь ім і абвінавачваў СССР у здрадзе марксіцкім прынцыпам.
Ва ўнутранай палітыцы Мао Дзэ-дун быў ініцыятарам «вялікага скоку наперад» і «культурнай рэвалюцыі», якія не дасягнулі сваіх мэтаў і значна пагоршылі становішча кітайцаў.
Зьмест |
Імя [рэдагаваць]
Імя Мао Дзэ-дуна складаецца з двух частак — Дзэ й Дун. Слова Дзэ мае падвойнае значэньне: першае — «вільгаць і ўвільгатненьне», другое — «ласка, дабро, дабрадзейства». Другі герогліф — «Дун» азначае «ўсход». Імя цалкам можна пераклаьсці «дабрадзейнасьць Усходу». Адначасова дзіцяці па традыцыі далі й неафіцыйнае імя. Яно павінна было выкарыстоўвацца ў асаблівых выпадках як паважлівае «Юнчжы». «Юн» азначае «ўхваляць», а «Чжы» — ці, дакладней, «чжылянь» — «архідэя». Такім чынам другое імя азначала «ўхвалёная архідэя».
Біяграфія [рэдагаваць]
Раньнія гады [рэдагаваць]
Мао Дзэ-дун нарадзіўся 26 сьнежня 1893 году ў пасёлку Шаошань правінцыі Хунань, непадалёк ад сталіцы правінцыі, горада Чанша. Бацька Дзэ-дуна, Мао Ічан, належыў да дробных землеўладальнікаў, і сям’я ягоная была досыць забясьпечанай. Строгі нораў бацькі-канфуцыянца абумовіў канфлікты з сынам і адначасова прыхільнасьць хлопчыка да мяккай па характары маці-будыстке, Вэнь Цымэй. Прытрымліваючыся прыкладу маці, маленькі Мао стаў будыстам.
У юнацтве Мао атрымаў клясычную пачатковую кітайскую адукацыю ў мясцовай школе, якая ўключала ў сябе знаёмства з вучэньнем Канфуцыя й вывучэньне старажытнакітайскай літаратуры. «Я ведаў клясыку, але не любіў яе», — прызнаваўся пазьней Мао Дзэ-дун у інтэрвію Эдгару Сноў. Страсьць да чытаньня й нелюбоў да клясычных філязофскіх трактатаў у юнака захавалася й пасьля таго, як у 13 гадоў ён кінуў школу й вярнуўся ў бацькоўскі дом. Прычынай таму быў строгі нораў настаўніка, які ўжываў суровыя мэтады выхаваньня й часьцяком біў вучняў. Мао Ічан натхнёна сустрэў вяртаньне сына, спадзяючыся што той стане яму апорай у хатніх справах і вядзеньні гаспадаркі. Аднак ягоныя чаканьні не спраўдзіліся: Мао супрацівіўся любой фізычнай працы й ўвесь вольны час праводзіў за чытаньнем кнігаў.
У канцы 1907 — пачатку 1908 году ў сям’і Мао адбыўся чарговы канфлікт паміж бацькам і сынам. На гэты раз ягонай прычынай быў шлюб, які Мао Ічан зладзіў для свайго сына. У нявесты Дзэ-дуну была абраная траюрадная сястра Мао — Ло Ігу. Па словах Мао Дзэ-дуна, жонку ён ня прыняў і жыць з ёй адмовіўся. Неўзабаве пасьля вясельля Мао зьбег з дому й каля паўгода пражыў у гасцёх у аднаго знаёмага беспрацоўнага студэнта, там жа у Шаошані. Ён працягваў захоплена чытаць: на гэты час прыходзіцца ягонае знаёмства з клясычнай кітайскай гістарыяграфіяй — «Гістарычнымі цыдулкамі» Сыма Цяні й «Гісторыяй дынастыі Хань» Бань Гу.
Пры ўсёй напружанасьці адносінаў з бацькам, калі восеньню 1910 году Дзэ-дун запатрабаваў ад бацькі грошай на працяг адукацыі, Мао Ічан ня змог адмовіць і забясьпечыў сыну навучаньне ў Дуншанскай пачатковай школе вышэйшай прыступкі. У школе Мао быў сустрэты варожа: астатніх вучняў раздражняла ягоная зьнешнасьць (ён меў нетыповы для паўднёўца рост 177 см), паходжаньне (большасьць вучняў былі сынамі буйных землеўладальнікаў) і мова (Мао да канца жыцьця казаў на мясцовым сянтанскім дыялекце). Урэшце, гэта не адмяняла упартасьці й стараннасьці, зь якімі новы вучань падышоў да заняткаў. Мао мог пісаць добрыя сачыненьні ў клясычнай манеры, быў руплівым і, як звычайна, шмат чытаў. Тут ён упершыню пазнаёміўся з геаграфіяй і стаў чытаць працы па замежнай гісторыі. Ён упершыню даведаўся аб такіх вядомых гістарычных дзеячаў як Напалеон, Кацярына II, Пётар I, Вэлінгтан, Гладстан, Русо, Мантэск’ё й Лінкальн. Галоўнымі жа кнігамі для яго ў той час сталі выданьні, якія распавядаюць аб кітайскіх рэфарматарах Лян Цычао й Кан Ювэі. Іхныя ідэі канстытуцыйнага манархізму зрабілі велізарны ўплыў на школьніка Мао, які цалкам прыняў погляды лідэраў рэфарматарскага руху.
Сінхайская рэвалюцыя застала маладога Мао ў Чанша, куды той ува ўзросьце васемнаццаці гадоў перабраўся з Дуншаню. Юнак стаў сьведкам кровапралітнай барацьбы розных груповак, а таксама жаўнерскіх паўстаньняў, і на кароткі час сам прымыкае да войска губэрнатара правінцыі. Праз паўгода ён пакінуў войска, каб працягнуць навучаньне, на гэты раз у Першай правінцыйнай сярэдняй школе ў Чанша. Але й тут ён не затрымаўся надоўга. Мао прысьвяціў сябе самаадукацыі й паўгода займаўся ў Хунанскай правінцыйнай бібліятэцы, асноўную ўвагу надаючы геаграфіі, гісторыі й філязофіі Захаду. Аднак незадаволены бесклапотным жыцьцём свайго сына Мао Ічан спыніў высылаць грошы, пакуль Мао не здабудзе годны занятак. Сам жа юнак зарабляць на жыцьцё адмаўляўся й ў выніку вясной 1913 году быў вымушаны запісацца ў студэнты толькі што адчыненага Чацьвёртага правінцыйнага пэдагагічнага вучылішча горада Чанша, пазьней аб'яднанае зь Першым правінцыйным пэдагагічным вучылішчам.
У 1917 годзе зьяўляецца ягоны першы артыкул у часопісе «Новая Моладзь», у вучылішчы Мао сфармаваў гурток рэвалюцыйна настроенай моладзі. Годам пазьней ён, прытрымліваючыся свайго настаўніка Яну Чанцьзі, перабіраецца ў Пэкін, дзе ў бібліятэцы Пэкінскага ўнівэрсытэта працуе асыстэнтам Лі Дачжао, які стаў пазьней адным з заснавальнікаў Камуністычнай Партыі Кітаю. У Пэкіне Мао ў ліку іншых кітайскіх студэнтаў прадставілася магчымасьць адправіцца на навучаньне ў Францыю, але гэтым шанцам юнак так і не скарыстаўся: чыньнікам таму сталі нелюбоў да фізычнай працы й няздольнасьць да вывучэньня замежных моваў.
У Пэкіне на фармаваньне палітычных поглядаў маладога Мао вялікі ўплыў зрабіла знаёмства з Лі Дачжао й Чэнь Дусю, а таксама знаёмства з ідэямі анархізму, у прыватнасьці творы Пётра Крапоткіна. Пасьля завяршэньня курсаў падрыхтоўкі да навучаньня ў Францыі Мао канчаткова прыйшоў да высновы, што застанецца ў Кітаі й будзе ўладкоўваць сваю кар’еру тут.
Пачатак палітычнай дзейнасьці [рэдагаваць]
Пакінуўшы Пэкін у сакавіку 1919 году, юнак Мао падарожнічаў па краіне, займаўся паглыбленым вывучэньнем працаў заходніх філёзафаў і рэвалюцыянэраў, жыва цікавіўся падзеямі ў Расеі й прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі рэвалюцыйнай моладзі Хунані. Узімку 1920 году ён наведаў Пэкін у складзе дэлегацыі ад Нацыянальнага Сходу правінцыі Хунань, якая патрабавала зьняцьця карумпаванага й жорсткага губэрнатара Чжан Цьзіньяо[1]. Дэлегацыя не дамаглася калі-небудзь значных посьпехаў, аднак у хуткім часе Чжан пацярпеў паразу ад прадстаўніка іншай мілітарыскай клікі, У Пэйфу, і быў вымушаны пакінуць Хунань.
Што тычыцца Мао, то ён пакінуў Пэкін 11 красавіка 1920 году, а 5 траўня таго ж году прыбыў у Шанхай, маючы намер працягнуць барацьбу за вызваленьне Хунань з-пад улады тырана, а таксама за скасаваньне ваеннага губэрнатарства. Насуперак ягоным уласным, больш позьнім заявам, паводле якіх да лета 1920 гаду ён перайшоў на камуністычныя пазыцыі, гістарычныя матэрыялы сьведчаць аб іншым: падзеі ў Расеі, зносіны з прыхільнікамі камунізму, Лі Дачжао й Чэнь Дусю, мелі на Мао вялікі ўплыў, аднак у той час ён усё яшчэ ня мог да канца разабрацца ў ідэалягічных плынях і канчаткова выбраць для сябе адзіны напрамак[2]. Канчатковае станаўленьне Мао як камуніста адбылася восеньню 1920 году. Да таго часу ён цалкам пераканаўся ў палітычнай інэртнасьці сваіх суайчыньнікаў і прыйшоў да высновы, што толькі рэвалюцыя расейскага ўзору здольная карэнным чынам зьмяніць сытуацыю ў краіне. Устаўшы на бок бальшавікоў, Мао працягнуў падпольную дзейнасьць, зараз накіраваную на распаўсюд марксізму ленінскага толку. У сярэдзіне лістапада 1920 году ён прыступіў да стварэньня падпольных аддзелаў у Чанша: спачатку ім быў створаны аддзел Сацыялістычнага зьвяза моладзі, а крыху пазьней, па радзе Чэнь Дусю, і камуністычны гурток па тыпу ўжо існаваўшага у Шанхаі[3].
У ліпені 1921 году Мао прыняў удзел ува ўстаноўчы зьездзе, на якім была заснавана Камуністычная Партыя Кітая. Праз два месяцы, па вяртаньні ў Чанша, ён стаў сакратаром хунанскага аддзяленьня КПК. У той жа час Мао пашлюбаваўся з Ян Кайхуэй, дачкой Яна Чанцьзі. На працягу наступных пяці гадоў у іх нарадзіліся тры сыны — Аньін, Аньцын і Аньлун.
З прычыны крайняй неэфэктыўнасьці арганізацыі працоўных і вярбоўкі новых чальцоў партыі ў ліпені 1922 году Мао адхілілі ад удзелу ў II зьздзе КПК[4].
Па патрабаваньні Камінтэрну КПК была вымушана ўступіць у зьвяз з Гаміньданам. Мао Дзэ-дун да таго часу цалкам пераканаўся ў нястаннасьці рэвалюцыйнага руху Кітая й на III зьездзе КПК падтрымаў гэтую ідэю. Падтрымаўшы лінію Камінтэрна, Мао высунуўся ў першыя шэрагі кіраўнікоў КПК: на тым жа зьездзе ён быў уведзены ў склад Цэнтральнага выканаўчага камітэта партыі зь дзевяці чальцоў і пяці кандыдатаў. Акрамя таго, ён увайшоў у вузкае Цэнтральнае бюро зь пяці чалавек. І самае важнае — быў абраны сакратаром і загадчыкам арганізацыйнага аддзела ЦВК.
Вярнуўшыся ў Хунань, Мао актыўна ўзяўся за стварэньне мясцовага аддзела Гаміньдана. Як дэлегат ад хунанской арганізацыі Гаміньдана ён прымаў удзел у I зьездзе Гаміньдана, які прайшоў у студзені 1924 году ў Кантоне. У канцы 1924 году Мао пакінуў бурлівы палітычнай жыцьцём Шанхай і вярнуўся ў родную вёску. Да таго часу ён быў моцна зьнясілены фізычна й маральна. На думку гісторыка Панцова, яго стомленасьць была выкліканая паралізаванай працай шанхайскага аддзяленьня Гаміньдана, якое практычна спыніла працу з-за рознагалосьсяў паміж камуністамі й гаміньданаўцамі, а таксама з-за спыненьня фінансаваньня, якое паступала з Кантону. Мао падаў у адстаўку з пасады сакратара аргсэкцыі й папрасіў водпуск у сувязі з хваробай[5]. Па вэрсіі гісторыкаў Юн Чжан і Галідэя, Мао зрушылі з пасады, вывелі з Цэнтральнага камітэта й не запрасілі на наступны зьезд КПК, які быў заплянаваны на студзень 1925 году[6]. Як бы там ні было, Мао сапраўды пакінуў свой пост за некалькі тыдняў да правядзеньня IV зьезда КПК і 6 лютага 1925 году прыбыў у Шаошань.
Грамадзянская вайна [рэдагаваць]
Савецкая Рэспубліка ў Цьзянсі [рэдагаваць]
У красавіку 1927 году Чан Кайшы, заняўшы з дапамогай камуністаў Шанхай, пачаў праводзіць у горадзе палітыку бязьлітаснага тэрору супраць учорашніх хаўрусьнікаў. Тысячы чальцоў КПК былі арыштаваныя альбо забітыя. У гэты час Мао Дзэ-дун арганізаваў ў навакольлях Чанша сялянскае паўстаньне «Восеньскага ўраджаю». Паўстаньне было задушана лякальнымі ўладамі зь вялікай жорсткасьцю, Мао быў вымушаны зьбегчы з рэшткамі свайго войска ў горы Цьзінганшань на мяжы Хунань і Цьзянсі. Неўзабаве атакі Гаміньдану прымушаюць групы Мао, а таксама разьбітых падчас Нанчанскага паўстаньня Чжу Дэ, Чжоў Эньлая й іншых вайсковых лідэраў КПК, пакінуць гэтую тэрыторыю. У 1928 годзе, пасьля доўгіх перасяленьняў, камуністы трывала ўгрунтаваліся на захадзе правінцыі Цьзянсі. Там Мао стварыў досыць моцную савецкую рэспубліку. Пасьля ён правёў шэраг аграрных і сацыяльных рэформаў — у прыватнасьці, канфіскацыю й пераразьмеркаваньне зямлі, лібэралізацыю правоў жанчын.
Між тым, Кампартыя Кітая перажывала цяжкую крызу. Колькасьць ейных чальцоў скарацілася да 10 тысячаў, зь іх толькі 3% ставіліся да працоўнай клясы. Новы лідэр партыі Лі Лісань, з прычыны некалькіх сур’ёзных паразаў на ваенным і ідэалягічным фронце, а таксама рознагалосьсяў са Сталіным, быў выключаны з ЦК. На гэтым фоне пазыцыя Мао, які рабіў упор на сялянства й дзейнічаў у гэтым кірунку адносна пасьпяхова, узмацнілася ў партыі, нягледзячы на частыя канфлікты з партыйнай верхавінай. Са сваімі супернікамі на лякальным узроўні ў Цьзянсі Мао расправіўся ў 1930—1931 гадох з дапамогай рэпрэсіяў, падчас якіх многія мясцовыя кіраўнікі былі забітыя альбо кінуты ў турмы як агенты выдуманага таварыства «АБ-Туан». Справа «АБ-Туан» стала, па сутнасьці, першай «чысткай» у гісторыі КПК[7].
У той жа час Мао перажываў асабістую страту: агентам Гаміньдана ўдалося схапіць ягоную жонку, Ян Кайхуэй. Яна была пакарана ў 1930 годзе, а некалькі пазьней малодшы сын Мао Аньлун памёр ад дызэнтэрыі. Другі ягоны сын ад Кайхуэй, Мао Аньін, загінуў у ходзе Карэйскай вайны.
Увосень 1931 году на тэрыторыі 10 савецкіх раёнаў Цэнтральнага Кітая, кантраляваных Кітайскай Чырвонай арміяй і блізкімі да яе партызанамі, была створана Кітайская Савецкая Рэспубліка. На чале Часовага цэнтральнага савецкага ўрада (Савета народных камісараў) ўстаў Мао Дзэ-дун.
Доўгі паход [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Доўгі паход кітайскіх камуністаў
Да 1934 году сілы Чан Кайшы атачалі камуністычныя раёны ў Цьзянсі й пачалі рыхтавацца да масіраванага нападу. Кіраўніцтва КПК прыняло рашэньне аб сыходзе з дадзенага раёна. Апэрацыя па прарыву чатырох шэрагаў гамінданаўскіх умацаваньняў рыхтавалася й праводзілася Чжоў Энлаем — Мао ў дадзены момант зноўку быў у няміласьці. Галоўныя пазыцыі пасьля адхіленьня Лі Лісаня займалі «28 бальшавікоў» — групоўка блізкія да Камінтэрна й Сталіна маладых функцыянэраў на чале з Ван Мінам, якія праходзілі навучаньне ў Маскве. Зь вялікімі стратамі камуністам атрымалася прарвацца праз заслоны нацыяналістаў і сысьці ў горныя раёны Гуйчжоў. Падчас кароткага перапынку ў мястэчку Цзуньі прайшла легендарная партыйная канфэрэнцыя, на якой партыяй былі афіцыйна прынятыя некаторыя тэзісы, якія былі прадстаўлены Мао; сам ён стаў сталым чальцом палітбюро, а групоўка «28-мі бальшавікоў» падвергнулася адчувальнай крытыцы[8]. Партыя прыняла рашэньне ухіліцца ад адкрытага сутыкненьня з Чан Кайшы шляхам кідка на поўнач, празь цяжкапраходныя горныя раёны.
Яньанскі пэрыяд [рэдагаваць]
Праз год пасьля пачатку Доўгага маршу, у кастрычніку 1935 году Кітайская Чырвоная Армія дасягнула камуністычнага раёну Шэньсі—Ганьсу—Нінся у тым ліку буйнога гораду Яньань, які было вырашана зрабіць новым фарпостам Камуністычнай Партыі. У ходзе Доўгага маршу падчас ваенных дзеяньняў, з-за эпідэміі, няшчасных выпадкаў у горах і балотах, а таксама з-за дэзэртэрства камуністы страцілі больш за 90% з таго складу, які пакінуў Цьзянсі. Тым ня менш, ім атрымалася хутка аднавіць свае сілы. Да таго часу галоўнай мэтай партыі пачала лічыцца барацьба супраць ўзмацьнёнай Японіяй, якая замацавалася ў Манчжурыі й правінцыі Шаньдун. Пасьля таго, як у ліпені 1937 году ўспыхнулі адкрытыя ваенныя дзеяньні, камуністы, па загаду Масквы, пайшлі на стварэньне адзінага патрыятычнага фронту з Гаміньданам.
У самым разгары антыяпонскай барацьбы Мао Дзэ-дун ініцыяваў рух пад назвай «выпраўленьне нораваў» («чжэнфэн») у 1942—1943 гадоў. Чыньнікам таму стаў рэзкі рост партыі, які папаўняўся перабежчыкамі з войска Чан-Кайшы й сялянамі, не знаёмымі з партыйнай ідэалёгіяй. Рух уключаў у сябе камуністычную індактрынацыю новых сябраў партыі, актыўнае вывучэньне працаў Мао, а таксама кампаніі па «самакрытыкі», якія асабліва закранулі галоўнага суперніка Мао — Ван Міна, у выніку чаго сярод камуністычнай інтэлігенцыі фактычна здушылася вальнадумства. Вынікам руху чжэнфэн сталася поўная канцэнтрацыя ўнутрыпартыйнай ўлады ў руках Мао Дзэ-дуна[9]. У 1943 годзе ён быў абраны старшынёй Палітбюро й Сакратарыята ЦК КПК, а ў 1945 годзе — старшынёй ЦК КПК. Гэты пэрыяд стаўся першым этапам фармаваньня культу асобы Мао.
Мао вывучаў клясыку заходняй філязофіі, у асаблівасьці, марксізм. На аснове марксізму-ленінізму, а таксама некаторых аспэктаў традыцыйнай кітайскай філязофіі й, не ў апошнюю чаргу, уласнага вопыту й ідэяў, Мао атрымалася з дапамогай асабістага сакратара Чэнь Бода стварыць і «тэарэтычна абгрунтаваць» новы кірунак марксізму — маоізм. Маоізм задумваўся як больш прагматычная форма марксізму, якая была бы больш прыстасаваная да кітайскіх рэаляў таго часу. Галоўнымі ягонымі асаблівасьцямі могуць быць пазначаны адназначная арыентыроўка на сялянства, а не пралетарыят, а таксама вялікаханскі нацыяналізм[10]. Уплыў традыцыйнай кітайскай філязофіі на марксізм у маоісцкім варыянце выявілася ў вульгарызацыі дыялектыкі.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Панцов А. В. «Мао Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.114
- ^ Панцов А. В. «Мао Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.119
- ^ Панцов А. В. «Мао Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.140
- ^ Юн Чжан, Холлидей Дж. «Неизвестный Мао: The Unknown Story» — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. ISBN 978-5-9524-2896-6 c.45
- ^ Панцов А. В. «Мао Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.197—198
- ^ Юн Чжан, Холлидей Дж. «Неизвестный Мао: The Unknown Story» — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. ISBN 978-5-9524-2896-6 c.49
- ^ Шорт, Филип. Мао Цзэдун. АСТ, Москва, 2001, С.229-32
- ^ Меликсетов, А. В., Писарев, А. А., …, История Китая. Издательство московского университета, Москва, 2004, с.519
- ^ Selden, Marc. Yanan Legacy: The Mass Line, в: «Chinese Communist Politics in Action», Seattle, London 1970, pp. 101-109
- ^ Holm, David. Art and Ideology in Revolutionary China. Oxford 1991, С.53,88; Mao, Zedong. Die Gesammelten Werke. p. 246
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Мао Дзэ-дун — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Біяграфія Мао Дзэ-дуна (рас.)
- Біяграфія Мао Дзэ-дуна (рас.)
- Маасіцкая бібліятэка (рас.)
- Сачыненьні Мао Дзэ-дуна (рас.)
- Сачыненьні Мао Дзэ-дуна (рас.)
- Творы Мао Дзэ-дуна (рас.)
- Зборнік твораў Мао Дзэ-дуна (анг.)
- Шматмоўны сайт Інтэрнацыянальнага Маасіцкага Руху
- Плякаты з выявай Мао Дзэ-дуна
- Відэа — Мао Дзэ-дун абвяшчае стварэньне КНР
- Перадача BBC пра Мао Дзэ-дуна (кіт.)