Марыя Складоўская-Кюры
| Марыя Складоўская-Кюры | |
| Marie Skłodowska-Curie | |
Марыя Складоўская-Кюры |
|
| Нарадзіўся | 7 лістапада 1867 Варшава, Царства Польскае, Расейская імпэрыя |
|---|---|
| Памёр | 4 ліпеня 1934 Пасі, Францыя |
| Грамадзянства | Францыя |
| Навуковая сфэра | Фізыка, хімія |
| Месца працы | Парыскі ўнівэрсытэт |
| Альма-матэр | Парыскі ўнівэрсытэт |
| Вядомы як | першаадкрывальных палёна і рада, дасьледчык радыёактыўнасьці |
| Узнагароды і прэміі | Нобэлеўская Прэмія па фізыцы (1903), Мэдаль Дэві (1903), Мэдаль Матэўччы (1904), Нобэлеўская Прэмія па хіміі (1911) |
Марыя Складоўская-Кюры (па-француску: Marie Curie, па-польску: Marie Skłodowska-Curie; 7 лістапада 1867, Варшава, Царства Польскае — 4 ліпеня 1934, Пасі, Францыя) — выбітная вучоная, фізык і хімік, дасьледчыца радыеактыўнасьці, двойчы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Яна была першай жанчынай-прафэсарам ува ўнівэрсытэце ў Парыжы, а ў 1995 годзе стала першай жанчынай, пахаванай у Пантэоне ў Парыжы[1].
Яна нарадзілася ў Варшаве, у тагачасным Царстве Польскім. Яна пачала сваю навукова-практычную падрыхтоўку ў Варшаве. У 1891 годзе ва ўзросьце 24 гадоў, яна рушыла ўсьлед за сваёй старэйшай сястрой Браніславай вучыцца ў Парыж, дзе яна атрымала вышэйшую адукацыю й праводзіла наступную навуковую працу. Складоўская-Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію, і зьяўляецца адзінай жанчынай, на сёньняшні дзень, якая атрымала гэтую ўзнагароду ў дзьвюх абласьцях.
Ейныя дасягненьні ўключаюць тэорыю радыёактыўнасьці, мэтады вылучэньня радыёактыўных ізатопаў, а таксама адкрыцьцё двух элемэнтаў, палён і рад. Пад ейным кіраўніцтвам былі праведзены першыя дасьледаваньні ў сьвеце ў вобласьці лячэньня наватвораў з выкарыстаньнем радыёактыўных ізатопаў. Яна заснавала Інстытут Кюры ў Парыжы й Варшаве, якія застаюцца найбуйнымі цэнтрамі мэдычных дасьледаваньняў сёньня.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Марыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў Варшаве ў настаўніцкай сям’і. У 1891 годзе яна зьязджае ў Парыж, дзе становіцца студэнткай факультэту прыродазнаўства Сарбонскага ўнівэрсытэту. У выніку напружанай працы праз тры гады яна атрымлівае два дыплёмы ліцэнзіяту — па фізыцы і па матэматыцы. На працягу вучобы ва ўнівэрсытэце Марыя знаёміцца з П’ерам Кюры, кіраўніком навуковай лябараторыі ў Школе фізыкі ды хіміі пры Сарбонскім унівэрсытэце. У 1895 годзе адбываецца іх вясельле, і Марыя пачынае працаваць у лябараторыі П’ера. 12 верасьня 1897 году нарадзілася іх першае дзіця — дачка Ірэн.
У 1897 годзе Марыя Кюры пачынае вывучаць зьяву радыеактыўнасьці, якую ўпершыню выявіў у 1896 годзе Анры Бэкерэль. Яна вызначае, што крыніцай радыеактыўнасьці ў дасьледаваных злучэньнях зьяўляюцца атамы ўрану і торыю. У ходзе экспэрымэнтаў выяўляецца, што некаторыя мінэралі з вокісам урану маюць значна большую радыеактыўнасьць, чым сам уран. Марыя Кюры высоўвае гіпотэзу, што прычынай гэтага ёсьць прысутнасьць у злучэньнях дагэтуль невядомага навуцы высокарадыеактыўнага рэчыва. У гэты час да дасьледаваньня далучаецца і П’ер Кюры. Здагадка знаходзіць пацьвярджэньне: далейшая праца прыводзіць да вылучэньня ў 1898 годзе двух новых элемэнтаў — палёна (названы ў гонар радзімы Марыі Польшчы) і рада. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, П’ер і Марыя вырашаюць не патэнтаваць тэхналёгію здабыцьця радыю, а пакінуць яе адкрытай для навуковай грамадзкасьці.
1903 год становіцца для сям’і Кюры годам прызнаньня іхных навуковых дасягненьняў. 25 ліпеня Марыя абараняе доктарскую дысэртацыю. У лістападзе Лёнданскае каралеўскае таварыства прысуджае ім адну з найвышэйшых узнагародаў — мэдаль Дэві. А 10 сьнежня П’ер і Марыя Кюры разам з Анры Бэкерэлем становяцца ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі па фізыцы. Такім чынам, Марыя Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобэля.
З гэтага часу П’ер і Марыя Кюры становяцца сусьветна вядомымі вучонымі. Яны працягваюць працу над вывучэньнем уласьцівасьцей радыю і спосабаў яго прамысловай вытворчасьці. У Сарбонскім унівэрсытэце адкрываецца катэдра фізыкі, загадчыкам якой робіцца П’ер Кюры. Марыя працягвае выкладаньне ў Вышэйшай нармальнай школе для дзяўчын у Сэўры. Да таго ж, 6 сьнежня 1904 году ў іх нараджаецца другая дачка — Эва. Але 19 красавіка 1904 году ў выніку нешчасьлівага выпадку П’ер Кюры памірае.
Пасьля нечаканай сьмерці мужа Марыя Кюры становіцца на чале заснаванай для яго катэдры фізыкі і атрымоўвае ступень прафэсара Сарбоны. Яна працягвае дасьледваньні, выкладае ў Сарбоне і ў Сэўры. Распрацоўвае першы і на той час адзіны ў сьвеце курс лекцыяў па радыеактыўнасьці, рэдактуе і выдае «Працы П’ера Кюры», выдзяляе эталён радыю. З 1909 году яна ўзначальвае радыеактыўную лябараторыю ў новаадчыненым Інстытуце радыю. У 1911 годзе Марыя Кюры зноў становіцца ляўрэтам Нобэлеўскай прэміі, гэтым разам па хіміі, — першы ў гісторыі выпадак, калі адзін чалавек двойчы атрымаў гэтую ўзнагароду. У час cусьветнай вайны яна стварае «радыялягічную службу», арганізоўвае курсы падрыхтоўкі сясьцер-радыёлягаў, абсталёўвае 220 мабільных рэнтгенаўскіх установак. Пасьля вайны яна актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці, уваходзіць у склад шэрагу міжнародных арганізацыяў, стварае Інстытут радыю на сваёй радзіме — у Варшаве.
Гады працы з радыяктыўнымі рэчывамі не прайшлі бясьсьледна для вучонай. Яшчэ ў маладосьці яна атрымала апёкі кісьцей рук. Да гэтага часу лябараторныя сшыткі П’ера і Марыі Кюры захоўваюць высокі ўзровень радыяктыўнасьці. А 4 ліпеня 1934 году Марыя Складоўская-Кюры памерла ад невядомай тады яшчэ хваробы — леўкеміі. Праз год выйшла апошняя кніга, якую яна пасьпела скончыць перад сьмерцю — фундамэнтальная праца «Радыеактыўнасьць».
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ «Marie Curie Enshrined in Pantheon». The New York Times
Літаратура [рэдагаваць]
- Эва Кюры, «Марыя Кюры»
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Марыя Складоўская-Кюры — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Дэталёвая біяграфія. staff.amu.edu.pl
- Марыя Складоўская-Кюры. cambridge.org
- П’ер і Марыя Кюры. cyberquebec.ca
- Таварыства імя Марыі Складоўскай-Кюры
|
||||||||