Ірляндцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ірляндцы

Oscar Wilde portrait.jpgO'Hara, Maureen.jpgLiam Neeson Deauville 2012.jpgBono at the 2009 Tribeca Film Festival.jpgBram Stoker 1906.jpgCillian Vallely on Uilleann Pipes.jpgGeorge best 1976.jpg
Mary McAleese.jpgHRM EHS p56.jpgPierceBrosnanCannesPhoto2.jpgUna Healy, The Saturdays LA.jpgAodh Mór Uî Néill (anglicisé comme, Hugh The Great O'Neill).jpgRobert Boyle 0001.jpgStbrigid.jpg
Andrea corr glastonbury.jpgTheobald Wolfe Tone - Project Gutenberg 13112.pngSir Edward Carson, bw photo portrait seated.jpgArthur Guinness.jpgBrian Boru, King of Munster.jpgSir Arthur Wellesley, 1st Duke of Wellington.pngSaoirseRonanSept11TIFF.jpg
Jonathan Rhys Meyers Cabourg 2013.jpgDaniel O'Connell.pngJames Joyce by Alex Ehrenzweig, 1915 restored.jpgEnyasweet.jpgWilliam Butler Yeats by George Charles Beresford.jpgDouglas Hyde 2.jpgMichael Collins 1921.jpg


1-ы рад: Оскар ЎайлдМорын О’ГараЛіям НісанБонаБрэм СтокерСіліян ВалеліДжордж Бэст
2-і рад: Мэры МакэлісЭрнэст ШэклтанПірс БроснанУна ГіліГ’ю О’НэйлРобэрт БойльБрыгіта Ірляндзкая
3-і рад: Андрэа КорЎолф ТонЭдўард КарсанАртур ГінэсБрыян БоруАртур ЎэлсьліСэрша Роўнан

4-ы рад: Джонатан Рыс-МаерзДэніел О’КонэлДжэймз ДжойсЭніяЎільям Батлер ЕйтсДуглас ГайдМайкл Колінз
Колькасьць ~ 80 млн. чалавек
Рэгіёны пражываньня Ірляндыя Ірляндыя 3 927 143 чал.,
ЗША ЗША ~ 40 000 000 чал.,
Вялікабрытанія Вялікабрытанія ~ 14 000 000 чал.,
Аўстралія Аўстралія ~ 7 000 000 чал.,
Канада Канада 4 544 870 чал.,
Аргентына Аргентына ~ 1 000 000 чал.
Мовы ірляндзкая (гістарычна мова большасьці, нацыянальная мова),
ангельская (ірляндзкі варыянт), ольстэрска-шатляндзкая, шэлта
Рэлігія хрысьціянства (каталіцтва, радзей — пратэстантызм)
Блізкія этнасы іншыя кельцкія народы (у прыватнасьці, шатляндцы й мэнцы)

Ірля́ндцы (саманазва: Muintir na hÉireann, Na hÉireannaigh) — этнас кельцкага паходжаньня, які паходзіць з востраву Ірляндыя, дзе маюць аднайменную нацыянальную дзяржаву, Рэспубліку Ірляндыя. Насельніцтва Ірляндыі паводле ацэнак складае 4 525 281 чалавек, зь якіх да ірляндцаў належаць 3 927 143 чалавекі, аднак згодна з агульнымі ацэнкамі ад 50 да 80 млн. чалавек па ўсім сьвеце маюць ірляндзкае паходжаньне. Гістарычныя прычыны абумовілі шырокія працэсы міграцыі ірляндцаў з востраву Ірляндыя, дзе заклаўся ірляндзкі этнас, у выніку чаго людзі ірляндзкага паходжаньня ў большасьці сваёй пражываюць галоўным чынам у англамоўных краінах, у прыватнасьці, у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе й Аўстраліі, дзе колькасьць ірляндцаў пераўзыходзіць колькасьць ірляндцаў ва ўласна Ірляндыі. Найбольшая колькасьць ірляндцаў на цяперашні час пражывае ў ЗША, пры гэтым найбольшая ў сьвеце дзель ірляндцаў ад насельніцтва за выняткам Рэспублікі Ірляндыя назіраецца ў Аўстраліі.

Гістарычна ірляндцы маюць кельцкае паходжаньне, паходзячы ад плямёнаў гэлаў, што робіць ірляндцаў этнасам, роднасным іншым сучасным кельцкім народам, асабліва шатляндцам і мэнцам.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этнапляменныя групоўкі Брытанскіх астравоў у сярэдзіне І тыс. н.э.

     гэлы

     пікты

     брыты

Першыя сьведчаньні засяленьня востраву Ірляндыя сучаснымі людзьмі прыпадаюць на пэрыяд VIII тыс. ад н.э.[1] Гэтае насельніцтва пакінула па сабе такія археалягічныя здабыткі як Кейдзкія палі і мэгалітычныя комплексы ў Ньюгрэйнджы, дакладная этнічная прыналежнасьць гэтага насельніцтва не ўсталяваная, аднак дакладна вядома, што дадзеныя жыхары не зьяўляюцца прамымі продкамі сучаснага ірляндзкага этнасу. Каля І тыс. да н.э. на тэрыторыі востраву Ірляндыя пранікаюць кельцкія плямёны, якія значна пазьней заклалі пачатак плямёнам гэлаў і потым — ірляндзкаму этнасу.

Кельцкае насельніцтва Ірляндыі першапачаткова ня мела адзінае саманазвы, уласна востраў называўся мясцовым насельніцтвам тэрмінамі Banba, Fódla або Ériu. У грэцкіх і лацінскіх гістарычных сьведчаньнях Ірляндыя была вядомая як Iouerne або Hiverne (у старажытнагрэцкай мове) або Hibernia (у рымскіх хроніках). Апрача таго, у рымскіх крыніцах кельцкае насельніцтва Ірляндыі згвадвалася пад тэрмінам Scotus, ад якога паходзіць сучаснае найменьне роднасных ірляндцам шатляндцаў[2]. Тэрмін гэлы, якім у сучаснай гістарычнай літаратуры пазначаюць плямёны, зь якіх паходзяць гайдэльскія народы (у тым ліку ірляндцы) паходзіць ад валійскага gwyddel «налётчыкі, рабаўнікі», якое ўрэшце было ўспрынятае ўсімі ірляндцамі, але першапачаткова пазначала толькі род дзейнасьці, якімі займаліся гэльскія плямёны Ірляндыі.

Сучасныя тэрміны ірляндцы й Ірляндыя, аднакарэнныя варыяцыі якіх выкарыстоўваюцца ў большасьці сучасных моваў сьвету для пазначэньня ірляндцаў і Ірляндыі, хутчэй за ўсё, паходзяць ад назвы плямёнаў івэрнаў, якія ўпершыню згадваліся ў працах Пталемэя[3]. Шматлікія тагачасныя плямёны Ірляндыі ўтваралі сваю назву ад імя таго ці іншага божышча. На думку шэрагу сучасных ірляндзкіх гісторыкаў гэтыя божышчы першапачаткова ўяўлялі сабою вайсковых лідэраў або каралёў, якія зь цягам часу міталягізаваліся й набывалі аблічча звышнатуральных істотаў.

Легендарнае паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ірляндзкі народны эпас выводзіць паходжаньне ірляндцаў да Міля Гішпанца, сыны якога скарылі Ірляндыю каля І тыс. да н.э.[4] Гэты сюжэт быў пакладзены ў псэўдагістарычную хроніку «Кніга захопаў», якая выводзіла паходжаньне ірляндцаў з Ібэрыі, гэтая ж легенда спрычынілася да таго, што ў папулярнай культуры XVIII ст. ірляндцы згадваліся як мілезійцы[5]. Гэты ж сюжэт актыўна выкарыстоўваўся сярэднявечнымі ірляндзкімі храністамі. Упершыню дадзеныя палажэньні былі распрацаваныя ў працах ірляндзкіх храністаў і паэтаў пэрыяду ХХІ стагодзьдзяў. У ХІ ст. складаецца іншая легендарная хроніка, якая апісвала паходжаньне ірляндцаў — Кніга захопаў. Паводле гэтае хронікі паходжаньне ірляндцаў прасочвалася да сувязяў зь біблейскімі пэрсанажамі, а раньнія продкі ірляндцаў прыбылі на востраў з тэрыторыяў Скіфіі (Сярэдняя Азія) і Пірэнэйскага паўвостраву[6]. Урэшце, іншыя легендарныя творы выводзілі паходжаньне ірляндцаў ад бога Дона, які кіраваў падземным сьветам.

Першым ірляндзкім летапісцам, які паставіў пад сумнеў Кнігу захопаў, быў Дуалдус Фірбісіюс, які жыў у XVII ст.

Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: гэлы
Адна зь першых хрысьціянскіх цэркваў у Ірляндыі, паўвостраў Дынгл (паўднёвы захад Ірляндыі).
Ірляндцы ў традыцыйнай вопратцы, канец XVI ст.

Паводле рымскіх гістарычных сьведчаньняў гэлы ўжо ў часы існаваньня Рымскай імпэрыі ўтваралі прынамсі шаснаццаць пляменных аб’яднаньняў[7]. Рымская імпэрыя так і не прыступіла да заваёвы востраву, хоць падобная мажлівасьць таксама разглядалася[7]. Разам з тым, гэлы не пражывалі ў поўнай ізаляцыі ад навакольля й падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з суседнімі рэгіёнамі, нярэдка прыбягаючы да рабаўнічых выправаў[8]. З гэтай эпохі на тэрыторыі Ірляндыі вядомы інстытут Вярхоўнага караля, які меў агульную ўладу над пляменнымі каралеўствамі Ірляндыі.

У часы V ст. н.э. гэлы зварачаюцца ў хрысьціянства, пры гэтым усе сацыяльныя інстытуты гэльскага грамадзтва засталіся практычна нязьменнымі[9].

У гэтыя ж часы плямёны гэлаў, вядомыя ў лацінскіх сьведчаньнях як скоты, перасяліліся на захад Шатляндыі, дзе імі ў гэтым жа стагодзьдзі на заходнім узьбярэжжы Шатляндыі было заснаванае каралеўства Дал Рыяда[10][11]. У 843 годзе ўплыў гэлаў у Шатляндыі спрычыніўся да таго, што каралеўства піктаў — ранейшага насельніцтва Шатляндыі, аб’ядналася са скотамі ў адзіную дзяржаву, якая атрымала назву Шатляндыя. Такім чынам, плямёны гэлаў Ірляндыі, якія заклалі пачатак будучаму ірляндзкаму этнасу, дзякуючы перасяленьню ў Шатляндыю й наступнай асыміляцыі нягэльскага насельніцтва, таксама ўтварылі падмурак будучага этнасу шатляндцаў. Пры гэтым тэрмін скоты паступова набыў значэньне выключна гэльскіх жыхароў Шатляндыі. Супраць дадзенае гістарычнае канцэпцыі выступае археоляг Эван Кэмпбэл, які зьвяртае ўвагу на адсутнасьць археалягічных або тапанімічных доказаў на карысьць падобнага ўварваньня[12].

Па пераходзе гэлаў у хрысьціянства ў Эўропе разгортваюць асьветніцкую дзейнасьць місіянэры з Ірляндыі. У хрышчэньні піктаў удзельнічаў ірляндзкі місіянэр Калюмба. Іншыя ірляндзкія місіянэры спрычыніліся да заснаваньня абацтваў Аёна (захад Шатляндыі) і Бобіё (Італія), а таксама манастыра Сьв. Гала (Швайцарыя). З часоў Карла Вялікага ў тагачасную Франскую дзяржаву перабіраецца вялікая колькасьць ірляндзкіх інтэлектуалаў, адным з найзначнейшых зь якіх быў Ян Скотус Эрыюгена, які працаваў у галіне філязофіі й перакладаў[13].

У ІХХ стагодзьдзях востраў Ірляндыя зьведвае актыўны наплыў вікінгаў, што стала прычынай узьнікненьня сучасных буйных гарадоў востраву такіх як Корк, Дублін, Лімэрык і Ўатэрфорд. Часта на гэтых жа месцах існавалі ранейшыя гэльскія паселішчы, але іх узровень урбанізацыі быў параўнальна меншым, ніж паселішчы вікінгаў. Вікінгі пакінулі некаторы гаспадарчы й моўны ўплыў на гэльскае насельніцтва, але разам з тым шырока практыкаваліся выкраданьні насельніцтва ў якасьці рабоў. Прыкладам, у ісьляндзкай Сазе аб людзях з Ласосьсяй даліны апісваюцца «рабы арыстакратычнага паходжаньня, якія паходзяць ад ірляндзкіх каралёў»[14]. Згодна з Сагай аб Эрыку Рудым, першым эўрапейскім дзіцём, якое нарадзілася ў Паўночнай Амэрыцы, быў сын скандынаўскай каралевы Дубліну й гэльскага раба[15].

Засваеньне англа-нарманамі паўночнай і ўсходняй Ірляндыі ў другой палове ХІ ст. прынесла ў Ірляндыю таксама насельніцтва валійскага, флямандзкага, англасаксонскага й брэтонскага паходжаньня. Большая іх частка была асыміляваная ўжо ў XV ст. ва ўмовах яўнае перавагі кельцкага насельніцтва, выключэньнем чаму стаў Пэйл — умацаваная калёнія ангельцаў у навакольлях Дубліну, якая захоўвалася ўключна да поўнага падпарадкаваньня востраву ангельцамі[9].

З пачатку XVI ст. паводле сьведчаньняў ангельцаў увесь востраў Ірляндыя быў падзелены на каля дзевяноста ўдзельных уладаньняў, шэсьцьдзясят зь якіх былі ірляндзкімі, астатнія трыццаць уяўлялі сабою ўладаньні ангельцаў[9]. Пачатак ангельскаму ўладаньню быў пакладзены ў другой палове ХІІ ст. дзякуючы матэрыяльным імкненьням ангельскай арыстакратыі. Урэшце ўжо ў XIV ст. большая частка Ірляндыі была ўзятая пад ангельскі кантроль, а ў 1542 годзе было зацьверджанае Каралеўства Ірляндыя, якое кіравалася ангельскім каралём. Акрамя гэтага, ангельскія крыніцы пачынаюць сьведчыць аб росьце сацыяльнага расслаеньня ў ірляндзкім грамадзтве, калі праз эканамічны ціск частай была страта даволі высокага сацыяльнага статусу чалавека[9].

Ірляндыя ў сярэдзіне XV ст.

     землі пад кантролем ірляндцаў

     землі ангельскіх лордаў

     Пэйл

Моцны культурны ўплыў адыгрывалі веды па радаводзе, што абумоўлівалася кланавым падзелам ірляндзкага грамадзтва[9]. Шырока разьвіваліся юрыспрудэнцыя, гісторыя, генэалёгія й традыцыі гістарыяграфіі. У гэты пэрыяд вядомыя патэычныя дынастыі О’Далі і МакГрэт, дынастыі лекараў О’Брыенсаў ды МакКалім-Мораў. Дасьледчай дынастыяй МакФірвісі, чальцом якой быў гісторык Дуалдус Фірбісіюс, быў складзены вялікі радаводны збор, у якім апісваліся тагачасныя рады й сем’і Ірляндыі. Ірляндзкія лекары карысталіся пэўным попытам у Ангельшчыне, Гішпаніі, Партугаліі й Нідэрляндах[16]. Іншыя навукоўцы самастойна прыходзілі да навуковых дасьледаваньняў: адным зь вядомых падобных дасьледчыкаў быў пісец Руайры О’Луінін, які ў XV ст. склаў асобную гістарычную хроніку, г.зв. Аналы Ольстэру[17].

Англа-шатляндзкая калянізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля канчатковага падпарадкаваньня Ірляндыі Ангельшчыне ангельскі кароль Якуб І, а таксама тагачасны лорд-пратэктар Олівэр Кромўэл і кароль Шатляндыі Вільгельм ІІІ Аранскі ў пачатку XVII ст. прыступілі да палітыкі прыцягненьня ангельскіх і шатляндзкіх пратэстанцкіх каляністаў на востраў, пры гэтым асабліва пасьпяховым гэты працэс стаўся ў гістарычным рэгіёне Ольстэр, які ахопліваў поўнач Ірляндыі. У мэтах калянізацыі прыцягваліся таксама французы-гугеноты. Найбольш трывалым працэс калянізацыі Ірляндыі апынуўся толькі ў Ольстэры, у астатніх гістарычных рэгіёнах востраву — Конахце, Лэнстэры й Манстэры — большасьць насельніцтва дагэтуль працягвалі захоўваць ірляндцы-каталікі. Цягам наступных стагодзьдзяў пратэстанцкая грамада гэтых трох гістарычных рэгіёнаў зазнавала асыміляцыю з боку ірляндцаў з прычыны параўнальна маленькае колькасьці гэтых перасяленцаў, а таксама дзеяньня ў рэгіёне папскае булы Ne Temere, якая абавязвала хрысьціць у каталіцтва ўсіх дзяцей, якія нарадзіліся ўнутры шлюбу каталіка зь некаталіком.

Нацыянальны рух[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньняя заваёва востраву ангельцамі, наступнае за гэтым прыцісканьне каталіцкае большасьці сярод ірляндзкага насельніцтва, а таксама іншыя рэпрэсійныя культурныя й вайсковыя захады ангельскіх (потым — вялікабрытанскіх) уладаў спрычыніліся да шэрагу буйных паўстаньняў, якія адбываліся на тэрыторыі востраву.

Паўстаньні адбываліся галоўным чынам з прычыны прыцісканьня каталіцкага насельніцтва, часам набываючы нацыянальна-вызвольны характар. Першае падобнае паўстаньне адбылося ў 1534 годзе на чале з кланам Фіцджэралдаў, падчас іншых паўстаньняў, у прыватнасьці, у часы паўстаньня 1641 году ірляндзкія паўстанцы блізу дзесяці гадоў утрымлівалі амаль усю тэрыторыю востраву пад уласнай уладай, фактычна заснаваўшы дзяржаву на падкантрольных ім тэрыторыях. Тым ня менш, усе паўстаньні прыціскаліся ўладамі Вялікабрытаніі. У гэтую ж эпоху разьвіцьцё атрымліваюць таемныя таварыствы Ірляндыі, якія засноўваліся пераважна на рэспубліканскіх поглядах.

У 1801 годзе ўрад Вялікабрытаніі, а таксама пераважна прабрытанскі й фактычна кантраляваны Вялікабрытаніяй урад Ірляндыі абвясьцілі стварэньне Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі й Ірляндыі. У 1829 годзе быў прыняты г.зв. Біль аб эмансыпацыі каталікоў, які дазволіў ірляндцам займаць дэпутацкія пасады ў брытанскім парлямэнце. Тым ня менш, асноўныя кіроўчыя пасады Ірляндыі дагэтуль было забаронена займаць каталікам. Шматлікія гэтыя дасягненьні былі атрыманыя дзякуючы дзейнасьці вядомага тагачаснага ірляндзкага палітыка Дэніела О’Конэла, які таксама намагаўся дабіцца скасаваньня Акту аб Уніі між Вялікабрытаніяй і Ірляндыяй[18].

У сярэдзіне ХІХ ст. у Вялікабрытаніі разгортваецца сыстэма агульнай сярэдняй адукацыі, якая ажыцьцяўлялася на ангельскай мове ў тым ліку на тэрыторыі Ірляндыі. Неэфэктыўная эканамічная палітыка ўраду, а таксама хваробы расьлінаў выклікалі г.зв. Вялікі Голад, які цягнуўся з 1845 па 1852 гг. У сукупнасьці дадзеныя акалічнасьці спрычыніліся да істотнага пашырэньня ўжываньня ангельскае мовы сярод мясцовага насельніцтва, а таксама адтоку насельніцтва за мяжу, дзякуючы чаму была закладзеная аснова для ўтварэньня дыяспары ірляндцаў англамоўных краінаў.

Практычна цягам усяго пачатку ХХ ст. палітычныя рухі, прыхільныя ідэям ірляндзкага нацыяналізму разгарнулі рух па наданьні Ірляндыі мясцовага самакіраваньня, што прывяло да пашырэньня аўтаноміі Ірляндыі паводле Акту аб ураду Ірляндыі 1914 году. Адначасова гэта прыводзіла да сутычак зь юніяністамі, якія мелі надзвычай моцную падтрымку ў Ольстэры, дзе большасьць насельніцтва складалі ляяльныя брытанскаму ўраду ангельцы й шатляндцы. У 1918 годзе на выбарах у ірляндзкі парлямэнт перамогу атрымала ірляндзкая нацыяналістычная партыя Шын Фэйн, якая ўрэшце абвясьціла на тэрыторыі ўсяго востраву Ірляндзкую Рэспубліку. Абвяшчэньню незалежнасьці рушылі ўсьлед узброеныя канфлікты з ольстэрскімі юніяністамі і разьвязаньне новаўтворанай Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміяй партызанскай вайны.

У 1922 годзе ўрады Ірляндыі й Вялікабрытаніі пагадзіліся на ўзаемны мір, згодна зь якім Ірляндыя атрымлівала статус дамініёну (незалежнай дзяржавы, кіраванай брытанскім манархам) пад назвай Ірляндзкая Вольная Дзяржава, а Паўночная Ірляндыя (шэсьць графстваў гістарычнага Ольстэру, дзе большасьць ад насельніцтва складалі неірляндзкія пратэстанты) атрымлівала мажлівасьць выйсьці са складу Ірляндыі, чым рэгіён неўзабаве скарыстаўся. З 1922 па 1923 гады між урадам Ірляндзкае Вольнае Дзяржавы й іх вялікабрытанскімі хаўрусьнікамі ды Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміяй вялася грамадзянская вайна, падчас якой апошняя ставіла на мэце поўную дзяржаўную незалежнасьць Ірляндыі й атрыманьне статусу рэспублікі, аднак перамогу ў вайне атрымаў урад Ірляндзкае Вольнае Дзяржавы. З падзелам Ірляндыі каталікі складалі 92,6% ад насельніцтва Ірляндзкае Вольнае Дзяржавы[19].

З 1937 году Ірляндыя на канстытуцыйным узроўні адмовілася ад назвы Ірляндзкая Вольная Дзяржава, у 1949 годзе была абвешчаная рэспубліка, а дзяржава пакінула брытанскую Садружнасьць нацыяў.

Дзейнасьць ірляндзкіх арганізацыяў (у тым ліку ўзброеных) вялася таксама ў Паўночнай Ірляндыі, дзе ім супрацьстаялі ўзброеныя арганізацыі пратэстанцкага насельніцтва. Канфлікт у Паўночнай Ірляндыі скончыўся толькі напрыканцы ХХ ст. дзякуючы ўзаемнаму складаньню зброі з боку праірляндзкіх і прабрытанскіх груповак, у выніку гэтага ў Паўночнай Ірляндыі ў 1999 годзе было скасаванае прамое кіраваньне, а рэгіён, як і іншыя астатнія тры часткі Вялікабрытаніі, атрымаў вялікую ступень культурнай, моўнай і ўрадавай аўтаноміі.

Генэтычныя паказчыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Генэтычныя дасьледаваньні паказваюць роднасьць ірляндзкіх носьбітаў спрадвечных ірляндзкіх прозьвішчаў з мужчынскім насельніцтвам Партугаліі й паўночна-заходняй Гішпаніі паводле Y-храмасомы[20].

Сярод гаплягрупаў найбольшую частасьць паказвае гаплягрупа R1b, дзель якой у насельніцтве Ірляндыі складае каля 90% і набліжаецца да 100% у заходняй Ірляндыі[21]. Гэтая ж гаплягрупа мае надзвычай высокую частасьць у прыатлянтычнай Эўропе, асабліва ў іншых кельцкіх рэгіёнах (Ўэйлз, Шатляндыя, Брэтанія), а таксама ў Краіне Баскаў. Дадзеныя зьвесткі дазволілі шэрагу генэтыкаў высунуць гіпотэзу, паводле якой ірляндцы разам з усім насельніцтвам Брытанскіх астравоў паходзяць зь Пірэнэйскага паўвостраву[22][23]. Некаторыя іншыя генэтыкі мяркуюць, што гаплягрупа зьвязаная з палеалітычнымі міграцыямі насельніцтва, іншыя дасьледаваньні прыпісваюць гэтую гаплягрупу нэалітычнаму пэрыяду[24][25].

Расьсяленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачатковым арэалам сучаснага плямёнаў гэлаў, а таксама будучага ірляндзкага этнасу зьяўляўся востраў Ірляндыя. Шырокая калянізацыя поўначы востраву, а таксама ўзмацненьне міграцыі ірляндцаў у іншыя англамоўныя краіны, спрычыненыя эканамічнымі прычынамі XVIIIХІХ стагодзьдзяў, прывялі да значнага зьмяншэньня адсоткавае дзелі этнічных ірляндцаў на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Ірляндыі, а таксама да ўзьнікненьня значных дыяспараў ірляндзкага паходжаньня ў англамоўных краінах, сукупная колькасьць якой пераўзыходзіць колькасьць этнічных ірляндцаў уласна ў Ірляндыі.

Агульная колькасьць ірляндцаў у сьвеце налічвае каля 80 млн. чал.[26] Найбольш заўважна ірляндзкая дыяспара прадстаўленая ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, значныя дыяспары таксама існуюць у краінах Карыбскага басэйну.

Краінай, у якой пражывае найбольшая колькасьць этнічных ірляндцаў, зьяўляецца ЗША, дзе насельніцтва, якое сьцьвярджае пра сваю нацыянальную прыналежнасьць да ірляндзкага этнасу або мае ірляндзкае паходжаньне, згодна са зьвесткамі на 2007 год налічвае больш за 40 млн. чал., пасьля якіх ідуць Вялікабрытанія (каля 14 млн. чал.)[27], Аўстралія (блізу 7 млн. чал.)[28] і Канада з колькасьцю этнічных ірляндцаў у 4 544 870 чалавек[29]. Ірляндцы ЗША зьяўляюцца другой паводле колькасьці этнічнай групай ЗША за выняткам немцаў, у Канадзе ірляндцы саступаюць ангельцам, французам і шатляндцам, у Аўстраліі насельніцтва з ірляндзкай самаідэнтыфікацыяй саступае толькі ангельцам і аўстралійцам.

Усім гэтым краінам саступае ўласна Рэспубліка Ірляндыя, дзе колькасьць этнічных ірляндцаў налічвае 3 927 143 чалавек або 86,78% ад насельніцтва краіны[30].

Іншым рэгіёнам, дзе назіраецца прыкметная колькасьць насельніцтва, якое ўказвае сваю нацыянальную прыналежнасьць да ірляндцаў, зьяўляецца Паўночная Ірляндыя, дзе насельніцтва, якое вызначыла сваю нацыянальную прыналежнасьць да ірляндцаў, складае 513 390 чалавек або 28,35% ад насельніцтва рэгіёну[31]. Насельніцтва, якое аддае перавагу ірляндзкай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, пераважае ў асноўным у адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках усходу й часткова поўдня Паўночнай Ірляндыі.

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адсоткавая дзеля асобаў, якія размаўляюць на ірляндзкай штодня, ад насельніцтва Рэспублікі Ірляндыя.
Асноўны артыкул: ірляндзкая мова

Нацыянальная мова, якая гістарычна выкарыстоўвалася большасьцю ірляндцаў — ірляндзкая мова, якая належыць да гайдэльскае падгрупы астраўной групы кельцкай галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, асабліва роднасная шатляндзкай кельцкай і мэнскай мовам, разам зь якімі паходзіць ад старажытнаірляндзкае мовы.

З ХІІХІІІ ст. умоўна аддзяляюць раньнюю ірляндзкую мову ад старажытнаірляндзкай, аднак і да гэтага часу ў Ірляндыі была разьвітая культура пісьмовасьці, якая выяўлялася ў працяглай гісторыі выкарыстаньня лацінскага альфабэту (прыкладна з V ст. н.э.). Раньнеірляндзкая мова пасьля старажытнаірляндзкай функцыянавала як агульная літаратурная мова Шатляндыі й Ірляндыі, ужо з XVII ст. на творах такіх пісьменьнікаў як Джэфры Кітынг бачнае адасабленьне сучаснай ірляндзкай мовы ад раньнеірляндзкай. З XVIII ст. пад ціскам ангельскамоўных адукацыі й адміністрацыі ірляндзкая мова зьнікае на ўсходзе востраву[32]. Зь сярэдзіны наступнага стагодзьдзя ангельская мова становіцца моваю набажэнстваў, сярэднае клясы й інтэлігенцыі, была пакладзеная забарона на вывучэньне мовы ў школах[33].

Сучасная мова мае тры дыялекты, кожны зь якіх адпавядае гістарычным рэгіёнам Ольстэр, Конахт і Манстэр. Гістарычны рэгіён Лэнстэр (усход востраву) мела ольстэрскі дыялект (поўнач рэгіёну), манстэрскі дыялект (поўдзень) і групу ўласных гаворак (цэнтар). Сучасная літаратурная мова створаная ў сярэдзіне ХХ ст. і заснаваная ў асноўным на конахцкім дыялекце.

Напрыканцы ХІХ ст. нацыянальныя ірляндзкія арганізацыі разгарнулі дзейнасьць па адраджэньні мовы й пашырэньні яе выкарыстаньня[34]. Галоўнай арганізацыяй па адраджэньні мовы стала Гэльская Ліга, якая таксама намагалася адрадзіць іншыя ірляндзкія нематэрыяльныя культурныя традыцыі.

Па атрыманьні незалежнасьці Ірляндыі ірляндзкая мова была прызнаная адной зь дзяржаўных моваў нароўні з ангельскай, у 1926 годзе была распрацаваная праграма па асабліва пільнай увазе да мовы ў гэлтахтах — рэгіёнаў захаду й поўдня востраву, дзе мова працягвала выкарыстоўвацца як мова большасьці насельніцтва[35]. На цяперашні час на ірляндзкай мове стала размаўляе толькі каля 2% ад насельніцтва Рэспублікі Ірляндыя, аднак у краіне актыўна разьвіваецца мэдыя-індустрыя на ірляндзкай мове, ірляндзкамоўная адукацыя, указальнікі й тапонімы гэлтахтаў публікуюцца выключна на ірляндзкай мове. Апрача таго, згодна з Бэлфасцкімі пагадненьнямі й Эўрапейскай Хартыяй рэгіянальных моваў або моваў меншасьцяў ірляндзкая мова мае рэгіянальную падтрымку й у Паўночнай Ірляндыі.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нематэрыяльная культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У эпоху Асьветніцтва ў ірляндзкім асяродзьдзі ўзьнікла прыкметная колькасьць дзеячоў культуры й навукі, якія дзейнічалі ў галінах натуральных навук або ў разнастайных галінах творчасьці.

Ірляндзкае паходжаньне меў брытанскі фізык Джордж Дж. Стоўні, які ўпершыню сфармуляваў панятак пра электрон, акрамя таго, адным з заснавальнікаў сучаснае хіміі лічыцца нараджэнец ірляндзкага Лісмару Робэрт Бойль. Таксама да ірляндзкага этнасу належаў гідрограф Фрэнсіс Бафорт, які зьяўляецца вынаходнікам шкалы Бафорта.

Ірляндзкая бардаўская сыстэма нацыянальнае літаратуры пасьля англа-шатляндзкае калянізацыі практычна прыйшла ў заняпад напрыканцы XVII ст. Асаблівасьцю ірляндзкае літаратуры наступных пэрыядаў зьяўляўся пераход на народныя дыялекты ў ірляндзкамоўнай творчасьці й пашырэньне ангельскамоўнай ірляндзкай літаратуры, чаму спрыяла істотная моўная асыміляцыя ўсяго востраву. Ірляндзкае паходжаньне маюць сусьветна вядомыя клясычныя пісьменьнікі Джанатан Сўіфт, Лоўрэнс Стэрн, Олівэр Голдсьміт і Брэм Стокер.

Традыцыйная кухня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З часоў Сярэднявечча засьведчана, што ў ірляндзкай кухні для прыгатаваньня напояў часта выкарыстоўваўся мёд, спажывалася саланіна, якая гатавалася ў вадзе з наступным укладаньнем гарачых камянёў. Жыхары паселішчаў, заснаваных вікінгамі, спажывалі сьвініну, ялавічыну, бараніну, рыбу й малюскаў, шырока выкарыстоўваліся ягады, крупы. З XVI ст. набывае распаўсюджаньне бульба, якая стала вельмі эканамічна выгодным прадуктам спажываньня, а празь нястачу мяса для звычайнага насельніцтва часта выкарыстоўваліся субпрадукты й кроў. У 1880 годзе ў Ірляндыі зьяўляюцца крамы, дзякуючы якім мясцовае жыхарства магло разнастаіць рацыён. У ХХ ст. Міртл Алэн здолеў папулярызаваць ірляндзкія традыцыйныя рэцэпты, сучасныя традыцыйныя стравы ўключаюць у сябе ірляндзкае рагу, кодл (розныя віды мясных прадуктаў, тушаныя з бульбай) і г.зв. ірляндзкі сьняданак. Папулярныя рыба са смажанай бульбай, якія на поўначы вядомыя як «рыбная вячэра». Разьвітая культура спажываньня алькагольных напояў, існуюць даўнія броварныя традыцыі й традыцыі прыгатаваньня віскі.

Паданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ірляндзкай міталёгіі вялікую ролю адыгрываюць паняткі аб міталягічных істотах (лепрэконы) і паданьні аб міталягічным паходжаньні шэрагу формаў рэльефу востраву (азёраў, астравоў, падобным жа чынам апісваецца ўзьнікненьне прыроднага скальнага комплексу, вядомага як Дарога Гігантаў). Таксама папулярныя паданьні на гістарычную тэматыку.

Адным зь найвядомейшых традыцыйных сьвятаў лічыцца Гэлаўін[36]. Гэтае ж сьвята прыжылося ў ЗША дзякуючы маштабнай міграцыі ірляндцаў у гэтую краіну.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць насельніцтва сучаснай Ірляндыі, за выняткам вялікабрытанскае часткі, належаць да каталіцкага вызнаньня хрысьціянства. Хрысьціянства было прынесенае ў Ірляндыю надзвычай рана, у часы V ст. н.э. або нават раней[37]. Традыцыйным царкоўным заступнікам Ірляндыі лічыцца Сьвяты Патрык[38], дзень якога сьвяткуецца таксама ў краінах, дзе існуе значная ірляндзкая дыяспара

Імя, прозьвішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На цяперашні час большая частка сучасных ірляндцаў носіць пераважна імёны хрысьціянскага паходжаньня, якія маюць грэцкую, лацінскую або старажытнагабрэйскую этымалёгіі. Як правіла, ірляндзкае імя ў большасьці моваў сьвету пераймаецца празь ягоную ангельскую форму й напісаньне.

Ірляндцы сталі адным зь першых народаў сучаснай Эўропы, які стаў выкарыстоўваць прозьвішчы ў сучасным разуменьні гэтага панятку[39]. Аналягічна ірляндзкім імёнам, пры перайманьні ірляндзкага прозьвішча ў большасьці сучасных моваў выкарыстоўваецца ягоная ангельская форма. Тыповыя ірляндзкія прозьвішчы маюць прыстаўку Мак «сын» або О «унук», акрамя таго, прыстаўка Мак мае часьцейшае выкарыстаньне ў Ольстэры й Шатляндыі, пры гэтым прыстаўка О часьцей ужываецца ў Ірляндыі. Жаночы аналяг прыстаўкі Мак мае выгляд Нік або, пры наяўнасьці зычнага ў пачатку прозьвішча, Ні. Пры выкарыстаньні адносна асобы жаночае плоці прыстаўка О замяняецца таксама на Нік, пры гэтым у англіцызаваных формах на замену гэтай прыстаўцы прыходзіць прыстаўка Мак або О на ўзор асобы мужчынскае плоці. Гістарычна распаўсюджанай зьявай была зьмена прозьвішча, калі нашчадкі кланавага правадыра ў якасьці прозьвішча атрымлівалі ягоны тытул.

Пераважная колькасьць прозьвішчаў мае гэльскае паходжаньне, шэраг прозьвішчаў з гістарычных прычынаў паходзіць ад скандынаўскіх імёнаў (МакСўіні, МакОліфі). Скандынаўскае паходжаньне таксама маюць імёны Котэр і Рэйналдз.

Досыць распаўсюджанай прыстаўкай ірляндзкага паходжаньня зьяўляецца прыстаўка Фіц, якая бярэ сваё паходжаньне ад нармандзкага fils «сын», дзякуючы нармандзкаму ўплыву таксама атрымала распаўсюджаньне тыпова раманская прыстаўка дэ ў такіх прозьвішчах як дэ Бэры, дэ Стэк, дэ Ландэрз, дэ Ўайт і да т.п. Прозьвішчы Ўолш, Грыфін і Грыфіт маюць валійскае паходжаньне.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Driscoll, K. The early prehistory in the west of Ireland: Investigations into the social archaeology of the Mesolithic, west of the Shannon, Ireland. — M.Litt. Thesis. Department of Archaeology, National University of Ireland, Galway, 2006.
  2. ^ Donald MacAulay. The Celtic Languages. — 1992. — С. 2. — 466 с.
  3. ^ John T. Koch. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABC-CLIO, 2005. — С. 709.
  4. ^ MacManus, p. 1 & 7
  5. ^ MacManus, p. 1
  6. ^ Boylan, Henry. A Dictionary of Irish Biography. — 3rd ed. — Dublin: Gill and MacMillan, 1998. — С. xvi. — ISBN 0-7171-2945-4
  7. ^ а б MacManus, p. 86
  8. ^ MacManus, p. 87
  9. ^ а б в г д Nicholls, Kenneth W. Gaelic and Gaelicised Ireland in the Middle Ages. — Gill and Macmillan, 1972. — ISBN 0-7171-0561-X
  10. ^ Jones, Charles. The Edinburgh history of the Scots language. — Edinburgh University Press, 1997. — С. 551. — ISBN 978-0-7486-0754-9
  11. ^ Nora Kershaw Chadwick, Myles Dyllon. The Celtic Realms. — Weidenfeld & Nicolson, 1972. — С. 66. — ISBN 978-0-7607-4284-6
  12. ^ Ewan Campbell. Were the Scots Irish? // Electric Scotland.
  13. ^ John Scottus Eriugena // Stanford Encyclopedia of Philosophy. — Stanford University, 2003.
  14. ^ Smiley, p. 274
  15. ^ Smiley, p. 630
  16. ^ MacManus, p. 348
  17. ^ Jefferies, Dr. Henry A. Culture and Religion in Tudor Ireland, 1494–1558. — University College Cork, 2008.
  18. ^ Kee, Robert. The Green Flag. — London: Weidenfeld and Nicholson. — С. 1972. — 187-243 с.
  19. ^ M. E. Collins. Ireland 1868–1966. — 1993. — С. 431.
  20. ^ Brian McEvoy, Martin Richards, Peter Forster, Daniel G. Bradley. The Longue Durée of Genetic Ancestry: Multiple Genetic Marker Systems and Celtic Origins on the Atlantic Facade of Europe // National Center for Biotechnology Information. — 2004. — В. 75. — № 4. — С. 693-702.
  21. ^ L. David Roper. Y-Chromosome Biallelic Haplogroups // The Journey of Man, A Genetic Odyssey. — 2007. — С. 182.
  22. ^ Stephen Oppenheimer. The Origins of the British – A Genetic Detective Story. — Constable and Robinson, 2006. — ISBN 1-84529-158-1
  23. ^ Sykes, Bryan. Blood of the Isles: Exploring the Genetic Roots of Our Tribal History. — Bantam: 2006. — ISBN 0-593-05652-3
  24. ^ B. Bramanti1, M. G. Thomas, W. Haak, M. Unterlaender, P. Jores, K. Tambets, I. Antanaitis-Jacobs, M. N. Haidle, R. Jankauskas, C.-J. Kind, F. Lueth, T. Terberger, J. Hiller, S. Matsumura, P. Forster, J. Burger. Genetic Discontinuity Between Local Hunter-Gatherers and Central Europe’s First Farmers // Science. — 2009. — В. 329. — № 5949. — С. 137-140.
  25. ^ Helena Malmström, M. Thomas P. Gilbert, Mark G. Thomas, Mikael Brandström, Jan Storå, Petra Molnar, Pernille K. Andersen, Christian Bendixen, Gunilla Holmlund, Anders Götherström8email, Eske Willerslev. Ancient DNA Reveals Lack of Continuity between Neolithic Hunter-Gatherers and Contemporary Scandinavians // Current Biology. — 2009. — В. 19. — № 20. — С. 1758-1762.
  26. ^ The island history(анг.) ireland.com Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  27. ^ One in four Britons claim Irish roots // BBC News. — 2001.
  28. ^ Minister for Foreign Affairs, Dermot Ahern T.D., announces Grants to Irish Community Organisations in the Southern Hemisphere(анг.). Дэпартамэнт замежных справаў і гандлю Рэспублікі Ірляндыя (2007). Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  29. ^ 2011 National Household Survey: Data tables(анг.). Statistics Canada (2011). Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  30. ^ Population Usually Resident and Present in the State by Religion and Nationality, 2011(анг.). Central Statistics Office (2011). Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  31. ^ Table DC2240NI: National identity (classification 2) by religion or religion brought up IN. All usual residents(анг.). Northern Ireland Neighbourhood Information Service. Праверана 21 ліпеня 2014 г.
  32. ^ De Fréine, Seán. The great silence. — Mercier Press, 1978. — ISBN 0-85342-516-7, 9780853425168
  33. ^ Ó Gráda, Cormac. 34 // Cé Fada le Fán. — Dublin Review of Books. — 2013.
  34. ^ McMahon, Timothy G. Grand Opportunity: The Gaelic Revival and Irish Society, 1893-1910. — Syracuse University Press, 2008. — С. 130-131. — ISBN 978-0-8156-3158-3
  35. ^ John T. Koch. Gaeltacht // Celtic culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 778. — 1825 с.
  36. ^ Arnold, Bettina. Bettina Arnold – Halloween Lecture: Halloween Customs in the Celtic World. — Halloween Inaugural Celebration. — University of Wisconsin–Milwaukee: Center for Celtic Studies, 2001.
  37. ^ Rogers, Jonathan. Saint Patrick. — Thomas Nelson, 2010. — С. 55. — ISBN 978-1-59555-305-8
  38. ^ Von Dehsen, Christian D. Philosophers and Religious Leaders. — Greenwood Publishing, 1999. — С. 150. — ISBN 978-1-57356-152-5
  39. ^ Patrick Woulfe. Sloinnte Gaedheal is Gall: Irish names and surnames. — M. H. Gill & son, 1923. — С. 696.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Aldous, Richard. Great Irish Speeches. — London: Quercus Publishing PLC, 2007. — ISBN 1-84724-195-6
  • Davies, Norman. Europe: A History. — Oxford: Oxford University Press, 1996. — ISBN 0-19-820171-0
  • Ellis, Steven G. Tudor Ireland: Crown, Community, and the Conflict of Cultures, 1470–1603. — Great Britain: Longman, 1985. — ISBN 0-582-49341-2
  • Nicholls, Kenneth W. Gaelic and Gaelicised Ireland in the Middle Ages. — Gill and Macmillan, 1972. — ISBN 0-7171-0561-X
  • Oppenheimer, Stephen. The Origins of the British: A Genetic Detective Story. — Carroll & Graf, 2006. — ISBN 0-7867-1890-0
  • Sykes, Bryan. Blood of the Isles: Exploring the Genetic Roots of Our Tribal History. — DNA, Fossil, 2006. — ISBN 0-593-05652-3
  • Toman, Rolf. The Art of Gothic: Architecture, Sculpture, Painting / photography by Achim Bednorz. — Tandem Verlag GmbH, 2007. — ISBN 978-3-8331-4676-3

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]