Аўгустын
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Сьв. Аўгустын (Блажэнны, па-лацінску: Augustinus Sanctus, поўн. Аўрэлі Аўгустын; 354—430) — філёзаф, прапаведнік, хрысьціянскі багаслоў і палітык. Сьвяты катацкай царквы, лічыцца блажэнным у праваслаўі. Адзін з Айцоў Царквы, аказаў велізарны ўплыў на заходнюю філязофію і каталіцкую тэалёгію. Частка зьвестак пра Аўгусьціны атрыманая зь яго аўтабіяграфічнай «Споведзі» («Confessiones»).
Праз маніхейства, скептыцызм і нэаплятанізм прыйшоў да рымскага хрысьціянства, вучэньне якога аб грэхападзеньні і памілаваньні зрабілі на яго моцнае ўражаньне. У прыватнасьці, ён бароніць (супраць Пелагія) вучэньне аб перадвызначэньні: чалавеку загадзя перадвызначана Богам блажэнства ці пракляцьце. Чалавечая гісторыя, якую А. выкладае ў кнізе «Аб градзе Божым», «першай сусьветнай гісторыі», паводле яго ёсьць барацьба двух варагуючых царстваў — царства прыхільнікаў усяго зямнога, ворагаў Божых, г. зн. сьвецкага царства (civitas terrena ці diaboli), і царства Божага (civitas dei). Пры тым ён атаясамлівае Царства Божае, у адпаведнасьці зь яго зямной формай існаваньня, з рымскай царквой. А. вучыць аб тым, што пры стварэньні сьвету Бог залажыў у матэрыяльны сьвет у зародку формы ўсіх рэчаў, зь якіх яны пасьля самастойна разьвіваюцца. А. стаў пачынальнікам напрамку нэаплятанізму ў хрысьціянскай філязофіі (аўгустынізма), які панаваў у Заходняй Эўропе аж да XIII с., калі яго зьмяніў хрысьціянскі арыстотэлізм Альбэрта Вялікага і Тамаша Аквінскага.
Яго памяць адзначаецца Каталіцкай царковой 28 жніўня, Расейскай праваслаўнай царквой — 15 чэрвеня па ст. стылі.
Зьмест |
[рэдагаваць] Жыцьцяпіс
А. нарадзіўся 13 лістапада 354 г. у афрыканскай рымскай правінцыі Нумідыя, ў Тагасьце (зараз Сук-Арас у Альжыры). Першую адукацыю атрымаў ад хрысьціянкі-маці, аднак яго бацька быў паганцам. У моладзі А. быў цалкам сьвецкім чалавекам, шукаў асалодаў, захапляўся лацінскай літаратурай. Скончыўшы школу ў Тагасьце накіраваўся ў бліжэйшы культурны цэнтар — Мадаўру. Восеньню 370 накіраваўся на трохгадовае навучаньне рыторыцы ў Картаген.
Прага да чагосьці вышэйшага абудзілася ў ім толькі пасьля чытаньня «Hortensius» Цыцэрона. Ён зацікавіўся філязофіяй, пачаў чытаць Біблію, далучыўся да папулярнае тады сэкты маніхеяў, зь якім заставаўся разам каля 10 гадоў, але не знайшоўшы нідзе задавальненьня, амаль зьняверыўся і толькі знаёмства з плятанічнай і нэаплятанічнай філязофіяй дапамагло яму знайсьці выйсьце для сябе. У той самы час выкладаў рыторыку спачатку ў тагасьце, а тады ў Картагене. У «Споведзі» Аўгустын падрабязна спыніўся на 9 гадох, змарнаваных ім на «шалуху» маніхейства. У 383 нават духовы маніхейскі лідэр Фаўст ня даў рады адказаць на яго пытаньні.
Тады ж, у 383 А. ён выправіўся з Афрыкі ў Рым, каб знайсьці настаўніцкую працу ў Рыме, але ўжо ў 384 атрымаў працу настаўнікам красамоўства ў Мэдыяляне (Міляне). Тут, дзякуючы мясцоваму біскупу Амвросію, бліжэй пазнаёміўся з хрысьціянствам, і гэтая акалічнасьць, у зьвязку з чытаньнем пасланьняў апостала Паўла, зрабілі радыкальную перамену ў яго ладзе думак і жыцьця. Гэтай падзеі Каталіцкая царква прысьвяціла нават асобная сьвята (3 траўня).
Прачытаўшы некаторыя трактаты Плоціна на лаціне, А. азнаёміўся з нэаплятанізмам, які прадстаўляў Бога як нематэрыяльнае трансцэндэнтнае Быцьцё. Наведаўшы прапаведзі Амвросія Мэдыялянскага, А. зразумеў рацыянальную перакананасьць раньняга хрысьціянства. Паводле паданьня аднойчы ў садзе А. пачуў голас дзіцяці, які казаў яму наўгад адкрыць пасланьні апостала Паўла, дзе яму патрапілася Пасланьне да рымлянаў. Пасьля таго ён, разам з маткай, братам, абодвума стрыечнымі братамі, сябрам Аліпіем і двумя вучнямі, аддаліўся на колькі месяцаў ў Кассыцыяк, на вілу аднаго зь сяброў. На ўзор цыцэронавых «Тускулянскіх гутарак», А. склаў некалькі філязофскіх дыялёгаў.
На Вялікдзень 387 А. разам з сваім сынам прыняў хрост ад Амвросія. Пасьля вярнуўся ў Афрыку, папярэдне прадаўшы ўсю сваю маёмасьць і амаль цалкам раздаўшы ўсё бедным. Пэўны час прабавіў у строгай самоце кіраўніком духовай грамады і ў 391, уступіўшы ў духовае званьне з санам прэсьвітэра, заняўся дзейнасьцю прапаведніка і ў 395 быў пасвечаны ў біскупы ў Гіпоне.
А. памёр 28 жніўня 430, падчас першай асады Гіпона вандаламі.
Пасьля некалькіх перапахаваньняў парэшткі А. ў 1842 зноў вернутыя ў Альжыр і захоўваюцца ля помніка А. на развалінах Гіпона.
[рэдагаваць] Палітычныя погляды
А. даводзіў перавагу духовай улады над сьвецкай. Дзяржава патрэбная з-за сілы грэхападзеньня чалавека і няздольнасьці самастойна выйсьці на шлях веры. Успрыняўшы вучэньне А., царква абвесьціла сябе зямной часткай Божага града, і пазыцыянавала сябе як вярхоўнага арбітра ў зямных справах.
А. рэзка супрацьпастаўляў царкву і дзяржаву. Сваім меркаваньнем пра тое, што «град зямны», то бок дзяржаўнасьць, зьвязаны з царствам д’ябла, ён паклаў пачатак многім сярэдневечным ерасям. Але адначасова ён абмяркоўваў ідэю абнаўленьня «града зямнога» ў рэчышчы хрысьціянскай цноты: усе формы кіраваньня павінны паважаць Бога і чалавека.
[рэдагаваць] Творы
Самыя вядомыя творы:
- De civitate Dei (Пра град Божы)
- Confessiones (Споведзь), духовая біяграфія
- De Trinitate (Пра Троіцу)
- De libero arbitrio (Аб свабоднай волі)
- Retractationes (Перагляды).
Варта таксама згадаць ягоныя Meditationes, Soliloquia і Enchiridion альбо Manuale.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Аўгустын — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

