Аляксандар Салжаніцын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Аляксандар Салжаніцын
Александр Солженицын
А.Салжаніцын у 1994 годзе падчас вяртаньня ў Расею
А.Салжаніцын у 1994 годзе падчас вяртаньня ў Расею
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аляксандар Ісаевіч Салжаніцын
Нарадзіўся 11 сьнежня 1918

Flag of Russian SFSR (1918-1937).svg Кіславодзк, РСФСР
Кіславодзк

Памёр 3 жніўня 2008 (89 гадоў)

Сьцяг РасеіМасква, Расейская Фэдэрацыя
Масква

Грамадзянства Расея
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці расейскі пісьменьнік, публіцыст, гісторык, паэт і грамадзкі дзеяч
Жанр аповесьць, апавяданьне, публіцыстыка, эсэ, раман, «драбняткі», лексыкаграфія
Прэміі Nobel prize medal.svg Нобэлеўская прэмія па літаратуры
Вялікі залаты мядаль імя М. В. Ламаносава Расейскай Акадэміі навук
Вялікая прэмія Францускай Акадэміі маральна-палітычных навук
Ордэн сьвятога Савы

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Расеі

сябар Расейскае Акадэміі навук
'

Алякса́ндар Іса́евіч Салжані́цын (11 сьнежня 1918, Кіславодзк, РСФСР — 3 жніўня 2008, Масква, Расейская Фэдэрацыя) — выбітны расейскі пісьменьнік, публіцыст, гісторык, паэт і грамадзкі дзяяч, савецкі дысідэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Атрымаў шырокую вядомасьць, апрача літаратурных твораў (што, як правіла, закранаюць вострыя грамадзка-палітычныя тэмы), таксама гісторыка-публіцыстычнымі творамі па гісторыі Расеі XIX—XX стагодзьдзяў.

Былы дысыдэнт, цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў (шасьцідзясятыя, сямідзясятыя і васьмідзясятыя гады XX стагодзьдзя) актыўна змагаўся супраць камуністычнага рэжыму ў СССР.

У апошні час стаяў на кансэрватыўных пазыцыях, зьяўляючыся адным з натхняльнікаў праваслаўна-патрыятычнага руху.

Бацька Ігната Салжаніцына, вядомага дырыжэра і піяніста.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства і юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Ісаевіч (Ісаакавіч[1]) Салжаніцын нарадзіўся 11 сьнежня 1918 г. у Кіславодзку. Бацька — Ісаакій Сямёнавіч Салжаніцын, расейскі праваслаўны селянін з Паўночнага Каўказу. Маці — Таісыя Захараўна Шчэрбак, дачка ўкраінскага шляхціча. Бацькі Салжаніцына пазнаёміліся падчас навучаньня ў Маскве і неўзабаве ажаніліся[2]. Ісаакій Салжаніцын падчас Першай сусьветнай вайны пайшоў на фронт дабраахвотнікам і служыў афіцэрам. Ён загінуў да нараджэньня сына, 15 чэрвеня 1918 году, ужо пасьля дэмабілізацыі (у выніку няшчаснага выпадку на паляваньні). Ён апісаны пад імем Сані Лажаніцына ў эпапеі «Чырвонае кола» (на падставе ўспамінаў маці А.Салжаніцына).

Сям’я маці была цалкам разбураная ў выніку бальшавісцкіх канфіскацыяў.

У 1924 годзе Салжаніцын пераехаў з маці ў Растоў-на-Доне, з 1926 па 1936 гады вучыўся ў школы, жывучы надзвычай бедна. Даводзілася хаваць зьвесткі пра службу бацькі ў царскім войску.

У малодшых клясах падвяргаўся кпінам за нашэньне крыжыка і нежаданьне ўступаць у піянэры, атрымаў вымову за наведаньне царквы. Пад уплывам школы шчыра прыняў камуністычную ідэялёгію, у 1936 годзе ўступіў у камсамол. У старэйшых клясах захапіўся літаратурай, пачаў пісаць эсэ й вершы; цікавіўся гісторыяй, грамадзкім жыцьцём. У 1937 годзе задумаў «вялікі раман пра рэвалюцыю» 1917 году.

У 1936 годзе паступіў у Растоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Не жадаючы рабіць літаратуру асноўнай спэцыяльнасьцю, абраў фізыка-матэматычны факультэт. Ва ўнівэрсытэце вучыўся на «выдатна» (сталінскі стыпэндыят), працягваў літаратурныя практыкаваньні, у дадатак да ўнівэрсытэцкіх заняткаў самастойна вывучаў гісторыю і марксізм-ленінізм. Скончыў унівэрсытэт у 1941 годзе з адзнакай.

Ад пачатку літаратурнай дзейнасьці востра цікавіўся гісторыяй Першай Сусьветнай Вайны і сацыялістычнай рэвалюцыі. У 1937 годзе пачаў зьбіраць матар’ялы па «Самсонаўскай катастрофе», напісаў першыя разьдзелы «Жніўня Чатырнаццатага» (з артадаксальных камуністычных пазыцыяў). У 1939 годзе паступіў на завочнае аддзяленьне факультэту літаратуры Інстытуту філязофіі, літаратуры і гісторыі ў Маскве. Перарваў навучаньне ў 1941 годзе ў сувязі з вайной.

Цікавіўся тэатрам, летам 1938 году спрабаваў здаць экзамэны ў тэатральную школу Юрыя Завадзкага, але беспасьпяхова.

У жніўні 1939 году зьдзейсьніў зь сябрамі падарожжа на байдарцы па Волзе. Жыцьцё пісьменьніка з гэтага часу і да красавіку 1945 году — у паэме «Дарожанька» (1948—1952).

27 красавіка 1940 году ажаніўся са студэнткай Растоўскага ўнівэрсытэту Натальляй Рашатоўскай (1918—2003), зь якой пазнаёміўся ў 1936 годзе.

У час вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ня быў адразу мабілізаваны (прызнаны «абмежавана прыдатным» па здароўі). Актыўна дабіваўся накіраваньня на фронт. У верасьні 1941 году разам з жонкай атрымаў разьмеркаваньне школьным настаўнікам у Марозаўск Растоўскай вобласьці, аднак ужо 18 кастрычніка быў прызваны і накіраваны ў грузавы конны абоз шарагоўцам. Падзеі лета 1941 — вясны 1942 году апісаныя Салжаніцыным у няскончанай аповесьці «Любі рэвалюцыю» (1948).

Намагаўся атрымаць накіраваньне ў афіцэрскую вучэльню, у красавіку 1942 году быў накіраваны ў артылерыйскую вучэльню ў Кастраму[3]; у лістападзе 1942 году выпушчаны лейтэнантам, накіраваны ў Саранск, дзе разьмяшчаўся запасны полк па фармаваньні дывізіёнаў артылерыйскай інструмэнтальнай выведкі.

У дзейсным войску зь лютага 1943 году, служыў камандзірам батарэі гукавой выведкі 794 Асобнага армейскага выведвальнага артылерыйскага дывізіёну (пазьней — 68 Сэўска-Рэчыцкай 2-ога Беларускага фронту (палявая пошта № 07900 «Ф»). Баявы шлях — ад Арла[4] да Ўсходняй Прусыі[5]. Быў уганараваны ардэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, у лістападзе 1943 году атрымаў чын старэйшага лейтэнанта, у чэрвені 1944 году — капітану.

На фронце вёў вайсковыя дзёньнікі, шмат пісаў, адсылаў свае творы маскоўскім літаратарам для рэцэнзаваньня; у 1944 годзе атрымаў добразычлівы водгук Б. А. Лаўранёва.

Арышт і зьняволеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На фронце Салжаніцын працягваў цікавіцца грамадзкім жыцьцём, аднак стаў крытычна ставіцца да Сталіна (за «перайначаньне ленінізму»); у ліставаньні са старым сябрам (Мікалаем Віткевічам) непаважна выказваўся пра «Пахана», пад якім угадваўся Сталін, захоўваў у асабістых рэчах складзеную разам зь Віткевічам «рэзалюцыю», у якой параўноўваў сталінскія парядкі з прыгонным правам і казаў пра стварэньне пасьля вайны «арганізацыі» для аднаўленьня так званых «ленінскіх» нормаў. Лісты выклікалі падазрэньне вайсковай цэнзуры, і ў лютым 1945 Салжаніцын і Віткевіч былі арыштаваныя.

Чэскі журналіст Т. Ржэзач (аўтар распаўсюджванай на Захадзе кнігі «Сьпіраль здрады Салжаніцына», якая зьявілася «вынікам добрасумленнае працы аўтара і настойлівай сумеснай працы зь ім супрацоўнікаў 10 Управы МУС ЧССР і 5 Управы КГБ СССР»[6]), вылучыў вэрсыю пра «самаданос», у якім Салжаніцын, апрача сябе, абвінаваціў чатырох чалавек, адзін зь якіх, Н.Віткевіч, быў асуджаны на дзесяць год[7].

Пасьля арышту Салжаніцын быў дастаўлены ў Маскву; 27 ліпеня завочна асуджаны Асобай нарадай да 8 год выпраўленча-працоўных лягероў (па артыкуле 58, пункт 10, частка 2, і пункт 11 Крымінальнага Кодэксу РСФСР).

У жніўні накіраваны ў лягер у Новы Ерусалім, 9 верасьня 1945 пераведзены ў лягер «Калускія Вароты».

У чэрвені 1946 запатрабаваны ў сыстэму спэцтурмаў 4-га Спэцаддзелу НКВД, у верасьні накіраваны ў спэцінстытут для зьняволеных («шарашку») пры авіяматорным заводзе ў Рыбінску, празь пяць месяцаў — на «шарашку» ў Загорск, у ліпені 1947 — у аналягічную ўстанову ў Марфіна (пад Масквой). Працаваў па спэцыяльнасьці — матэматыкам. У Марфіне Салжаніцын пачаў работу над аповесьцю «Любі рэвалюцыю». Пазьней заключныя дні на Марфінскай шарашцы апісаныя Салжаніцыным у рамане «Ў крузе першым», дзе сам ён выведзены пад імем Глеба Нержына, а ягоныя сукамэрнікі Зьміцер Панін і Леў Копелеў — Зьмітра Салагдзіна і Льва Рубіна.

У сьнежні 1948 жонка завочна разышлася з Салжаніцыным.

У траўні 1950 Салжаніцын быў этапаваны ў Бутыркі (раздрай з кіраўніцтвам «шарашкі»), у жніўні накіраваны ў Стэпляг — асобы лягер у Экібастузе. У лягеры быў шахтарам, муляром, ліцейнікам, некаторы час — брыгадзірам, удзельнічаў у забастоўцы. Пазьней лягернае жыцьцё атрымае літаратурнае ўвасабленьне ў аповедзе «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», а страйк зьняволеных — у кінасцэнары «Ведаюць ісьціну танкі».

У пэрыяд канфлікту Салжаніцыну з савецкімі ўладамі зьяўляюцца інсьпіраваныя КГБ публікацыі пра тое, што ён, знаходзячыся ў зьняволеньні, актыўна супрацоўнічаў з ворганамі МГБ. Тэкст аднаго з данясеньняў[8], нібыта напісаных ім пад псэўданімам Ветраў, быў надрукаваны[9] ў 1990. Сапраўднасьць дакумэнту была дэкляраваная нямецкім крымінолягам Франкам Арнаў, аднак афіцыйна ня высьветленая. Сам Салжаніцын прызнае, што пад ціскам даў пісьмовую згоду на супрацоўніцтва зь лягернай адміністрацыяй і ўзяў на сябе абавязак даносіць пра падрыхтоўку зьняволеных да пабегаў, але сьцьвярджае, што да сапраўднага супрацоўніцтва не дайшло:

…Так і абышлося. Ніводнага разу больш мне не давялося падпісацца «Ветраў». Але й сёньня я паёжваюся, сустракаючы гэтае прозьвішча[10].

Узімку 1952 у Салжаніцына выявілі рак, ён быў праапэраваны ў лягеры.

Вызвалены 13 лютага 1953.

У зьняволеньні Салжаніцын цалкам расчараваўся ў марксізме, зь цягам часу паверыў у Бога і схіліўся да праваслаўна-патрыятычных ідэяў (поўнае адмаўленьне камуністычнай ідэялёгіі, роспуск СССР і стварэньне славянскае дзяржавы на тэрыторыі Расеі, Беларусі і часткі Ўкраіны, усталяваньне ў новай дзяржаве аўтарытарнага ладу з паступовым пераходам да дэмакратыі, накіраваньне рэсурсаў будучай краіны на духоўнае, маральнае і рэлігійнае разьвіцьцё народа, у першую чаргу расейцаў). Ужо на «шарашцы» вярнуўся да пісальніцтва, у Экібастузе складаў вершы, паэмы («Дарожанька», «Прускія ночы») і п’есы ў вершах («Палоньнікі», «Пір пераможцаў») і завучваў іх напамяць.

Пасьля вызваленьня Салжаніцын быў накіраваны ў ссылку на пасяленьне «назаўжды» (сяло Берлік Кактарэцкага раёну Джамбульскай вобласьці, паўднёвы Казахстан)[11]. Працаваў настаўнікам матэматыкі і фізыкі ў 8-10 клясах мясцовай сярэдняй школы імя Кірава.

У канцы 1953 здароўе рэзка пагоршылася, дасьледваньне выявіла ракавую пухліну, у студзені 1954 ён быў накіраваны ў Ташкент на лячэньне, у сакавіку выпісаны са значным паляпшэньнем. Хвароба, лячэньне, ацаленьне і бальнічныя ўражаньні леглі ў аснову аповесьці «Ракавы корпус», якая была задуманая ўвесну 1955.

Асноўны артыкул: Ракавы корпус

У ссылцы напісаў п’есу «Рэспубліка Працы» (пра лягер), раман «У крузе першым» (пра сваё перабываньні на «шарашцы») і нарыс «Працершы вочы („Гора ад розуму“ зэкавымі вачыма)».

У чэрвені 1956 рашэньнем Вярхоўнага Суду СССР Салжаніцын быў вызвалены без рэабілітацыі «за адсутнасьцю ў яго дзеяньнях складу злачынства».

У жніўні 1956 вяртаецца са ссылкі ў Цэнтральную Расею. Жыве ў вёсцы Мільцава (паштовае аддзяленьне Торфапрадукт Курлоўскага раёну Ўладзімерскай вобласьці), выкладае матэматыку ў Мязінаўскай сярэдняй школе Гусь-Хрустальнага раёну. Тады ж сустрэўся са сваёй былой жонкай, якая канчаткова вярнулася да яго ў лістападзе 1956 (паўторна шлюб зарэгістраваны 2 лютага 1957).

6 лютага 1957 рашэньнем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суду СССР Салжаніцын рэабілітаваны[12].

Зь ліпеня 1957 жыве ў Разані, працуе настаўнікам астраноміі сярэдняй школы № 2.

Першыя публікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1959 Салжаніцын напісаў аповед «Щ-854» пра жыцьцё простага зьняволенага з расейскіх сялянаў, у 1960 — апавяданьні «Не стаіць сяло без праведніка» і «Правая кісьць», першыя «Драбняткі», п’есу «Сьвятло, якое ў табе» («Сьвяча на ветры»)[13]. Перажыў пэўны крызіс, ня маючы мажлівасьці надрукаваць свае творы.

У 1961 пад уражаньнем ад выступу Аляксандра Твардоўскага (рэдактара часопіса «Новы сьвет») на XXII зьезьдзе КПСС, перадаў яму «Щ-854», папярэдне выключыўшы з расповеду найбольш палітычна вострыя, загадзя непраходныя цераз савецкую цэнзуру фрагмэнты. Твардоўскі ацаніў апавяданьне надзвычайна высока, запрасіў аўтара ў Маскву і стаў дабівацца публікацыі твору. М. С. Хрушчоў пераадолеў супраціў членаў Палітбюро і дазволіў публікацыю апавяданьня. Аповед пад назвай «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» быў надрукаваны ў часопісе «Новы сьвет» № 11, 1962, адразу ж перавыдадзены і перакладзены на замежныя мовы.

Асноўны артыкул: Адзін дзень Івана Дзянісавіча

30 сьнежня 1962 Салжаніцын быў прыняты ў Саюз пісьменьнікаў СССР.

Неўзабаве пасьля гэтага ў часопісе «Новы сьвет», (№ 1, 1963) былі надрукаваныя «Не стаіць сяло без праведніка» (пад назвай «Матронаў двор») і «Выпадак на станцыі Кочатаўка» (пад назвай «Выпадак на станцыі Крэчатаўка»[14]).

Першыя публікацыі выклікалі аграмадную колькасьць водгукаў пісьменьнікаў, грамадзкіх дзеячоў, крытыкаў і чытачоў. Ня толькі й ня столькі празь іхнія ўражвальныя рэалістычнасьць і шчырасьць, колькі таму, што гэта быў першы выпадак выданьня кніг па палітычна значнай тэме з 20-х гадоў, да таго ж напісаных ня чальцом партыі. Пісьмы чытачоў — былых зьняволеных (у адказ на «Івана Дзянісавіча») паклалі пачатак «Архіпялагу ГУЛАГ».

Аповеды Салжаніцына рэзка вылучаліся на фоне твораў таго часу сваімі мастацкімі вартасьцямі і грамадзянскай сьмеласьцю. Гэта падкрэсьлівалі на той час многія, у тым ліку пісьменьнікі й паэты. Напрыклад, Ганна Андрэеўна Ахматава адзывалася пра «Матронаў двор» так:

- Але… Дзіўная рэч… Дзіўна, як маглі надрукаваць… Гэта страшней за «Івана Дзянісавіча»… Там можна ўсё на культ асобы сапхнуць, а тут… Бо гэта ў яго не Матрона, а ўся расейская вёска пад паравоз трапіла і ўшчэнт… Дробязі таксама дзіўныя… Памятаеце — чорныя бровы старога, як два масты адзін адному насустрач?.. Вы заўважылі: у яго лавы і зэдлічкі бываюць то жывыя, то мёртвыя… А прусакі пад шпалерамі шастаюць? Запомнілі? Як далёкі шум акіяну! і шпалеры ходзяць хвалямі… А якая выключная старонка, калі ён раптам бачыць Матрону маладой… І ўсю вёску бачыць маладою, то бок такою, якая яна была да ўсеагульнага спусташэньня…[15]

Асноўны артыкул: Матронаў двор

Летам 1963 Салжаніцын стварае чарговую, пятую па чарзе, усечаную «пад цэнзуру» рэдакцыю раману «У крузе першым», прызначаную для друку (з 87 разьдзелаў). Чатыры разьдзелы з раману выбраныя аўтарам і прапанаваныя «Новаму сьвету» «…для спробы, пад відам „Урывка“…».

Апавяданьне «Для карысьці справы» апублікаванае ў часопісе «Новы сьвет» № 7 за 1963.

28 сьнежня 1963 рэдакцыя часопісу «Новы сьвет» і Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва вылучаюць «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» на здабыцьцё Ленінскай прэміі за 1964 год (у выніку галасаваньня Камітэту па прэміях прапанова была адрынутая[16]).

У 1964 Салжаніцын упершыню аддае свой твор у самвыдат — нізку «вершаў у прозе» пад агульнай назвай «Драбняткі».

Асноўны артыкул: Драбняткі

Улетку 1964 пятая рэдакцыя «У крузе першым» абмяркоўваецца і прынятая да надрукаваньня ў 1965 «Новым сьветам». Спроба публікацыі не атрымалася. Твардоўскі знаёміцца з рукапісам раману «Ракавы корпус» і нават прапануе яго для прачытаньня Хрушчову (зноў — празь ягонага памочніка Лебедзева).

Салжаніцын сустракаецца с Варламам Шаламавым, які раней добразычліва адгукнуўся пра «Івана Дзянісавіче», і прапануе яму сумесна працаваць над «Архіпэлягам».

Увосень 1964 п’еса «Сьвяча на ветры» прынятая да пастаноўкі ў Тэатры імя Ленінскага камсамолу ў Маскве.

«Драбняткі» праз самвыдат пранікаюць за мяжу і пад назвай «Эцюды і дробныя апавяданьні» надрукаваныя ў кастрычніку 1964 у Франкфурце ў часопісе «Грані» (№ 56) — гэта першая публікацыя ў замежнай расейскай прэсе твору Салжаніцына, адрынутага ў СССР.

У 1965 Салжаніцын езьдзіць у Тамбоўскую вобласьць з Барысам Мажаевым для збору матэрыялаў пра сялянскае паўстаньне (у паездцы вызначаецца назва раману-эпапеі пра расейскую рэвалюцыю — «Чырвонае кола»), пачынае першую і пятую часткі «Архіпэлягу» (у Салатчы Разанскай вобласьці і на хутары Коплі-Мярдзі ля Тарту), завяршае працу над апавяданьнямі «Як шкада» і «Захар-Каліта», публікуе ў «Літаратурнай газэце» (спрачаючыся з акадэмікам Вінаградавым) артыкул «Не обычай дёгтем щи белить, на то сьметана»[17] у абарону расейскай гаворкі:

Яшчэ ня позна выгнаць тое, што ёсьць публіцыстычны жаргон, а не расейская гаворка. Яшчэ ня позна выправіць склад нашай пісьмовай (аўтарскай) мовы, так, каб вярнуць ёй размоўную народную лёгкасьць і свабоду.

11 верасьня КГБ праводзіць ператрус на кватэры сябра Салжаніцына В. Л. Тэўша, у якога Салжаніцын захоўваў частку свайго архіву. Забраныя рукапісы вершаў, «У крузе першым», «Драбнятак», п’есаў «Рэспубліка працы» і «Пір пераможцаў».

Хмары над Салжаніцыным згушчаюцца. ЦК КПСС выдае закрытым накладам і распаўсюджвае сярод намэнклятуры «дзеля абвінавачаньня аўтара» «Пір пераможцаў» і пятую рэдакцыю «У крузе першым». Салжаніцын піша скаргі на незаконную канфіскацыю рукапісаў міністру культуры СССР Дзёмічаву, сакратаром ЦК КПСС Брэжневу, Суславу і Андропаву, перадае рукапіс «Круга-87» на захаваньне ў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва.

Чатыры апавяданьні прапанаваныя рэдакцыям «Огонька», «Октября», «Литературной России», «Москвы» — адрынутыя ўсюды. Газэта «Известия» набрала аповед «Захар-Калита» — гатовы набор рассыпаны, «Захар-Калита» перададзены ў газэту «Правда» — адмова Абалкіна.

У гэты самы час у ЗША выйшаў зборнік «А.Салжаніцын. Выбранае»[18]: «Адзін дзень…», «Качэтаўка» і «Матронаў двор»; у ФРГ у выдавецтве «Пасеў» — зборнік апавяданьняў на нямецкай мове[19].

Дысыдэнцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ужо да сакавіка 1963 Салжаніцын страціў прыхільнасьць Хрушчова (непрысуджэньне Ленінскай прэміі, адмова друкаваць раман «У крузе першым»). Пасьля прыходу да ўлады Брэжнева Салжаніцын практычна страціў мажлівасьць лягальна друкавацца і выступаць. У верасьні 1965 КГБ сканфіскаваў архіў Салжаніцына зь ягонымі найбольш антысавецкімі творамі, што пагоршыла становішча пісьменьніка. Карыстаючыся пэўным бязьдзеяньнем улады, у 1966 г. ён пачаў актыўную грамадзкую дзейнасьць (сустрэчы, выступы, інтэрвію замежным журналістам). Тады ж пачаў распаўсюджваць у самвыдаце і свае раманы «У крузе першым» і «Ракавы корпус». У лютым 1967 г. Салжаніцын таемна скончыў мастацкае дасьледваньне «Архіпэляг ГУЛАГ».

У траўні 1967 г. Салжаніцын разаслаў «Ліст зьезду» да Саюзу пісьменьнікаў СССР, у якім запатрабаваў зьліквідаваць цэнзуру і рэабілітаваць многіх рэпрэсаваных пісьменьнікаў (зь беларускае дэлегацыі яго падтрымалі толькі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, зь якімі ён сышоўся ў сярэдзіне 60-х)[20]. Пасьля «Лісту» ўлады сталі ўспрымаць Салжаніцына сур’ёзна. У 1968 г., калі ў ЗША і Заходняй Эўропе былі надрукаваныя раманы «У крузе першым» і «Ракавы корпус», што прынесьлі пісьменьніку агромністую папулярнасьць, савецкая прэса пачала прапагандысцкую кампанію супраць аўтару. У 1969 г. Салжаніцын быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Прэмыя была прысуджаная не яму, але неўзабаве пасьля гэтага ён быў выключаны з Саюзу пісьменьнікаў СССР. Пасьля выключэньня Салжаніцын стаў адкрыта абвяшчаць пра свае праваслаўна-патрыятычныя перакананьні і рэзка крытыкаваць уладу. У 1970 Салжаніцын ізноў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, і гэтым разам быў ёй уганараваны. Пісьменьнік ня мог атрымаць гэтую прэмію ў Стакгольме, баючыся, што ня зможа вярнуцца ў СССР. Таму прэмія знайшла яго толькі ў 1974 годзе, ужо пасьля дэпартацыі. У савецкіх СМІ была арганізавана магутная прапагандысцкая кампанія супраць Салжаніцына, улады прапанавалі яму зьехаць з краіны, але ён адмовіўся.

Яшчэ ў жніўні 1968 Салжаніцын пазнаёміўся з Натальляй Сьвятловай, у іх распачаўся раман. Салжаніцын стаў патрабаваць разводу зь першай жонкай. З надзвычайнымі цяжкасьцямі развод быў зьдзейсьнены 22 ліпеня 1972. Неўзабаве Салжаніцыну ўдалося зарэгістраваць шлюб са Сьвятловай, нягледзячы на супрацьдзеяньне ўладаў (шлюб даваў яму мажлівасьць прапісацца ў Маскве). У іх нарадзілася трое дзяцей: Ермалай (1970 г.нар.), Ігнат (1972) і Сьцяпан (1973).[21]

11 чэрвеня 1971 у Парыжы выйшаў раман Салжаніцына «Жнівень Чатырнаццатага», які быў неадназначна ўспрыняты чытачамі празь яскрава выражаныя праваслаўна-патрыятычныя погляды аўтара.

Зь яшчэ большым непаразуменьнем быў сустрэтыя «Вялікапосны ліст» Патрыярху Пімену (1972)[22] пра праблемы Царквы, у падтрымку выступу архіяпіскапа Калускага Ермагена (Голубева).

У 19721973 Салжаніцын працаваў над эпапеяй «Чырвонае Кола», актыўнай дысыдэнцкай дзейнасьці ня вёў.

У жніўні-верасьні 1973 адносіны між уладай і дысыдэнтамі абвастрыліся, што закранула й Салжаніцына.

23 жніўня 1973 Салжаніцын даў вялікае інтэрвію замежным карэспандэнтам. У гэты ж дзень КГБ затрымаў адну з памочніц пісьменьніка Лізавету Варанянскую. У ходзе допыту яна выдала месцазнаходжаньне аднаго асобніку рукапісу «Архіпэлягу ГУЛАГ» і, вярнуўшыся дахаты, павесілася. 5 верасьня Салжаніцын даведаўся пра здарэньне і распарадзіўся пачаць друкаваньне «Архіпэлягу» на Захадзе (у эмігранцкім выдавецтве YMCA-Press). Тады ж ён даслаў кіраўніцтву СССР «Ліст правадыром Савецкага Саюзу», у якім заклікаў адмовіцца ад камуністычнай ідэялёгіі і зрабіць крокі па пераўтварэньні СССР у расейскую нацыянальную дзяржаву. З канца жніўня ў заходняй прэсе друкавалася вялізная кольлкасьць артыкулаў у абарону дысыдэнтаў і, у прыватнасьці, Салжаніцына.

У СССР была разгорнутая магутная прапагандысцкая кампанія супраць дысыдэнтаў. 24 верасьня КГБ цераз былую жонку Салжаніцына прапанаваў пісьменьніку афіцыйную публікацыю аповесьці «Ракавы корпус» у СССР у абмен на адмову ад друку «Архіпэлягу ГУЛАГ» за мяжой. (У пазьнейшых успамінах Натальля Рашатоўская адмаўляе ролю КГБ і сьцьвярджае, што спрабавала дабіцца пагадненьня між уладамі і Салжаніцыным са сваёй уласнай ініцыятывы.) Аднак Салжаніцын, сказаўшы, што не пярэчыць супраць надрукаваньня «Ракавага корпусу» ў СССР, не паказаў і жаданьня зьвязваць сябе сакрэтнай дамоўленасьцю з уладамі. (Розныя апісаньні зьвязаных з гэтым паведамленьняў месьцяцца ў кнізе Салжаніцына «Бадалася цялё з дубам» і ва ўспамінах Н.Рашатоўскай «АПН — я — Салжаніцын», надрукаваных пасьля сьмерці Рашатоўскай.) У апошніх лічбах сьнежня 1973 г. было абвешчана пра выхад у сьвет першага тому «Архіпэлягу ГУЛАГ». У савецкіх сродках масавай інфармацыі пачалася чарговая масіраваная кампанія ачарненьня Салжаніцына як здрадніка радзімы з кляймом «літаратурнага ўласаўца». Упор рабіўся не на рэальны зьмест «Архіпэлягу ГУЛАГ» (мастацкае дасьледваньне савецкай лягерна-турэмнай сыстэмы 1918—1956), якое ўвогуле не абмяркоўвалася, а на салідарызацыю Салжаніцына са «здраднікамі радзімы падчас вайны, паліцаямі і ўласаўцамі».

Асноўны артыкул: Архіпэляг ГУЛАГ

У СССР, у гады застою, «Жнівень Чатырнаццатага» і «Архіпэляг ГУЛАГ» (як і першыя раманы) распаўсюджваліся ў самвыдаце.

7 студзеня 1974 г. выхад «Архіпэлягу ГУЛАГ» і меры «спыненьня антысавецкай дзейнасьці» Салжаніцына былі абмеркаваныя на паседжаньні Палітбюро. Пытаньне было вынесенае на ЦК КПСС, за высылку выказаліся Ю. В. Андропаў і іншыя; за арышт і ссылку — Касыгін, Брэжнеў, Падгорны, Шалепін і іншыя; каб пакінуць і ставіцца са спагадай, каб Салжаніцын зьмяніў сваю пазыцыю з антысавецкай на супрацьлеглую — М. А. Шчолакаў і інш. Перамагла думка Андропава. 12 лютага Салжаніцын быў арыштаваны і абвінавачаны ў здрадзе Радзіме. 13 лютага ён быў пазбаўлены савецкага грамадзянства і высланы з СССР (дастаўлены ў ФРГ самалётам). 29 сакавіка з СССР зьехала й сям’я Салжаніцына.

Выгнаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве пасьля высылкі Салжаніцын зьдзесьніў кароткае падарожжа па Паўночнай Эўропе, у выніку прыняўшы рашэньне часова пасяліцца ў Цюрыху, Швайцарыя.

3 сакавіка 1974 г. у Парыжы быў надрукаваны «Ліст правадыром Савецкага Саюзу»; вядучыя заходнія выданьні і шмат якія дэмакратычна настроеныя дысыдэнты ў СССР, улучна з Сахаравым, ацанілі «Ліст» як антыдэмакратычны, нацыяналістычны, які зьмяшчае да таго ж «небясьпечныя памылкі»; адносіны Салжаніцына з заходняй прэсай працягвалі пагаршацца.

Улетку 1974 г. на ганарары ад «Архіпэлягу ГУЛАГ» пісьменьнік стварыў «Расейскі грамадзкі Фонд дапамогі перасьледваным і іхнім сем’ям» для дапамогі палітычным вязьням у СССР (пасылкі і грашовыя пераводы ў месцы пазбаўленьня волі, лягальная і нелягальная матэрыяльная дапамога сем’ям зьняволеных).

У 1974—1975 гг. у Цюрыху Салжаніцын зьбіраў матэрыялы пра жыцьцё Леніна ў эміграцыі (для эпапеі «Чырвонае Кола»), скончыў і выдаў мэмуары «Бадалася цялё з дубам».

У красавіку 1975 г. пісьменьнік зьдзейсьніў разам зь сям’ёй падарожжа па Заходняй Эўропе, пасьля накіраваўся ў Канаду і ЗША. У чэрвені-ліпені 1975 г. Салжаніцын наведаў Вашынгтон і Ню-Ёрк, выступіў з прамовамі на зьезьдзе прафсаюзаў і ў Кангрэсе ЗША. У сваіх выступах Салжаніцын рэзка крытыкаваў камуністычны рэжым і ідэялёгію, заклікаў ЗША адмовіцца ад супрацоўніцтва з СССР і палітыкі «разрадки»; у той жа час пісьменьнік яшчэ працягваў успрымаць Захад як саюзьніка ў вызваленьні Расеі ад «камуністычнага таталітарызму».

У жніўні 1975 г. пісьменьнік вярнуўся ў Цюрых і працягнуў працу над эпапеяй «Чырвонае кола».

У лютым 1976 г. Салжаніцын зьдзейсьніў паездку па Вялікабрытаніі і Францыі, да гэтага часу ў ягоных выступах сталі заўважныя антызаходнія матывы. У сакавіку 1976 г. пісьменьнік наведаў Гішпанію. У нашумелым выступе па гішпанскім тэлебачаньні ён ухвальна выказаўся пра нядаўні рэжым Франка і перасьцярог Гішпанію ад «вельмі хуткага прасоўваньня да дэмакратыі». У заходняй прэсе ўзмацнілася крытыка Салжаніцына, вядучыя эўрапейскія й амэрыканскія палітыкі абвяшчалі пра нязгоду зь ягонымі поглядамі.

Ідэйныя рознагалосьсі Салжаніцына з эміграцыяй «трэцяй хвалі» і заходнімі актывістамі Халоднай вайны асьветленыя ў ягоных мэмуарах «Патрапіла зярнятка паміж двух жорнаў».

У красавіку 1976 г. Салжаніцын зь сям’ёй пераехаў у ЗША і пасяліўся ў гарадку Кавендыш (штат Вэрмонт). Пасьля прыезду пісьменьнік вярнуўся да працы над «Чырвоным Колам», дзеля чаго правёў два месяцы ў расейскім эмігранцкім архіве ў Інстытуце Гувэра.

Ізноў у Расеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам перабудовы стаўленьне ў СССР да творчасьці й дзейнасьці Аляксандра Салжаніцына зьмянілася, былі надрукаваныя шматлікія ягоныя творы. У пачатку 1990-х гг. загадам прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова было адноўленае ягонае савецкае грамадзянства.

За кнігу «Архіпэляг ГУЛАГ» у 1990 Салжаніцыну была прысуджаная Дзяржаўная прэмія.

Салжаніцын разам зь сям’ёй вярнуўся на радзіму 27 траўня 1994 году, прыляцеўшы з ЗША ва Ўладзівасток і праехаўшы цягніком праз усю краіну да сталіцы.

У сярэдзіне 1990-х[23] асабістым распараджэньнем расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына яму была падораная дзяржаўная дача[24] «Сасноўка-2» ў Троіца-Лыкаве. Салжаніцыны спраэктавалі і збудавалі там двухпавярховую цагляную хату зь вялікай заляй, зашклёнай галярэяй, гасьцінай з камінам, канцэртным раялем і бібліятэкай, дзе вісяць партрэты Сталыпіна і Калчака.

Амаль не пакідаў сваю хату і таму атрымаў сярод мясцовых жыхароў, што бачылі яго хіба зрэдчас, празваньне «наш затворнік».[25] «Ды мы гэтага Салжаніцына і ня бачылі ніводнага разу» — гавораць абарыгены.[26] Праблемы суседняе вёскі пісьменьніка не клапацілі.[27]

У 1997 быў абраны дзейсным сябрам Расейскай Акадэміі навук.

У 1998 быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Андрэя Першазванага, аднак ад узнагароды адмовіўся:[28]


« Ад вярхоўнай улады, што давяла Расею да цяперашняга пагібельнага стану, я прыняць узнагароду не магу. »

Узнагароджаны Вялікім залатым мэдалём імя М. В. Ламаносава (1998).

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Расейскай Фэдэрацыі за выбітныя дасягненьні ў галіне гуманітарнае дзейнасьці (2006).

Сам пісьменьнік неўзабаве пасьля вяртаньня ў краіну заснаваў літаратурную прэмію свайго імя для ўзнагароджаньня пісьменьнікаў, «чыя творчасьць валодае высокімі мастацкімі годнасьцямі, спрыяе самапазнаньню Расеі, дадае значны ўнёсак у захаваньне і асьцярожнае разьвіцьцё традыцыяй айчыннай літаратуры».

Апошнія гады жыцьця правёў у Маскве і на падмаскоўнай дачы.

Да апошняга часу Аляксандар Ісаевіч працягваў займацца творчай дзейнасьцю. Разам з жонкай Натальляй Дзьмітрыеўнай — прэзыдэнткай Фонду Аляксандра Салжаніцына — ён працаваў над падрыхтоўкай і выданьнем свайго самага поўнага, 30-томавага збору сачыненьняў. Пасьля перанесенае цяжкое апэрацыі ў Салжаніцына дзейнічала толькі правая рука.

Сьмерць і пахаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салжаніцын сканаў 3 жніўня 2008 на 90-м годзе жыцьця, на сваёй дачы ў падмаскоўным пасёлку Троіца-Лыкава ад вострай сардэчнай недастатковасьці. Сьмерць надышла а 23:45 па маскоўскім часе[29][30] (20:45 UTC).

5 жніўня ў будынку Расейскай акадэміі навук, дзейсным сябрам якое быў А. І. Салжаніцын, адбыліся грамадзянская паніхіда і разьвітаньне зь нябожчыкам. На гэтай цырымоніі прысутнічалі экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, экс-прэзыдэнт Расеі, кіраўнік ураду РФ Уладзімер Пуцін, прэзыдэнт РАН Юры Восіпаў, экс-старшыня ўраду РФ, акадэмік Яўген Прымакоў, дзеячы расейскай культуры і некалькі тысячаў грамадзян Расеі, што прыйшлі аддаць Аляксандру Ісаевічу апошнюю даніну павагі.[31]

Заўпакойную літургію й адпяваньне 6 жніўня 2008 у Вялікім саборы маскоўскага Данскога манастыру зьдзейсьніў арцыбіскуп Арэхава-Зуеўскі Алексі (Фралоў), вікарый Маскоўскай япархіі. У гэты ж дзень прах Салжаніцына быў пахаваны ў някропалі Данскога манастыру за алтаром храму Яна Лесьвічніка, побач з магілай гісторыка В. О. Ключэўскага.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэскі журналіст Т.Ржэзач, а таксама Л.Самуцін, былы ўласавец, адзін з «суаўтараў» Салжаніцына, а пасьля ў 1998 г. расейскі журналіст А.Давыдаў вылучылі вэрсыю пра «самаданос», у якім Салжаніцын, апрача сябе, зьвінаваціў чатырох чалавек, адзін зь якіх, М.Віткевіч, быў асуджаны на дзесяць год.[32][33] Салжаніцын абвяргае ўсе падобныя абвінавачаньні.[34] На думку Т.Ржэзача, ён [А.Салжаніцын] агітаваў супраць улады падчас вайсковых дзеяньняў, пісаў правакацыйныя лісты, вёў паражэнчую прапаганду — усё гэта рабілася з мэтаю адсядзецца ў тылу; менавіта за гэта й быў Салжаніцын пакараны. На бачынах кнігі «ЦРУ супраць СССР» (1983) М. М. Якаўлева сьцьвярджалася, што «Архіпэляг Гулаг» зьяўляецца прадуктам работы супрацоўнікаў амэрыканскіх спэцслужбаў[35].

Салжаніцына таксама крытыкаваны за заклікі да ўжываньня супраць СССР атамнай зброі[36]. Ягоных выступаў, якія б пацьведзілі гэта, не выяўлена, але ў «Архіпэлягу» ён з паразуменьнем цытуе словы зьняволеных, што сказаныя наглядчыкам: «Пачакайце, гады! Будзе на вас Трумэн! Скінуць вам атамную бомбу на галаву!»[37].

Зьвярталася ўвага на рэзкія супярэчнасьці між колькасьцю рэпрэсаваных па дадзеных, што прыведзеныя Салжаніцыным, і архіўнымі дадзенымі, якія сталі даступныя ў пэрыяд перабудовы.[38] Аспрэчвалася дакладнасьць «турэмных» твораў Салжаніцына ў той іхняй частцы, дзе вядзецца пра побыт лягераў, сьмяротнасьці зьняволеных, іх колькасьці.[39][40]. Крытыка з камуністычнага флангу падмацоўвалася спасылкай на дасьледаваньні навукоўцаў, што працавалі ў расейскіх архівах[41]

Салжаніцына таксама неаднаразова крытыкавалі за апраўданьне калябаранцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны і зьвязаныя з гэтым фальсыфікацыі адносна савецкіх ваеннапалонных[42][43]. Сьцьвярджалася, што матэрыял для сваіх выкрыцьцяў Салжаніцын пазычаў з гэбельсаўскае прапаганды. Падобны водгук зыходзіць ад Л. А. Самуціна, па сьцьвярджэньні, дысыдэнта, былога ўласаўца, што асабіста працаваў у ідэялягічным апараце гэбельсаўскага міністэрства прапаганды і прыхільніка Салжаніцына і захоўваў у сябе рукапіс «Архіпэлягу» ад КГБ[44].

Салжаніцына актыўна крытыкавалі і «справа» — найперш іншыя дысыдэнты і эмігранты, якія адмаўлялі ягоныя хрысьціянскія і антылібэральныя погляды (дысыдэнты-нацыяналісты, наадварот, углядалі залішні лібэралізм). «Ліст правадыром Савецкага Саюзу» падвергся крытыцы А. Д. Сахарава.

Канфлікт Салжаніцына з антысавецкай эміграцыяй і заходнімі актывістамі Халодной вайны асьветлены ў ягоных мэмуарах «Патрапіла зярнятка паміж двух жорнаў».

Ягонае дасьледваньне гісторыі ўзаемінаў габрэйскага і расейскага народаў у кнізе «Дзьвесьці год разам» выклікала актыўную крытыку як з боку многіх габрэйскіх публіцыстаў, так і нацыяналістычнай прэсы. Так, напрыклад, прыхільнік лібэральных поглядаў Уладзімер Вайновіч сказаў: «Кніга Салжаніцына „Дзьвесьце год разам“ — доўгая, сумная і хлусьлівая».[45]

Аблічча Салжаніцына падвергнутае і сатырычнаму выяўленьню ў мастацкіх творах, напрыклад, у рамане Ўладзімера Вайновіча «Масква 2042»[46] і ў паэме Юрыя Кузьняцова «Шлях Хрыста».

Пры ўсёй павазе да Салжаніцына, трэба адзначыць ягоныя шавіністычныя погляды адносна Беларусі і Ўкраіны. У працы пад назвай «Як нам уладкаваць Расею» ён прапаноўваў стварэньне адзінае расейскае дзяржавы, куды неабходна было б уключыць і гэтыя дзьве краіны, такім чынам адмаўляючы іхнюю незалежнасьць.[47]

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1970 году «за маральную моц, зь якой ён кіраваўся няўхільным традыцыям расейскай літаратуры»[48] (прапанавана Франсуа Марыякам).

Ляўрэат Вялікага залатога мэдалю імя М. В. Ламаносава Расейскай Акадэміі навук — за выбітны ўнёсак у разьвіцьцё расейскай літаратуры, расейскай мовы і расейскай гісторыі (1998).

Ляўрэат Вялікай прэміі Францускай Акадэміі маральна-палітычных навук (2000)[49].

Ордэн Сьвятога Саввы 1-й ступені (найвышэйшая ўзнагарода Сэрбскай праваслаўнай царквы; нададзеная 16 лістапада 2004 году).

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Расейскай Фэдэрацыі 2006 году за выбітныя дасягненьні ў галіне гуманітарнай дзейнасьці[50].

Ляўрэат прэміі Фонду «Жыўка і Міліца Тапалавіч» (Сэрбія) 2007 году (нададзеная 7 сакавіка 2008 г.): «выбітному пісьменьніку й гуманісту, чыя хрысьціянская праўдзівасьць дорыць нам адвагу й суцяшэньне».

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У некаторых дакумэнтах 1930-х гадоў ягонае імя па бацьку пазначанае як «Ісаакавіч», напрыклад, у выпускным атэстаце, у іншых, як у пашпарце, выдадзеным у 1934 годзе з памылкай пашпартысткі, і ў заяве ва ўнівэрсытэт, напісанай на падставе пашпартных дадзеных, — як «Ісаевіч» (абодва гэтыя дакумэнты надрукаваныя ў часопісе «Студенческий меридиан», 1990, № 7, цыт. паводле: Ю. Р. Федоровский. Ода диссиденству, или стукач у дураков.(рас.)
  2. ^ «Наша Ніва». Бацькі Аляксандра Салжаніцына вянчаліся ў Беларусі.
  3. ^ Эвакуяваная туды 3-я Ленінградзкая артылерыйская вучэльня.
  4. ^ А. Салжаніцын. Желябугские Выселки. Двучастный рассказ. // Новый мир, 1993, № 3.
  5. ^ Акружэньне батарэі ва Ўсходняй Прусыі (між Адліг Швэнкітэн і Дытрыхсдорф) і выхад зь яго 26 студзеня 1945 году, за які Салжаніцын быў прадстаўлены да Ордэну Чырвонай Зоркі, апісаныя ў: А. Солженицын. Адліг Швэнкітэн. Односуточная повесть. // Новый мир, 1993, № 3.
  6. ^ Экспэртная выснова да паседжаньня канстытуцыйнага суду РФ 26 траўня 1992 г.
  7. ^ Салжаніцын абвяргае ўсе такія абвінавачаньні: «Поцемнікі сьвятла не шукаюць». http://www.rusk.ru/st.php?idar=310414(рас.)
  8. ^ Выява: Донос Ветрова
  9. ^ Ф. Арнау. «Ветров, он же — Солженицын», Военно-исторический журнал, № 12, 1990(рас.)
  10. ^ Салжаніцын А. Архипелаг ГУЛАГ, т. 2 — М.: Центр «Новый мир» — 1990, с. 243.(рас.)
  11. ^ Па нараду 9-е ўправы МГБ ад 27 сьнежня 1952 № 9/2-41731.
  12. ^ Пасьведчаньне пра рэабілітацыю № 4н-083/57.
  13. ^ «Гэтая п’еса — самае няўдалае з усяго, што я напісаў» («Бадалася цялё з дубам. Нарысы літаратурнага жыцьця». YMCA-PRESS, Paris, 1975, с. 18)
  14. ^ Назва станцыі выпадкова супала з прозьвішчам тагачаснага галоўнага рэдактара часопісу «Октябрь» Кочатава, зь якім «Новы сьвет» вёў прынцыповыя літаратурныя і сьветапоглядныя спрэчкі. Каб не пагаршаць раздражненьне Кочатава, назву станцыі вырашана было зьмяніць на нэўтральнае.
  15. ^ Цыт. паводле: Лідзія Чукоўская. Записки об Анне Ахматовой.
  16. ^ Прэмія па літаратуры за 1964 была прысуджаная Алесю Ганчару за раман «Тронка» і Васілю Міхайлавічу Пяскову за кнігу «Крокі па расе».
  17. ^ «Литературная газэта», 4 ноября 1965 — адзіная газэтная публікацыя Салжаніцына ў СССР.
  18. ^ Чыкага, Russian Language Specialties (Russian Study Series, # 54)
  19. ^ «Solshenizyn Alexander. …Den Oka-Fluss entiang. Funfzehn Kurzgeschijhten und eine Erzahlung», у перакладзе Мары Хольбэк
  20. ^ «Наша Ніва». Аляксандар Салжаніцын і Беларусь.
  21. ^ Aikman, David. Great Souls: Six Who Changed a Century, p.172-3. Lexington Books, 2003, ISBN 0-7391-0438-1.
  22. ^ Аляксандар Салжаніцын. «Великопостное письмо» Патриарху Пимену. Крестопоклонная неделя 1972 г.(рас.)
  23. ^ http://www.1tv.ru/owa/win/ort6_main.print_version?p_news_title_id=79048
  24. ^ http://wikimapia.org/#lat=55.7835599&lon=37.4002719&z=17&l=1&m=a&v=2
  25. ^ http://www.ng.ru/events/2006-02-06/7_moscow.html(рас.)
  26. ^ http://www.vmdaily.ru/article.php?aid=34437(рас.)
  27. ^ http://www.kommersant.ru/doc.aspx?DocsID=667392(рас.)
  28. ^ Кацярына Дзёгаць. Солженицын не принял награды. — Коммерсант-daily, 15.12.1998. — № 233(рас.)
  29. ^ NewsRu.com: Скончался Александр Солженицын(рас.)
  30. ^ Інтэрфакс: У Маскве сканаў Аляксандар Салжаніцын(рас.)
  31. ^ За Аляксандрам Салжаніцыным перегарнулі бачыну — «Коммерсантъ» № 137(3954) ад 06 жніўня 2008(рас.)
  32. ^ http://www.libelli.ru/works/solzh.htm ОДА ДИССИДЕНТСТВУ, ИЛИ СТУКАЧ У ДУРАКОВ
  33. ^ http://cn.com.ua/N257/archive/archive.html
  34. ^ «Потёмщики сьвета не ищут»(рас.)
  35. ^ http://www.lib.ru/POLITOLOG/yakowlewnn.txt(рас.)
  36. ^ Уладзімер Бушын. «Неизвестный Солженицын». Алгоритм, 2006 г. ISBN 5-9265-0228-4
  37. ^ Салжаніцын А. Архипелаг ГУЛАГ. Т. 3 — М.: Центр Новый мир — 1990. С. 36. ISBN 5-85060-008-X
  38. ^ Гулаг: архівы супраць хлусьні Якія маштабы сталінскіх рэпрэсыяў
  39. ^ Ігарь Пыхалаў_ Якія маштабы сталінскіх рэпрэсыяў)
  40. ^ В. Н. Земсков. ГУЛАГ (историко-социологический аспект)(рас.)
  41. ^ ГУЛАГ: АРХИВЫ ПРОТИВ ЛЖИ(рас.)
  42. ^ Дзюкаў А. Р. Госпремия для ревизиониста(рас.)
  43. ^ Дзюкаў А. Р. Літасьць да загінулых: савецкія рэпрэсыі супраць нацысцкіх памагатых // Великая оболганная война-2. Нам не за что каяться! — М.: Яуза, Эксмо, 2008. — 432 с: ил. — (Война и мы). ISBN 978-5-699-25622-8, с. 98-141(рас.)
  44. ^ http://beserikov.chat.ru/Samutin.htm(рас.)
  45. ^ Уладзімер Вайновіч: «Солженицын недостаточно умный человек» — зь інтэрвію Ўладзімера Нузава ў «Русский базар» 02-03-2004.(рас.)
  46. ^ Майкл Нікалсан. Солженицын на мифотворческом фоне(рас.)
  47. ^ Юры Хашчавацкі: «Ён, уласна кажучы, стаў у апошнія гады базісам для новай хвалі рускага шавінізму.»
  48. ^ …for the ethical force with which he has pursued the indispensable traditions of Russian literature(анг.)
  49. ^ Прамова Алена Безансона падчас уганараваньня прэміяй гл.: Русская мысль, № 4346, 21 сьнежня 2000.
  50. ^ Загад Прэзыдэнта РФ ад 05.06.2007 № 699 «О присуждении Государственной премии Российской Федерации в области гуманитарной деятельности 2006 года»(рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бачыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кнігі і артыкулы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біяграфіі, артыкулы пра Салжаніцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]