Тадэвуш Рэйтан
| Тадэвуш Рэйтан | |
Т. Рэйтан. Невядомы мастак, 2-я пал. XVIII ст. |
|
Герб «Рэйтан» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Род: | Рэйтаны |
Тадэвуш Рэйтан (1742?, маёнтак Грушаўка Наваградзкага павету, ахрышчаны 20 жніўня 1742 у Ляхавічах — 8 жніўня 1780) — вайсковы і палітычны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.
Тадэвуш Рэйтан — актыўны ўдзельнік «падзельнага» сойму Рэчы Паспалітай, які разам зь нешматлікімі іншымі пасламі рашуча супрацьдзейнічаў анэксіі зямель дзяржавы[1].
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Паходжаньне, адукацыя, кар'ера [рэдагаваць]
Паходзіў з шляхецкага роду Рэйтанаў гербу ўласнага, сын Дамініка Міхаіла, падкаморыя наваградзкага, і Тэрэзы з Валадковічаў. Брат Міхала, пісара земскага наваградзкага, унук Міхала, скарбніка мазырскага.
Навучаўся ў піярскай школе і «Калегіюм нобіліюм» у Варшаве, служыў у войску. Паводле некаторых зьвестак, удзельнічаў у Барскай канфэдэрацыі[1].
Вядома, што Т. Рэйтан скасаваў заплянаванае вясельле, калі пабачыў у доме сваёй нявесты партрэт расейскага імпэратара Пятра I.
«Падзельны» сойм [рэдагаваць]
На шляхецкім сойміку Наваградзкага ваяводзтва Т. Рэйтана абралі паслом на сойм 1773—1775, дзе плянавалася зацьвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Наваградзкага павету С. Корсакам і ад Менскага павету С. Багушэвічам спрабаваў сарваць сойм, каб не дазволіць зацьвярджэньня падзелу дзяржавы.
Тры дні Т. Рэйтан разам з аднадумцамі не дазваляў маршалку А. Панінскаму ўзначаліць сойм. Сваю пазыцыю паслы абгрунтоўвалі законнымі падставамі: гэтае паседжаньне сойму паводле чаргі мусіла праходзіць у Горадні, а не ў Варшаве, а маршалкам яго мусіў быць ліцьвін, а не паляк. Апроч таго, сойм склікаўся не як канфэдэрацкі, а як звычайны, і распачынаць яго пад знакам канфэдэрацыі было незаконна[2].
Спачатку прарасейскія сілы ўпрошвалі Т. Рэйтана, каб саступіў. Потым хацелі, як і іншых, падкупіць грашыма. Урэшце, канфэдэрацкі суд прыняў пастанову пазбавіць яго «маёмасьці і гонару» і выгнаць з краіны. Аднак прадстаўнік Наваградзкага павету застаўся непахісным.
Асабліва драматычны характар падзеі набылі у часе патрыятычнай прамовы Самуэля Корсака, у якой той выкрываў паслоў-здраднікаў. Не чакаючы заканчэньня выступу, яны пачалі выходзіць з залі. У адказ Т. Рэйтан лёг крыжом перад выхадам і закрычаў:
| Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны! | ||
На наступны дзень расейскі амбасадар Штакельбэрг выставіў каралю і вялікаму князю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму ўльтыматум: альбо безумоўнае падпарадкаваньне, альбо ўвядзеньне ў Варшаву 50-тысячнага расейскага войска.
Маніфэст [рэдагаваць]
Канфэдэрацкі суд пагражаў Т. Рэйтану крымінальным пакараньнем і канфіскацыяй маёнтку, адначасна яго спрабавалі купіць за грошы, але Т. Рэйтан не саступіўся сваім прынцыпам і поглядам. 1 сьнежня 1773 ён склаў маніфэст, дзе канстатаваў нелегітымнасьць канфэдэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай.
Пакінуты і знявераны, Т. Рэйтан цяжка захварэў. Памёр (паводле іншай вэрсіі, скончыў жыцьцё самагубствам) у сваім маёнтку Грушаўка 8 жніўня 1780[2].
Памяць [рэдагаваць]
Яшчэ сучасьнікі лічылі Тадэвуша Рэйтана нацыянальным героем[1]. Чатырохгадовы сойм (1788—1792) абвясьціў яго «вартым нацыянальнай жалобы», а ягоныя дзеяньні — «узорам для перайманьня».
У наш час у Беларусі і Польшчы Тадэвуш Рэйтан лічыцца прыкладам патрыятызму і самаадданасьці.
Т. Рэйтану прысьвячаліся шматлікія мастацкія творы, у тым ліку аповесьці Г. Жавускага, карціна Я. Матэйкі «Рэйтан» (1864—1866), нарыс Ю. Нямцэвіча «Жыцьцё Тадэвуша Рэйтана» (1818) і інш. Т. Рэйтана ўславіў А. Міцкевіч у сваёй паэме «Пан Тадэвуш».
У сярэдзіне XIX ст. ў Грушаўцы паставілі бюст Т. Рэйтану (цяпер у Нацыянальным музэі ў Кракаве), у 1993 — мэмарыяльны знак. У 1997 у Ляхавічах зарэгістравана Грамадзкае Аб’яднаньне «Гістарычнае аб’яднаньне „Тадэвуш Рэйтан“».
Штогод у Грушаўцы ладзіцца фэст памяці героя.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в Рэйтан Тадэвуш // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 528.
- ^ а б 84. Хто такі Тадэвуш Рэйтан? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Тадэвуш Рэйтан — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Уладзімер Арлоў (08.08.2006) Імёны Свабоды: Тадэвуш Рэйтан. Радыё Свабода. Праверана 26 студзеня 2011 г.
- Генрык Жавускі. Тадэвуш Рэйтан (з «Успамінаў пана Севярына Сапліцы, парнаўскага чэсьніка»). Беларуская электронная бібліятэка. Праверана 26 студзеня 2011 г.