Дрыбін
| Дрыбін | |||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1569 | ||||
| Вобласьць: | Магілёўская | ||||
| Раён: | Дрыбінскі | ||||
| Насельніцтва: | 2 900 (2008) | ||||
| Часавы пас: | UTC+2 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 2248 | ||||
| Паштовы індэкс: | 213971 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°07′ пн. ш. 31°05′ у. д. / 54.117° пн. ш. 31.083° у. д.Каардынаты: 54°07′ пн. ш. 31°05′ у. д. / 54.117° пн. ш. 31.083° у. д. | ||||
|
Дрыбін на мапе Беларусі
Дрыбін
|
|||||
Дры́бін — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Проня. Адміністрацыйны цэнтар Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва 2,9 тыс. чал. (2008). Знаходзіцца за 64 км на паўночны ўсход ад Магілёва, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Цёмны Лес (лінія Ворша — Крычаў). Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Магілёвам і Горкамі.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
Упершыню Дрыбін згадавецца ў XVI ст. як шляхецкае ўладаньне ў Амсьціслаўскім ваяводзтве. У XVII ст. існаваў Новы Дрыбін. Канцлер Леў Сапега ў сваім тэстамэнце (1633) згадаў «вёску і пушчу Дрыбінскую»[1].
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) мясьціна апынулася ў цэнтры баявых дзеяньняў: 8 кастрычніка 1660 непадалёк ад Дрыбіна абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Паўла Яна Сапегі здабылі перамогу над маскоўскімі захопнікамі. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 мястэчка спалілі расейскія войскі[2].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Дрыбін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Чавускім павеце Магілёўскай губэрні. Станам на 1784 мястэчка зьяўлялася цэнтрам маёнтку Цеханавецкіх, тут быў 181 двор, 25 крамаў, млын, царква. У 1830 у Дрыбіне заснавалі вінакурнае прадпрыемства. У 1845 выбухнула выступленьне сялянаў супраць прыгоннага права, жорстка здушанае расейскімі салдатамі[2]. У 1877 мясьціна перайшла ў валоданьне Ўрангеля фон Гюбэнталя. На 1880 Дрыбін налічваў 250 двароў, існавалі царква, два малітоўныя дамы, валасная ўправа, лякарня, два млыны, школа пісьменнасьці. Апрача сельскай гаспадаркі жыхары займаліся промысламі, найбольш вядомымі былі дрыбінскія шапавалы, якія распрацавалі сваю ўмоўную мову — «катрушніцкі лемезень». З 1903 у мястэчку дзейнічала пажарнае таварыства, у 1910—1911 адкрыліся паштова-тэлеграфная кантора і ашчадная каса.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Дрыбін увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Дрыбін вярнулі БССР, дзе ён зрабіўся цэнтрам раёну (з 16 верасьня 1959 да 29 сьнежня 1989 цэнтрам сельсавету). У 1930-я тут працавалі вадзяны і нафтавы млыны, кузьня, кравецкая майстэрня «Чырвоная ігла» (з 1907; 22 работнікі), шавецкая майстэрня, арцель «Смычка» (з 1930; 16 работнікаў), смалакурны завод, арцель «Смалапрадукцыя» (з 1927; 23 работнікі), хлебапякарня (з 1930; 2 работнікі), крухмальны завод (з 1929), масларобча-сыраварны завод (з 1929), шапавальны завод[3]. У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 2 кастрычніка 1943 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1997 Дрыбін атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
[рэдагаваць] Насельніцтва

- XVIII стагодзьдзе: 1784 — 657 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1880 — 1080 чал.
- XX стагодзьдзе: 1909 — 1959 чал., зь іх 60% — беларусы, расейцы, палякі, 40% — габрэі[4]; 1940 — 1,2 тыс. чал.; 1971 — 1817 чал.; 1992 — 1,5 тыс. чал.[5]
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 3,2 тыс. чал.; 2006 — 3,0 тыс. чал.; 2008 — 2,9 тыс. чал.
[рэдагаваць] Адукацыя
У Дрыбіне працуюць сярэдняя школа, школа мастацтваў.
[рэдагаваць] Мэдыцына
Мэдыяныя паслугі надаюць лякарня і паліклініка.
[рэдагаваць] Культура
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, палац культуры.
[рэдагаваць] Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя
Дзейнічае Дрыбінскі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Дрыбін»[6].
[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны
За 1 км на паўднёвы захад ад мястэчка знаходзіцца старажытны курган і 2 археалягічныя стаянкі каменнага веку.
[рэдагаваць] Цікавыя факты
- На Амсьціслаўшчыне ходзіць прымаўка: «у Дрыбіне даюць па рыбіне, а ў Расьне — хоць зубамі лясьні» (запісана каля Гораў-Горак).
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Валерый Грынявецкі. Дрыбін // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 604.
- ^ a b Вольга Князева. Дрыбін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 300.
- ^ Дрыбін. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 22 студзеня 2011 г.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дрыбінскага раёна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004.
- ^ Вольга Князева. Дрыбін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 299.
- ^ Дрибин // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
[рэдагаваць] Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дрыбінскага раёна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Drybin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 177.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Дрыбін — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- мяст. Дрыбін на Radzima.org
- Здымкі на Globus.tut.by
- Афіцыйны сайт Дрыбінскага выканкаму(рас.)
- Дрыбін: насельніцтва, эканоміка, тэлефонны даведнік
| Дрыбінскі раён | ||
|---|---|---|
| Мястэчка |
Дрыбін
|
|
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі базавага ўзроўню | ||
|
Магілёўская вобласьць |
||
|---|---|---|
| Раёны |
Амсьціслаўскі (Мсьціслаўскі) • Асіповіцкі • Бабруйскі • Быхаўскі • Бялыніцкі • Глускі • Горацкі • Дрыбінскі • Касьцюковіцкі • Кіраўскі • Клімавіцкі • Клічаўскі • Краснапольскі • Круглянскі • Крычаўскі • Магілёўскі • Прапойскі (Слаўгарадзкі) • Хоцімскі • Чавускі • Чэрыкаўскі • Шклоўскі
|
|
| Гарады / Месты |
Амсьціслаў (Мсьціслаў) • Асіповічы • Бабруйск¹ • Быхаў • Горкі • Кіраўск / Качэрычы • Касьцюковічы • Клімавічы • Клічаў • Крычаў • Магілёў • Прапойск (Слаўгарад) • Чавусы • Чэрыкаў • Шклоў
¹ абласное падпарадкаваньне |
|
| Мястэчкі |
Бялынічы • Глуск • Глуша • Дрыбін • Краснапольле • Круглае • Татарка • Хоцімск / Радзівілаў • Ялізава
|
|
| Месты і мястэчкі гістарычнай Амсьціслаўшчыны | |
|---|---|
| — ¹ Вылучаным пазначаюцца месты; — ² У дужках прыводзіцца час атрыманьня Магдэбурскага права | |