Захад-2021

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Захад-2021
Захад
Частка адРасейска-ўкраінскі крызіс (з 2021) Рэдагаваць
ПапярэднікЗахад-2017 Рэдагаваць
Дата пачатку10 верасьня 2021 Рэдагаваць
Дата заканчэньня16 верасьня 2021 Рэдагаваць
УдзельнікУзброеныя сілы Расеі, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь Рэдагаваць

«Захад-2021» — сумеснае стратэгічнае вучэньне ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі, якое прайшло ў 10—16 верасьня 2021 году.

У Беларусі задзейнічалі 4 палігоны ў Берасьцейскай вобласьці: 230-ы Абоз-Лясноўскі (Лесіна, Баранавіцкі раён), 174-ы Даманаўскі (Івацэвіцкі раён) ад ВПС і войскаў СПА Беларусі, 210-ы Ружанскі авіяцыйны (Пружанскі раён) і Берасьцейскі (Прылукі). У Расеі скарысталі 9 палігонаў у 7 абласьцях: Кірылаўскі (Ленінградзкая вобласьць), Стругі Красныя (Пскоўская вобласьць), Муліна (Ніжагародзкая вобласьць), Пагонава (Варонеская вобласьць), Хмялёўка, Праўдзінскі і Дабравольскі (Калінінградзкая вобласьць), Дарагабуж (Смаленская вобласьць) і Вольскі (Саратаўская вобласьць). Сярод каля 12 800 удзельнікаў у Беларусі было каля 2500 расейскіх вайскоўцаў і да 50 казаскіх са складу Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ. Пры гэтым задзейнічалі да 350 бранятанкавых машынаў, зь іх каля 140 танкаў, каля 110 артылерыйскіх установак і рэактыўных сыстэмаў залпавага агню (РСЗА), а таксама звыш 30 верталётаў і самалётаў. У Расею накіравалі каля 400 беларускіх вайскоўцаў і звыш 30 баявых машынаў[1]. Агулам у вучэньні ўзялі ўдзел каля 200 000 вайскоўцаў. Для гэтага прыцягнулі звыш 750 баявых машынаў і звыш 80 верталётаў і самалётаў[2]. Сярод баявых машынаў было звыш 290 танкаў, а таксама больш за 240 гарматаў, РСЗА і мінамётаў. На Балтыйскім моры задзейнічалі да 15 караблёў[3].

27 верасьня 2021 году прамоўца Міністэрства замежных справаў Украіны Алег Ніколенка заявіў, што пасьля вучэньня «Захад-2021» Расея пакінула каля мяжы з Украінай на сваёй тэрыторыі і ў Беларусі 19 батальённа-тактычных групаў па амаль 1000 вайскоўцаў у кожнай[4]. 20 лістапада 2021 году кіраўнік Галоўнай ўправы выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў адзначыў, што пасьля вучэньня «Захад-2021» Узброеныя сілы Расеі засяродзілі звыш 92 000 вайскоўцаў на мяжы з Украінай. Ён падкрэсьліў, што расейскія войскі рыхтуюцца да нападу на Ўкраіну на пачатку лютага 2022 году, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі[5]. 10—20 лютага 2022 году ў Беларусі прайшло беларуска-расейскае вучэньне «Саюзная рашучасьць-2022», пасьля якога сапраўды пачалося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку зь Беларусі.

Падрыхтоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 кастрычніка 2020 году на сумесным анлайн-паседжаньні міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі міністры Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу зацьвердзілі задуму сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2021»[6]. 4 сьнежня расейскі міністар Шайгу паведаміў: «Найважнейшым мерапрыемствам па адпрацоўцы практычных дзеяньняў войскаў стане заплянаванае на верасень расейска-беларускае стратэгічнае вучэньне „Захад-2021“»[7].

18 студзеня 2021 году міністар абароны Беларусі Хрэнін згадаў: «У аснову задумы сумеснага стратэгічнага вучэньня лёг адзін з магчымых варыянтаў эскаляцыі ваенна-палітычнай абстаноўкі супраць умоўнай дзяржавы. Вучэньні плянуецца правесьці цягам 7 сутак з 10 па 16 верасьня. Паводле прапановы нашых расейскіх калегаў вучэньне пройдзе на тэрыторыі дзьвюх краінаў, што нам дазволіць адпрацаваць пытаньні выкарыстання рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі і вядзеньня армейскіх апэрацыяў». Пры гэтым міністар дадаў, што падчас «Захаду-2021» мелі скарыстаць сумесныя штурмавыя групы на ўрбанізаванай тэрыторыі[8]. Ад 29 сакавіка па 2 красавіка прадстаўнікі Паветрана-касьмічных сілаў Расеі абсьледавалі месцы правядзеньня вучэньня ў Беларусі і абмеркавалі ўтварэньне навучальна-баявога цэнтру сумеснай падрыхтоўкі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі[9]. 31 сакавіка ў Маскве начальнікі генэральных штабоў узбоеных сілаў Беларусі і Расеі Віктар Гулевіч і Валеры Герасімаў абмеркавалі падрыхтоўку да вучэньня[10].

7 красавіка 2021 году на Госкім палігоне (Гарадзенскі раён) правялі вайсковыя манэўры ў рамках падрыхтоўкі да вучэньня. Пры гэтым мотастралкі, танкісты і артылерысты вучыліся абарончаму бою з контарнаступам, каб адбіць уварваньне побач зь беларуска-летувіскай мяжой[11]. 21—22 красавіка ў рамках падрыхтоўкі да вучэньня правялі сумесную штабную трэніроўку з управай сувязі Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка сувязі Узброеных сілаў Алега Мішчанкі[12]. 26—27 траўня адмыслоўцы Ўзброеных сілаў Расеі абсьледавалі вызначаныя для правядзеньня вучэньня палігоны ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях Беларусі[13]. 27 траўня да абсьледаваньня «Берасьцейскага» палігона далучыўся намесьнік міністра абароны Расеі Юнус-Бек Яўкураў[14].

1—3 чэрвеня 2021 году ў рамках падрыхтоўкі да «Захаду-2021» зладзілі камандна-штабное вучэньне з органамі тылу Узброеных сілаў Беларусі[15]. 4 чэрвеня міністар абароны Беларусі Хрэнін падвёў вынікі 2-тыднёвай праверкі 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады ў Берасьці, якая мела браць удзел у вучэньні «Захад-2021»[16]. 10 чэрвеня камандуючы войскамі Заходняй вайсковай акругі Расеі Аляксандар Жураўлёў распавёў, што падчас вучэньня мелі адпрацаваць схаванае разгортваньне войскаў[17].

21 чэрвеня 2021 году Міністэрства абароны Беларусі паведаміла пра анлайн-аўкцыён на перавозку асабістага складу і грузаў чыгункай па Казахстане і Расеі. Дамова № 1 прадугледжвала перавозку ад казаскай станцыі Коктас каля палігона Сары-Шаган (Карагандзінская вобласьць) у валоданьні Міністэрства абароны Расеі і ад 2-х расейскіх станцыяў — Ашулук каля аднайменнага палігона (Астраханская вобласьць) і Ільліно каля палігона Муліна (Ніжагародзкая вобласьць), дзе базавалася 6-я асобная танкавая брыгада (в/ч 54096). Для Коктаса мелі вылучыць 128 вагонаў, для Ашулука — 244, а для Ільліна — 298. З улікам сумаваньня вагонаў на вучэньні ў Беларусь мелі прыехаць 64 вагоны з Коктаса, 122 — з Ашулука і 149 — зь Ільліна. Дамова № 2 прадугледжвала перавозку ў 114 вагонах, чыім экспэдытарам меў стаць «Белінтэртранс - транспартна-лягістычны цэнтар». Дастаўку зьбіраліся ажыцьцявіць ад 2-х расейскіх станцыяў — Танэльная ў Новарасейску (Краснадарскі край), дзе месьцілася 7-я дэсантна-штурмавая дывізія (в/ч 61756), і Сяляціна пад Нара-Фамінскам (Маскоўская вобласьць), дзе знаходзілася 4-я танкавая дывізія (в/ч 19612). Пункты прыбыцьця цягнікоў знаходзіліся ў 5 з 6 вобласьцяў Беларусі, за выняткам Гомельскай: у Берасьцейскай (Баранавічы), Віцебскай (Віцебск і Заслонава), Гарадзенскай (Ласосна), Магілёўскай (Асіпавічы) і Менскай (Азярышча, Барысаў і Стоўпцы)[18]. На 30 чэрвеня 2021 году 557-я інжынэрная брыгада рыхтавала да вучэньня палігон у Баранавіцкім раёне[19].

22 ліпеня 2021 году за содні першы эшалён з расейскімі вайскоўцамі прыбыў у Берасьце. Яшчэ адзін эшалён прыбыў на станцыю Палонка (Баранавіцкі раён)[20]. Да 27 ліпеня на «Лясную» станцыю ў Баранавіцкім раёне даставілі тылавыя падразьдзяленьні расейскага войска[21]. 28 ліпеня расейскі міністар абароны Шайгу паведаміў, што да ўдзелу ў вучэньні «Захад-2021» запрасілі ўсе дзяржавы-ўдзельніцы Шанхайскай арганізацыі супрацы (Кітай)[22]. 3 жніўня ў Менску міністар абароны Беларусі Хрэнін сустрэўся зь 1-м намесьнікам міністра абароны Казахстану Муратам Бектанавым. У ходзе сустрэчы Хрэнін запрасіў казаскіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вучэньні[23].

5 жніўня 2021 году начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў Беларусі Віктар Гулевіч заявіў: «Колькасьць удзельнікаў, якія прымаюць удзел у вучэньні на тэрыторыі Беларусі, складзе каля 12 800 чалавек, у тым ліку каля 2500 расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх вайскоўцаў са складу КСАР АДКБ». У Расеі для вучэньня вызначылі 9 палігонаў: Кірылаўскі (Ленінградзкая вобласьць), Стругі Красныя (Пскоўская вобласьць), Муліна (Ніжагародзкая вобласьць), Пагонава (Варонеская вобласьць), Хмялёўка, Праўдзінскі і Дабравольскі (Калінінградзкая вобласьць), Дарагабуж (Смаленская вобласьць) і Вольскі (Саратаўская вобласьць)[24]. Гулевіч падкрэсьліў: «У аснову пакладзены сцэнар узьнікненьня крызіснай сытуацыі нарастаньня і ўзьнікненьня канфлікту, зьвязанай з узрастаньнем дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў, сэпаратысцкіх і міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў, якія маюць зьнешнюю падтрымку… З аднаго боку, „Паўночныя“, якія ўключаюць Саюзную дзяржаву Рэспублікі Палесьсе і Цэнтральнай Фэдэрацыі, з другога боку, „Заходнія“ — кааліцыя зацікаўленых дзяржаваў (Нярыс, Паморыя, Палярная Рэспубліка) і міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі». У якасьці прычыны абвастрэньня становішча называлася імкненьне зьмяніць палітычнае кіраўніцтва ў Рэспубліцы Палесьсе і далучыць яе заходнія вобласьці да Нярыс[25]. У вучэньні мелі задзейнічаць каля 350 бранятанкавых машынаў, да 110 артылерыйскіх установак і рэактыўных сыстэмаў залпавага агню (РСЗА), а таксама звыш 30 верталётаў і самалётаў[26]. Пры гэтым на вучэньне ў Расею мелі накіраваць каля 400 беларускіх вайскоўцаў і 30 баявых машынаў. У Беларусі пад вучэньне адвялі 4 палігоны: 230-ы Абуз-Лясноўскі (Баранавіцкі раён), 174-ы Даманаўскі (Івацэвіцкі раён) ад ВПС і войскаў СПА Беларусі, 210-ы Ружанскі авіяцыйны (Пружанскі раён) і Берасьцейскі. Папярэдне, 30 ліпеня прадстаўнікоў дзяржаваў АБСЭ апавясьцілі пра колькасьць удзельнікаў і ўзбраеньне на вучэньні. Вывад войскаў мелі скончыць да 30 верасьня[27].

Ракетныя сыстэмы залпавага агню на Абуз-Лясноўскім палігоне (19 жніўня 2021 г.)

13 жніўня 2021 году дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў: «Паколькі ў склад рэгіянальнай групоўкі войскаў уваходзяць злучэньні і воінскія часьці 1-й танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, то яны і складаюць аснову расейскага воінскага кантынгенту, які ўдзельнічае ў вучэньні на нашай тэрыторыі». Ён таксама паведаміў, што ад Узброеных сілаў Беларусі на расейскім палігоне Муліна ў вучэньні прымуць удзел каля 400 вайскоўцаў і больш за 30 баявых машынаў. Сярод іншага, Вальфовіч нагадаў пра пэрыядычнасьць вучэньняў: «Пэрыядычнасьць іх правядзеньня вызначана ў 2009 годзе прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі: адзін раз у 2 гады па чарзе. На нашай тэрыторыі было праведзена вучэньне „Захад“ у 2009, 2013 і 2017 гадах, а на тэрыторыі Расеі — „Шчыт Саюзу“ ў 2011, 2015 і 2019 гадах»[28]. 20 жніўня Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра ўтварэньне стралковага батальёну тэрытарыяльных войскаў Баранавіцкага раёну. Пасьля інжынэрных, мэдычных і стралковых заняткаў батальён меў адпрацаваць на палігоне абарону паселішча сумесна з вайсковымі часьцямі Ўзброеных сілаў[29]. 23—27 жніўня правялі сумесныя спэцыяльныя вучэньні тылавога забесьпячэньня ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі. Пры гэтым скарысталі Абуз-Лясноўскі палігон, навучальны цэнтар «Лясішча» (Слуцкі раён) і аэрадромную дзялянку дарогі Менск—Магілёў у Менскай вобласьці. У гэтым вучэньні задзейнічалі звыш 1300 вайскоўцаў і звыш 200 аўтамашынаў. Адпрацоўка ўлучала выпечку і выдачу хлеба, разгортваньне палявога магістральнага трубаправода і дзялянак масавай запраўкі, рамонт узбраеньня, абсталяваньне дзялянак загрузкі боепрыпасаў на аўтатранспарт, забесьпячэньне пасадкі і паўторнага вылету летакоў на аэрадромнай дзялянцы дарогі, дарожна-камэнданцкую службу і тэхнічнае прыкрыцьцё на аўтадарогах і чыгунцы[30].

Падрыхтоўчыя стрэльбы на Абуз-Лясноўскім палігоне (19 жніўня 2021 г.)

29 жніўня 2021 году першы беларускі эшалён накіравалі на палігон «Сары-Шагал» у Казахстане для ўдзелу ў занятку па кіраваньні ракетнымі ўдарамі з баявымі пускамі. Занятак прызначылі на 15—16 верасьня ў рамках вучэньня «Захад-2021». У занятку мелі задзейнічаць звыш 200 чалавек і да 100 адзінак тэхнікі. Для гэтага ад ракетных войскаў Беларусі прыцягнулі ракетныя комплексы «Кропка-У», РСЗА «Палянэз» і «Сьмерч». Свае падразьдзяленьні накіравалі 927-ы цэнтар падрыхтоўкі і прымяненьня БАК (Бяроза), 85-я брыгада сувязі (Баранавічы), 62-і цэнтральны вузел сувязі (Смалявіцкі раён) Мінабароны Беларусі, 1562-я ракетная тэхнічная база (Лапічы, Асіпавіцкі раён), 31-ы навігацыйна-тапаграфічны цэнтар (Бабруйск) і 48-ы асобны батальён радыёэлектроннай барацьбы (Берасьце), а таксама інжынэрныя войскі[31]. 4 верасьня казаскія вайскоўцы прыбылі ў Беларусь на вучэньне «Захад-2021». Агульны лік удзельнікаў меў скласьці каля 200 000 чалавек. Для гэтага вылучылі 760 баявых машынаў, 80 верталётаў і самалётаў, а таксама да 15 караблёў[32]. 7 верасьня каля 500 вайскоўцаў 7 краінаў Азіі з Армэніі, Індыі, Казахстану, Кыргыстану, Манголіі, Пакістану і Шры-Ланкі прыляцелі на палігон Муліна ў Ніжагародзкай вобласьці Расеі для ўдзелу ў вучэньні. Цягам 5 дзён ім далі прыстраляць танкі Т-72Б3, БМП-2, аўтаматы Ак-74М, гранатамёты РПГ-7В і кулямёты ПКМ. Агулам на вучэньне вылучылі звыш 290 танкаў і 240 гарматаў, РСЗА і мінамётаў[33].

Водгукі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 сакавіка 2021 году галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Руслан Хомчак паведаміў, што пад выглядам падрыхтоўкі да вучэньня «Захад-2021» Узброеныя сілы Расеі сьцягвалі тактычныя групы да ўсходніх межаў Украіны з усёй Расеі. 11 красавіка на запыт ураду Ўкраіны Арганізацыя па бясьпецы і супрацы ў Эўропе (Аўстрыя) зладзіла паседжаньне ў адпаведнасьці зь Венскім дакумэнтам «Аб умацаваньні даверу і бясьпекі ў Эўропе» ад 30 лістапада 2011 году. Паседжаньне прадугледжвала падачу ад ураду Расеі тлумачэньня наконт засяроджаньня войскаў на расейска-ўкраінскай мяжы і ў акупаваным Крыме[34].

11 траўня 2021 году кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Іван Баканаў заявіў, што ў сувязі з вучэньнем «Захад-2021» поўнамаштабнага нападу варта чакаць як з боку Расеі, гэтак ён магчымы і з тэрыторыі Беларусі. 12 траўня міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран паведаміў пра падрыхтоўку ўмацаваньня беларуска-ўкраінскай мяжы да пачатку вучэньня ў верасьні[35]. 16 чэрвеня ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі заявіў пра атрыманьне зьвестак наконт адпрацоўкі падчас вучэньня «Захад-2021» захопу расейскім войскам Адэсы, Кіева і Харкава: «„Захад-2021“, вучэньні… паводле той інфармацыі, якую мы атрымліваем — адпрацоўваюцца варыянты магчымага захопу Кіева, Адэсы, Харкава»[36].

3 верасьня 2021 году генэральны сакратар Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы Енс Стольтэнбэрг заклікаў урад Расеі раскрыць падрабязнасьці вучэньня «Захад-2021» у сувязі з «ростам занепакоенасці краінаў Балтыі, Польшчы і Ўкраіны»[37]. Стольтэнбэрг падкрэсьліў: «Мы бачылі раней, што колькасьць войск, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях, значна перавышае абвешчаную». У прыклад прыводзіліся вучэньні «Захад-2017», да ўдзелу ў якіх Расея прыцягнула да 70 000 вайскоўцаў замест абвешчаных 12 700. Урэшце, ён згадаў: «З моманту заканчэньня халоднай вайны Расея ніколі не адкрывала вучэньні для абавязковых праверак»[38].

Правядзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10 верасьня 2021 году на Берасьцейскім палігоне (Прылукі) правялі дэсантаваньне на самалётах «Іл-76»[39]. Для выведкі карысталі бесьпілётнікі, пасьля чаго штурмавая авіяцыя нанесла паветраныя ўдары. Затым мэханізаваны батальён 6-й мэханізаванай брыгады правёў стрэльбы. Адначасна стрэльбы вялі артылерысты, мотастралкі і танкісты[40].

11 верасьня ў Калінінградзкай вобласьці ўпершыню апрабавалі ўдарных робатаў «Плятформа-М», узброеных гранатамётамі і кулямётамі. Дэсантнікі і мотастралкі скарысталі іх у гарадзкіх умовах і для стварэньня праходаў у мінных палях[41] на палігоне Хмялёўка і Праўдзінскім палігоне. Таксама задзейнічалі бесьпілётнікі «Арлан» і «Фарпост»[42]. У Беларусі задзейнічалі 12 800 вайскоўцаў, зь іх 2500 расейскіх і да 50 казаскіх з КСАР АДКБ. На расейскіх палігонах задзейнічалі каля 400 беларускіх вайскоўцаў і звыш 30 баявых машынаў[43]. Агулам у вучэньнях бралі ўдзел 200 000 вайскоўцаў[44].

На 12 верасьня ў вучэньні скарысталі 230-ы Абуз-Лясноўскі палігон (Лесіна, Баранавіцкі раён)), 174-ы Даманаўскі (Івацэвіцкі раён) ад ВПС і войскаў СПА Беларусі, 210-ы Ружанскі авіяцыйны (Пружанскі раён) і Берасьцейскі (Прылукі). У Расеі скарысталі 9 палігонаў: Кірылаўскі (Ленінградзкая вобласьць), Стругі Красныя (Пскоўская вобласьць), Муліна (Ніжагародзкая вобласьць), Пагонава (Варонеская вобласьць), Хмялёўка, Праўдзінскі і Дабравольскі (Калінінградзкая вобласьць), Дарагабуж (Смаленская вобласьць) і Вольскі (Саратаўская вобласьць), а таксама адпрацоўвалі задачы ў Балтыйскім моры. Пры гэтым задзейнічалі да 760 баявых машынаў, звыш 80 верталётаў і самалётаў, 15 караблёў, а таксама рэактыўныя сыстэмы залпавага агню (РСЗА) і мінамёты. Сярод іх у Беларусі задзейнічалі каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, 110 артылерыйскіх установак і РСЗА, а таксама звыш 30 верталётаў і самалётаў. За 10—12 верасьня адпрацавалі адбіцьцё нападу. На 13—16 верасьня прызначылі разгром нападу з адновай тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы[45]. 12 верасьня на Абуз-Лясноўскім палігоне адпрацавалі адбіцьцё горада, для чаго скарысталі самалёты «Су-25», зэнітныя ракетныя комплексы «Тор-М2» і танкі «Т-72»[46]. Пры гэтым задзейнічалі вайскоўцаў Cілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі, расейскія часьці 4-й танкавай дывізіі і 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі, а таксама казаскія часьці 35-й асобнай дэсантнай брыгады і асобны стралковы батальён тэрытарыяльнай абароны, які ўтварыў Баранавіцкі гарадзкі выканаўчы камітэт[47]. Тым часам, у Расеі на палігоне Стругі Красныя (Пскоўская вобласьць) ўпершыню ўначы дэсантавалі звыш 600 чалавек і 30 баявых машынаў дэсанту «БМД-2К-АУ», «БМД-4М» і БТР. Пры гэтым скарысталі звыш 20 транспартных самалётаў «Іл-76», якія адначасна выкідвалі падразьдзяленьні з вышыняў ад 4-х км да 600 мэтраў на 2 пляцоўкі. Пасьля высадкі дэсантнікі захапілі палявое лётнішча пры падтрымцы артылерыі і супрацьпаветранай абароны[48], а затым зьдзейсьнілі марш на 100 км[49]. З паветра высадку прыкрывалі зьнішчальнікі «Су-30СМ» і верталёты «Мі-8АМТШ» і «Ка-50». Транспартнымі самалётамі кіравалі з борта самалётаў радыёвыяўленьня «А-50» і «Іл-22-СУРТ»[48].

Расейскія дэсантнікі высаджваюцца зь верталётаў на палігоне Муліна (13 верасьня 2021 г., Ніжагародзкая вобласьць)

13 верасьня на Ружанскім авіяпалігоне разыгралі галоўны эпізод з удзелам авіяцыі. Беларускія зьнішчальнікі «Су-30» давыведалі мясцовасьць лётнішча. Затым яго паразілі штурмавыя, бамбавальныя і зьнішчальныя самалёты, а таксама ўдарныя верталёты. Бомбакіданьне правялі самалёты «Ту-22» Паветрана-касьмічных сілаў Расеі. Пад прыкрыцьцём пары верталётаў «Мі-24» пошукавы выратавальны атрад эвакуяваў пілётаў з поля бою. У розыгрышы задзейнічалі звыш 20 летакоў. На палігоне скінулі 50 авіябомбаў, выпусьцілі 130 некіраваных авіяракетаў і 850 снарадаў калібрам 30 мм. Усе мішэні пры гэтым зьнішчылі[49]. Тым часам, у Калінінградзкай вобласьці Балтыйскі флёт Расеі высадзіў тэхніку марскога дэсанта і марскіх пехацінцаў Паўночнага флёту для захопу пляцдарму на беразе, які бараніла марская пяхота Балтфлёту. На расейскім палігоне Муліна ў Ніжагародзкай вобласьці задзейнічалі вайскоўцаў зь 7 краінаў, у тым ліку Армэніі, Беларусі, Індыі і Казахстану, а таксама робатаў. На палігоне «Сары-Шаган» у Казахстане беларускія ракетчыкі зладзілі пускі на адлегласьць ад 40 да 100 км з РСЗА «Палянэз» і «Сьмерч», а таксама з тактычнага ракетнага комплексу «Кропка». Пры гэтым задзейнічалі звыш 100 адзінак тэхнікі. Дакладнасьць ракетных удараў забясьпечылі бесьпілётнікі, навігацыйна-тапаграфічная служба, войскі сувязі і радыёэлектроннай барацьбы[50]. Адхіленьне ад мэтаў пры пуску ракетаў з «Палянэзу» склала 2 і 4 мэтры[51]. Уначы на Берасьцейскім палігоне вайскоўцы Беларусі, Казахстану і Расеі дэсантаваліся з самалётаў «Іл-76МД» з выкарыстаньнем прыбораў начнога бачаньня. Спачатку расейскія вайскоўцы з групы спэцпрызначэньня высадзіліся на парашутах «Крыло» з вышыні 1,5 км для захопу пляцоўкі. Затым дэсантнікі зь Беларусі і Казахстану высадзіліся з вышыні 600 м на парашутах «Д-6»[52]. Агулам з самалётаў на хуткасьці 300—350 км/гадз. высадзілі звыш 170 дэсантнікаў, зь іх 90 расейскіх, 60 беларускіх і 20 казаскіх. Іх даставілі зь лётнішча Мачулішчы (Менскі раён) за 2 заходы[53].

14 верасьня на «Берасьцейскім» палігоне днём і ноччу з 20 транспартных самалётаў «Іл-76» высадзілі звыш 350 беларускіх і расейскіх дэсантнікаў, а таксама каля 30 адзінак тэхнікі. Адпрацавалі стральбу ўначы і захоп вострава зь пераадоленьнем[54] ракі Мухавец. Саму высадку прыкрывалі зьнішчальнікі «Су-30». Транспартныя самалёты ішлі парамі з інтэрвалам 30 сэкундаў і спачатку скідвалі тэхніку. Расейскія частка эшалёну вылецела зь лётнішча Крыжы ў Пскоўскай вобласьці. Да іх далучылася 50 беларускіх вайскоўцаў 38-й дэсантна-штурмавой брыгады (Берасьце), якія спачатку накіраваліся на Даманаўскі палігон (Івацэвіцкі раён), адкуль зладзілі марш-кідок да Берасьця[55]. З расейскага боку ў дэсантаваньні бралі ўдзел вайскоўцы 76-й дэсантна-штурмавай дывізіі (в/ч 07264) з Пскова[56]. На Абуз-Лясноўскім палігоне зладзілі контарнаступ з падтрымкай артылерыстаў і ракетчыкаў. У небе падразьдзяленьні прыкрывалі верталёты «Мі-24» ВПС і войскаў СПА Беларусі, а таксама верталёты «Ка-52» расейскага войска. За эпізодам назіралі вайсковыя аташэ 18 краінаў, а таксама прадстаўнікі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (Расея), Шанхайскай арганізацыі супрацы (Кітай), Садружнасьці незалежных дзяржаваў і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа (Швайцарыя)[54].

15 верасьня Міністэрства абароны Расеі заявіла, што максымальная колькасьць прыцягнутага на вучэньне асабовага складу вайсковых часьцей пад адзіным апэратыўным камандаваньнем, якія падпадаюць пад дзеяньне Венскага дакумэнту 2011 году аб захадах умацаваньня даверу і бяспекі, на тэрыторыі Расеі і Беларусі не перавысіла 6400 і 6300 чалавек адпаведна[3]. Тым часам, на Берасьцейскім палігоне высадзілі галоўныя сілы апэратыўнага дэсанту, каб стрымаць праціўніка дзеля прасоўваньня ўдарных войскаў[57]. Тым часам, са станцыі «Берасьце-Паўднёвае» адправілі першы расейскі эшалён з узбраеньнем. Канчатковае вяртаньне расейскіх вайскоўцаў у месцы пастаяннага знаходжаньня сплянавалі да 15 кастрычніка[58].

17 верасьня пры закрыцьці вучэньня на Абуз-Лясноўскім палігоне зладзілі праходжаньне калёнаў скарыстанай тэхнікі. У калёнах прайшлі асноўныя сярэднія танкі «Т-72Б» і «Т-80», баявыя машыны пяхоты «БМП-2» і баявыя машыны дэсанту «БМД-4», артылерыйскія сыстэмы «2С5» і «2С19», РСЗА «БМ-21» і «Тарнада». Таксама зладзілі пралёт эшалёну летакаў, сярод якіх былі транспартныя верталёты «Мі-8МТВ-5», верталёты «Мі-8», ударныя верталёты «Мі-24», выведвальна-ўдарныя верталёты «Ка-52», навучальна-баявыя самалёты «Л-39» і «Як-130», самалёты-штурмавікі «Су-25», тактычныя зьнішчальнікі «МіГ-29», зьнішчальнікі «Су-30СМ» і транспартныя самалёты «Іл-76»[59]. Сярод іншага, ад Расеі на вучэньні задзейнічалі самалёты «Ту-22М3», «Су-35С» і «Су-34», а таксама верталёты «Мі-28Н» і «Мі-35»[60]. На закрыцьці вучэньня міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў: «Сур’ёзную ўвагу мы надалі асваеньню новых спосабаў дзеяньняў войскаў, якія прайшлі апрабацыю ў Сырыі». Таксама выступілі намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі Сяргей Істракоў і намесьнік камандуючага дэсантна-штурмавымі войскамі Ўзброеных сілаў Казахстану Віктар Жытнік[61].

29 верасьня Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што апошні вайсковы эшалён з расейскімі вайскоўцамі, якія бралі ўдзел у вучэньні, пакінуў тэрыторыю Беларусі[62].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 кастрычніка 2021 году расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу заявіў: «Падчас вучэньняў „Захад-2021“ мы праверылі функцыянаваньне двух створаных вучэбна-баявых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі, а таксама арганізацыю баявога дзяжурства ў адзінай рэгіянальнай сыстэме СПА Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Досьвед, набыты экіпажамі зьнішчальнікаў, будзе улічаны ў далейшай рабоце па ахове паветраных межаў Саюзнай дзяржавы»[63]. Таксама Шайгу адзначыў: «На палігоне Муліна (Ніжагародзкая вобласьць) у баявых парадках агульнавайсковых падразьдзяленьняў упершыню выкарыстоўваліся робаты разьведкі і агнявой падтрымкі „Уран-9“ і „Нярэхта“»[64].

Міжнародная рэакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верасьні 2021 году ўрады краінаў Эўразьвязу і ЗША адмовіліся накіроўваць наглядальнікаў на вучэньне «Захад-2021», хоць улетку 2021 году атрымалі запрашэньне ад ўрадаў Беларусі і Расеі[65].

27 верасьня 2021 году прамоўца Міністэрства замежных справаў Украіны Алег Ніколенка заявіў, што пасьля вучэньня «Захад-2021» Расея пакінула каля мяжы з Украінай на сваёй тэрыторыі і ў Беларусі 19 батальённа-тактычных групаў па амаль 1000 вайскоўцаў у кожнай[4].

20 лістапада 2021 году кіраўнік Галоўнай ўправы выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў адзначыў, што вучэньне «Захад-2021» паказала здольнасьць расейскага войска адначасна перакінуць звыш 3500 дэсантнікаў і вайскоўцаў спэцпрызначэньня. Буданаў заўважыў, што Ўзброеныя сілы Расеі засяродзілі звыш 92 000 вайскоўцаў на мяжы з Украінай. Ён падкрэсьліў, што расейскія войскі рыхтуюцца да нападу на Ўкраіну на пачатку лютага 2022 году. Буданаў удакладніў: «Такая атака, верагодна, будзе ўключаць авіяўдары, артылерыйскія і бранятанкавыя ўдары, за якімі рушаць паветрана-дэсантныя атакі на ўсходзе, дэсантныя атакі ў Адэсе і Марыюпалі і меншае ўварваньне праз суседнюю Беларусь». Урэшце, ён дадаў: «Атака, якую рыхтуе Расея, будзе значна больш разбуральнай, чым нешта раней у канфлікце, які пачаўся ў 2014 годзе, у выніку якога было забіта блізу 14 тысячаў украінцаў»[5].

Меркаваньні экспэртаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 верасьня 2021 году расейскі вайсковы аглядальнік «Новай газэты» Павал Фельгенгаўэр выказаў меркаваньне, што вучэньне «Захад-2021» прадугледжвае маштабнае перакідваньне войскаў, і ў яго плянах ёсьць вялікая рэгіянальная вайна з Украінай. На той час да расейска-ўкраінскай мяжы перакінулі расейскія войскі з Заходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай вайсковых акругаў. Фельгенгаўэр падкрэсьліў: «Адна палявая армія з Паволжа і адна палявая армія зь Сібіру былі перакінутыя яшчэ вясной падчас так званай праверкі баявой гатоўнасьці, у якой удзельнічала да паўмільёну чалавек. І цяпер, хоць афіцыйна вучэньні яшчэ не пачаліся, праходзяць лягістычныя вучэньні — адпрацоўваецца сыстэма забесьпячэньня, перакіданьня войскаў, іх мабілізацыя, разгортваньне з выкарыстаньнем перадусім чыгункі». Таксама ён нагадаў, што групоўка зь 5 расейскіх арміяў ствараецца ў Бранскай, Белгародзкай і Варонескай абласьцях Расеі. На думку Фельгенгаўэра гэтая групоўка прызначалася для таго, каб «зламаць усю ўкраінскую абарону і раскалоць, разарваць Украіну на дзьве часткі». Расейскі прафэсар паліталёгіі Юры Фёдараў, які працаваў на Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледаваньняў у Ангельшчыне, таксама дапусьціў падрыхтоўку да сумеснага наступу расейскага і беларускага войскаў супраць Украіны. З улікам заяваў расейскіх і беларускіх вайскаводаў ён дадаў, што адной з задачаў вучэньня была адпрацоўка штурму гарадоў, што магчыма ў выпадку ўварваньня ва Ўкраіну[66].

17—19 верасьня 2021 году прайшлі выбары ў Дзяржаўную думу Расеі. Цэнтральная выбарчая камісія Расеі паведаміла, што на ганцавіцкім выбарчым участку № 8048 у вайсковым гарадку «Клецак-2» пад пасёлкам Азярэчча (Клецкі раён), дзе месьціцца радыёвузел «Баранавічы», прагаласавала 4265 расейскіх грамадзянаў. Тым часам на выбарах у ліпені 2020 году яўка на гэтым участку склала 560 чалавек. У выніку розьніца ў 3705 чалавек у 1,5 разы перавышала заяўленыя на вучэньні 2500 расейскіх вайскоўцаў. 23 верасьня 2021 году партал «ІнфармНапалм» выказаў здагадку, што перавышэньне магло быць зьвязана дадатковым накіраваньнем вайскоўцаў для падрыхтоўкі стварэньня ў Беларусі навучальна-баявога цэнтру[67].

30 кастрычніка 2021 году кіраўнік праграмы дасьледаваньняў Расеі ў Асяродку марскога аналізу (ЗША) Міхаіл Кофман (нар. Кіеў, Украінская ССР) заявіў, што 41-я агульнавайсковая армія Расеі злучылася зь іншымі вайсковымі аб’яднаньнямі на расейска-ўкраінскай мяжы пасьля вучэньня «Захад-2021» замест таго, каб вярнуцца ў Новасібірск. Таксама Кофман згадаў пра відэазапісы анлайн, якія сьведчылі, што 1-я танкавая армія Расеі таксама перакідвае вайскоўцаў і тэхніку з Маскоўскай вобласьці да мяжы з Украінай[68].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пачалася актыўная фаза беларуска-расейскага вучэньня «Захад-2021» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 10 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  2. ^ Уладзімер Каралёў, тэлеканал «Беларусь 1». У вучэньнях «Захад-2021» удзельнічаюць каля 200 тысяч вайскоўцаў на 14 палігонах Беларусі, Расеі і ў Балтыйскім моры // Белтэлерадыёкампанія, 10 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  3. ^ а б Эдуард Півавар. Намесьнік міністра абароны РФ аб вучэньні «Захад-2021»: мы можам абразуміць і ацьверазіць любога ворага // БелТА, 15 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  4. ^ а б Зьміцер Лявіцкі, «РБК-Украіна». МЗС Украіны: Лукашэнка паўтарае шаблёны расейскай прапаганды // Прэс-цэнтар «Хартыі’97», 27 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  5. ^ а б Гоўард Альтман, «Вайсковы час». Кіраўнік ГУР назваў дату магчымага ўварваньня РФ ва Ўкраіну // Прэс-цэнтар «Хартыі’97», 21 лістапада 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  6. ^ Сцэнар вучэньняў «Захад-2021» зацьвердзілі ваенныя Беларусі і Расеі // Радыё «Спадарожнік», 27 кастрычніка 2020 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  7. ^ Віктар Талочка. Стала вядомая дата правядзеньня ваенных вучэньняў «Захад-2021» // Радыё «Спадарожнік», 4 сьнежня 2020 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  8. ^ Вольга Мядзведзева. Узброеныя сілы: кампактныя, баяздольныя, гатовыя выканаць пастаўленую задачу // Зьвязда : газэта. — 19 студзеня 20221. — № 9 (29378). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Візыт дэлегацыі Паветрана-касьмічных сіл Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі // Міністэрства абароны Беларусі, 29 сакавіка 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  10. ^ У Маскве абмеркаваныя пытаньні ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі // Міністэрства абароны Беларусі, 31 сакавіка 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  11. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Ля заходніх межаў Беларусі праводзяцца ваенныя вучэньні // Белтэлерадыёкампанія, 7 красавіка 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  12. ^ Сумесная штабная трэніроўка з упраўленьнем сувязі Генэральнага штаба Ўзброеных сіл // Міністэрства абароны Беларусі, 22 красавіка 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  13. ^ Рэкагнасцыроўка раёнаў правядзеньня сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2021» // Міністэрства абароны Беларусі, 26 траўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  14. ^ Рабочы візыт у Рэспубліку Беларусь генэрал-лейтэнанта Юнус-Бека Яўкурава // Міністэрства абароны Беларусі, 28 траўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  15. ^ Камандна-штабное вучэньне з органамі ваеннага кіраваньня тылавога забесьпячэньня Ўзброеных сіл // Міністэрства абароны Беларусі, 28 траўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  16. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». В. Хрэнін узнагародзіў вайскоўцаў 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  17. ^ ТАСС. На вучэньнях «Захад-2021» адпрацуюць схаванае разгортваньне войскаў супраць «умоўнай дзяржавы» // Партал «Наша ніва», 11 чэрвеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  18. ^ Вышкалы «Захад-2021»: хто, калі, адкуль і куды // Партал «ІнфармНапалм», 28 чэрвеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  19. ^ Палігон пад Баранавічамі рыхтуюць да беларуска-расейскіх вучэньняў // Беларускае радыё «Рацыя», 30 чэрвеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  20. ^ Максім Гарлуковіч, Ян Гарбанюк, агенцтва «Ваяр». Расея пачынае перакідваньне сваіх вайсковых падразьдзяленьняў у Беларусь // Міністэрства абароны Беларусі, 22 ліпеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  21. ^ Вераніка Канюта. Наперадзе — адказны час // Зьвязда : газэта. — 28 ліпеня 2021. — № 142 (29511). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  22. ^ Расейска-беларускія вучэньні «Захад-2021» маюць абарончы характар - Шайгу // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 ліпеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  23. ^ Беларусь запрасіла казахстанскі кантынгент для ўдзелу ў вучэньнях «Захад-2021» // БелТА, 3 жніўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  24. ^ Колькасьць удзельнікаў вучэньня «Захад-2021» на тэрыторыі Беларусі складзе каля 12,8 тыс. чалавек // БелТА, 5 жніўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  25. ^ У аснову вучэньня «Захад-2021» пакладзены сцэнар разьвязваньня агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы // БелТА, 5 жніўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  26. ^ Вераніка Канюта. Трымаць порах сухім // Зьвязда. — 28 ліпеня 2021. — № 149 (29518). — С. 2.
  27. ^ БелаПАН. У вучэньнях «Захад-2021» будуць удзельнічаць каля 2,5 тыс. расейскіх вайскоўцаў // Беларускае радыё «Рацыя», 5 жніўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  28. ^ Дзяржсакратар Савета бясьпекі - аб новых пагрозах, вучэньні «Захад-2021» і адзінстве падыходаў з Расеяй // БелТА, 13 жніўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  29. ^ Аб фармаваньні асобнага стралковага батальёна тэрытарыяльных войскаў // Міністэрства абароны Беларусі, 20 жніўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  30. ^ Беларусь і Расея пачалі сумесныя вайсковыя вучэньні // Газэта «Новы час», 23 жніўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  31. ^ Кантрольны занятак па кіраваньні ракетнымі ўдарамі ракетных войскаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь // Міністэрства абароны Беларусі, 27 жніўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  32. ^ Ваенныя з Казахстана прыбылі ў Беларусь на вучэньні «Захад-2021» // Радыё «Спадарожнік», 6 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  33. ^ Аляксей Мікольскі. Замежныя ваеннаслужачыя прыбылі ў Расею для ўдзелу ў вучэньні «Захад-2021» // Радыё «Спадарожнік», 7 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  34. ^ АБСЭ патрабуе тлумачэньняў ад Расеі: чаму тая канцэнтруе войскі на мяжы з Украінай // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 красавіка 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  35. ^ Міністар абароны Ўкраіны: «На гэты момант мы не заўважаем непасрэдных пагроз з тэрыторыі Беларусі» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 12 траўня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  36. ^ Алена Літвінава. Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што на вучэньнях «Захад-2021» будуць адпрацоўваць захоп некалькіх украінскіх гарадоў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 16 чэрвеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  37. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». НАТА патрабуе дэталяў правядзеньня вучэньняў «Захад-2021» // Белтэлерадыёкампанія, 3 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  38. ^ Аляксандар Іваніцкі, часопіс «Карэспандэнт». Генсакратар НАТО зьвярнуўся да Расеі напярэдадні вучэньняў «Захад-2021» // Газэта «Новы час», 3 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  39. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». «Захад-2021»: чакаецца маштабнае дэсантаваньне на самалётах Іл-76 // Белтэлерадыёкампанія, 10 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  40. ^ Вераніка Канюта. Стартавалі беларуска-расійскія вучэнні «Захад — 2021» // Газэта «Зьвязда», 11 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  41. ^ РІА «Навіны». На вучэньнях «Захад-2021» расейскія ўзброеныя сілы ўпершыню ўжылі баявыя робаты «Плятформа-М» // Газэта «Зьвязда», 11 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  42. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Вучэньне «Захад-2021» - на палігонах Хмялёўка і Праўдзінскі ўпершыню выкарыстаныя ўдарныя робататэхнічныя комплексы «Плятформа-М» // Белтэлерадыёкампанія, 11 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  43. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Актыўная фаза беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2021» стартавала на палігоне Берасьцейскі // Белтэлерадыёкампанія, 11 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  44. ^ Польшча павялічвае колькасьць войска перад «пагрозамі з усходу» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 11 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  45. ^ Марыя Дадалка. Лукашэнка: Мы бачым новыя рызыкі і выклікі на захадзе Саюзнай дзяржавы // Газэта «Зьвязда», 12 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  46. ^ Аляксей Воўкаў, тэлеканал «Беларусь 1». А. Лукашэнка прыняў удзел у вучэньнях «Захад-2021» на палігоне Абуз-Лясноўскі // Белтэлерадыёкампанія, 12 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  47. ^ Лукашэнка назірае за ваенным розыгрышам вучэньня «Захад-2021» // Радыё «Спадарожнік», 12 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  48. ^ а б Андрэй Аляксандраў. Масавае начное дэсантаваньне ўпершыню праведзена на вучэньнях «Захад-2021» // Радыё «Спадарожнік», 12 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  49. ^ а б Тэлеканал «Беларусь 1». Вучэньні «Захад-2021»: на авіяцыйным палігоне Ружанскі разыгралі эпізод з удзелам баявой авіяцыі Ўзброеных сіл Беларусі і Расеі // Белтэлерадыёкампанія, 13 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  50. ^ Уладзімір Каралёў, тэлеканал «Беларусь 1». «Захад-2021»: на 14 беларускіх і расейскіх палігонах і ў акваторыі Балтыйскага мора ўдзел прымаюць каля 200 тысяч вайскоўцаў // Белтэлерадыёкампанія, 13 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  51. ^ «Сьмерч» і «Палянэз» выканалі баявыя пускі на далёкасьць ад 40 да 100 км // Радыё «Спадарожнік», 13 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  52. ^ Аляксей Кудзенка. Ваенныя з трох краін дэсантаваліся ноччу пад Брэстам // Радыё «Спадарожнік», 13 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  53. ^ «Захад-2021»: як падразьдзяленьні ПДВ дэсантуюцца ноччу // Радыё «Спадарожнік», 13 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  54. ^ а б Вераніка Канюта. Адчуць плячо таварыша // Зьвязда : газэта. — 15 верасьня 20221. — № 177 (29546). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  55. ^ Аляксандар Сьмірноў, тэлеканал «Беларусь 1». Чарговы этап вучэньняў «Захад-2021» - дэсантаваньне з самалётаў «Іл-76» і бой з умоўным праціўнікам на часова захопленай тэрыторыі // Белтэлерадыёкампанія, 14 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  56. ^ Сумнавядомая пскоўская дывізыя ў Беларусі // Партал «ІнфармНапалм», 14 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  57. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». «Захад-2021»: вядуцца баявыя дзеяньні рэгіянальнай групоўкі войскаў па адбіваньні наступленьня праціўніка і правядзеньні контарудару // Белтэлерадыёкампанія, 15 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  58. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». «Захад-2021»: у вучэньнях на тэрыторыі Беларусі і Расеі прынялі ўдзел каля 200 тысяч чалавек // Белтэлерадыёкампанія, 16 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  59. ^ Закрыцьцё вучэньня «Захад-2021» адбудзецца на Абуз-Лясноўскім палігоне 17 верасьня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  60. ^ Расея пачала выводзіць войскі зь Беларусі пасьля вучэньня «Захад-2021» // Газэта «Новы час», 16 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  61. ^ Максім Гарлуковіч і Артур Грыгаран, агенцтва «Ваяр». «Захад-2021» – ужо гісторыя // Міністэрства абароны Беларусі, 17 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  62. ^ Апошнія расейскія вайскоўцы пакінулі Беларусь пасля вучэньня «Захад-2021» // Радыё «Спадарожнік», 29 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  63. ^ Шайгу заявіў, што ў Беларусі будуць два вучэбна-баявыя цэнтры Ўзброеных сіл Расеі // Газэта «Новы час», 6 кастрычніка 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  64. ^ Шайгу: на вучэньнях «Захад-2021» упершыню выкарыстоўвалі ўдарных робатаў // Радыё «Спадарожнік», 6 кастрычніка 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  65. ^ Лукашэнка назваў адсутнасьць наглядальнікаў з ЗША і ЕС на вучэньні «Захад-2021» безразважнай пазыцыяй Захаду // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  66. ^ Ганна Плотнікава, «Голас Амэрыкі». «Адпрацоўка задушэньня пратэстаў у Беларусі і сумеснага наступу на Захад». Экспэрты пра манэўры «Захад-2021» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 16 чэрвеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  67. ^ Падлічыць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі дапамаглі расейскія «выбары» // Партал «ІнфармНапалм», 23 верасьня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.
  68. ^ Расея аднавіла перамяшчэньне тэхнікі і вайскоўцаў да мяжы з Украінай // Газэта «Новы час», 31 кастрычніка 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]