Канстантын Астроскі (малодшы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Канстантын Астроскі
Канстантын-Васіль Канстантынавіч Астрожскі
Kanstantyn Vasil Astroski. Канстантын Васіль Астроскі (XVI).jpg
К. В. Астроскі. Невядомы мастак, XVI ст.
POL COA Ostrogski.svg
Герб «Астроскі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 12 лютага 1526
Тураў
Памёр: 23 лютага 1608
Астрог
Род: Астроскія
Бацькі: Канстантын Астроскі
Аляксандра з Алелькавічаў
Жонка: Соф'я з Тарноўскіх
Дзеці: Кацярына, Януш, Канстантын, Лізавета, Аляксандар
Рэлігія: праваслаўе, пратэстанцтва

Канстанты́н Васі́ль Астро́скі (12 лютага [ст. ст. 2 лютага] 1526, Тураў — 23 лютага [ст. ст. 13 лютага] 1608, Астрог) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак валынскі (ад 1550), ваявода кіеўскі (ад 1559).

Валодаў вялікімі маёнткамі на Валыні (Астрог, Сураж, Дубна, Сьцепань, Дарагабуж, Роўна, Зьвягіль і інш.), у Кіеўскім, Рускім (Тэрнопал), Віленскім ваяводзтва, у Польшчы (Тарнаў). У Наваградзкім ваяводзтве меў Азяраны і возера Сьвіцязь (прадаў іх у 1571), Зьдзецел і Глуск, у Менскім ваяводзтвеТарасава[1]. Валодаў таксама значнымі зямельнымі надзеламі ў Вугоршчыне ды Чэхіі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Род і сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў з княскага роду Астроскіх, найбагацейшага і найбольш уплывовага княскага роду ВКЛ XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Бацька Канстантын — вялікі гетман літоўскі. Маці — Аляксандра з роду князёў Алелькавічаў.

Нарадзіўся ў Тураве, дзе правёў дзяцінства і юнацтва. Па сьмерці бацькі выхоўваўся маці. Малады Васіль атрымаў добрую адукацыю, пра што сьведчыць ягонае ліставаньне ды прамовы ў Сэнаце, ды выхаваньне ў духу праваслаўя.

Зь сярэдзіны 1540-х рокаў у афіцыйных дакумэнтах Астроскі пачаў менавацца бацькавым імем — Канстантын.

Першы вайсковы досьвед атрымаў у 15431544 роках, калі браў удзел у баях э татарамі. Палітычную кар’еру распачаў у 1550 року, атрымаўшы ад вялікага князя літоўскага пасаду старасты ўладзімерскага і маршалка валынскага.

На пачатку 1550-х рокаў Астроскі ажаніўся з каталічкаю Соф'яю з Тарноўскіх(pl), дачкою Яна Тарноўскага, будучага вялікага гетмана кароннага. Пад яе ўплывам каталічкамі былі іх дочкі.

Меў сыноў Канстантына (пам. 1558) — староста ўладзімерскі; Аляксандра (атручаны ў 1603 року); і апошні зь дзяцей Януш (пам. 19 жніўня 1620) — кракаўскі кашталян(pl), першы каталік у родзе Астроскіх, пратэктар езуітаў, заснавальнік Астроскай ардынацыі(uk).

Дочкі: Кацярына(pl) — жонка Крыштапа Радзівіла «Перуна»; Лізавета — жонка кашталяна віленскага Януша Кішкі, а пазьней Крыштапа Радзівіла «Перуна».

Палітычная і вайсковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэты К. В. Астроскага
Невядомы мастак, XVII ст.
Невядомы мастак, XVII ст.
Невядомы мастак, XVIII ст. з партрэта кан. XVI ст.
Мастак Я. Сварычэўскі, 1883

У 1559 годзе атрымаў пасаду ваяводы кіеўскага. Праводзіў энэргічную калянізатарскую палітыку ў памежных землях Кіеўшчыны ды Брацлаўшчыны, засноўваў новыя месты, замкі да слабоды.

У 1560-х гадах выступаў за раўнапраўнае ўваходжаньне Русі ў склад дзяржаўнага ўтварэньня Рэчы Паспалітай. У 1569 годзе, стаўшы сэнатарам, быў фактычным прадстаўніком Русі-Ўкраіны ў час складаньня Люблінскае вуніі 1569 году.

Калі ў 1572 годзе згасла дынастыя Ягайлавічаў, К. В. Астроскі ў 15731574 гадах быў адным з мажлівых кандыдатаў на польскі сталец, чыю кандыдатуру падтрымлівала і Турэччына, а ў 1598 годзе, пасьля сьмерці апошняга Рурыкавіча цара Фёдара Іванавіча, — і на маскоўскі (Астроскі быў пароднены з маскоўскімі Рурыкавічамі).

Бараніў тады ўжо каронныя, раней паўднёвыя землі Вялікага Княства Літоўскага ад татараў у 15741575 і 15771578 гадах. У час Інфлянцкай вайны (15581582) браў удзел у 1579 годзе ў выправе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі[2].

У час казацкага паўстаньня(uk) Крыштапа Касінскага(uk) ў 15911593 гадах, не зважаючы на шэраг паразаў, войска, сабранае К. В. Астроскім, у вырашальнай бітве пад П'яткаю(uk) нанесла сакрушальную паразу паўстанцам. Астроскі рашуча выступіў таксама супраць паўстаньня(uk) Севярына Налівайкі(uk) ў 15941596 гадах.

Узяў удзел у падзеях Смутнага часу. У 1602 годзе прымаў у сябе будучага маскоўскага цара Ілжэдзьмітрыя I. Падарыў яму «Кнігу пра постніцтва», надрукаваную ў ягонай друкарні Пётрам Мсьціслаўцам у 1594 годзе з дарчым надпісам «Грыгорыю — царэвічу Маскоўскаму».

Рэлігійная і культурная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У рэлігійнай сфэры выявіўся годным спадкаемцам справы свайго бацькі, рупячыся пра праваслаўе. Падтрымліваў праваслаўныя брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку і Тураве (1572)[3]. Таксама заснаваў школу ва Ўладзімеры-Валынскім у 1577 року.

У 1574 годзе перанёс уласную рэзыдэнцыю з Дубны ў Астрог, дзе распачалася перабудова Астроскага замку пад кіраўніцтвам італійскага архітэктара П’етра Спэрэндыё. За часамі К. В. Астроскага места Астрог, адзін з двух тытулярных цэнтраў епархіі Ўсходняе Валыні, стаў асяродкам праваслаўнай духоўнасьці.

Характэрным было стаўленьне К. В. Астроскага да актуальнага на той час пытаньня пра аб’яднаньне каталікоў і праваслаўных. Выступіўшы спачатку ў падтрымку такое уніі, ён жадаў трымаць гэты працэс пад поўным уласным кантролем. Таму, калі ў 1594—1596 гадах частка духавенства зьдзейсьніла спробу ўкласьці царкоўную вунію без князя, К. В. Астроскі выступіў яе рашучым ворагам і арганізаваў праваслаўны сабор 1596 г., які праходзіў у Берасьці адначасова з уніяцкім. Пасьля падпісаньня вуніі працягваў барацьбу ў абарону правоў праваслаўных — дызунітаў.

Намагаючыся зрабіць уласную рэзыдэнцыю цэнтрам культурнага супраціву каталіцкай ды вуніяцкай экспансіі, прыцягнуў у Астрог шэраг славянскіх ды грэцкіх навукоўцаў, публіцыстаў, багасловаў, сярод якіх Герасім Сматрыцкі(uk), Васіль Сураскі(uk), Хрыстафор Філалет, Эмануіл Ахілес, Лука Сэрбін, Кірыл Лукарыс(uk) (будучы Александрыйскі і Канстантынопальскі патрыярх), Нікіфар Парасхес Кантакузэн(uk), Клірык Астроскі(uk), Зізані Тустаноўскі, Дзям'ян Налівайка(uk) ды іншыя.

Сабраная з дапамогай Канстантына-Васіля бібліятэка ў Астрогу ўлучала ў сябе грэцкую ды заходнеэўрапейскую багаслоўскую літаратуру, перадрукі антычных твораў, слоўнікі, касмаграфіі, граматыкі ды іншае.

У 1575 годзе запрасіў Івана Федаровіча для арганізацыі друкарні ў княскай рэзыдэнцыі. Дзякуючы Астроскай друкарні сьвет пабачылі больш за 20 выданьняў, у тым ліку першы поўны тэкст Бібліі славянскаю моваю.

Каля 1578 году пачала дзейнічаць школа, дзе акрамя шэрагу традыцыйных на той час «вольных» дысцыплінаў, упершыню раўналежна выкладаліся лацінская, грэцкая ды царкоўнаславянская граматыкі. Досьвед ды праграма Астроскае школы былі запазычаныя Львоўскаю, Луцкаю ды іншымі брацкімі школамі.

Апошнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы XVI стагодзьдзя Канстантын-Васіль Астроскі быў найвялікшым пасьля караля землеўласьнікам Рэчы Паспалітай: яму належалі 25 местаў, 10 мястэчак і 670 вёсак, гадавы прыбытак князя перавышаў 1 мільён злотых[3].

У апошнія рокі жыцьця князь паступова адыйшоў ад удзелу ў палітычным і культурным жыцьці краіны. Да таго ж перажыў некалькі непрыемных падзеяў: сыны Ян і Аляксандар перайшлі ў каталіцкую веру, малодшы сын быў атручаны слугой, любімая пляменьніца звар’яцела.

Памятны крыж побач з царквой Сьв. Пятра і Паўла ў Менску

Дажываў у родавых замках у Крупах і Дубне(uk). Гэта нэгатыўна адбілася на дзейнасьці акадэміі ў Астрогу, якая на пачатку XVII стагодзьдзя паступова заняпала.

Памёр у 1608 годзе і быў перавезены для пахаваньня ў крыпце Богаяўленскае царквы ў Астрогу.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Вільні з ініцыятывы Сьвята-Духава праваслаўнага брацтва ў 1908 годзе быў закладзены, а ў 1913 асьвечаны храм-помнік да 300-годзьдзя К. К. Астроскага. На мэмарыяльнай дошцы залатымі літарамі напісана: «У гонар рупліўцы й абаронцы праваслаўнай народнасьці».

Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату на Памесным саборы 2008 году кананізавала князя як добравернага[4].

У Менску, побач з Петрапалаўскім саборам, пастаўлены памятны крыж з надпісам: «Да 400-годзьдзя памяці дабравернага князя Канстантына Васіля Астроскага (1506—1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 году».

У Беластоку (Польшча) заснаваная фундацыя князя Астроскага.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Валеры Пазднякоў. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 262.
  2. ^ Валеры Пазднякоў. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 261.
  3. ^ а б І. А. Юхо, В. Л. Насевіч. Астрожскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 223.
  4. ^ Памесны сабор 2008: Кананізацыя сьвятога благавернага князя Канстантына Астроскага(укр.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Канстантын Астроскі (малодшы)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў