Ордэн базылянаў сьвятога Язафата

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сьвяты Язафат (Кунцэвіч), у гонар якога названы Ордэн

Ордэн базылянаў сьвятога Язафата (па-лацінску: Ordo Вasilianus Sancti Josaphat), больш вядомы пад назвай Чын сьвятога Васіля Вялікага (ЧСВВ) (па-лацінску: Ordo Sancti Basili Magni (OSBM)) — каталіцкі ордэн (закон) бізантыйскага абраду, які жыве паводле манаскіх правілаў сьвятога Васіля Вялікага. Скарочаная назва — базыляны. Закон базылянаў афіцыйна выкарыстоўвае абрэвіятуру OSBM або ЧСВВ.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ордэн у часы Рэчы Паспалітае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ордэн узьнік пасьля заключэньня Берасьцейскае уніі ў 1596 з праваслаўных манахаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітае, якія набылі сваю ордэнскую арганізацыю. Дзейнасьць базылянаў спрыяла пераходу ўва каталіцтва ўсходняга абраду праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1607 Язэп Руцкі й Язафат Кунцэвіч пачалі выхаваўчую працу ў падначаленым першаму Віленскім Траецкім манастыры. Для садзейнічаньня гэтаму туды былі запрошаныя манахі-кармэліты, а ў 1621 езуіты. У 1615 Руцкі атрымаў папскі дазвол, каб манахі маглі праходзіць навучаньне ў папскіх сэмінарыях у Вільні, Браневе, Празе, Аламоўцы, Вене, у Грэцкай калегіі ў Рыме. У 1616 быў зарганізаваны першы базылянскі навіцыят у Быценскім Усьпенскім манастыры.

Мітрапаліт Язэп Руцкі — заснавальнік Ордэна
Брама Віленскага Траецкага манастыра, у якім быў заснаваны Ордэн

У 1617 1-я генэральная капітула (кангрэгацыя), што адбылася ў Новагародку, зацьвердзіла распрацаваны мітрапалітам Руцкім і Язафатам Кунцэвічам статут. Статут быў створаны на падставе правілаў сьвятога Васіля Вялікага на ўзор статутаў рымска-каталіцкіх ордэнаў і, найперш, — езуітаў. Такім чынам была створаная Віленская (Літоўская) кангрэгацыя Сьвятой Тройцы. Першым протаархімандрытам быў абраны Язэп Руцкі. Кангрэгацыя аб’ядноўвала манахаў пяці падначаленых Руцкаму манастыроў. Яна была зацьверджана ў 1624 Кангрэгацыяй прапаганды веры і ў 1631 папы Урбана VIII у буле Exponi nobis.

Паводле статуту Ордэна ад 1658 протархімандрыт падпарадкоўваўся Рымскаму папу праз уніяцкага мітрапаліта. У склад кіраўніцтва Ордэна апроч протаархімандрыта ўваходзілі правінцыялы, 4 кансультары й сакратар. Вышэйшай заканадаўчай уладай былі кангрэгацыі (генэральныя капітулы), на якіх павінны былі прысутнічаць мітрапаліт, протаархімандрыт, архібіскупы й біскупы, ігумены манастыроў, абраныя прадстаўнікі ад кожнага манастыра. Кангрэгацыі склікаліся не радзей як раз на 4 гады. Найчасьцей яны ладзіліся ў Новагародку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713).

У 1613 для ўмацаваньня Ўніяцкай Царквы папа Павал V дазволіў рыма-каталіцкім манахам пераходзіць з заходняга на ўсходні абрад. У 1635 вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў Ордэну прывілей, паводле якога біскупамі Ўніяцкае Царквы маглі абірацца толькі манахі-базыляны, што значна ўзмацніла пазыцыі Ордэна. Да канца XVIII ст. практычна ўсе грэка-каталіцкія кіеўскія мітрапаліты былі базылянамі. У 1622 у Кангрэгацыі было 13 манастыроў, у 1648 — 39.

З 1720 у адпаведнасьці з рашэньнямі Замойскага сіноду ўсе грэка-каталіцкія манастыры ў Рэчы Паспалітай належылі базылянам. У 1739 згодна з рашэньнямі таго самага сіноду з базылянскіх манастыроў Луцкае, Уладзімерскае, Холмскае, Львоўскае й Перамышальскае япархіяў была створаная Руская (Польская, ці Каронная) Кангрэгацыя Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы. У 1743 на генэральнай капітуле ў Дубне абедзьве Кангрэгацыі (Сьвятой Тройцы і Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы) згодна з брэвэ Бэнэдыкта XIV Etsi dubitare ад 27 сьнежня 1742 былі аб’яднаныя ў адзін Ордэн, які ў сваю чаргу быў падзелены на 2 правінцыі: Рускую (Польскае Каралеўства) і Літоўскую (ВКЛ). Протаархімандрыт мусіў абірацца па чарзе зь дзьвюх правінцыяў. 11 траўня 1744 Бэнэдыкт XIV сваім брэвэ Inter pluris надаў Ордэну новы назоў – «Рускі Ордэн сьвятога Васіля Вялікага» (па-лацінску: Ordo Sancti Basilii Magni Ruthenorum).

У 17441748 у Літоўскай правінцыі існавала 66 манастыроў з 446 манахамі, у Польскай — 122 манастыры і каля 650 манахаў. Апроч таго непасрэдна Кіеўскаму мітрапаліту падначальвалася асобная Супрасьлеўская архімандрыя з 2 рэзыдэнцыямі і 30 манахамі. У 1773 у Літоўскай правінцыі было 72 манастыры (на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 55 манастыроў) і 612 манахаў. Самымі вялікімі базылянскімі манастырамі былі Жыровіцкі, Полацкі, Менскі, Віцебскі, Беразьвецкі, Барунскі, Быценскі, Тараканскі, Антопальскі й іншыя. Існавалі манастыры і ў сучаснай Расеі, у т.л. у Смаленску й вёсцы Вярбілава. Рэзыдэнцыя протаархімандрыта знаходзілася ў Тараканскім манастыры, літоўскага правінцыяла — у Віленскім Траецкім манастыры.

Базыляны актыўна займаліся адукацыйнай дзейнасьцю. У 1613 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў ім адчыняць школы са статутам пачатковых і сярэдніх навучальных установаў з выкладаньнем на рускай (старабеларускай ці стараўкраінскай) і польскай мовах. Базыляны распрацавалі сыстэму сьвецкае адукацыі пераважна лінгвістычнага, багаслоўскага й агульнагуманітарнага кірункаў. У XVIII — першай трэці ХІХ стст. самыя вялікія базылянскія школы мелі па 300—500 вучняў. На гэтай ніве базыляны спаборнічалі зь езуітамі, а пасьля забароны апошніх атрымалі ў сваё валоданьне некалькі езуіцкіх калегіюмаў, так што ў канцы XVIII ст. у іх вядзеньні знаходзілася каля дваццаці шасьці вучэльняў. Займаліся базыляны й выдавецкай дзейнасьцю. У іх друкарнях у Вільні, Супрасьлі, Менску, Пачаеве, Львове было выдадзена каля 1080 назоваў кнігаў пераважна на польскай, лацінскай і царкоўнаславянскай мовах. Толькі ў найбуйнейшай друкарні ў Пачаеўскай лаўры было выдадзена каля 300 найменьняў кніг. Каля 40% выданьняў складала сьвецкая літаратура.

Манастыр базылянаў у Бучачы

У 1780 на далучаных да Аўстрыйскае й Расейскае імпэрыяў землях былі створаныя яшчэ дзьве новыя правінцыі: адпаведна Галіцкая правінцыя Найсьвяцейшага Збаўцы й Беларуская правінцыя сьвятога Мікалая.

У кожнай з чатырох правінцыяў Ордэну было па 72 манастыры й больш за 600 манахаў.

Заняпад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па меры падзелаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыях, далучаных да Расейскае імпэрыі, базыляны паступова пачалі губляць сваю ордэнскую арганізацыю: кантакты з ордэнскімі ўладамі ў Рэчы Паспалітай не дазваляліся, манастыры былі падначаленыя мясцовым япіскапам. Пасьля канчатковае ліквідацыі Рэчы Паспалітае сытуацыя значна пагоршылася: ад 1802 не абіраліся протаархімандрыты й правінцыялы, ад 1804 не праводзіліся кангрэгацыі, былі спыненыя кантакты з Рымам. У 1801 у Расеі было толькі 85 манастыроў і 732 законьнікі. Ордэн ператвараўся ў групу асобных манастыроў, падначаленых мясцовым уніяцкім япіскапам. Але базыляны яшчэ мелі велізарную маёмасьць, што дазваляла ім займацца выдавецкай і адукацыйнай дзейнасьцю ажно да 1820-х. Аднак сумеснымі намаганьнямі расейскага ўраду, які прыкладаў намаганьні, каб далучыць уніятаў да Расейскае Праваслаўнае Царквы, і часткі белага духавенства, якое імкнулася да ачышчэньня абраду і павелічэньня свайго ўплыву на жыцьцё Царквы, магутнасьць і ўплыў Ордэну базыялнаў былі значна абмежаваныя. У 1828 была прынятая пастанова Грэка-ўніяцкае калегіі, праведзеная на загад імпэратара, аб скасаваньні “лішніх” манастыроў базылянаў, аднак яе фактычнае выкананьне зацягвалася. Паводле ліквідатара Уніі Ёсіфа Сямашкі ў Літоўскай япархіі 62 манахі далі фармальную згоду на пераход у праваслаўе, а большасьць — 95 — адмовіліся. У Беларускай жа япархіі такую згоду далі ўсяго 17 базылянаў, 77 манахаў не пажадалі прымаць праваслаўе. Пасьля Полацкага царкоўнага сабору 1839, паводле якога скасоўвалася Ўніяцкая Царква ў Расейскай імпэрыі за выключэньнем Царства Польскага, манастыры базылянаў былі зьліквідаваныя альбо ператвораныя ў праваслаўныя. Упартыя манахі-базыляны, якія не жадалі выракацца каталіцкай веры, былі пасаджаны ў манастырскіх вязьніцах у Быцені і Таракані на хлеб і ваду, а найбольш уплывовыя і адданыя сваёй Царкве былі пазбаўлены сану, кінуты ў турмы або сасланыя на цяжкія працы як бунтаўнікі. Шмат упартых манахаў-базылянаў дажывала свой век у расейскай глыбінцы, у прыватнасьці ў праваслаўным манастыры ў Курску.

У 1870-я базылянскія манастыры былі зачыненыя таксама і ў Царстве Польскім. Апошнім быў зачынены ў 1875 манастыр у Варшаве.

Лепшым было становішча базылянаў у Аўстрыйскай імпэрыі. У 1802 ім былі пацьверджаныя ўсе іхныя правы й прывілеі. Пазьней, ужо ў Аўстра-Вугоршчыне было 14 манастыроў у Галічыне й 7 у Вугоршычне.

Адраджэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1882 папа Лявон XIII Апостальскім пасланьнем Singulare presidium загадаў езуітам правесьці рэарганізацыю (так званая «Дабрамільская рэформа») 14 базылянскіх манастыроў у Галічыне, колькасьць манахаў у якіх складала каля 60 чалавек. У 1896 Сьвяты Пасад зацьвердзіў новую канстытуцыю Ордэну, пасьля чаго той узнавіў сваю душпастырскую дзейнасьць, працуючы ў першую чаргу з украінскімі, русінскімі і беларускімі эмігрантамі. У 1906 была праведзена першая пасьлярэформавая генэральная капітула. Базылянскія місіі й манастыры пачалі зьяўляцца ў Бразыліі (ад 1897), Канадзе (ад 1902), ЗША (ад 1932) і Аргентыне (ад 1934).

Базылянскі манастыр у Нікулі (Румынія)

У 1920-я былі рэфармаваныя манастыры ў Вугоршчыне й Румыніі. На генэральнай капітуле 1931 Ордэн быў зноў падзелены на правінцыі, а ягоная галоўная рэзыдэнцыя была перанесеная ў Рым. У 1932 папа Пій XI зацьвердзіў новы назоў Ордэну — Ордэн базылянаў сьвятога Язафата. Разам з тым, па-ранейшаму, сёньня прынята шырока выкарыстоўваць і традыцыйную назву — Чын сьвятога Васіля Вялікага, а афіцыйная абрэвіятура гэтага манаскага закону нават засталася старой: ЧСВВ (OSBM). У 1939 Ордэн складаўся з 3 правінцыяў: Галіцкай правінцыі Найсьвяцейшага Збаўцы, Закарпацкай правінцыі сьвятога Мікалая й Амэрыкана-Канадзкай Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса, колькасьць манахаў вырасла да 650 чалавек. У 1947 былі створаныя новыя правінцыі: Румынская правінцыя сьвятога Язэпа, Вугорская правінцыя правінцыя сьвятога Стэфана й Чэхаславацкая правінцыя сьвятых Кірылы і Мятода.

Пачынаючы ад 1939 базыляны вядуць перадачы на Радыё Ватыкану на ўкраінскай мове.

Пасьля Львоўскага сабору 1946 і забароны Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы дзейнасьць манахаў-базылянаў у СССР насіла нелегальны характар і яны працавалі як сьвецкія. А пасьля ўсталяваньня да 1950 камуністычнае ўлады й ўва Ўсходняй Эўропе былі скасаваныя ўсе манастыры базылянаў у рэгіёне (за выняткам Польшчы й Югаславіі), самі ж базыляны падвергліся рэпрэсіям. Многія манахі-базыляне ва Ўкраіне, у Чэхаславакіі, у Румыніі і Вугоршчыне нават загінулі за свае рэлігійныя перакананьні.

Аднак у краінах Амэрыкі Ордэн базылянаў свабодна дзейнічаў і меў 31 манастыр і 250 манахаў. У 1948 Амэрыкана-Канадзкая правінцыя была падзеленая на дзьве правінцыі — Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса ў Канадзе й Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў ЗША, а бразыльская віцэ-правінцыя сьвятога Язэпа атрымала статус правінцыі. У 1953 быў абраны першы за 150 гадоў протаархімандрыт ордэну. Ім стаў Павал Мыскіў. У 1964 была заснавана правінцыя Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Аргентыне. У 1982 у Польшчы была заснавана віцэ-правінцыя Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы.

Пасьля падзеньня камуністычных рэжымаў ува Ўсходняй Эўропе базылянскія манастыры адрадзіліся ў Румыніі, Вугоршчыне, Славаччыне. Ва Ўкраіне базылянам былі вернутыя 17 манастыроў (у тым ліку у Львове, Івана-Франкоўску, Жоўкве). Адначасова базыляны ўзнавілі сваю місіянэрскую, адукацыйную й выдавецкую дзейнасьць. Ордэн прымае актыўны ўдзел у адраджэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне і распаўсюджваньні яе дзейнасьці ўва ўсходніх рэгіёнах краіны. Адноўленае ў 1994 у Львове выдавецтва «Місіонер» толькі за першыя 6 гадоў (19941999) выдала больш за 250 найменьняў кніг. У мясцовасьці Брухавічы базыляны заснавалі навучальны цэнтар на 150 студэнтаў. 27 чэрвеня 2001 падчас візыту Рымскага Архірэя Яна Паўла ІІ ва Ўкраіну адбылася ўрачыстая бэатыфікацыя 5 манахаў-базылянаў. Сёньня таксама вядзецца бэатыфікацыйны працэс адносна яшчэ некалькіх базылянскіх манахаў.

Базыляны сёньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2006 у сьвеце налічваўся 601 манах-базылянін, 303 зь іх працавалі ва Ўкраіне. Узначальвае Закон протаархімандрыт Васіль Коўбеч. Ордэн кіруе дзьвюма вялікімі сэмінарыямі ў Бучачы (Украіна) і Прудэнтаполісе (Бразылія). На 2011 існавалі 10 базылянскіх правінцыяў:

  • Правінцыя Найсьвяцейшага Збаўцы ва Ўкраіне (мае 29 манастыроў і рэзыдэнцыяў);
  • Правінцыя сьвятога Мікалая ў Закарпацьці ва Ўкраіне (4 манастыры);
  • Правінцыя Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Аргентыне (3 манастыры);
  • Правінцыя сьвятога Язэпа ў Бразыліі (15 манастыроў);
  • Правінцыя Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса ў Канадзе (10 манастыроў);
  • Правінцыя сьвятога Стэфана ў Вугоршчыне (5 манастыроў);
  • Правінцыя Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Польшчы (4 манастыры);
  • Правінцыя сьвятых апосталаў Пятра й Паўла ў Румыніі (3 манастыры);
  • Правінцыя сьвятых Кірылы й Мятода ў Славаччыне (6 манастыроў);
  • Правінцыя Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў ЗША (7 манастыроў).

Прадстаўніцтвы базылянаў існуюць таксама ў Вялікай Брытаніі, Італіі, Летуве, Сэрбіі. У Беларусі базыляны не прысутнічаюць. Некалькі ўраджэнцаў Беларусі былі ў навіцыяце ўва ўкраінскіх базылянскіх манастырах, аднак не затрымаліся.

Статыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

год манахі зь іх сьвятароў абіцелі
1990 405 249
1998 653 307 86
1999 691 300
2002 681 308 93
2004 622 308 91
2005 609 310 93

Мэта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэта дзейнасьці Ордэну, згодна з канстытуцыямі, ёсьць дбаньне пра супольнае жыцьцё дзеля ўласнага асьвячэньня праз выкананьне зарокаў і прыказаньняў любові ды дзеля збаўленьня блізкіх праз пасярэдніцтва дабравешчаньня цераз ладжаньне місіяў і рэкалекцыяў, навуковую й выдавецкую дзейнасьць, душпастырства й працу з моладзьдзю.

Герб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб складаецца з аточанага дугой вогненага слупа, які азначае полымя любові — сымбаль пастаяннага служэньня Богу і бліжняму. Вогнены слуп таксама ёсьць сымбалем сьвятога Васіля Вялікага. Над вогненым слупом — выява сонца, якое ёсьць сымбалем Збаўцы Ісуса Хрыста. У сонца ўпісаная манаграма Ісуса Хрыста, па-над якім крыж як сымбаль сьледаваньня за Ім. Увесь герб у вянку зь дзьвюх галінак: дубовае й лаўровае. Дубовая галінка сымбалізуе сталасьць і моц у духовым росьце й працы, лаўровая — эсхаталягічную, вечную ўзнагароду для пераможцаў.

Вопратка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з Канстытуцыямі, вопратка манаха-базыляніна складаецца з чорнага габіту з белым каўнерыкам, поясу або рэмяню, мантыі й каптуру, а таксама нагруднага крыжа і парамана. У штодзённым жыцьці, калі манахі выступаюць як супольнасьць, носяць габіт і пояс, а ва ўрачыстыя, паводле звычаю, — таксама мантыю й каптур.

Сьвятыя й блаславёныя з Ордэну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Базыляны ў царкоўных інстытуцыях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біскупы:

Ераманахі:

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • І. М. Дубянецкая, В. Р. Кірэеў. Базыльяне // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік — Мн.: БелЭн, 2001.— 368 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
Крыніца: айцец Ісыдар Патрыла, «Католическая энциклопедия»
  • Валерый Пазднякоў. Базыльяне // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  • Kulczyński J. Monologium Bazyliańskie. Wilno, 1771
  • Коялович М. О. История Базилианского ордена // Христианское чтение 1—4. 1864
  • Петров Н. И. Очерк истории Базилианского ордена в бывшей Польше // Труды Киевской духовной академии. 1870. Т. 2—4; 1871. Т. 1—3. 1872. Т. 1
  • Коялович М. О. История воссоединения западно-русских униатов старых времен. Санкт-Петербург, 1873
  • Pelesz G. Geschichte der Union der ruthenischen Kirche mit Rom. Warszawa, 1878—80,. 2 vol.
  • Guepin A. Un apôtre de l’Union des Églises au XVII siècle: St. Josaphat et l’Église gréco-slave en Pologne et en Russie. Paris, 1892—98. 2 vol.
  • Analecta Ordinis S.Basilii Magni. Ser. 1. Zhovkva, 1924—35; Ser. 2. R., 1949
  • Wojnar M. De regimine Basilianorum Ruthenorum. Roma, 1949
  • Wojnar M. De protoarchimandrita Basilianorum. Roma, 1958
  • Kłoczowski J. Wspólnoty chrześcijańskie. Kraków, 1964
  • Szegda M. Działalność prawno-organizacyjna metropolity Józefa IV Welamina Rutskiego (1613—1637). Warszawa, 1967
  • Ваврик М. К. Очерк развития и состояния Василианского ордена XVII—XX вв. Рим, 1979
  • Pidłypczak-Majerowicz M. Bazylianie w Koronie i na Litwie: Szkoły i książki w działalności zakonu.Warszawa, Wrocław, 1986
  • Нарис історії Василіянського чину святого Йосафата. Рим, 1992
  • Казуля С. В. Чын св. Базыля ў расійскай гістарыяграфіі ХІХ-пач. ХХ стст. // Наш радавод. Гродна, 1994. Кн. 6, ч. 3.
  • Саверчанка І. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мінск, 1994
  • Новицкая-Ежова А. Орден базилиан и его культурно-просветительская деятельность на украинско-белорусско-литовских землях Речи Посполитой // Славяноведение. 1996. № 2
  • Клімаў С. Базыльяне на землях Вялікага княства Літоўскага ў другой палове XVIII ст. // Беларускі гістарычны агляд. 1996. Сш. 2
  • Catalogus Ordinis Basiliani di S.Josaphat.Roma, 1997
  • Полацкія пакутнікі: збор дакументаў. Полацак, 2000; AnPont 2000
  • Пануцэвіч В. Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі. Полацак, 2000
  • Конституції Чину святого Василія Великого, Рим 2002.
  • Catalogus Ordinis Basiliani Sancti Iosaphat, Romae 2005.
  • Монастирі Української Греко-Католицької Церкви, Львів 2006.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]