Гусарыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
«Гусар», Ю. Брант (1890)

Гуса́рыя[1] альбо крыла́тыя гуса́ры (па-польску: Husaria) — элітная кавалерыя Рэчы Паспалітай, якая дзейнічала на палёх баёў з пачатку XVI да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя, спэцыялізавалася на «праломліваньні» баявых парадкаў варожай коньніцы або пяхоты канцэнтраваным дзідавым кавалерыйскім ударам[2][3], была падразьдзяленьнем народнага аўтарамэнту — наёмнага войска Рэчы Паспалітай.

Найбольш шматлікай і баяздольнай часткай войска Рэчы Паспалітай была кавалерыя, у якой гусары складалі значную частку[4].

Астатнія роды войскаў адыгрывалі ў войску Рэчы Паспалітай дапаможную ролю: ўзаемадзеяньне пяхоты і артылерыі з кавалерыяй было наладжанае дрэнна, таму кавалерыя і самая яе баяздольная частка гусарыя зьяўляліся асноўнай ваеннай сілай тагачаснага войска. Доўгі час крылатыя гусары ня мелі сабе роўных у Эўропе, іхныя атакі ня раз здабывалі перамогу Каралеўству Польскаму і Вялікаму Княству Літоўскаму[5].

Гісторыя гусарыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне тэрміну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле адной з вэрсіяў у X стагодзьдзі ў бізантыйскіх вайсковых статутах згадваецца лёгкая коньніца, якая называлася chosariori ці chonsariori. У ёй служылі балканскія найміты, часьцей за ўсё сэрбы, асноўнымі абавязкамі якіх былі выведка і дывэрсійныя набегі. У сваю чаргу, бізантыйскі тэрмін мог утварыцца ад лацінскага cursores — так называлася лёгкая коньніца ў часы заняпаду Рымскай імпэрыі. У сэрбскай мове грэцкае госарыёры ператварылася ў гусар[6] і стала сынонімам слова бандыт. У XIV стагодзьдзі Сэрбскае царства са сталіцай у горадзе Рас пала, і многія сэрбскія гусары знайшлі прытулак у Вугоршчыне — дзе разам з вугорцамі змагаліся з асманскай экспансіяй. Так у вугорскай мове магло зьявіцца слова гусар[7][8].

Паводле іншай вэрсіі ў 1458 годзе вугорскі кароль Мацьяш Корвін загадаў для абароны ад турак сабраць адмысловае коннае апалчэньне. У яго набіралі па адным жаўнеры з дваццаці двароў — па-вугорску husz азначае дваццаць[7], ar — заробак. Адсюль пайшла назва апалчэнцаў — «гусары».

Станаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньні гусар-літвін. Абрагам дэ Бруйн, 1575.
Дэлі ў парадным строю. Гравюра невядомага мастака, 1576.

Найбольш верагодна, што на экіпіраваньне і вонкавасьць крылатых гусараў аказалі ўплыў турэцкая кавалерыя і, асабліва, «дэлі»(tr) (літаральна — «вар’яты»). Так зваліся ваяры конных атрадаў, якія ішлі ў авангардзе турэцкай арміі. Яны звычайна набіраліся з балканскіх народаў (паўднёвых славянаў, альбанцаў і г. д.), падуладных Асманскай імпэрыі. Дэлі адрозьніваліся «вар’яцкай» адвагай, замест дасьпеху яны насілі шкуры дзікіх зьвяроў і ўпрыгожывалі сябе крыламі драпежных птушак. Па прыкладзе дэлі, крылы на шчытах і галаўных уборах сталі насіць вугорскія гусары.

Першапачаткова гусары былі лёгкай кавалерыяй і не насілі дасьпеху. Адзеньне складалася з вугорскага кафтану з шнурамі-пятліцамі на грудзёх (будучы даламан), на які накідваўся футравы плашч-мантыя. Часам гэты плашч замяняла ваўчыная, мядзьведжая альбо леапардавыя шкура. На галаве гусары насілі своеасаблівыя лямцавыя ці футравыя шапкі, упрыгожаныя пёрамі, вугорскія шапкі-«магеркі» ці мэталёвы шлем-шышак. Абуткам служылі нізкія жоўтыя боты. Гусары мелі шчыт складанай формы (тарча), да якога маглі прыбівацца, на ўзор турэцкіх «дэлі», дэкаратыўныя крылы, вырабленыя зь пер’я дзікіх птушак. Гусары былі ўзброеныя доўгім кап’ём-пікай (звалася таксама «дрэвам»), шабляй, звычайна мелі лук[9].

Першымі польскімі гусарамі былі сэрбы[7]. У 1500 годзе некалькі шляхетных сэрбаў са сваімі невялікімі атрадамі паступілі на службу караля Польшчы Аляксандра. Неўзабаве ў гэтыя падразьдзяленьні пачалі набіраць вугорцаў, палякаў і літвінаў. У сьнежні 1501 году былі сфармаваныя першыя рэгулярныя роты гусарыі hussarorum alias raczev[7].

Палякі часьцей выкарыстоўвалі слова ussar, чым hussar. У Польшчы цяжкія гусары пазначаліся абрэвіятурай PPTD — Pancerz, przylbica, tarcza, drzewo (кальчуга, шлем, тарча, дзіда)[7].

Росквіт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кавалерыя ў бітве пад Воршай (1514)
Вялікі каронны харунжы (1605)

Гусарыя адыграла вырашальную ролю ў шматлікіх бітвах, у якіх удзельнічала: бітва пад Воршай у 1514 годзе, бітва пры Абэртыне(pl) ў 1531 годзе. Зыход бітвы пры Любешове(en) (1577) прадвызначылі дзеяньні гусарыі Стэфана Баторыя. Затым была сэрыя перамогаў у Інфлянцкай вайне (1558—1582), вікторыі над Габсбургамі пры Бычыне(en) (1588) і над малдаванамі пры Букаве(ro)[7] ў 1600 годзе. Рушылі ўсьлед трыюмфальныя перамогі над швэдзкай арміяй пры Кокенгаўзэне(pl) (1601), якая колькасна пераўзыходзіла, Васэнштайне (1604) і ў бітве пры Кірхгольме ў 1605 годзе, а таксама над расейска-швэдзкай арміяй пры Клушыне(ru) ў 1610 годзе[8][10]. На той час гусары складалі 75%[4] ўсёй кавалерыі Рэчы Паспалітай і лічыліся непераможнымі.

Найбольшай колькасьці ў сваёй гісторыі гусарыя Рэчы Паспалітай дасягнула ў 1621 годзе — у Хоцінскай бітве яе колькасьць склала 8280 чалавек[11].

У бітве пры Клушыне кароннае войска ў складзе 6800 палякаў, зь якіх было каля 5500 гусараў, разьбілі 35-тысячную расейскую армію ў складзе якой было каля 5-ці тысячаў швэдзкіх наймітаў Якуба Дэлягардзі. Вось як гетман Станіслаў Жаўкеўскі апісвае сваю перамогу:

… на тую іншаземную коньніцу, злучыўшыся, напалі некалькі нашых ротаў, узброеных пікамі, шаблямі і канчарамі. Коньніца, не падтрыманая расейскай і нямецкай пяхотай, не магла выстаяць і пусьцілася ў свой ​​табар …

На іх плячох гусары ўварваліся ў расейскі лягер.

Пасьпяхова дзейнічала гусарыя супраць расейцаў і туркаў у 1610 годзе (г. зв. «шчасьлівы год»)[12]. Гусары адыгралі вырашальную ролю ў бітве пры Тржыцыяне(en) (1629), была здабытая перамога над татарамі ў бітве пад Львовам(en) (1675).

Ян Сабескі перад пагрозай асманскага ўварваньня фармаваў усё новыя гусарскія роты, пры ім у гусараў была перафармаваная лёгкая коньніца. У звароце да сейму ён называў гусараў «касьцяком ваеннай салдацкай сілы … ейнай аздобай і абаронай … падобнай да якой не знайсьці ў ніводнай іншай краіне». У 1683 годзе польскія гусары выступілі на дапамогу абложанай туркамі Вене і заслужылі рэпутацыю «адважнейшых з ваяроў, што калі-небудзь трапляліся пад сонцам[13]».

Бітва пад Венай стала апошняй значнай перамогай гусарыі пад камандаваньнем караля Яна III Сабескага. Пагроза заваяваньня Заходняй Эўропы мусульманскай Асманскай імпэрыяй была зьнятая. Аднак эканоміка Рэчы Паспалітай была падарваная, салдаты не атрымлівалі жалаваньня больш за дзесяць год[7]. Адбылося паслабленьне саюзнай дзяржавы, што неўзабаве, па гістарычных мерках, прывяло да таго, што тэрыторыя Рэчы Паспалітай была падзелена паміж суседзямі.

Заняпад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З разьвіцьцём пальнай зброі і артылерыі, да пачатку XVII стагодзьдзя цяжкая коньніца пачала зьнікаць са складу заходнеэўрапейскіх войскаў. Рэфармаваныя арміі заходнеэўрапейскіх дзяржаваў пасьпяхова супрацьстаялі гусарыі, пры сутыкненьнях зь імі гусары сталі малаэфэктыўным анахранізмам[8]. У жніўні 1622 году пад Мітаў гусары нават ня здолелі пачаць атаку, прыціснутыя агнём швэдзкай артылерыі і стрэльбаў:

« Я скакаў адна ад адной роты… абяцаючы весьці салдатаў асабіста, пагражаючы ім шыбеніцай, прывабліваючы іх узнагародамі, але нічога не дапамагала! »

Гетман польны літоўскі Крыштап Радзівіл

Падобныя сцэны паўтараліся ў 1626 годзе пад Гневам[14], пры Дыршаў (1627), у гады «швэдзкага патопу» (1655—1658). Аднак самы адчувальны ўдар па гусарыі нанесьлі ўкраінскія казакі[15]. Кавалерыя мала што магла супрацьпаставіць казацкай тактыцы гуляй-гораду і шквальнаму стрэльбаваму агню. У 1652 годзе ў бітве пад Батогам(pl) колер польска-літоўскага гусарства трапіў у палон і быў закатаваны.

Раўнінны краявід Рэчы Паспалітай і неабходнасьць ваяваць з туркамі, татарамі і расейцамі на доўгі час падоўжылі выкарыстаньне гусараў. Але ў рэшце рэшт у 1775 годзе сойм пастанавіў скасаваць гусарыю. Крылатых гусараў замянілі больш эфэктыўныя, мабільныя, узброеныя лёгкай пікай уланы.

Тактыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уезд вясельнай працэсіі Жыгімонта III у Кракаў (1605).
Атака гусарыі ў бітве пад Клушынам (1610), побач зь леапардавымі накідкамі на карціне і накідкі-кілімы.

Абавязак падрыхтоўкі байцоў роты асабіста ўскладаўся на ротмістра.

Найбольш важным навыкам гусара было дасканалае валоданьне пікай і ўпэўненае кіраваньне канём, бо на практыцы вершніку часта прыходзілася на поўным скаку кіраваць аднымі нагамі. Гэтыя ўменьні адточваліся адмысловымі практыкаваньнямі, як то: скок ў сядло (не кранаючыся пры гэтым сядзельнай лукі); разварот пасьля галопу ў акрэсьленым крузе малога дыямэтру; узьняцьце зь зямлі пікай шапкі ці перахват пікай пярсьцёнка, усталяванага на козлах. Папулярнымі на пачатку XVII стагодзьдзя былі гусарскія турніры накшталт сярэднявечных рыцарскіх. Вельмі эфэктна і вельмі небясьпечна гусары адпрацоўвалі імітацыю атакі — лоб у лоб трымаючы дзіды наперавес, дзьве сьценкі вершнікаў несьліся насустрач: пры гэтым кожны гусар павінен быў трапіць у прамежак у супрацьлеглым шыхце між суседнімі коньнікамі, нікога пры гэтым не параніўшы выцягнутай пікай і пільнаваць, каб не параніцца самому[16].

Атака[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для атакі харугва гусараў шыхтавалася ў тры і больш шэрагі. Першыя шэрагі складалі самыя вопытныя і добра ўзброеныя таварышы, а заднія — іх пачтовыя, якія разьвівалі посьпех у выпадку прарыву варожага шыхту.

Атака пачыналася з адлегласьці прыблізна ў 100 крокаў ад непрыяцеля. Спачатку вершнікі ехалі крокам-алюрам, потым — трушком, затым — галопам, а на адлегласьці некалькі крокаў ад ворага першы шэраг пераходзіў у кар’ер[17].

Гэткі нарастаючы тэмп атакі дазваляў зьберагчы сілы коней і зьнізіць страты ад пальнай зброі ворага, якая была эфэктыўна толькі на блізкай дыстанцыі. Акрамя гэтага, існуе вэрсія, што падчас атакі коньнікі ад флянгаў зьмяшчаліся да цэнтру харугвы (некаторыя летапісцы згадваюць нават аб шыхце «калена ў калена»), тым самым, нібыта, павялічваючы шчыльнасьць і сілу ўдару. Аднак пералік камандаў, падаваных пры атацы, абвяргае гэтую гіпотэзу. Шэрагі змыкаліся яшчэ да атакі, а не падчас яе.

Войцэх Ракаўскі ў сваёй «Пабудцы годным сынам» (па-польску: Pobudka zacnym synom, (1620)) дае такія інструкцыі датычна атакі гусараў:

Ток[a] павінен быць падвешаны да сядла справа. Гусарская атака дзідай заўсёды адбываецца з выкарыстаньнем току. Не паварочвай налева, сядзі прама … Дзіду апусьці на ўзровень шыі каня. Атакуй, прышпорвай каня, цэлься суперніку ў пупок[18].

Пасьля першага ўдару дзідамі, якія часта ламаліся або губляліся, гусары пераходзілі ў бліжні бой, пускаючы ў ход вісячыя на правай руцэ на цемляку[b][19] палашы ці іншую зброю, якая адпавядала гушчыні схваткі, а таксама рыштунку і ўзбраеньню праціўніка.

У бітве ў адкрытым полі часта ўсё вырашала адна атака гусарыі. Калі прарваць шыхт зь першага разу не ўдавалася, то супраціўленьне ворага ламалася пасьлядоўнымі хвалямі кавалерыі. Напрыклад, у бітве пры Клушыне гусары атакавалі 7 разоў. Каманды падаваліся пры дапамозе сыгналаў трубы або праз конных ардынарцаў. Гетманы асабіста ўдзельнічалі ў бітвах, нярэдка ў першых шэрагах.

Пасьля таго, як шыхт быў прарваны, гусары секлі і гналі ворага. Аднак у момант пералому бітвы статут патрабаваў асьцярожнасьці і абачлівасьці, забараняючы самачынныя атакі. Асабліва гэта тычылася баёў з татарамі і казакамі, якія часта практыкавалі прытворнае адступленьне. Таго, хто ў ходзе бою кідаўся на здабычу, статут прадпісваў забіваць на месцы[20].

Каманды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры атацы паводле гетманскага дэкрэту ад 1704 году ротмістар падаваў наступныя каманды[c][21]:

  • Замоўкнуць! (па-польску: Uciszcie się!);
  • Насунуць шапкі! (па-польску: Naciśnijcie czapki!) — каманда падавалася салдатам бяз шлемаў. Лічылася ганьбай страціць шапку пад час бою;
  • Сьціснуць калена з каленам! (па-польску: Ściśnijcie kolano z kolanem!);
  • Шаблі на цемлякі! (па-польску: Szable na temblaki!) — пры атацы дзідамі;
  • Шаблі ў руку! (па-польску: Szable w ręku!) — пры атацы шаблямі;
  • Далей! (па-польску: Dalej!) — харугва пераходзіла на лёгкі трушок, праходзячы палову адлегласьці да суперніка;
  • Злажыць пікі! (па-польску: Złóżcie kopie!) — пры атацы пікамі, непасрэдна перад таранным ударам. Па гэтай камандзе пікі апускаліся гарызантальна на ўзровень конскай галавы, харугва пераходзіла ў поўны галоп.

Узбраеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Комплекс ўзбраеньня і рыштунку гусара фармаваўся пад моцнымі вугорскім і турэцкім уплывамі[7].

Піка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўнай зброяй гусарыі была адмыслова вырабленая рыцарская дзіда — піка даўжынёй ад 3,6 да 6,2 м[22]), полая ад сярэдзіны да наканечніка, з аздобленай медзьдзю шарападобнай гардай[d] і рознакаляровым «прапарцом», аднолькавым для кожнай харугвы[23]. Дзіда гусарыі была значна даўжэйшай за сваіх папярэднікаў, але пры гэтым лягчэйшай (каля 2,5 кг). Немалаважна, піка была даўжэй за пікі непрыяцеля і гусар меў магчымасьць паваліць пікінэра, перш чым той пратне пікай гусара.

Забесьпячэньне гусарыі пікамі заўсёды ўяўляла праблему, бо пасьля першай жа атакі большасьць зь іх ламалася ці заставалася на полі бою.

« Нам вельмі патрэбныя гусарскія пікі, якіх ні ў каго не засталося, а тут здабыць іх вельмі цяжка... »

—Ліст гетмана Яна Збароўскага каралю праз 3 тыдні пасьля бітвы пад Любешовам, 1577 год.

« Мы паламалі ўсе нашыя дзіды, я сумняваюся ці ўдасца Вашай Вялікасьці хутка пераўзброіць войска. »

—Ліст гетмана Станіслава Канецпольскага каралю пасьля бітвы пры Тшычане-Хонігфэльдзе, 1629 год.

Іншая зброя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Экіпіроўка і зброя крылатага гусара, Нацыянальны музэй Рэспублікі Беларусь.

Акрамя пікі, да ўзбраеньня таварыша гусарыі ўваходзілі[23][23][24]:

  • Канчар (па-польску: Koncerz) — від мяча, характаразуецца вельмі даўгім (да 1,5 м[25]), выключна колючым клінком, трох- ці чатырохграннага сячэньня. Мог выкарыстоўвацца замест пікі, калі гусар губляў ці ламаў сваю асноўную зброю[26]. Канчар падвешваўся на сядле пад правым ці левым каленам.
  • Палаш — (па-турэцку: pala — меч) — рубяча-колючая лязовая халодная зброя з шырокім да канца, прамым ці зьлёгку загнутым і даўгім — да 100 см — клінком, які можа мець двухбаковае (раньнія ўзоры), часьцей за ўсё — аднабаковае або паўтарачнае завострываньне. Гусары абавязаны былі па статуту пасьля першай атакі (што звычайна аўтаматычна азначала страту асноўнай зброі — пікі) дастаць палаш і працягваць бой з дапамогай яго[27][28].
  • Шабля-карабеля — больш тонкая і лёгкая шабля, звычайна з багата аздобленай срэбрам і смарагдамі рукаяцьцю. Была дэкаратыўным элемэнтам і выкарыстоўвалася шляхтай у большай ступені дзеля ўпрыгожаньня[29].
  • Кінжал (па-арабску: خنجر, Ханджар), ці, на землях ВКЛ, Пуйнал (па-італьянску: Pugnale) — кароткая клінковая зброя, прызначаная для колючага ўдару[30]. Мацаваўся на баку — яго можна было выкарыстоўваць пасьля прарыву варожага шыхту, калі трэба было секчыся з ворагам ў цеснай схватцы.
  • Булава — зброя блізкага бою, з мэталёвым акруглым ці шматгранным навершам і драўлянай (радзей мэталёвай) рукаяцьцю. Ня выключана для баявых патрэбаў выкарыстаньне на навершы шыпоў, у ВКЛ часта выкарыстоўваліся булавы з навершам у выглядзе кубу[31].
  • Надзяк (па-польску: Nadziak), Наджак, Клявец, Чакан — ручная халодная зброя, зь сякерападобнай баявой часткай у выглядзе дзюбы з аднаго боку, байка зь іншага. Разьлічаны на прабіцьцё дасьпеху вострым канцом ці на раздрабляльны ўдар абухом. Часьцяком выкарыстоўваўся шляхтай у паўсядзённым жыцьці ў якасьці посаху, які мог вокамгненна ператварацца ў эфэктыўную зброю[32][33][34].
  • Адназарадныя пісталеты ў ольстрах у сядзельнай лукі́ або — укарочаны мушкет, нярэдка лук з калчанам[e][35].
Канчар — клінок (130—160 см) трохграннага сячэньня, з закрытай гардай. Канчар гусары выкарыстоўвалі, як асноўную зброю для атакі пасьля страты пікі, альбо перасьледуючы ўжо ўцякаючага ворага. Канчаром можна было паразіць нават ляжачага на зямлі праціўніка[4].
Канчар — клінок (130—160 см) трохграннага сячэньня, з закрытай гардай. Канчар гусары выкарыстоўвалі, як асноўную зброю для атакі пасьля страты пікі, альбо перасьледуючы ўжо ўцякаючага ворага. Канчаром можна было паразіць нават ляжачага на зямлі праціўніка[4].

Засьцерагальны рыштунак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Засьцерагальны рыштунак крылатага гусара складалі, галоўным чынам, элемэнты[23]:

  • Шчыт — вялікі асымэтрычны «балканскі» шчыт быў звычайнай рэччу гусарскай экіпіроўкі XVI стагодзьдзя. Такі шчыт пры добрым аглядзе бараніў шыю вершніка ад шабельнага ўдару. Менавіта на шчыце спачатку маляваліся птушыныя крылы і мацаваліся страўсіныя пёры. Пазьней, пры Баторыі, ад шчыта адмовіліся на карысьць мэталёвых нагруднікаў [36].
  • Кальчуга зь зярцалам[f] ці безь яго. Кальчуга, ці яе разнавіднасьць бехцярэц (замест кольцаў выкарыстоўваліся дробныя пласьцінкі[37]) выкарыстоўвалася гусарыяй да канца XVI стагодзьдзя.
  • Кіраса (па-француску: Cuirie — скураны нагруднік), ці толькі яе пярэдняя частка нагруднік — галоўны элемэнт пласьціннага дасьпеху, з таўшчынёй брані 2—3,5 мілімэтры, які прыкрывае торс ваяра. Прыйшла на зьмену кальчугам пасьля рэфармаваньня войска Стэфанам Баторыям[36] і стала абавязковаю часткаю ў экіпіроўцы гусара.
  • Капалін (па-польску: Kapalin) ці ерыхонка — напаўсфэрычны шлем з брылём, прылбіцай, навушамі і павялічаным наносьнікам (у некаторых варыянтах выкананых у выглядзе зьвярынай маскі). Гэты тып шлема прыйшоў на землі Рэчы Паспалітай з Вугоршчыны, дзе ў сваю чаргу ўзьнік на аснове ўсходніх шлемаў-шышакоў.
  • Акрамя вышэйпералічанага дасьпех гусара складалі: наручы, сталёвыя нагавіцы на сьцёгны, накаленьнікі, кальчужныя або абробленыя жалезам скураныя пальчаткі.

Вопратка і вупраж[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таварыш быў апрануты звычайна ў сіняе ці, больш дарагое, чырвонае адзеньне, на ногі апранаў высокія скураныя жоўтыя, часам барвовыя ці чорныя, боты са шпорамі. Боты польскага тыпу мелі прыбітыя шпоры, нямецкага — здымныя. Сядло ўжывалася ўсходняга тыпу, ў багатых шляхціцаў было аздобленае аксамітам, з падхвоснымі рамянямі для паляпшэньня апоры вершніка пры дзідавым удары.

Багатыя гусарскія афіцэры і таварышы ўражвалі іншаземцаў усходняй пышнасьцю свайго ўбраньня і строю, сабалінымі, куніцавымі і бабровымі шапкамі, бліскучымі шлемамі з раскошнымі плюмажамі, аздобленымі золатам, срэбрам і каштоўнымі камянямі, дарагой зброяй.

Экзатычнай дэтальлю экіпіроўкі гусарыі была абавязковая леапардавыя шкура. З-за дарагоўлі і рэдкасьці, шкуры таварышам купляў ротмістар. Часам бралі шкуру іншай жывёлы і малявалі на ёй плямы. Пахолікі замест леапардавых насілі ваўчыныя ці мядзьведжыя шкуры або каляровыя накідкі — кілімы[9].

Коні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядло і вупраж таварыша, XVII ст.

У гусарыі выкарыстоўваліся коні, выведзеныя зь мясцовых пародаў з прымешкам усходніх: турэцкай, туркмэнскай, пэрсыдзкай і г.д. Гэта былі трывалыя і хуткія коні, здольныя працяглы час несьці на сабе вагу да 100 кіляграмаў (сярэдняя маса вершніка разам з рыштункам) і, у выпадку патрэбы, адразу пасьля маршу ўступіць у бой. У 1568 годзе Папскі нунцый Рудж’еры адзначаў, што «польскія коні даволі рослыя, больш марудныя за турэцкіх, хоць дужэйшыя і прыгажэйшыя за іх». Тут жа ён дадаваў, што літоўскія рысакі «нашмат меншыя і слабейшыя за польскіх»[38].

Конь быў асноўным выдаткам на экіпіроўку гусара і каштаваў мінімум 200 талераў. Звычайна таварыш меў па некалькі коняў: два-тры, сустракаліся нават чатырохконныя таварышы. Коні мяняліся ў залежнасьці ад умоваў і патрэбы ў тых ці іншых дзеяньнях. Выдача ці продаж гусарскага каня за мяжу не дазваляліся пад пагрозай сьмяротнага пакараньня[39][40].

Крылы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гусарскі дасьпех з крыламі, сяр. XVII ст., Нацыянальны Музэй у Кракаве.

Дзеля ўпрыгожваньня, а таксама для застрашэньня ворага гусары ў чыне таварыша насілі за плячыма «крылы» з арліных пёраў на лёгкай драўлянай раме. Адно альбо два «крылы» мацаваліся да сядла ці да дасьпеху гусара.

Першае сьведчаньне аб зьяўленьні крылаў у гусараў адносіцца да 1533 году, калі тры вершнікі зьявіліся з крыламі за сьпінай на вясельлі караля Жыгімонта II у Кракаве. Ў 1574 годзе пры каранацыі Генрыха Валуа засталося такое апісаньне, пакінутае замежным госьцем:

« …[Гусары] маюць звычай упрыгожваць сябе і сваіх коней вялікімі плюмажамі, але не са страўсавых пёраў, як гэта прынята ў нас, але ў форме крылаў арла, пазалочаных і настолькі шчыльных, што падышлі б і для маскараду. »

—шэвалье Гуры дэ Вільмонтэ

У іншым апісаньні згадваюцца крылы, прымацаваныя да шчытоў і конскіх грываў. У 1576 годзе Стэфан Баторы правёў ваенную рэформу[36] і скасаваў нашэньне шчытоў, куды часта мацаваліся крылы. Крылы сталі абавязковым атрыбутам гусараў — патрабаваньні мець крылы зьмяшчалася ў рэкруцкіх лістах. Да канца XVI стагодзьдзя крылы перанесьлі на заднюю луку сядла, спачатку мацавалася толькі адно крыло, левае, каб не перашкаджаць працы пікай. Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя ў каронным войску сталі пераважаць парныя крылы, прымацаваныя наўпрост да сьпіны гусара. Кансэрватыўныя літвіны, аднак, па-ранейшаму звычайна выкарыстоўвалі «стары» тып крыла. Тагачасны гісторык і сьведка Енджэй Кітовіч[g] адзначае:

Літоўскія гусары,.. сеўшы на каня, зьлева мацуюць вялізнае крыло, вырабленае з страўсавага пер’я. Крыло закрывае ўвесь левы бок каня і вершніка да лыткі[41].

Існуюць таксама меркаваньні, у тым ліку і сучасьнікаў, што крылы падчас нападу стваралі шум і палохалі коняў суперніка, нібыта абаранялі ад шабельных удараў ззаду, а таксама перашкаджалі накідваньню аркана.

Падчас свайго візыту ў Рэч Паспалітую ў 1588 годзе папскі легат Іпаліто Альдобрандзіні сьцьвярджаў, што крылы запалохваюць коней праціўніка і абараняюць вершніка ад шабельных удараў. Вэрсія пра перашкоду ад накідваньня аркану паўстала ў 1949 годзе і была прапанаваная Т. Тылінгерам[41].

Некаторыя заходнеэўрапейскія аўтары XVII стагодзьдзя прыпісвалі крылам нейкі «шумавы» эфэкт, які ўзьдзейнічаў на ворага падчас атакі.


« Сьцьвярджаюць, што шум тых крылаў палохае коняў непрыяцеля і дапамагае разьбіць ягоныя шэрагі[42]. »

—Франсуа д'Алерак, які наведаў Рэч Паспалітую ў 1689 годзе.

У гэтым сьцьвярджэньні, відаць, ёсьць сэнс, хоць страх на коней суперніка відавочна наводзілі ня толькі шапаценьне пёраў, але й зьвярыныя шкуры, накінутыя на сьпіны вершнікаў, якія атакавалі, і прапарцы на дзідах, якія з асаблівым шумам калыхаліся на ветры. Акрамя такіх функцыяў «застрашэньня», гусарскія крылы, відавочна, ня мелі ніякага баявога прызначэньня. Генрых Вольф з Цюрыха, які быў сьведкам каранацыі Стэфана Баторыя ў 1576 годзе, адзначаў:

Польскае гусарства было настолькі шчыльна пакрытае скуранымі рамянямі, рысінымі і мядзьведжымі шкурамі, што здавалася гэта не людзі, а дзікія зьвяры скачуць на крылатых конях[43].

Ці яшчэ:

« Цяжка не ўсьміхнуцца, гледзячы на даўгія крылы, прымацаваныя да сьпіны [у гусараў], ад якіх, аднак, як яны лічаць, спалоханыя коні непрыяцеля кідаюцца наўцёкі…[44] »

—Караль Оґэр, наведваў Рэч Паспалітую ў 1635-1636 гадох.

Усе крыніцы сучасьнікаў гусарыі адзінадушныя ў тым, што наяўнасьць крылаў мела мэтай запалохаць праціўніка. Прычым страх наводзіў ня столькі сьвіст, а хутчэй, незвычайны выгляд. Потым крылы ўвогуле страцілі сваю пужаючую ролю і ператварыліся ў свайго роду эмблему роду войскаў. Да канца XVII стагодзьдзя пёры сталі маляваць нават на дрэўках гусарскіх дзідаў. У апісаньні цырымоніі 1646 году словазлучэньне «апераныя часткі» выкарыстоўвалася як сынонім да «гусарскіх ротаў» [43].

Сярод дасьледнікаў працягваюцца спрэчкі пра мэту нашэньня крылаў, аднак большасьць лічыць, што крылы былі хутчэй парадным, чым карысным баявым атрыбутам[41].

Пры здымках Ежы Гофманам фільму «Агнём і мячом» пад Познаньню ў траўні 1998 году рабілася некалькі дубляў атакі 50 гусараў. Пры гэтым крылы не выдавалі ніякіх прыкметных гукаў. Быў чутны толькі тупат капытоў і бразганьне дасьпеху і зброі[41].

Сьведчаньні сучасьнікаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адно з найболей цікавых апісаньняў гусарыі пакінуў францускі інжынэр і картограф Гіём дэ Баплян. Вось як апісвае ён гусарыю[23]:

Гусары на службе ў якасьці ўланаў — гэта шляхціцы зь вялікай маёмасьцю, якія маюць да 50 тысячаў ліўраў [прыбытку]. У іх вельмі добрыя коні, самая танныя зь якіх каштуюць ня меней 200 дукатаў; гэта турэцкія коні, паходжаньнем з Анатоліі, з правінцыі, называнай Караманья (Carmenie). Кожны ўлан служыць на пяці конях; такім чынам, у харугвы з сотні ўланаў ёсьць толькі 20 таварышаў, якія едуць у адзін рад, так што кожны ўзначальвае [свой] шэраг; наступныя чатыры рады — гэта іх служкі, кожны ў сваім шэрагу. Даўжыня іх дзіды 19 футаў, яна полая, пачынаючы ад ляза да яблыка, астатняе зробленая з дужага дрэва; на лязо свае пікі яны прымацоўваюць значкі, заўсёды двухколерныя: бела-чырвоныя, сіня-зялёныя або чорна-белыя, даўжынёй у 4—5 локцяў. Гэта робіцца, мабыць, для таго, каб палохаць варожых коняў, бо калі яны [гусары], апусьціўшы дзіды, нясуцца ва ўвесь кар’ер [у атаку], сьцяжкі разьдзімаюцца, апісваючы кругі, і наводзяць жах на непрыяцельскіх коняў, шыхт якіх яны жадаюць прадзерці. Убраныя яны ў панцыры, наручы, накаленьнікі, шлемы і г. д. Узбоч у іх толькі шабля, пад левым сьцягном палаш, прывязаны да сядла, да правай лукі якога прымацаваны даўгі меч, шырокі ў рукаяцьці і вузейшы да ляза, у форме чатырохграньніка, для таго, каб можна было калоць таго, хто зваліўся на зямлю, але яшчэ жывога чалавека. Меч мае 5 футаў у даўжыню і круглую галаўню, каб зручней было прыціснуць да зямлі [суперніка] і пракалоць кальчугу; прызначэньне палаша — секчы целы, а шаблі — біцца зь яе дапамогай і секчы кальчугу. Яны носяць таксама баявыя сякеры вагой да шасьці фунтаў, якія падобныя выглядам да нашай чатырохграннай пікі, вельмі вострыя з доўгай дзяржальняй-рукаяцьцю, для таго каб можна было наносіць удары па варожых панцырах і шлемах, якія разьбіваюцца ад такой зброі.

Больш патэтычнае сьведчаньне, да якіх звычайна залішне сур’ёзна ставяцца польскія гісторыкі, пакінуў Вэспасыян Кахоўскі ў сваёй «Песьні вызваленай Вене» (1684), апісваючы гусарскую атаку, сьведкам якой ён быў:

«

Гусары апусьцілі дзіды,
На лёзах засталося шмат працятых,
Зьбянтэжаны і застрашоны вораг,
Удараў не пазьбегчы й не ўхіліцца,
Бо хто знаёмы з тым кап'ём,
Той знае, што пратне і дзьве пэрсоны,
Другія ў паніцы бягуць,
Як мухі перад варам кіпяткім[h].

»

Камплектаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таварыш гусарыі, гістарычная рэканструкцыя.
Ротмістар гусарыі, гістарычная рэканструкцыя.

Гэты род войскаў патрабаваў асаблівай ваеннай падрыхтоўкі і баявога духу. У гусарыю падбіраліся вопытныя, дужыя, рослыя і сьмелыя шляхціцы. Служба ў гусарскіх харугвах была вельмі прэстыжнай — афіцэры іншых родаў войскаў лічылі за гонар перавесьціся туды простымі таварышамі. Камплектаваньне гусарыі ў XVII стагодзьдзі заставалася такім жа, як і ў эпоху сярэднявечча. Гэта быў прынцып «таварыскага почту», паводле якога будучы камандзір гусарскай роты-харугвы — ротмістар, атрымаўшы ад караля адмысловую грамату, наймаў на службу таварышаў зь ліку рыцараў-шляхціцаў, кожны зь якіх абавязаны быў прывесьці з сабой «сьвіту» (почт) у складзе аднаго-двух узброеных слугаў з коньмі. Сьвіта-ваяры, якія называліся таксама пахолкамі ці пахолікамі (зброяносцамі) і «чаляднікамі», звычайна набіраліся з дваровых людзей шляхціца ці, калі таварыш быў дастаткова заможным, — з дробнай «убогай» шляхты. Набор у харугву адбываўся на добраахвотнай аснове, для чаго ротмістру даваўся пэўны тэрмін (з 1620 году — двухмесячны, лічачы з дня выдачы граматы)[9].

Гусарыя была арганізаваная ў харугвы (роты) па 100—200 коней, а на полі бою харугвы аб’ядноўваліся ў гуфы — атрады, блізкія па колькасьць да палкоў (да 400 коней).

У рэгістры гусарскай роты кракаўскага ваяводы вялікага гетмана Стэфана Патоцкага на пэрыяд з 1 красавіка і да канца чэрвеня 1658 значацца[46]:

  • Сьвіта пана ротмістра — 24 коні;
  • Сьвіта пана паручніка — 6 коней;
  • Сьвіта пана харунжага — 4 коні;
  • далей ідуць таварышы, пералічаныя пайменна, 48 зь якіх са сьвітай у 3 коні і 2 са сьвітай у 2 коні.

Склад і шыхт харугвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шыхт гусарскай харугвы ў часы Яна Сабескага

У часы Яна Сабескага ў другой палове XVII стагодзьдзя гусарская харугва шыхтавалася наступным чынам: у тры шэрагі, у першым ставіліся найбольш загартаваныя гусары — таварышы. У астатніх шэрагах ставілася г. зв. пачтовыя[i][9] (ці, іншыя назвы,: пачот, сьвіта, пахолкі, пахолікі, шэраговыя, шэранговыя) — звычайныя гусары. Асобна выдзяляліся:

  • Флянгавыя (па-польску: Skrzydłowi) — з правага і левага бакоў ставілася два таварышы якія падтрымлівалі парадак шыхту. Калі гэта было патрэбна, яны зьмяшчаліся ў сярэдзіну, наводзілі парадак у апошніх шэрагах, альбо разьяжджаліся, размыкаючы кавалерыйскую лінію, што павінна было забясьпечыць меншыя страты падчас абстрэлу харугвы. Усе таварышы зь першага шэрагу раўнялі па флянгавых сваіх коней.
  • Харунжы (па-польску: Chorąży) — сьцяганосец, павінен быў трымаць і зьберагаць штандар харугвы. У выпадку страты штандару ротмістар альбо гетман мелі права вынесьці харунжаму сьмяротны вырак. Пад штандарам зьбіраліся таварышы і сьвіта, калі шэрагі былі расьсеяныя. Манэўры харунжага паўтаралі ўсе салдаты з харугвы.
  • Ротмістар (па-польску: Rotmistrz) — звычайна разьмяшчаўся з боку ад харугвы, каб быць гатовым весьці яе ў наступ. З пачаткам атакі займаў месца ў тыле: не прымаў непасрэднага ўдзелу ў бітве, назіраючы за яе ходам зводдаль. Ротмістар меў уласную сьвіту, таксама разам зь ім былі трубачы.
  • Паручнік (па-польску: Porucznik) — станавіўся з уласнай сьвітай па іншы бок харугвы, каб сачыць за выкананьнем загадаў ротмістра. Калі сам кіраваў харугвай, ягоныя абавязкі выконваў намесьнік.
  • Заяжджаючыя (па-польску: Zajeżdżający) — два таварышы, якія сачылі за парадкам з тылу харугвы. Калі хтосьці са сьвіты, ці нават з таварышаў, рабіў спробу ўцячы мелі права яго забіць, каб пазьбегнуць панікі.

Акрамя вышэйпералічаных, на полі бою разам з харугваю абавязкова прысутнічалі ротныя музыкі — барабаншчыкі і некалькі трубачоў[47], і ўзброеныя слугі, якія падносілі гусарам новыя дзіды замест зламаных, а ў выпадку патрэбы самі маглі ўступіць у бой[48].

Фармаваньне і фінансаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гусарыі служыла найбольш заможная шляхта, яны атрымлівалі найвышэйшы заробак — 51 злоты «на каня», то бок 7 дукатаў (эквівалент 400 грамаў срэбра) на вершніка ў квартал[46].

Узбраеньне, рыштунак, адмысловым чынам выежджаныя коні таварыша гусарыі каштавалі вельмі дорага — толькі коні сьвіты гусара абыходзіліся яму ў гадавое жалаваньне[46]. Апроч таго, з кожным таварышам гусарыі было 3—12 пачтовых і чэлядзі да 10 чалавек ці больш. Нават з улікам казённага жолду, выдаткі маглі быць пакрытыя толькі за кошт багатай ваеннай здабычы.

Даражэй за ўсё каштаваў адмыслова выежджаны гусарскі конь — ягоны кошт быў ад 200[49] да 1000—1500 дукатаў, гэта значыць ад 9 да 44-66 кіляграмаў срэбра ў эквіваленце. Рыштунак каштаваў каля 40 злотых.

Гусары экіпіраваліся за свой кошт. Таварыш разглядаў усе выдаткі як інвэстыцыю ў сваю кар’еру. Ротмістар павінен быў быць дастаткова багатым, каб пры неабходнасьці сфармаваць роту безь фінансавай дапамогі сейму. Таксама ротмістар нёс дадатковыя расходы, бо набываў пікі, леапардавыя чапрак[j][50] і крылы, а таксама часта пазычаючы грошы сваім падначаленым. Ён фармаваў харугву на аснове «лісту аб прызыве» (па-польску: list przypowiedni). Звычайна ліст падпісваўся каралём. Меўшы такі ліст, ротмістар мог пачынаць фармаваць роту. Займаючыся фармаваньнем, ён наймаў па кантракце некалькіх таварышаў. Кожны таварыш прыводзіў з сабой уласнае падразьдзяленьне: «кап’ё» або «почт» (па-польску: poczet). Таварыш быў, у прамым сэнсе, таварышам ротмістра, бо падзяляў ягоныя фінансавыя і ваенныя рызыкі. Таварышы ўтваралі свайго роду ваеннае братэрства. Адзін да аднаго ротмістар і таварышы зьвярталіся «пан брат»[51].

Пахавальны рытуал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крылатыя гусары практыкавалі незвычайны пахавальны рытуал. Падчас адпяваньня ў царкву на кані заяжджаў гусар, які сымбалізаваў нябожчыка, і разьбіваў гусарскую піку перад алтаром. У паходзе такі рытуал праводзіць было нязручна, але ў мірны час цырымонія часта праводзілася і была апісаная Енджэем Кітовічам[8][52][53].

У кінэматографе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крылатая кавалерыя знайшла кінаўвасабленьне[54][55] ў такіх стужках, як:

  • «Богдан Хмельницкий» (Багдан Хмяльніцкі), СССР (1941);
  • «Pan Wołodyjowski» (Пан Валадыёўскі), Польшча (1968);
  • «Potop» (Патоп), Польшча-СССР (1974);
  • «Kanclerz»,serial telewizyjny (Канцлер, тэлевізійны сэрыял), Польшча (1989);
  • «Ogniem i mieczem» (Агнём і мячом), Польшча (1999);
  • «1612», Расея (2008);
  • «Тарас Бульба», Расея (2009);
  • «11 Settembre 1683» (11 верасьня 1683), Італія-Польшча (2012).

Ушанаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Атака гусарыі», А. Арлоўскі.
Значок 4-га Берасьцейскага танкавага батальёну ВП.
Гусар, 200 zl. золата, рэвэрс.
  • Гусарская тэматыка зьяўляецца папулярным матывам творчасьці шэрагу польскіх жывапісцаў, сярод якіх: Юзэф Брант, Вацлаў Паўлішак(pl), Аляксандар Арлоўскі(pl) і інш[56][57].
  • Да гусарскай сымболікі зьвярталася некаторыя падразьдзяленьні Войска Польскага, часьцей за ўсё ў авіяцыі і бранятанкавых частках. Між іншых тэматычныя ўвасабленьні гусарскага рыштунку зьяўляюцца элемэнтамі:
— Эмблема 1-ай бранятанкавай дывізіі Войска Польскага ўтрымлівае гусаркі капалін і крылы.
— Значок 4-ага Берасьцейскага бранятанкавага батальёну Войска Польскага ўтрымлівае гусарскі капалін.
  • Гусарскія крылы зьяўляюцца адным з элемэнтаў помніка Валынскай кавалерыйскай брыгадзе, прысьвечанаму Бітве пад Мокрай, якая адбылася падчас верасьнёўскай кампаніі 1939 году.
  • У 2004 годзе гусарыя была ўшанаваная помнікам на тэрыторыі Варшаўскай цытадэлі (праект Эдмунда Майкоўскага).
  • Гусар стаў тэматычным сымбалем праектаў Анджэя Пітыньскага, прысьвечаным ахвярам Катыні:
 — Помніка мсьціўцы на польскім цьвінтары ў Нацыянальным санктуарыі Божай Маці Чанстахоўскай ў месьце Дойлстаўн, штат Пэнсыльванія, 1988 год.
 — Нацыянальнага Катынскага манумэнту ў Балтыморы, 2002 год.
  • На сёньняшні дзень існуе шэраг гістарычных уніфармісцкіх клюбаў, якія рэканструююць гусарскую кавалерыю ў Польшчы[58] і ЗША[59].
  • У сучаснай Польшчы былі выпушчаныя шэраг калекцыйных злотых і паштовых марак, прысьвечаныя тэме гусарыі[60][61][62][63].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ток — рукаў або сапажок, прымацаваны да сядла вершніка-кавалерыста, у які ён прыстаўляе піку, каб не трымаць яе на вісу адной рукой.
  2. ^ Цямляк — пятля ці шнур на рукаяці клінковай зброі, адзяваўся на руку дзеля прадухіленьня страты зброі.
  3. ^ Сьпіс каманд утрымліваецца ў «гетманскім дэкрэце» ад 1704 году, выдадзеным, відаць, гетманам Гіеронімам Любамірскім.
  4. ^ Такую гарду замежныя сучасьнікі называлі яблыкам (па-француску: pomme), а палякі galka — «шарык». Піка была аднаразовай зброяй. Яе дрэўка рабілася з таннай і лёгкай драўніны — хвоі ці елкі. Францускі інжынэр і картограф дэ Боплян згадваў, што піка мела поласьць толькі да «яблыка», а ніжняя частка дрэўка была суцэльнай. Рэканструктары прыйшлі да высновы, што канец пікі вырабляўся з дзьвюх паловак, у якіх выдзёўбвалася пустата, а потым палоўкі злучаліся сухажыльлямі, шаўковымі ніткамі і моцным клеем.
  5. ^ Падкаморы Сандамірскі і сьведка падзеяў, Станіслаў Дунін-Карвіцкі (1640—1728) адзначае, што многія гусарскія таварышы насілі лук нават у XVIII стагодзьдзі падчас Паўночнай вайны, выклікаючы тым самым зьдзіўленьне ў эўрапейцаў.
  6. ^ Зярцала — круглая дэталь засьцерагальнага рыштунку, прызначаная для прыкрыцьця грудзяў і жывата ваяра. Звычайна зярцала было дадатковым (не самастойным) элемэнтам рыштунку, мацуючыся да панцыра.
  7. ^ Енджэй Кітовіч (па-польску: Jędrzej Kitowicz) (1727 [1728] — 1804) — польскі гісторык і мэмуарыст. Правёў частку жыцьця ў лягерах барскіх канфэдэратаў. У 1771 паступіў у духоўную сэмінарыю ў Варшаве. Каля 1777 стаў ксяндзом. Рэшту жыцьця правёў пробашчам прыходу ў Жэчыцы (па-польску: Rzeczyca).
  8. ^ Нелітаратурны пераклад.
  9. ^ Пачтовыя — (па-польску: pochtowi)) ад польскага pochet — у літаральным сэнсе сьпіс, іншае значэньне пачот, сьвіта.
  10. ^ Чапрак — упрыгожаная падсьцілка пад конскае сядло.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сороколетов Ф. П. История военной лексики в русском языке: XI—XVII вв. — Наука, Ленингр. отд-ние, — 1970. С. 383.(рас.)
  2. ^ Академия наук СССР Памятники культуры: Новые открытия, Научный совет по истории мировой культуры. — М.: Наука, — 1985.(рас.)
  3. ^ Бегунова А. Повседневная жизнь русского гусара в царствование Александра I, Молодая гвардия, — 2000. С. 383.(рас.)
  4. ^ а б в Марков М., «История конницы: От вооружения конницы огнестриельным оружием до Фридриха Великаго». ч. 3. вып. 4. От Густава Адольфа до Фридриха Великаго, — 1887.(рас.)
  5. ^ Морихин В. Е. Традиции офицерского корпуса России, Гала Пресс: Кучково поле, — 2003. С. 431.(рас.)
  6. ^ Online Etymology Dictionary (анг.)
  7. ^ а б в г д е ё ж ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 3-6 (рас.)
  8. ^ а б в г Солдатенко А. Польская гусария 1500—1776 гг. — СПб.: Орел, № 3, — 1993. С. 17—24. (рас.)
  9. ^ а б в г Васильев А. Польско-литовская гусария XVII века, М.: Цейхгауз, № 7. — 1998. С. 2—6.(рас.)
  10. ^ Podhorodecki L. Kluszyn 4 July 1610 based on «Sławne bitwy Polaków» (Famous Battles of Poles). (анг.)
  11. ^ Podhorodecki L. Chocim 1621, seria: Historyczne bitwy, MON — 1988. S. 16. (пол.)
  12. ^ Cefalli S. Relacja о stanie politycznym i wojskowym Polski przez Sebastiana Cefali sekretarca Jerzego Lubomirskiego: Relacje nuncjuszow apostoskich i innych osob о Polsce. В.: Poznari — 1864. T. II. (пол.)
  13. ^ Scanderbeg redivivus, London, Printed by H.C. for Wil Bateman — 1684. P. 141.(анг.)
  14. ^ Cichowski J., Szulczyński A., Bitwa pod Gniewem (22.IX-29.IX-1.X 1626) Husaria — wyd. II. — Warszawa, 2004. (пол.)
  15. ^ ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 32 (рас.)
  16. ^ ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 22 (рас.)
  17. ^ Солдатенко А. Польская гусария 1500—1776 гг. — СПб.: Орел, № 3, — 1993. С. 27. (рас.)
  18. ^ Rakowski W., Pobudka zacnym synom Korony Polskiey do służby woienney, Polska Biblioteka Internetowa. (пол.)
  19. ^ Темляк // Большая советская энциклопедия (рас.)
  20. ^ Солдатенко А. Польская гусария 1500—1776 гг. — СПб.: Орел, № 3, — 1993. С. 29. (рас.)
  21. ^ ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 27 (рас.)
  22. ^ Sikora R. Z dziejów husarii,ERICA Instytut Wydawniczy —2010 s. 28. (пол.)
  23. ^ а б в г д Гийом Левасьсер де Боплан, Описание Украины (1660) (рас.).
  24. ^ Квитковский Ю. В. , Польское оборонительное вооружение, М.: Наука, 1994. (рас.)
  25. ^ Военно-исторический альманах «Новый Солдат» № 192 «Венгерские Гусары 1756—1815», Артёмовск, 2002, С. 7(рас.)
  26. ^ Бохан Ю. Канчар // Вялікае княства Літоўскае: Энцыкляпэдыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. С. 39.
  27. ^ Палаш // Военно-энциклопедический словарь. Москва, 1984 г. (рас.)
  28. ^ ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 29 (рас.)
  29. ^ Бажэнаў Ю., Басін Я. Карабеля // Вялікае княства Літоўскае: Энцыкляпэдыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. С. 47.
  30. ^ Бохан Ю. Кінжал // Вялікае княства Літоўскае: Энцыкляпэдыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0. С. 95.
  31. ^ Бохан Ю. Булава // Вялікае княства Літоўскае: Энцыкляпэдыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. С. 355.
  32. ^ Клевец // Словарь Ф. А. Брокгауза и И. А. Ефрона(рас.)
  33. ^ Чекан // Словарь Ф. А. Брокгауза и И. А. Ефрона(рас.)
  34. ^ Польское наступательное вооружение (рас.)
  35. ^ ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 15 (рас.)
  36. ^ а б в Беларуская думка, ліпень 2009 — С.65
  37. ^ Кирпичников А. Н. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. — Л.: Наука, 1976. (рас.)
  38. ^ ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 21 (рас.)
  39. ^ Sawicka Z. Koń w życiu szlachty. S. 46-50.(пол.)
  40. ^ Cichowsky J., Szulczynski A. Husaria. Warszawa — 1977. S. 97. (пол.)
  41. ^ а б в г ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 17-19 (рас.)
  42. ^ Cichowsky J., Szulczynski A. Husaria. Warszawa — 1977. S. 105. (пол.)
  43. ^ а б Солдатенко А. Польская гусария 1500—1776 гг. — СПб.: Орел, № 3, — 1993. С. 19.
  44. ^ Ogier К. Dziennik podróży do Polski 1635-1636, cz. 1, s. 170. (пол.)
  45. ^ Kochowski W. H., Dzieło Boskie albo Pieśni Wiednia wybawionego i inszych transakcyjej wojny tureckiej w roku 1683 szczęśliwie rozpoczętej. — 1683. C. 30. (пол.)
  46. ^ а б в ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 10 (рас.)
  47. ^ ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 7 (рас.)
  48. ^ ред. Киселёв В. И. Польские крылатые гусары 1576—1775 // — Артёмовск: военно-исторический альманах «Новый солдат», № 142, — 2002. С. 26 (рас.)
  49. ^ Осипов К., Богдан Хмельницкий, Молодая гвардия. — 1948. С. 479. (рас.)
  50. ^ Чепрак // Словарь Ф. А. Брокгауза и И. А. Ефрона(рас.)
  51. ^ Солдатенко А. Польская гусария 1500—1776 гг. — СПб.: Орел, № 3, — 1993. С. 5. (рас.)
  52. ^ Китович // Энциклопедический Словарь Ф. А. Брокгауза и И. А. Ефрона (рас.).
  53. ^ Kitowicz J., Opis obyczajów i zwyczajów za panowania Augusta III, — 1855. (пол.)
  54. ^ filmweb.pl
  55. ^ kinopoisk.ru
  56. ^ «Гусар», Юзэф Брант
  57. ^ «Гусар», Аляксандар Арлоўскі
  58. ^ Chorągiew husarska przy zamku w Gniewie na stronach zamku.
  59. ^ Suligowski’s Regiment of the Polish Commonwealth, Polish Nobility Association Foundation, [dostęp 12 czerwca 2008].
  60. ^ Паштовая марка Zbroja husarska—XVIIw. (пол.)
  61. ^ Двухсотзлотая калекцыйная залатая манэта з сэрыі «Historia jazdy polskiej» (пол.)
  62. ^ Дзесяцізлотая калекцыйная срэбная манэта з сэрыі «Historia jazdy polskiej» (пол.)
  63. ^ Каталёг з аўкцыёну польскіх калекцыйных манэт (пол.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Васильев А. Польско-литовская гусария XVII века, М.: Цейхгауз, № 7. — 1998. (рас.)
  • Польские крылатые гусары 1576—1775 // Новый солдат: военное-исторический альманах / под ред. В. И. Киселёва. — 2002. — № 142. (рас.)
  • Brzezinski R. Polish Armies 1569—1696. — Oxford: Osprey, 1987. — Vol. 1. — 48 p. — ISBN 0-85045-736-X (анг.)
  • Brzezinski R. Polish Armies 1569—1696. — Oxford: Osprey, 1988. — Vol. 2. — 48 p. — ISBN 0-85045-744-0 (анг.)
  • Brzezinski R. Polish Winged Hussar 1576—1775. — Oxford: Osprey, 2006. — 64 p. — ISBN 9781841766508 (анг.)
  • Cichowski J., Szulczyński A. Husaria. — Warszawa: Dom Wydawniczy «Bellona», 2004. — 149 p. — ISBN 831109954-5 (пол.)
  • Jerzy Cichowski, Andrzej Szulczyński: Husaria. Warszawa: Wyd. Ministerstwa Obrony Narodowej, 1981. ISBN 83-11-06568-3. (пол.)
  • Gembarzewski B. Husarze. Ubiór, oporządzenie i uzbrojenie 1500—1775. — Warszawa: Arcadia, 1999. — 72 p. — ISBN 83-88055-01-1 (пол.)
  • Kobielski S. Chorągiew husarska pułku Hetmańskiego Rzewuskich i jej zbroje // Studia do dziejów dawnego uzbrojenia i ubioru wojskowego. — Cz. I. — Kraków, 1963. — S. 32-49. (пол.)
  • Podhorodecki L. — Chocim 1621, seria: «Historyczne bitwy», MON, 1988. (пол.)
  • Sikora R. Fenomen husarii. — Warszawa: Dom Wydawniczy Duet, 2004. — 270 p. — ISBN 83-7322-907-8 (пол.)
  • Sawicka Z. Koń w życiu szlachty w XVI—XVIII w. Toruń: Wyd. A. Marszałek, 2002. ISBN 83-7174-839-6. (пол.)
  • Sikora R. «Z dziejów husarii», Instytut Wydawniczy Erica, Warszawa 2010. (пол.)
  • Wasilkowska A. Husaria. The Winged Horsemen. — Warszawa: Interpress, 1998. — 158 p. — ISBN 8322326823 (анг.)
  • Wimmer J. Historia piechoty polskiej do roku 1864. — Warszawa: Wydaw. Min. Obrony Narodowej, 1978. — 615 p. (пол.)
  • Żygulski Z. Husaria polska. — Warszawa: Pagina, 2000. — 177 p. — ISBN 83-86951-31-4 (пол.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Nuvola apps kview.svg Вонкавыя выявы
Searchtool.svg Галерэя гусарыі

Commons-logo.svg  Гусарыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў