Напалеон I Банапарт
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Напалео́н Банапа́рт (па-француску: Napoléon Bonaparte) (15 жніўня 1769, Аячча, Корсіка — 5 траўня 1821, востраў Сьвятой Алены) — генэрал францускай рэвалюцыйнай арміі, Першы Консул Першай Францускай Рэспублікі з 11 лістапада 1799 да 18 траўня 1804 году, Імпэратар Французаў (Empereur des Français) пад імем Напалеон I (Napoléon 1er) з 18 траўня 1804 да 6 красавіка 1814 году. У пэрыяд з 20 красавіка да 22 чэрвеня 1815 году Напалеон Банапарт на нядоўгачасовы тэрмін, вядомы як «Сто дзён», аднавіў сябе ў якасьці імпэратара. Ён таксама быў каралём Італіі, Замірыцелем Швайцарскай Канфэдэрацыі і Пратэктарам Рэйнскай Канфэдэрацыі.
Цягам крыху больш за дзесяцігодзьдзе францускія войскі пад кіраўніцтвам Напалеона здабылі кантроль над большай часткай кантынэнтальнай Эўропы шляхам заваёвы ці стварэньня хаўрусаў. Паваротным момантам Напалеонаўскіх войнаў стала катастрафічная Расейская кампанія 1812 году. Пасьля паразы Напалеона ў бітве пад Ляйпцыгам у кастрычніку 1813 году Шостая антыфранцуская кааліцыя ўступіла ў Францыю і прымусіла Напалеона адмовіцца ад трона ў красавіку 1814 году. Ён быў адпраўлены ў высылку на востраў Эльба, але праз год здолеў вярнуць сабе ўладу. Пацярпеўшы паразу ў бітве пад Ватэрлоо 18 чэрвеня 1815 году, Напалеон быў высланы на востраў Сьвятой Алены ў Атлянтычным акіяне, дзе правёў апошнія шэсьць гадоў свайго жыцьця пад брытанскім наглядам.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Напалеон I Банапарт — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

