Франсыска Гоя
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Францыска Гоя (аўтапартрэт) |
|
| Імя пры нараджэньні: | Francisco José de Goya y Lucientes |
|---|---|
| Нарадзіўся: | 30 красавіка 1746 |
| Памёр: | 15 красавіка 1828 |
| Нацыянальнасьць: | |
| Заняткі: | жывапіс |
| Плынь: | партрэтызм |
Франсыска Хасэ дэ Гоя-і-Лусьентэс (па-гішпанску: Francisco José de Goya y Lucientes; нар. 30 красавіка 1746 года ў Фуэндэтодэс каля Сарагосы, пам. 15 красавіка 1828 года ў Бардо) – каралеўскі мастак пры двары гішпанскіх каралёў Карла ІІІ Бурбона, Карла IV Бкрбона і Фэрдынанда VII Бурбона.
[рэдагаваць] Біяграфія
Нарадзіўся Франсыска Гоя ў невялікім паселішчы Фуэнтэтодэс у правінцыі Арагон. Быў сынам Хасэ Гоя і дон’і Грацыі Вінцэнты Лусьентэс. Яго бацька ў гэты час кінуў працу майстра-пазалотніка (якой займаўся да гэтага ў Сарагосе) і заняўся сельскай гаспадаркай. Маці паходзіла з абяднелага вядомага гішпанскага роду, якая мела невялікія кавалкі зямлі ў Фуэнтэтодэсе. З 1760 года сям’я перасялілася ў Сарагосу, а Хасэ Гоя зноў заняўся залачэньнем. Акрамя Францыска ў сям’і было яшчэ пяцёра дзяцей.
Мясцовы ксёндз, зьвярнуў увагу на здольнасьці хлопца і ўладкаваў яго ў касьцёльную мастацкую і дэкаратарскую школу дона Хасэ Люсана і Марсінэза. Тут Франсыска, капіруючы творы старажытных мастакоў навучыўся мастацкаму рамяству.
У 1763 годзе Гоя, праз скандал зьвязаны зь яго ўдзелам у бойцы, быў вымушаны пераехаць у Мадрыд. Ва ўзросьце семнаццаці гадоў, спрабаваў паступіць у Акадэмію Сан Фэрнанда ў Мадрыдзе, якой у гэты час кіраваў чэх Антон Рафаэль Мэнгз, які быў прыхільнікам клясыцызму. Мэнгз варожа ставіўся да вялікага вэнэцыянскага мастака Джаваньні Батыста Ц’епола, які афармляў фрэскамі тронны пакой у каралеўскім палацы ў Мадрыдзе ў стылю і колерах позьняга барока. Але праца Ц’епола захапіла Гою, што перашкодзіла яму трапіць у Акадэмію. Мэнгз прызнаваў толькі мастакоў, якія капіравалі яго мастацтва, ці творы антычных аўтараў. Аднолькава скончылася для Гоі другая спроба трапіць у Акадэмію праз тры гады. Пасьля гэтай няўдачы, Францыска Гоя паступіў у школу Францыска Баю – прыдворнага мастака, дзе капіраваў антычныя творы. Праз гэты шлях Гоя атрымаў значны вопыт мастацтва, але пакуль ня змог рэалізаваць уласнага таленту.
У 1770 годзе Гоя пераехаў у Італію. Там ён наведаў Мілян, Балёнью і Нэапаль, а потым надоўга затрымаўся ў Рыме. У Рыме вучыўся ў мастака Тадэа Палако. У красавіку 1771 года, ён узяў удзел у конкурсе абвешчаным Акадэміяй Вытанчаным Мастацтваў у Парме. Яго праца, названая “Ганібал, аглядаючы зямлю Італіі з вяршыні Альпаў” атрымала другую ўзнагароду, якая была прызначана за калярыстыку. Вярнуўся ў Гішпанію, як прызнаны ў Італіі мастак. Хутка Гоя атрымаў прапанову маляваньня фрэскаў у касьцёле Nuestra Señora del Pilar у Сарагосе. Яго эскіз быў прыняты, а ў 1772 годзе скончаная праца атрымала прызнаньне майстраў. У наступным годзе Франсыска Гоя ажаніўся з Хасэфай Баю, сястрой вядомага мастака і даўняга сябра Гоі. У сям’і нарадзіліся пяцёра дзяцей, але выжыў толькі адзін хлопчык – Хаўер.
Францыска Баю прывёў Гою ў каралеўскую мануфактуру арасаў Санта Барбара. Мануфактурай кіраваў Мэнгз, які даў заданьне новаму мастаку выканаць сэрыю твораў для габэленаў. Гоя выканаў трыццаць праектаў на працягу чатырох гадоў і атрымаў значную грашовую ўзнагароду, а так сама вядомасьць у Гішпаніі. Наступным заказам стала сэрыя карцінаў паводле партрэтаў Дыега Вэласкеза. У 1780 годзе Гоя быў аднагалосна прыняты ў Акадэмію Сан Бэрнарда. Як новасьпечаны акадэмік Францыска Гоя ўзяў удзел у мастацкім канфлікце са сваім сябрам Францыска Баю. Канфлікт стаў вельмі балесным, з-за таго, што жонка Гоі стала на бок брата. У наступным годзе памерлі бацька і сястра Рыта.
У 1783 годзе Гоя выехаў у Арэнас дэ Сан Пэдра, дзе напісаў, па загаду дона Люіса (брата караля Карла ІІІ) партрэт яго сям’і. Хутка сам кароль пажадаў мець свой партрэт пэндзэлю мастака. Прызнаньне таленту Гоі караелўскай сям’ёй стала пачаткам неверагоднай папулярнасьці мастака. Усе жадалі мець партрэт намаляваны каралеўскім мастаком. Хутка, у 1786 годзе Францыска Гоя афіцыйна стаў каралеўскім мастаком, а ў 1789 годзе, ужо па загаду караля Карла IV, прыдворным мастаком. Па загаду караля, Гоя маляваў габэлены. Яму не падабалася гэта праца, як нявартая каралеўскага мастака, але не мог супрацьстаяць свайму заступніку, рызыкуючы з кар’еры. У гэты час быў створаны вядомы габэлен “Лялька”. Гоя стаў багатым і вядомым мастаком. Намучыўшыся францускай мове, ён пачаў падпісваць свае творы як “Francisco de Goya”. Аднак для самога мастака гэты пэрыяд жыцьця быў ня шчасьлівы, таму што ён лічыў што марнуе свой талент на глупствы. Створаныя ў гэты пэрыяд па загаду караля габэлены, былі напісаныя ў стылі сэнтымэнтальнага ракако. Карціны Гоі, напрыклад партрэт Сэбастыяна Мартынэза, вельмі адрозьніваліся па стылю выкананьня ад габэленаў.
Ашаламляльны посьпех скончыўся з хваробай у 1792 годзе. Мастак, амаль цэлы год смагаўся са сьмерцю, паралічом і сьлепатой. Выздаравеў Гоя толькі часткова, да канца жыцьця ён застаўся глухім, але гэта спрыяла яшчэ большай вастрыні зроку. Праз год Гоя вярнуўся да маляваньня. У 1795 годзе, пасьля сьмерці свайго сябра Францыяка Баю, Гоя стаў дырэктарам Акадэміі Сан Фэрнанда.
У наступным годзе Францыска Гоя напісаў партрэт Марыі дэль Піяр Тэрэсы Каетаны дэ Сыльва і Альварэз дэ Таледа (13 княгіні Альба), у якую закахаўся. Княгіня лічылася самай прыгожай жанчынай Гішпаніі. Пасьля сьмерці князя Альбы, мастак правёў шмат часу ў Санкулар у Андалузіі разам з княгіняй. У гэты час былі створаны карціны, якія Гоя называў лёгкімі эскізамі.
У 1797 годзе Гоя вярнуўся ў Мадрыд і стварыў сэрыю з 80 карцінаў “Капрызы”, скончаную ў 1799 годзе. У гэты час распачаўся новы этап у яго творчасьці.
У 1800 – 1801 гадах Гоя намаляваў партрэт каралеўскай сям’і (сям’я Карла IV), які лічыцца шэдэўрам партрэтыстыкі ўсіх часоў. Адначасова ён маляваў партрэты шматлікіх арыстакратаў, іх жонак і дзяцей. У гэты пэрыяд узьніклі і два вядомых твора Гоі “Маха распранутая” і “Маха апранутая” намаляваныя ў 1805 годзе, па загаду каралеўскага міністра.
У 1808 годзе пачалася акупацыя Гішпаніі напалеонаўскімі войскамі, якія зьверглі гішпанскую манархію. У гэтым годзе ўзьнікла карціна “Калос” (ці Паніка), але аўтарства Гоі аспрэчваецца. Іншай вядомай карцінай зьяўляецца “Расстрэл мадрыдзкіх паўстанцаў”, які быў намаляваны толькі ў 1814 годзе пасьля заканчэньня францускай акупацыі і прыходу да ўлады Фэрдынанда VІІ.
Пасьля адыходу французаў, Гою пачалі падазраваць у супрацоўніцтве з акупантамі, і ён вымушаны быў пакінуць Мадрыд у 1819 годзе, пераехаўшы ў свой дом Quinta del Sordo. Там пасяліўся з апошняй жанчынай свайго жыцьця, маладой Леакадыяй Салінай, і іх дачкой Марыяй дэль Расарыяй. У канцы 1819 года, Франсыска Гоя перажыў чарговы прыступ хваробы, пасьля якой у яго аднялася рука. У гэты час былі створаны самыя таямнічы і пэсымістычны цыкл фрэсак які быў названы “Чорныя карціны” (1820 – 1824 г.г.), якія потым былі перанесены ў Музэй Прада.
У 1824 годзе 78 гадовы Гоя пакінуў Quinta del Sordo і Гішпанію і пераехаў у Бардо, разам з 36 гадовай Леакадыяй і 10 гадовай Марыяй дэль Расарыяй. Тут былі створаны некалькі вядомейшых твораў. Франсыска Гоя памёр 15 красавіка 1828 года.
Час паказаў, што Францыска Гоя быў самым значным гішпанскім мастаком часоў так званага гішпанскага “залатога стагодзьдзя”.
У гонар Гоі названы кратэр на Мэркурыі.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Франсыска Гоя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў