Браніслаў Тарашкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук
Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч
Br.Tarashkevich.jpg
Браніслаў Тарашкевіч, 1910-я
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы: Адам Навука, «Тарас на Парнасе», Я.Тарас, Тарас Язычнік, Тарас Навіна, Biaіorusin[Крыніца?]
Нарадзіўся: 20 студзеня 1892
Сьцяг Расеі Мацюлішкі, Віленскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 29 лістапада 1938
Сьцяг БССР, 1937 турма НКВД, Менск, БССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці: мовазнаўства, публіцыстыка
Дэбют: 1913
Творы на сайце Knihi.com

Бранісла́ў Ада́мавіч Тарашке́віч (20 студзеня [ст. ст. 8 студзеня] 1892, Мацюлішкі Віленскага павету Віленскай губэрні, цяпер Віленскі раён, Летува — 29 лістапада 1938, Менск, НКВД) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, мовазнаўца, перакладчык, публіцыст. Акадэмік АН БССР (1928)[1].

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

Нарадзіўся ў засьценку Мацюлішкі Віленскага павету ў сялянскай сям’і.

У 1911 скончыў зь сярэбраным мэдалём 2-ю Віленскую гімназію, у 1916 — гісторыка-філялягічны факультэт Петраградзкага ўнівэрсытэту і быў пакінуты там пры катэдры расейскай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэцкай і лацінскай моў.

У 1917 г. — адзін зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 г. загадваў культурна-асьветным аддзелам Петраградзкага аддзяленьня Белнацкаму. У 1919 г. — выкладчык беларускай і грэцкай моў у Менскім пэдагагічным інстытуце. У 1920 г. — загадчык беларускага сэктару дэпартамэнта асьветы Сярэдняй Літвы.

З 1921 г. — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў ТБШ. Намаганьнямі Б.Тарашкевіча ды іншых дзеячаў нацыянальнага адраджэньня напачатку 20-х г.г. на тэрыторыі Сярэдняй Літвы было адчынена каля 300 школаў з выкладаньнем на беларускай мове, настаўніцкая сэмінарыя ў Барунах, гімназія і настаўніцкія курсы ў Радашковічах.

У 1922 г. быў абраны паслом у польскі сойм, у 19221924 гадох узначальваў у ім Беларускі пасольскі клюб. У першы пэрыяд свае парлямэнцкае працы трымаўся ў цэлым палянафільскай арыентацыі, хоць востра крытыкаваў з соймавай трыбуны нацыянальную і сацыяльную палітыку польскіх урадаў. У лютым 1924 г. разам з Радаславам Астроўскім і Аляксандрам Уласавым узяў удзел у стварэньні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клюбе і заменены на Васіля Рагулю. Пасьля гэтага зблізіўся зь левым крылом БПК.

У пачатку 1920-ых гадоў Тарашкевіч быў таксама чальцом ложаў руху вольных муляроў «Тамаш Зан» у Вільні і ложы «Праўда» ў Варшаве[2][3].

24 чэрвеня 1925 году разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлой выйшаў са складу БПК і заснаваў пасольскі клюб Беларускае сялянска-работніцкае грамады. Стаў старшынём клюбу, а пасьля і створанай на яго аснове масавай палітычнай партыі. Цесна зблізіўся зь лідэрамі КПЗБ і ў студзені 1926 году быў прыняты ў партыю. Патаемна ўдзельнічаў у III канферэнцыі КПЗБ (студзень 1926 году).

У студзені 1927 г. старшыня ЦК БСРГ Браніслаў Тарашкевіч разам зь іншымі лідэрамі вызваленча-рэвалюцыйнага руху быў арыштаваны польскай дэфэнзывай. У траўні 1928 г. на «Працэсе 56-і» засуджаны на 12 год зьняволеньня па абвінавачаньні ў спробе дзяржаўнага перавароту з мэтай далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу. Пасьля тэрмін зьняволеньня быў зьменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 году Тарашкевіч паводле распараджэньня прэзыдэнта Польшчы быў датэрмінова выпушчаны з астрогу. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парлямэнт, узначальваў пракамуністычны выбарчы камітэт Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клюбу «Змаганьне». Жыў у Гданьску.

5 лютага 1931 г. арыштаваны польскімі ўладамі пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю з Гданьску ў Бэрлін. У лістападзе 1932 г. засуджаны на 8 год катаржнай турмы. З верасьня 1933 г. ў абмен на арыштаванага савецкай уладай Францішка Аляхновіча[4] пераехаў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзелу Польшчы й Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква). 6 траўня 1937 г. арыштаваны па абвінавачаньні ў сфабрыкаванай справе так званага «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 5 студзеня 1938 «двойкай» НКВД і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 26 студзеня 1957 году.

[рэдагаваць] Навуковая і літаратурная дзейнасьць

Выступаў у беларускім друку з 1914 году. У 1918 годзе, працуючы загадчыкам культурна-асьветнага аддзелу Белнацкаму, падрыхтаваў і выдаў у Вільні, у вядомай віленскай друкарні Марціна Кухты, першую «Беларускую граматыку для школ». У ёй аўтар абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся ў той час у выданьні мастацкае, навукова-папулярнае й публіцыстычнае літаратуры, у пісьмовым друку; улічыў здабыткі тагачаснае лінгвістычнае навукі (дасьледваньні А. А. Шахматава, Я. Ф. Карскага) і досьвед папярэднікаў. Граматыка пасьля вытрымала 6 перавыданьняў, атрымаўшы назоў «тарашкевіца».

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамэра і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.

[рэдагаваць] Творы

  • Беларуская граматыка для школ. Вільня, 1918.
  • Заходняя Беларусь — пляцдарм імпэрыялістычнай інтэрвэнцыі. — Менск: Беларуская акадэмія навук, Камісія па вывучэньні Заходняй Беларусі, 1931. — 20 с.
  • Как живут крестьяне за границей. Москва-Ленинград, 1935.
  • Дифференциация крестьянства в Польше во время кризиса // Польская деревня во время кризиса. Москва, 1935.
  • Выбранае: крытыка, публіцыстыка, пераклады / Укладанне, уступ, каментарыі А. Ліса. Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. — 319 с.

[рэдагаваць] Ушанаваньне памяці

Імем Б. Тарашкевіча названы вуліцы ў Менску, Маладэчне і Радашковічах. 5 сакавіка 1969 ў яго імя названы ліцэй зь беларускай мовай навучаньня ў Бельску (Польшча).

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч // Пакутнікі Беларусі
  2. ^ Камунікат. Аўтабіяграфія Браніслава Адамавіча Тарашкевіча. 1933 г. (фрагмэнты) // Вольныя муляры ў беларускай гісторыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / Укладальнік і навуковы рэдактар доктар гістарычных навук А. Ф. Смалянчук. — Менск: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2005. — 280 с.: іл.
  3. ^ А. И. Серков. Русское масонство 1731—2000. Энциклопедический словарь.(рас.)
  4. ^ Дзень з календара: 6.09.1933 у Коласаве сустракаюцца Ф. Аляхновіч і Б. Тарашкевіч. // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 5 верасьня 2008

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Браніслаў Тарашкевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах