Пуэрта-Рыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Пуэрта-Рыка
Estado Libre Asociado de Puerto Rico
Сьцяг Пуэрта-Рыкі Герб Пуэрта-Рыкі
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: En Unión y Libertad
Дзяржаўны гімн
«La Borinqueña»
Месцазнаходжаньне Пуэрта-Рыкі
Афіцыйная мова Гішпанская, ангельская
Сталіца Сан-Хуан
Найбуйнейшы горад Сан-Хуан
Форма кіраваньня Рэспубліка
Алехандра Гарсія Падыльля
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
169-е месца ў сьвеце
9104 км²
1,6%
Насельніцтва
 • агульнае (2012)
 • шчыльнасьць
130-е месца ў сьвеце
3 667 084
418/км²
СУП
 • агульны (2009)
 • на душу насельніцтва
32-е месца ў сьвеце
$108,441 млрд
$27 384
Валюта Даляр ЗША (USD)
Часавы пас AST (UTC-4)
Аўтамабільны знак PRI
Дамэн верхняга ўзроўню .pr
Тэлефонны код +1 787, 1 939
Пуэрта-Рыка

Асацыяваная вольная дзяржава Пуэрта-Рыка (Пуэрта-Рыка, Пўэрта-Рыка; па-гішпанску: Estado Libre Asociado de Puerto Rico, па-ангельску: Commonwealth of Puerto Rico) — краіна, разьмешчаная ў Карыбскім моры, на частцы Вялікіх Антыльскіх астравоў, складаецца з выспы Пуэрта-Рыка і шэрагу малых выспаў, якія прымыкаюць да яе. Пуэрта-Рыка зьяўляецца залежнай ад ЗША тэрыторыяй і мае статус «Unincorporated organized territory», што азначае, што дадзеная тэрыторыя зьяўляецца складовай часткай ЗША, вярхоўная ўлада належыць Кангрэсу ЗША, але дзеяньне на ёй Канстытуцыі ЗША абмежаванае.

Пуэрта-Рыка мае ўласную Канстытуцыю, заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўладу. Повязі з ЗША палягаюць ў наяўнасьці супольнага грамадзянства, валюты і супольнай абароны. У зьвязку з адсутнасьцю выразнай заканадаўчай базы па статусе тэрыторыі гэтае пытаньне актыўна абмяркоўваецца на самой высьпе, у ЗША і ААН. У 2000 годзе па распараджэньні прэзыдэнта ЗША Клінтана была створаная адмысловая камісія па статусе Пуэрта-Рыка (па-ангельску: President's Task Force on Puerto Rico's Status)[1]. У сваім дакладзе камісія пацьвердзіла цяперашні статус і рэкамэндавала даць грамадзянам выспы права на самавызначэньне[2]. Мяркуецца, што ў рамках гэтай працэдуры пуэртарыканцы абяруць адзін з трох варыянтаў: замацаваньне цяперашняга статусу, уваходжаньне ў ЗША на правах штату або атрыманьне незалежнасьці. Адпаведны законапраект вынесены на разгляд Кангрэсу[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакалюмбавы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Пуэрта-Рыка ў пэрыяд да прыбыцьця на гэтую зямлю Хрыстафора Калюмба, маладасьледаваная. Усё, што вядома, вядома з археалягічных раскопак і вусных аповядаў першых гішпанскіх падарожнікаў. Першая кніга, якая ўсебакова апісвае гісторыю Пуэрта-Рыка, была напісаная Фраем Іньіга Ласіерам у 1786 годзе, праз 293 гады пасьля першага наведваньня гэтай выспы гішпанцамі[4].

Першымі насельнікамі Пуэрта-Рыка былі артаіроіды, прадстаўнікі старажытнай культуры. Раскопкі, зробленыя ў 1990 годзе, знайшлі рэшткі першабытнага чалавека, узрост якога датаваўся прыблізна 2000 годам да н.э. (4000 гадоў таму). Рэшткі назвалі «чалавек Пуэрта-Фэра» (па-ангельску: Puerto Ferro man)[5]. Паміж 120 і 400 гадамі нашай эры на востраў прыбылі прадстаўнікі індзейскага племя ігнэры з раёну ракі Арынока ў Паўднёвай Амэрыцы[6]. Паміж VII і XI стагодзьдзямі выспу засялялі прадстаўнікі аравацкіх плямёнаў, якія стварылі культуру таіна, і прыкладна да 1000 году гэтая культура стала дамінаваць на высьпе, аж да прыбыцьця Калюмба ў 1493 годзе.

Гішпанскі каляніяльны час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі Хрыстафор Калюмб зьявіўся на высьпе 19 лістапада 1493 году ў выніку свайго другога падарожжа да берагоў Амэрыкі, выспа была заселеная індзейцамі, якія звалі сябе таіна. Таіна звалі выспу «Барыкен» (па-гішпанску: Boriken), што пасьля было вытлумачана іспанцамі як «Барынкен» (па-гішпанску: Borinquen)[7]. Першапачаткова гішпанцы назвалі востраў Сан-Хуан-Баўтыста ў гонар Яна Хрысьціцеля, але нарэшце выспа атрымала назву Пуэрта-Рыка, што ў перакладзе азначае «багаты порт». Калянізацыя гішпанцамі пачалася ў 1508 годзе, калі з Санта-Дамінга (выспа Гаіці) прыбыў з атрадам канкістадораў Хуан Понсэ дэ Леон, які заснаваў места Капара. Адміністрацыйным цэнтрам выспы з часам стаў перанесены ў 1521 годзе на новае месца Капара — порт Пуэрта-Рыка.

Імя Сан-Хуан перайшло да сталіцы тэрыторыі і да невялікай выспы «Стары Сан-Хуан» (па-ангельску: Old San Juan), якая цяпер зьяўляецца часткай сталіцы. У 1508 годзе гішпанскі канкістадор Хуан Понсэ дэ Леон стаў першым губэрнатарам выспы[8].

З назвай дзяржавы і яго сталіцай зьвязаны геаграфічны кур'ёз. Выспа першапачаткова была названая ў традыцыях гішпанскіх калянізатараў Сан-Хуан у гонар хрысьціянскага сьвятога. Сталіца, адпаведна, атрымала імя Пуэрта-Рыка (Багаты Порт), але пасьля картографы «пераблыталі» назвы.

Форт Сан Фэліпэ дэль Мора

Выспа неўзабаве была калянізаваная гішпанцамі. Афрыканскія нявольнікі былі ўвезеныя на востраў у якасьці працоўнай сілы наўзамен індзейскага насельніцтва, якое хутка зьмяншалася, змушанае працаваць на гішпанцаў. Нарэшце, таіна цалкам вымерлі ў выніку хваробаў, якія прынесьлі гішпанцы і афрыканцы, а таксама ад цяжкіх умоваў, у якіх яны вымушаныя былі жыць. Пуэрта-Рыка хутка стаў важнай крэпасьцю і портам Гішпанскай імпэрыі ў Карыбскім моры. Аднак пры канцы XVIIXVIII стагодзьдзяў асноўным напрамкам калянізацыі сталі тэрыторыі мацерыка, дзе яна мела большы посьпех, чым на востраве, зьбяднелым ад скарачэньня насельніцтва. Дзеля абароны ад пагрозаў эўрапейскіх ворагаў Гішпаніі на востраве паступова зьявіліся розныя фарты і крэпасьці, такія як Ля Фарталеса (па-гішпанску: La Fortaleza), Фуэртэ Сан Фэліпэ дэль Мора (па-гішпанску: Fuerte San Felipe del Morro) і Сан Крыстабаль (па-гішпанску: Fuerte San Cristobal). Французы, галяндцы і ангельцы неаднаразова рабілі спробы захапіць Пуэрта-Рыка, але цярпелі паразы.

У 1809 годзе, калі войскі Напалеона I акупавалі вялікую частку Ібэрыйскай паўвыспы і выбухнула Першая гішпанская рэвалюцыя, сход папулістаў з гішпанскага гораду Кадыс абвесьціў Пуэрта-Рыка заморскай правінцыяй Гішпаніі з правам прадстаўніцтва пры гішпанскім двары[9]. Першы прадстаўнік выспы ў Кадыскія картэсы Рамон Повэр і Хіральт памёр неўзабаве пасьля прыбыцьця ў Гішпанію. З прыняцьцем Кадыскай канстытуцыі ў 1812 годзе, калі гішпанскія тэрыторыі былі падзеленыя на правінцыі, пуэртарыканцам было нададзена ўмоўнае грамадзянства.

10 жніўня 1815 году ў Гішпаніі быў выдадзены каралеўскі дэкрэт, які заахвочваў гішпанцаў і іншых эўрапейцаў негішпанскага паходжаньня, ляяльных да гішпанскай кароны і рымска-каталіцкай царквы, пасяляцца на высьпе, што адчыніла Пуэрта-Рыка шлях да гандлёвых адносінаў зь іншымі краінамі. Гэта было пачаткам росту аграрнай эканомікі выспы, дзе цукар, тытунь і кава сталі асноўнымі прадуктамі экспарту. Выспа стала напаўняцца імігрантамі зь Нямеччыны, Корсыкі, Ірляндыі, Францыі, Партугаліі і Канарскіх выспаў, якія ратаваліся ад эканамічных крызаў у Эўропе і былі прывабленыя вольным уездам на выспу. Аднак гэтыя невялікія паслабленьні і правы былі неўзабаве скасаваныя. Пасьля зьвяржэньня Напалеона I, у Гішпанію вярнулася абсалютная манархія, якая скасавала Кадыскую канстытуцыю і вярнула Пуэрта-Рыка статус калёніі пад бязьмежнай уладай гішпанскай манархіі.

25 чэрвеня 1835 году жонка гішпанскага караля Фэрдынанда VII Марыя Крысьціна, якая была ў гэты момант рэгенткай Гішпаніі (1833—1840), забараніла гандаль нявольнікамі ў гішпанскіх калёніях. У 1851 годзе губэрнатар выспы Хуан дэ ла Пэсуэла Сэвальляс заснаваў на востраве Каралеўскую акадэмію вытанчаных мастацтваў, якая давала адукацыю школьным настаўнікам, сфармулявала мэтады навучаньня, і наладжвала літаратурныя конкурсы, што спрыялі інтэлектуальнаму і літаратурнаму прагрэсу на высьпе. У 1858 годзе Сэмюэл Морзэ ўсталяваў у горадзе Ароя першы на высьпе тэлеграфны апарат.

Жыцьцё ў Пуэрта-Рыка ў другой палове XIX стагодзьдзя адбывалася на тле барацьбы за аўтаномію. Перапіс 1860 году паказаў, што насельніцтва выспы склала 583 308 чалавек. Зь іх 300 406 (51,5 %) чалавек складала белае насельніцтва, астатняе належала да іншых расаў[10]. Зь іх пераважная большасьць (83,7 %) належала да бедных слаёў. Аграрнае разьвіцьцё вострава тармазілася недахопам дарогаў, прымітыўнымі прыладамі працы і стыхійнымі бедзтвамі, такімі як ураганы і засуха. Эканоміка таксама пакутавала ад высокіх тарыфаў і падаткаў, усталяваных гішпанскай каралеўскай уладай. 23 верасьня 1868 году ў горадзе Лярэс успыхнула паўстаньне за незалежнасьць, вядомае як «El Grito de Lares», якое неўзабаве было падушанае. Лідэры гэтага паўстання Рамон Эмэтэрыё Бэтансэс і Сэхунда Руіс Бэлвіс у сучасным Пуэрта-Рыка разглядаюцца як бацькі пуэртарыканскай нацыі. Пазьней, паўстаў палітычны рух за незалежнасьць пад кіраўніцтвам Рамона Бальдарыоці дэ Кастра, а пры канцы стагодзьдзя рух пад кіраўніцтвам Люіса Муньяса Рывэры. У 1897 годзе Муньяс Рывэра з паплечнікамі запатрабавалі ад лібэральнага гішпанскага ўраду надаць аўтаномію Кубе і Пуэрта-Рыка. У наступным, 1898 годзе, на кароткі час быў абвешчаны аўтаномны ўрад. Хартыя аўтаноміі была падсправаздачная губэрнатару вострава, які прызначаўся Гішпаніяй. Губэрнатар меў права ануляваць любое рашэньне мясцовай улады і ўдзельнічаў у выбарах парлямэнта.

Час кіраваньня ЗША[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 ліпеня 1898 году падчас Гішпанска-амэрыканскай вайны ў Пуэрта-Рыка ўварваліся амэрыканскія войскі, высадзіўшыся ў муніцыпалітэце Гуаніка (па-гішпанску: Guanica). У выніку вайны Гішпанія была вымушаная саступіць Пуэрта-Рыка, а таксама Кубу, Філіпіны і выспу Гуам па Парыскай дамове 1898 году.[11] Пуэрта-Рыка ўступіла ў XX стагодзьдзе пад вайсковым кіраваньнем ЗША, уключаючы губэрнатара, які прызначаўся прэзыдэнтам ЗША. У 1917 годзе паводле Акта Джонза-Шафрата (па-ангельску: Jones-Shafroth Act) жыхарам Пуэрта-Рыка было нададзенае грамадзянства ЗША, і гэты статус дзейнічае дагэтуль. Пачынаючы зь Першай сусьветнай вайны, шматлікія пуэртарыканцы служаць у войску ЗША. Прыродныя катаклізмы і пэрыяд Вялікай дэпрэсіі пагоршылі жыццё на востраве. Некаторыя палітычныя дзеячы, такія як лідэр пуэртарыканскай Нацыяналістычнай Партыі Пэдра Альбісу Кампас (па-гішпанску: Pedro Albizu Campos), выступаў за незалежнасьць выспы. Ён быў двойчы арыштаваны і пасаджаны ў турму за падрыўную дзейнасьць супраць амэрыканскай адміністрацыі на высьпе.[12] Першы дэмакратычна абраны губэрнатар Пуэрта-Рыка Луіс Муньяс Марын (па-гішпанску: Luis Munoz Marin) таксама спачатку выступаў за незалежнасьць тэрыторыі, але, назіраючы сур’ёзны спад эканомікі, які суправаджаецца ростам злачыннасьці і народнай незадаволенасьцю, абраў статус асацыяванай тэрыторыі як прамежкавы этап на шляху да незалежнасьці.

За часы прэзыдэнцтва РузвэльтаТрумэна ва ўнутраным кіраваньні тэрыторыяй адбыліся зьмены, як вынік кампрамісу паміж рознымі палітычнымі сіламі. Кульмінацыяй гэтых пераменаў стала прызначэньне ў 1946 годзе прэзыдэнтам Гары Трумэнам першага народжанага ў Пуэрта-Рыка губэрнатара Хесуса Т. Піньера (па-гішпанску: Jesus Toribio Pinero Jimenez). У 1947 годзе амэрыканцы надалі Пуэрта-Рыка права самастойна выбіраць свайго губэрнатара. У 1948 годзе Люіс Муньяс Марын у выніку дэмакратычных выбараў быў абраны на пост губэрнатара Пуэрта-Рыка і прабыў на гэтай пасадзе 16 гадоў, да 1964 году.

З гэтага моманту вялікая колькасьць імігрантаў з выспы перабралася на асноўную тэрыторыю ЗША у пошуках лепшага жыцьця. Калі ў 1945 годзе ў месьце Нью-Ёрку пражывала каля 13 000 пуэртарыканцаў, то ў 1955 годзе іх колькасьць складала ўжо каля 700 000 чалавек, а ў сярэдзіне 1960-х іх стала больш за мільён.

1 лістапада 1950 году пуэртарыканскія нацыяналісты Грысэлія Тарэсола (па-гішпанску: Griselio Torresola) і Оскар Кальяса (па-гішпанску: Oscar Collazo) зьдзейсьнілі спробу замаху на прэзыдэнта Трумэна. Вынікам гэтага здарэньня стала згода Трумэна на правядзеньне рэфэрэндуму на востраве па ўласнай канстытуцыі Пуэрта-Рыка.[13] У выніку зацьвярджэньня канстытуцыі 25 ліпеня 1952 году Пуэрта-Рыка атрымала свой цяперашні статус асацыяванай тэрыторыі.[14][15] У 1950-я гады на востраве назіраўся хуткі рост прамысловай вытворчасьці, што дазволіла ператварыць эканоміку Пуэрта-Рыка з аграрнай у прамыслова разьвітую.

У цяперашні час Пуэрта-Рыка стала буйным турыстычным цэнтрам з разьвітой вытворчай эканомікай. Палітычны статус па-ранейшым да канца ня вызначаны, у зьвязку з чым у апошнія гады на востраве праходзяць розныя плебісцыты.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа Пуэрта-Рыка

Пуэрта-Рыка складаецца з асноўнай выспы Пуэрта-Рыка і мноства драбнейшых выспаў і рыфаў, уключаючы Мона (Isla de Mona), Вьекес (Vieques), Кулебра (Culebra), Дэсэчэа (Desecheo) і Каха дэ Муэртас (Caja de Muertos). З апошніх пяці атокаў, толькі Вьекес і Кулебра населеныя на працягу ўсяго году. На востраве Мона жывуць толькі супрацоўнікі пуэртарыканскага міністэрства нацыянальных рэсурсаў.

Горы ў Пуэрта-Рыка

Асноўная выспа мае 170 км у даўжыню і 60 км у шырыню, збольшага гарыстая зь вялікімі прыбярэжнымі тэрыторыямі ў паўночнай і паўднёвай частцы. Асноўны горны хрыбет вострава завецца «La Cordillera Central», што азначае «цэнтральны хрыбет», у ім таксама находзіцца самая высокая кропка Пуэрта-Рыка — гара Сэра дэ Пунта (Cerro de Punta), вышыня 1338 м над узроўнем мора. Іншы важны пік, гара Эль Юнкэ (El Yunque), 1065 м над узроўнем мора, находзіцца ў Карыбскім нацыянальным лесе у муніцыпалітэце С’ера дэ Лукільа (Sierra de Luquillo). Сталіца вострава горад Сан-Хуан знаходзіцца на паўночным узьбярэжжы.

Клімат Пуэрта-Рыка марскі трапічны, мяккі зь невялікімі сэзоннымі ваганьнямі тэмпэратураў: у паўднёвай частцы тэмпэратура трохі вышэй, чым у паўночнай, а ў цэнтральнай горнай — заўсёды прахалодней, чымся на астатнім востраве. Сярэдняя гадавая тэмпература +28C. Сэзон ураганаў доўжыцца паміж чэрвенем і лістападам.

У Пуэрта-Рыка маецца 17 азёраў, ніводнае зь іх не зьяўляецца натуральным [16] і больш 50 рэкаў, большасьць зь якіх цякуць з галоўнага горнага хрыбта. У паўночнай частцы вострава рэкі шырэйшыя і больш паўнаводныя, чым у паўднёвай. Нацыянальны Пячорны парк Рыа Камай — карставая вобласьць на паўночным усходзе Пуэрта-Рыка. Гэтая мясцовасьць славіцца сваімі фантастычнымі вапняковымі фармаваньнямі, таксама гэта адно з лепшых месцаў у свеце для спэлеалёгіі. Больш за 200 пячораў былі выяўленыя ў гэтым рэгіёне, некаторыя зь іх маюць калясальны ўнутраны аб'ём, а рака Камай — адна з самых вялікіх падземных рэкаў у сьвеце

Флёра і фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малюсенькая жаба (Eleutherdactylus coqui)

Па зьвестках 1998 году, флёра Пуэрта-Рыка складала 239 розных відаў расьлінаў, у фаўне заўважана 16 відаў птушак і 39 відаў земнаводных і рэптыліяў эндэмікаў.[17] Жабы «Рыка», якія жывуць тут жабы вядомыя як «кокі» (Eleutherdactylus coqui), зьяўляюцца ўлюблёным сымбалем выспы, хоць іх прысутнасьць можна адчуць толькі па гуку і мала хто з турыстаў можа іх убачыць — самая вялікая «кокі» ня больш за 5 сантымэтраў у даўжыню. Гэтыя невялікія істоты прымудраюцца выдаваць настолькі гучныя гукі «ко-кіі» (адкуль і пайшла іх назва), што нават невялікая калонія жабаў здольная аглушыць чалавека. У мясцовых жыхароў для гэтага ёсць нават свой тэрмін — «пякельнае скандаваньне». Вільготны трапічны Карыбскі нацыянальны лес, вядомы таксама пад імем «El Yunque», зьяўляецца асноўным месцам пасяленьня гэтых жабаў.

Геалягічная будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геалягічна выспа складаецца з вульканічных і магматычных пародаў, якія сфармаваліся паміж мелавым пэрыядам і эацэнавай эпохай палеагенавага пэрыяду, зьверху пакрытых пазьнейшымі пародамі алігацэнавай эпохі, а яшчэ пазней карбанатамі і асадкавымі горнымі пародамі. Узрост самых старых горных пародаў ацэньваецца прыблізна ў 190 млн гадоў (Юрскі пэрыяд) і разьмешчаныя ў муніцыпалітэце Сіера Бэрмэха (Sierra Bermeja) у паўднёва-заходняй частцы выспы. Гэтыя пароды могуць уяўляць зь сябе часткі акіянічнай кары, і відаць яны паходзяць зь Ціхага акіяну.

Пуэрта-Рыка знаходзіцца на мяжы Карыбскай і Паўночнаамэрыканскай плітаў і ў цяперашні час тэктанічна дэфармуецца пад дзеяньнем гэтых плітаў. Такая трансфармацыя можа выклікаць землятрусы і цунамі, якія ў сукупнасьці з апоўзьнямі, уяўляюць найбольшую геалягічную небясьпеку на востраве і паўночным усходзе Карыбскага мора. Апошні буйны землятрус у Пуэрта-Рыка адбыўся 11 кастрычніка 1918 году, ацэньваецца прыблізна ў 7.5 бала па шкале Рыхтэра. Эпіцэнтар таго землятрусу знаходзіўся на дне мора ля ўзьбярэжжа муніцыпалітэта Агуадзілья (Aguadilla), што выклікала цунамі.

Жолаб Пуэрта-Рыка, зьмешчаны ў 120 км да поўначы ад вострава, зьяўляецца самой вялікай і глыбокай акіянічнай западзінай у Атлянтычным акіяне. Ён разьмешчаны на мяжы карыбскай і паўночнаамэрыканскай плітаў. Даўжыня жолаба складае 1 754 км, шырыня каля 97 км, найбольшая глыбіня складае 8 380 м.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рост насельніцтва ў Пуэрта-Рыка

Часам гавораць, што Пуэрта-Рыка мае эўрапейскую (гішпанскую) большасьць, амаль зьніклую папуляцыю амэрыканскіх індзейцаў, папуляцыю зьмяшаных расаў, афрыканцаў і маленькую азіяцкую меншасьць. Аналіз крыві і пратэінаў паказаў, што склад насельніцтва на 45 % складаецца з эўрапейскай расы, 37 % афрыканскай і 18 % індзейскай.[18] Пазьнейшы аналіз Мітахандрыяльнай ДНК (мтднк), узяты ў 800 чалавек, выявіў мтднк амэрыканскіх індзейцаў у 61,1 % жыхароў, мтднк афрыканцаў у 26,4 % жыхароў і мтднк белай расы ў 12,5 % жыхароў Пуэрта-Рыка. [19]

У 1800-я гады сотні карсіканцаў, французаў, лібанцаў, кітайцаў і партугальцаў, побач зь вялікай колькасьцю імігрантаў з Гішпаніі, Канарскіх астравоў і іншых гішпанскіх калёніяў у Паўднёвай Амэрыцы перасяліліся ў Пуэрта-Рыка. Пасьля Дэкрэту 1815 годзе, які дазволіў замежнікам сяліцца ў Пуэрта-Рыка, у краіну прыбылі тысячы імігрантаў з усёй Эўропы. Масавая іміграцыя ў XIX стагодзьдзі прывяла да таго, што насельніцтва вострава павялічылася з 155 000 у 1800 годзе да амаль мільёна пры канцы стагодзьдзя. Попіс насельніцтва, які праводзіўся ў адпаведнасьці з каралеўскім дэкрэтам 30 верасьня 1858 году, дае наступны статыстычны зрэз насельніцтва таго часу: белае насельніцтва — 300 430 чалавек, свабоднае каляровае насельніцтва — 341 015, рабы — 41 736, нявызначанае — 127 чалавек. Пазьней Пуэрта-Рыка стала сталым домам для больш чым 100 000 імігрантаў, якія прыехалі ня толькі з Гішпаніі, але таксама з краінаў Лацінскай Амэрыкі. У краіну прыехалі выхадцы з Аргентыны, Кубы, Дамініканскай Рэспублікі, Калюмбіі і Вэнэсуэлы. Вялікая разнастайнасьць прозьвішчаў таксама дае ўяўленьне аб розным паходжаньні.

Эміграцыя з краіны таксама стала неад’емнай часткай нядаўняй гісторыі Пуэрта-Рыка. Пасьля Другой сусьветнай вайны з прычыны беднасьці, танных авіяквіткоў і падтрымкі ўраду выспы, хвалі эміграцыі рушылі ў ЗША, асабліва ў Нью-Ёрк, Чыкага, Бостан, Арланда, Тампу і Гартфард. Эміграцыя працягвалася нават пасьля таго, як эканамічнае становішча палепшылася, а нараджальнасьць зьнізілася. Яна працягваецца і цяпер, і ў сукупнасьці з падзеньнем нараджальнасьці, у найбліжэйшыя 20 гадоў можа прывесьці да хуткага старэньня насельніцтва і яго скарачэньня.

У 2000 годзе адбыўся попіс насельніцтва, у якім пуэртарыканцаў запыталі, да якой расы яны прылічаюць самі сябе. 95,8 % назвалі толькі адну расу: 80,5 % прылічылі сябе да белых, 8 % да чорных і 0,4 % апісалі сябе як прадстаўнікоў індзейскае расы.[20] Адной з праблем сучаснага Пуэрта-Рыка зьяўляецца высокі ўзровень беднасьці — 50 % насельніцтва жыве па-за яе рысай.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адукацыя ў Пуэрта-Рыка чатырохузроўневая і падзелена на пачатковую, сярэднюю і старэйшую школы, а таксама на вышэйшая адукацыя. Школа можа быць як дзяржаўнай, так і прыватнай. Паводле апытаньня 2000 году, 60,0% насельніцтва атрымалі атэстат аб заканчэньні старэйшай школы (аналяг поўнай сярэдняй адукацыі у Беларусі) і вышэй, а 18,3% маюць як мінімум ступень бакаляўра. Гэтыя паказьнікі на шостым месцы з канца ў параўнаньні з асноўнай тэрыторыяй ЗША, дзе сярэдні нацыянальны ўзровень складае 80,4 % і 24,4 % адпаведна. [21] Па стане 2002 году, узровень пісьменнасьці сярод насельніцтва на высьпе складае 94,1 %, прычым узровень пісьменнасьці сярод жанчын крыху лепшы чым у мужчын.

Прыватныя школы кіруюцца рознымі недзяржаўнымі арганізацыямі, большай часткай Рымска-каталіцкай царквой. Дзьвюма буйнымі дзяржаўнымі вышэйшымі адукацыйнымі ўстановамі зьяўляюцца Унівэрсытэт Пуэрта-Рыка (па-гішпанску: Universidad de Puerto Rico) і Унівэрсытэт Сан-Хуан (па-гішпанску: Colegio Universitario de San Juan). Буйнымі прыватнымі ўнівэрсытэтамі на высьпе зьяўляюцца Унівэрсытэт Ана Г. Мендэс (па-гішпанску: Sistema Universitario Ana G. Mendez), Міжамэрыканскі унівэрсытэт (па-гішпанску: Universidad Interamericana de Puerto Rico), Каталіцкі унівэрсытэт (па-гішпанску: Pontificia Universidad Catolica de Puerto Rico) і Унівэрсытэт Сьвятых сэрцаў (па-гішпанску: Universidad del Sagrado Corazon).

Штогод прыкладна 100 000 навучэнцаў наведваюць 1500 школаў Міністэрства адукацыі, якое мае ў штаце 45 тысяч настаўнікаў, зьяўляецца самым буйным працадаўцам на востраве. Фэдэрацыя настаўнікаў Пуэрта-Рыка (па-гішпанску: Federacion de Maestros de Puerto Rico) зьяўляецца самым вялікім прафсаюзам, які аб'ядноўвае ўсіх стала працуючых настаўнікаў у дзяржаўным сэктары.

Мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўнымі мовамі ў Пуэрта-Рыка зьяўляюцца гішпанская і ангельская. Гішпанская мова зьяўляецца асноўнай у дзяржаўных установах, хоць ангельская мова зьяўляецца абавязковым прадметам навучаньня, пачынаючы з пачатковай школы і сканчаючы другім курсам інстытута. Па дадзеных 2006 году, прыкладна 3 860 120 чалавек выкарыстоўваюць гішпанскую ў якасьці асноўнай мовы і 82 000 — ангельскую. Хоць адносна невялікая частка астраўлян лічаць ангельскую сваёй асноўнай мовай, вялікая частка насельніцтва ў буйных гарадах гаворыць на абедзьвюх мовах, або прынамсі разумее ангельскую і карыстаецца ёй у пэўных сытуацыях.

У 1991 годзе губэрнатар выспы Рафаэль Эрнандэс Калён (па-гішпанску: Rafael Hernandez Colon) падпісаў закон, які дэкляруе гішпанскую як адзіную афіцыйную мову ў дзяржаўных установах Пуэрта-Рыка. Хоць большасьць палітыкаў падтрымала такое рашэньне, прыхільнікі ўваходжаньня ў ЗША на правах штата ўбачылі ў гэтым пагрозу сваім памкненьням. Закон таксама прывітала насельніцтва Пуэрта-Рыка, што стала вынікам атрыманьня ў 1991 годзе прэстыжнай Прэміі Прынца Астурыйскага (па-гішпанску: Premio Principe de Asturias) па літаратуры, якая надаецца штогод за ўклад у разьвіцьцё літаратуры на гішпанскай мове. У 1993 годзе новы губэрнатар Пэдра Расэльо (па-гішпанску: Pedro Rossello) падпісаў іншы закон, вярнуўшы ангельскай статус дзяржаўнай. Гэта шмат кім разглядалася як крок да збліжэньня з ЗША.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рымска-каталіцкая царква гістарычна дамінуе сярод рэлігійных суполак вострава, хоць зь пераходам пад сувэрэнітэт ЗША зьявіліся пасьлядоўнікі Сьведак Еговы, мармоны і іншыя пратэстанцкія суполкі. Пратэстантызм зазнаў ганеньні ў часы гішпанскага кіраваньня. Напрыклад, першая англіканская Царква Сьв. Троіцы ў Пончэ зазваніла ў свае званы толькі ў 1898 годзе, з высадкай амэрыканскіх войскаў на высьпе.

Таксама маецца невялікая юдэйская суполка ў горадзе Сан-Хуан і ў яго ваколіцах, якая ўбірае ўсе галіны юдаізму. Маецца мусульманская суполка з малельнымі дамамі па ўсім востраве. Тры асноўныя мячэты разьмешчаныя ў Рыа-Пэдрас, Пончэ і Мэга Альта.

Дзякуючы некалькім рупліўцам былі ўзноўленыя рэлігійныя абрады таіна.

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пуэрта-Рыка падзелены на 78 муніцыпалітэтаў, якія ў сваю чаргу дзеляцца на раёны, а тыя на сэктары (востраў Мона ўваходзіць у склад муніцыпалітэта Майягуес (па-гішпанску: Mayaguez)) Кожны муніцыпалітэт мае свайго мэра, абіранага на 4-гадовы тэрмін. Першы муніцыпалітэт (перш вядомы як «горад»), Сан-Хуан, быў створаны ў 1521 годзе. У XVI стагодзьдзі былі створаныя яшчэ два муніцыпалітэты - Коама (Coamo) і Сан-Герман (San German), абодва ў 1570 годзе. У XVII стагодзьдзі зьявіліся яшчэ тры муніцыпалітэта — Арэсіба (Arecibo), 1614; Агуада (Aguada), 1692 і'Пончэ (Ponce). У XVIIIXIX стагодзьдзях насельніцтва выспы хутка павялічвалася, што прывяло да стварэньня 30 муніцыпалітэтаў у XVIII і яшчэ 34 у XIX стагодзьдзях. У XX стагодзьдзі было заснавана толькі 6 муніцыпалітэтаў, апошнім зь якіх стаў Фларыда (Florida), створаны ў 1971 годзе.[22]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1900-х гадоў эканоміка Пуэрта-Рыка была пераважна аграрнай, і яе асноўным таварам зьяўляўся цукар. Пры канцы 1940-х гадоў былі запушчаныя некалькі праектаў пад назвай «Operation Bootstrap», сутнасьць якіх палягала ў вызваленьні ад падаткаў і будаўніцтве фабрык. У выніку, прамысловая вытворчасьць стала асноўнай галіной эканомікі выспы.

Дзякуючы амэрыканскім падаткавым паслабленьням мясцовыя галіны прамысловасці сёньня могуць канкураваць з краінамі, дзе зарплата значна ніжэй амэрыканскіх стандартаў. У апошнія гады шматлікія амэрыканскія і замежныя вытворцы перабраліся ў нізкааплатныя краіны Лацінскай Амэрыкі і Азіі. Пуэрта-Рыка прытрымліваецца працоўнага заканадаўства ЗША і яго абмежаваньняў.

Турызм зьяўляецца важным кампанэнтам пуэртарыканскай эканомікі і прыносіць прыкладна $1,8 млрд у год. У 1999 годзе каля 5 млн турыстаў наведала востраў, у асноўным з ЗША. Прыблізна траціну зь іх складаюць пасажыры круізных ляйнэраў.

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) выспы ў 2004 годзе склаў $17 700 у год на душу насельніцтва [23], што дэманструе значны прырост у параўнаньні з 2002 годам ($14,412) .[24] Аднак, калі параўноўваць з асноўнай тэрыторыяй ЗША, дык паводле амэрыканскай статыстыкі самы бедны штат ЗША Місісіпі у 2002-04 гадах меў ВУП $21 587 у год на душу насельніцтва, што значна вышэй за пуэртарыканскія паказьнікі.[25] Пачынаючы з 1952 году розьніца ў ВУП на душу насельніцтва паміж Пуэрта-Рыка і асноўнай тэрыторыяй ЗША заставалася нязьменнай — востраў мае прыкладна траціну ад сярэдняга значэньня па ЗША.

1 мая 2006 году бюджэт Пуэрта-Рыка сутыкнуўся з рэзкім недахопам грашовай наяўнасьці, што прывяло да закрыцьця мясцовага міністэрства адукацыі і 42 іншых урадавых установаў. Усе 1 536 дзяржаўныя школы былі зачыненыя, і 95 762 чалавек упершыню ў гісторыі вострава сутыкнуліся з частковым прыпыненьнем дзяржаўнага кіравання.[26] 10 траўня 2006 году бюджэтны крызыс быў вырашаны новай падатковай дамовай і ўсе дзяржслужачыя змаглі вярнуцца на працу.

Культура і спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баваўнянае дрэва

Нацыянальнымі сымбалямі Пуэрта-Рыка лічацца невялікая птушачка сямейства танагравых (Spindalis portoricensis), кветка тэспэзія (Thespesia grandiflora) і баваўнянае дрэва (Ceiba pentandra). Неафіцыйнай нацыянальнай жывёлай зьяўляецца малюсенькая жаба (Eleutherdactylus coqui).

Прадстаўніцы Пуэрта-Рыка стала ўдзельнічаюць у конкурсах прыгажосці «Міс Сьвету» і «Міс Сусьвет». На конкурсе «Міс Сусьвет» пуэртарыканкі перамагалі 5 разоў (1970, 1985, 1993, 2001, 2006), па колькасьці намінацыяў саступаючы толькі ЗША, а аднойчы перамаглі ў конкурсе «Міс Сьвету» (1975). На гэтым конкурсе ў 2005 годзе прадстаўніца Пуэрта-Рыка заняла другое месца.

Пуэрта-Рыка мае сваю алімпійскую каманду на летніх і зімовых алімпійскіх гульнях, а таксама ўдзельнічае ў іншых буйных міжнародных спаборніцтвах, такіх як Панамэрыканскія гульні (па-ангельску: Pan American Games), Цэнтральна-Амэрыканскія і Карыбскія гульні (па-ангельску: Central American and Caribbean Games), і Карыбскі кубак па бэйсболе (па-ангельску: Caribbean World Series). На алімпійскіх гульнях пуэртарыканскія спртоўцы выйгралі 6 мэдалёў (1 срэбны і 5 бронзавых), пачынаючы з 1948 году, калі Хуан Эвангеліста Вэнэгас выйграў бронзавы мэдаль у боксе.

Хоць на востраве вядомыя бокс, баскетбол, валейбол і бэйсбол, апошні традыцыйна лічыўся найбольш папулярным відам спорту, пакуль у апошнія гады не ўзрасло колькасць аматараў баскетбола. Выспа мае ўласную прафэсійную бэйсбольную лігу. Пуэрта-Рыка ўдзельнічае ў Чэмпіянаце сьвету па бэйсболе і мае ў сваёй скарбонцы 1 залатую (1951), 4 срэбныя і 4 бронзавыя ўзнагароды.

8 жніўня 2004 году стала вяхой для пуэртарыканскай алімпійскай каманды, калі на Алімпіядзе ў Атэнах нацыянальная зборная па баскетболе перамагла каманду ЗША. [27]

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На востраве добра разьвітая сетка дарог, уключаючы і хуткасныя магістралі, якія знаходзяцца пад кантролем мясцовай Управы дарогаў і транспарта (па-ангельску: Roads and Transportation Authority). У сталічнай аглямэрацыі маецца аўтобусная сувязь і метро, званае тут «Tren Urbano». Асноўны аэрапорт «Міжнародны аэрапорт Луіс Муньас Марын» (па-гішпанску: Aeropuerto Internacional Luis Munoz Marin) разьмешчаны ў муніцыпалітэце Караліна (Carolina), асноўны порт выспы — Порт Сан-Хуан (па-ангельску: San Juan Port).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Федэральны архіў ЗША
  2. ^ Афіцыйны тэкст дакладу прэзыдэнцкай камісіі па статусе Пуэрта-Рыка
  3. ^ Законапраект аб самавызначэньні Пуэрта-Рыка
  4. ^ Inigo Abbad y Lasierra. Historia Geografica, Civil y Natural de la Isla de San Juan Bautista de Puerto Rico.
  5. ^ Vieques Island — What lies beneath.
  6. ^ Brief Chronology of Puerto Rico.
  7. ^ Цяпер, пуэртарыканцы вядомыя таксама як Boricuas, альбо насельнікі Барынкена.
  8. ^ Вісэнтэ Ян’ес Пінсан быў прызначаны першым губэрнатарам, але на выспу так і не прыбыў.
  9. ^ Гісторыя Пуэрта-Рыка
  10. ^ Grose, Howard B.,Advance in the Antilles ASIN B00085O1E8
  11. ^ Treaty of Paris (1898)
  12. ^ Dr. Pedro Albizu Campos // National-Louis University. April 28. 2006.
  13. ^ Act of July 3, 1950, Ch. 446, 64 Stat. 319.
  14. ^ Constitution of the Commonwealth of Puerto Rico — in Spanish (original).
  15. ^ Constitution of the Commonwealth of Puerto Rico — in English (translation).
  16. ^ Los Lagos de Puerto Rico
  17. ^ Island Directory.
  18. ^ Hanis, C. L., et. al 1991. Origins of the United States Hispanics—Implications for diabetes. Diabetes Care 14:618-627.
  19. ^ Martinez Cruzado, Juan C. (2002). The Use of Mitochondrial DNA to Discover Pre-Columbian Migrations to the Caribbean:Results for Puerto Rico and Expectations for the Dominican Republic. KACIKE: The Journal of Caribbean Amerindian History and Anthropology On-line Journal, Special Issue, Lynne Guitar, Ed. Available at: http://www.kacike.org/MartinezEnglish.pdf Date of access: 25 September, 2006
  20. ^ Puerto Rico DP-1. Profile of General Demographic Characteristics: 2000.
  21. ^ Census 2000 Educational Attainment Data
  22. ^ LinktoPR.com - Fundacion de los Pueblos.
  23. ^ CIA - The World Factbook - Puerto Rico.
  24. ^ PRLDEF.
  25. ^ U.S. Census - Median Family Income.
  26. ^ Rodriguez, Magdalys. No hubo acuerdo y el gobierno amanecio cerrado
  27. ^ BBC Sports - Olympics 2004.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Пуэрта-Рыкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў