Мартын Лютэр Кінг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мартын Лютэр Кінг
Martin Luther King, Jr.
Martin-Luther-King-1964-leaning-on-a-lectern.jpg
Мартын Лютэр Кінг у 1964 годзе на прэс-канфэрэнцыі
Род дзейнасьці правы чалавека
Дата нараджэньня 15 студзеня 1929
Месца нараджэньня Атланта, ЗША
Дата сьмерці 4 красавіка 1968
Месца сьмерці Мэмфіс, ЗША

Ма́ртын Лю́тэр Кінг (па-ангельску: Martin Luther King, 15 студзеня 1929, Атланта — 4 красавіка 1968, Мэмфіс) — баптысцкі пастар, грамадзкі дзяяч, які змагаўся за роўныя правы для афраамэрыканскіх грамадзянаў ЗША, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Міру, Чалавек Году 1963 году паводле часопіса Time.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мартын Лютэр Кінг нарадзіўся 15 студзеня 1929 году ў Атланце, у сям’і сьвятара баптысцкай царквы. Сям’я жыла ў квартале, дзе жылі чорнаскурыя грамадзяне сярэдняга прыбытку. У 13 гадоў Мартын паступіў у ліцэй пры Ўнівэрсытэце Атланты. У 15 гадоў ён перамог у конкурсе аратараў, які праводзіўся мурынскай арганізацыяй Джорджыі.

Восеньню 1944 году Кінг паступіў у каледж Маргаўз. У гэты час ён стаў сябрам Нацыянальнай асацыяцыі прагрэсу каляровага насельніцтва. У 1947 годзе Мартын стаў сьвятаром, і пачаў дапамагаць бацьку ў царкве. Атрымаўшы ступень бакаляўра сацыялёгіі ў 1948 годзе, ён паступіў у тэалягічную сэмінарыю, дзе ў 1951 годзе атрымаў ступень бакаляўра багаслоўя, а ў наступным годзе стаў пастарам баптысцкай царквы ў Мантгомэры, Алабама. У 1955 годзе, у Бостанскім унівэрсытэце, Мартын Лютэр Кінг атрымаў ступень доктара тэалёгіі.

1 сьнежня 1955 году ў горадзе Мантгомэры, вяртаючыся дамоў з працы, швачка Роза Паркс, парушыўшы закон, што існаваў у той час, адмовіла беламу мужчыне саступіць месца ў грамадзкім транспарце. Паркс была арыштаваная, але гэта выклікала выбух масавых пратэстаў і шматмесячны байкот грамадзкага транспарту чорным насельніцтвам гораду. Мартын Лютэр Кінг кіраваў гэтым байкотам, мэтай якога стала скасаваньне расавай сэгрэгацыі. Пасьля сэрыі пратэстаў Вярхоўны Суд прызнаў расавую сэгрэгацыю пазазаконнай.

Пасьля гэтага скандалу Мартын атрымаў вялізарную папулярнасьць сярод мурынскага насельніцтва паўднёвых штатаў ЗША. Ягоная дзейнасьць хутка распаўсюдзілася на ўвесь Поўдзень. Стратэгіяй ягонай барацьбы быў негвалтоўны супраціў. Мэтай усіх дзеяньняў было скасаваньне расавай сэгрэгацыі па ўсіх ЗША. Для папулярызацыі руху выкарыстоўваліся аўтобусы, якія перавозілі актывістаў барацьбы ў розныя гарады, дзе ў гэты час праводзіліся акцыі.

У 1957 годзе Кінг быў абраны кіраўніком арганізацыі «Канфэрэнцыя кіраўніцтва хрысьціянаў поўдня», якая была створаная для барацьбы за грамадзянскія правы мурынскага насельніцтва. У верасьні 1958 году ён быў паранены нажом у Гарлеме. У 1960 годзе Мартын Лютэр Кінг, па запрашэньні Джавахарлала Нэру, наведаў Індыю, дзе вывучаў дзейнасьць Махатмы Гандзі.

Пасьля выступу ў Бірмінгэме (Алабама) ў 1963 годзе справакаваў уключэньне адміністрацыі Джона Кенэдзі падтрымаць барацьбу за правы мурынаў. У гэтым жа годзе быў зьдзейсьнены Марш на Вашынгтон. У наступным годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. У 1966 годзе Мартын спрабаваў ліквідаваць трушчобы ў Чыкага. Быў актыўным праціўнікам Вайны ў Віетнаме. Напісаў кнігу «Why We Can’t Wait» (Чаму мы ня можам чакаць).

Сцэна хрышчэньня з сабору парыскай Божай Маці

4 красавіка 1968 году Мартын Лютэр Кінг быў забіты ў Мэмфісе снайпэрам Джэймсам Эрлам Рэем. Забойца быў прысуджаны да 99 гадоў турмы.

Выступы Мартына Лютэра Кінга лічацца клясыкай аратарскага мастацтва, асновай ягонай барацьбы быў негвалтоўны супраціў. Шырокую вядомасьць атрымала прамова Кінга «I have a dream» (Я маю Мару), якую ён прамовіў пад час Маршу на Вашынгтон ля манумэнта Лінкальну. Яе слухалі каля 300 тыс. чалавек.

Пасьля ягонага забойства Япіскапальная царква ЗША прызнала Мартына Лютэра Кінга мучанікам, які аддаў сваё жыцьцё за хрысьціянскую царкву.

Трэці панядзелак студзеня адзначаецца ў ЗША як Дзень Мартына Лютэра Кінга і лічыцца нацыянальным сьвятам.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Мартын Лютэр Кінгсховішча мультымэдыйных матэрыялаў