Сьветлагорск (Гомельская вобласьць)
| Сьветлагорск | |||||
Увечары ля фантану |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1560 | ||||
| Горад з: | 1961 | ||||
| Былыя назвы: | Шацілавічы, Шацілкі | ||||
| Краіна: | Беларусь | ||||
| Вобласьць: | Гомельская | ||||
| Раён: | Сьветлагорскі | ||||
| Плошча: | 25 км² | ||||
| Вышыня: | 131 м н. у. м. | ||||
| Насельніцтва (2009) | |||||
| колькасьць: | 69 995 чал.[1] | ||||
| шчыльнасьць: | 2799,8 чал./км² | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 2342 | ||||
| Паштовы індэкс: | 24743х[2] | ||||
| Нумарны знак: | 3 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 52°38′ пн. ш. 29°44′ у. д. / 52.633° пн. ш. 29.733° у. д.Каардынаты: 52°38′ пн. ш. 29°44′ у. д. / 52.633° пн. ш. 29.733° у. д. | ||||
|
Сьветлагорск на мапе Беларусі
Сьветлагорск
|
|||||
| svetlogorsk.by(рас.) | |||||
Сьветлаго́рск, Шаці́лкі — горад раённага падпарадкаваньня ў Гомельскай вобласьці Беларусі, адміністрацыйны цэнтар Сьветлагорскага раёну. Да 1961 году — гарадзкі пасёлак.
Зьмест |
Геаграфічныя звесткі[рэдагаваць]
Знаходзіцца на раўніне Гомельскае Палесьсе, сярэдняя тэмпература паветра студзеня −6,6 ºС, ліпеня 18,4 ºС, ападкаў 602 мм/год. Прыстань на р. Бярэзіна. За 90 км на захад ад Гомелю; на аўтамабільнай дарозе Парычы — Рэчыца, адлегласць да Гомелю па аўтадарозе — 113 км (праз г. Рэчыцу)[3]. Вузел аўтамабільных дарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Калінкавічы. Чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Калінкавічы.
Назва[рэдагаваць]
Цяперашнюю назву Сьветлагорск атрымаў у 1961 г. пры пераўтварэньні гарадзкога пасёлку Шацілкі ў горад; яна зьвязаная з пабудовай электрастанцыі (цяпер — цеплаэлектрацэнтраль), якая выпрацоўвае сьвятло, што з сымбалічнай вяршыні (гары) асьвятляе краіну.
Гістарычная назва паселішча Шацілавічы[4] (Шацілкі), імаверна, паходзіць ад беларускага слова «шаць» — добрае, прыгожае месца, у слоўніку расейскай мовы Ул. Даля — «гара сярэдняй велічыні».
Гісторыя[рэдагаваць]
Ад узьнікненьня да 1918 году[рэдагаваць]
Паводле археалагічных раскопак, паселішча на месцы сучаснага гораду існавала з 6—7 ст. З 13 ст., згодна з археалягічнымі зьвесткамі, паселішча існуе непарыўна[5]. У 8—10 ст. гэтая мясцовасьць знаходзілася ў землях плямён дрыгавічоў, у якіх склалася Тураўскае княства (вядомае з 980 г.). У 12 ст. Тураўская зямля была падзелена на ўдзелы, і ў ніжнім цячэньні р. Бярэзіны ўзьнікла Сьвіслацкае княства. У сярэдзіне 14 ст. яно ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ).
Паводле пісьмовых крыніцаў, населены пункт вядомы з 15 ліпеня 1560 году як вёска ў Вялікім Княстве Літоўскім, у якой быў маёнтак Шацілінскі Востраў[6]. Як сьведчыць прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста, выдадзены ў Варшаве, маёнтак (па-польску: Ostrow Szatylinski, Востраў Шатылінскі) пасьля папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананьне вайсковай службы[7]. У 1566 годзе паселішча ўвайшло ў створаны Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва.
З 1 ліпеня 1569 году ў выніку аб’яднаньня ВКЛ і Польскага каралеўства — у Рэчы Паспалітай. 25 лютага 1576 году Ждан Манкевіч згадваецца ў лісьце караля і вялікага князя Стэфана Баторыя пра тое, што шляхта Рэчыцкага павету павінна несьці службу ў замку г. Чачэрску, і не прыцягвацца да іншых павіннасьцяў[8].
У 1634 годзе шляхціч Пётар Сулятыцкі падараваў дзялянку зямлі езуітам, якія збудавалі тут каля 1650 году драўляны касьцёл, утрымлівалі місіянэрскі пункт[4]. У 1639 годзе сяло Шацілавічы — у так званым Парыцкім двары Бабруйскага староства Рэчыцкага павету, мае 17 сялянскіх двароў (у вопіс ня ўносіліся шляхецкія двары)[9]. У вопісу 1684 году ў Шацілавічах шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары[10].
У 1744 г. у сьпісе каталіцкіх парафіяў маюцца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканату Віленскай дыяцэзіі[11]. У 1766 г. у Шацілках згадваецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы[12].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Парыцкай воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні (у 1795—1796 гг. называлася Менскім намесьніцтвам). У 1795 годзе згадваюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў[13]. У 1800 г. у Шацілках 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары, дарослае насельніцтва складала 88 мужчын і 102 жанчыны. Праваслаўны прыход адносіўся да Сьвята-Петра-Паўлаўскага храма ў в. Чыркавічы (1879 г.)[14]. У 1890 — 49 двароў, прыстань[15].
У пачатку XX ст. Шацілкі вядомы як ваколіца (680 жыхароў, 70 двароў) і маёнтак (33 жыхары, 1 двор). У 1915 годзе побач праведзена чыгунка і ўтворана станцыя Шацілкі[16]. У 1916 г. у Шацілках згадваецца аднакласнае народнае вучылішча[17]. Паводле перапісу 1917 году, у ваколіцы Шацілкі 685 жыхароў, у маёнтку — 6, на чыгуначнай станцыі — 66 жыхароў, 13 двароў.
З 1918 г. да нашага часу[рэдагаваць]
З 25 сакавіка 1918 году Шацілкі — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы; з 1 студзеня 1919 — у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, з 27 лютага 1919 — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Падчас савецка-польскай вайны 1919—1921 гг. занятыя польскімі войскамі з 6 сакавіка па 9 ліпеня 1920 года[18]. З 31 ліпеня 1920 — зноў у адноўленай БССР, якая ўваходзіла з 30 сьнежня 1922 да 26 сьнежня 1991 ў СССР, з 19 верасьня 1991 — Рэспубліка Беларусь.
У 1921 г. Менская губэрня была скасавана, а яе паветы (у тым ліку Бабруйскі) сталі ўваходзіць непасрэдна ў БССР. 20 жніўня 1924 года воласьці (у тым ліку Парыцкая) і паветы скасаваны. З гэтага дня мястэчка Шацілкі — цэнтар сельскага Савету (да 1960 г.) ва ўтвораным Парыцкім раёне[19], які ўваходзіў у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 году), а затым: ад 20 лютага 1938 году — у Палескай, з 20 красавіка 1944 — у Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 — у Гомельскай вобласьці. Чыгуначная станцыя Шацілкі была ўключана ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёну.
У 1924 годзе ў Шацілках адчынена пачатковая школа з габрэйскай мовай навучаньня (65 вучняў, цяпер — школа № 2). У 1926 годзе дзейнічалі 2 воўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 20 — 30-я гады Шацілкі — адзін з цэнтраў лесасплаву на р. Бярэзіне. У 1929—1932 гадох на базе кузьні створана суднабудаўнічая арцель, якая затым пераўтворана ў верф (зараз — завод зборнага жалезабэтону). 27 верасьня 1938 г. мястэчкі як тып населеных пунктаў былі скасаваныя, і м. Шацілкі аднесена да вёсак. У час Вялікай Айчыннай вайны Шацілкі пакінуты савецкімі войскамі 7 жніўня 1941 г., акупаваны нямецка-фашысцкімі войскамі да 27 лістапада 1943 г., на суднаверфі і чыгуначнай станцыі дзейнічалі антыфашысцкія падпольныя групы.
У 1954—1958 гадох у Шацілках пабудавана Васілевіцкая ДРЭС[20] (цяпер — Светлагорская ЦЭЦ). 30 сьнежня 1956 г. вёска Шацілкі пераўтворана ў гарадзкі пасёлак[21], з 9 чэрвеня 1960 — цэнтар Парыцкага раёну. 29 ліпеня 1961 г. гар. п. Шацілкі пераўтвораны ў горад Сьветлагорск, а Парыцкі раён перайменаваны ў Сьветлагорскі[22]. З 7 сакавіка 1963 па 4 студзеня 2002 г. горад меў абласное падпарадкаваньне.
| Год | Назва | Зь якога сельсавету | Спосаб уключэньня |
|---|---|---|---|
| 1939 | пасёлак Арэхаўка | Чыркавіцкі | Сьсяленьне |
| 1939 | хутар Зайванеў | Чыркавіцкі | Сьсяленьне |
| 1930-я гг. | пас. Краснае Знамя | няма звестак | Далучэньне |
| няма звестак | пас. Прабуджэньне | Шацілкаўскі | Далучэньне |
| 1966 | чыгуначная станцыя Шацілкі | Чыркавіцкі | Далучэньне[23] |
| 1975 | в. Сьветач (да 1964 Какаль, гіст. Какель) | Чыркавіцкі | Далучэньне[24] |
Насельніцтва[рэдагаваць]

- ХХ стагодзьдзе (тыс. чал.): 1917 — 0,757[13]; 1953 — 2,170[25]; 1959 — 5,772 (2,737 муж. і 3,035 жан.)[26]; 1961 — 11,5[27]; 1970 — 40,3[28]; 1973 — 48,7[13]; 1975 — 55[29]; 1993 — 74[30]
- ХХI стагодзьдзе (тыс. чал.): 2001 — 73,4; 2006 — 70,2; 2008 — 69,5; 1 студзеня 2009 — 69,3; 2009 — 69 995[1] (перапіс)
Адукацыя[рэдагаваць]
У горадзе: 11 агульнаадукацыйных школ, гімназія (былая школа № 7), міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат; вечаровая сярэдняя школа. Дзейнічаюць цэнтар карэкцыйнага разьвіцьця; дом дзіцячай і юнацкай творчасьці, цэнтар пазашкольнай працы, міжшкольны экалягічны цэнтар; 3 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы (1 зь іх — алімпійскага рэзэрву); дзіцячая музычная школа, дзіцячая школа мастацтваў. Маецца аўтамабільная школа. Працуюць 2 прафэсыйна-тэхнічныя навучальныя ўстановы; індустрыяльны каледж.
Культура[рэдагаваць]
У месьце дзейнічаюць дом дзіцячай творчасьці, дамы культуры, 8 бібліятэк. Створаны музэй гісторыі места, мастацкая галерэя імя Г. Пранішнікава. У Сьветлагорску былі запачаткаваны наступныя рок-гурты Органы сну (1996), Relikt (2001).
Мэдыі[рэдагаваць]
Выдаюцца газэты «Ранак-плюс», «Сьветлагорскія навіны», «Светлогорский бизнес».
Спорт[рэдагаваць]
У горадзе ёсьць дзьве спартовыя школы (ДЮСШ1, ДЮСШ «Алімп»).
ДЮСШ1 мае наступныя аддзелы:
- грэка-рымскае барацьбы
- тхэквандо
- боксу
- баскетболу
- плаваньня
ДЮСШ «Алімп» спэцыялізуецца на лёгкай атлетыцы.
У Сьветлагорску маюцца наступныя спартовыя збудаваньні і пляцоўкі:
- стадыёны (3)
- лёгкаатлетычны манэж (1)
- спартовыя залі (49)
- плавальныя басэйны (1)
- міні-басэйны ў дзіцячых садох (10)
- іншыя залі і пляцоўкі (школьныя спартовыя залі і г. д.) (202)
Забудова[рэдагаваць]
Чыгунка, аўтамагістралі і лясныя масівы дзеляць места на 3 плянавальныя раёны: паўночны і паўднёвы, забудаваныя шматпавярховымі дамамі, і заходні з забудовай сядзібнага тыпу. У цэнтры 2-3- і 5—9-павярховыя будынкі. Яго галоўнай вышыннай дамінантай зьяўляецца 16-павярховы жылы дом. Створаныя 7 мікрараёнаў.
Прамысловасьць[рэдагаваць]
Сярод прамысловых прадпрыемстваў — вытворчае аб’яднаньне «Хімвалакно», цэлюлёзна-кардонны камбінат (ЦКК), цеплаэлектрацэнтраль, завод жалезабэтонных вырабаў і канструкцыяў, завод жалезабэтонных вырабаў будаўнічага трэсту, завод зборнага жалезабэтону, упраўленьне буравых работ, фабрыка мастацкіх вырабаў, друкарня, хлебазавод.
Транспарт[рэдагаваць]
Праз горад праходзіць чыгуначная магістраль Санкт-Пецярбург — Кішынёў, ёсьць чыгуначны вакзал, аўтобусная станцыя.
Працуе гарадзкі аўтобусны парк № 5, аўтобусы якога ходзяць па 17 гарадзкіх маршрутах, а таксама маршрутныя і легкавыя таксі.
У горадзе — грузавая прыстань (Бабруйскага рачнога порта).
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць]
У Сьветлагорску працуюць музэй гісторыі гораду, дом рамёстваў (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), карцінная галерэя «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава.
Дзейнічаюць 2 праваслаўныя царквы, каталіцкі касьцёл, новаапостальская царква.
Помнікі[рэдагаваць]
- помнік-звон воінам, якія загінулі пры вызваленьні Шацілак ад нацысцкіх акупантаў (усталяваны ў 2005 г. на месцы ранейшага помніка);
- Алея герояў — помнікі воінам, якія атрымалі званьні Герояў пры вызваленьні раёна ад нацысцкіх акупантаў;
- помнік землякам, якія загінулі ў розных войнах — на гарадзкой набярэжнай;
- помнік Раману Шацілу — заснавальніку і першапасяленцу Шацілак (усталяваны ў 2006 г.)
Галерэя[рэдагаваць]
-
Герб Манкевічаў «Любіч»
Вядомыя асобы[рэдагаваць]
Раман Шаціла — першы жыхар Шацілак, які вядомы паводле пісьмовай крыніцы (1560 г.), меў у карыстаньні маёнтак Шацілінскі Востраў. У 2006 г. у цэнтры Сьветлагорску ўсталяваны помнік, правобразам якога зьяўляецца Р. Шаціла. Скульптура ўвасабляе ў сябе заснавальнікаў і першапасяленцаў Шацілак (першы ў Беларусі помнік заснавальнікам паселішча).
Ураджэнцы[рэдагаваць]
- Алег Астроўскі — неаднаразовы чэмпіён сьвету па радыёспорту, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (Сьветлагорск).
- Аляксандар Гронскі(be) — гісторык, кандыдат гістарычных навук.
- Дзьмітры Жукоўскі — 2-разовы уладальнік Кубка сьвету па веславаньню на байдарках і каноэ 1997 г. (каноэ-чацьвёрка 200, 500 м), майстар спорту СССР міжнароднай клясы.
- Валянціна Ліпская — чэмпіёнка СССР па мотацыклетным спорце 1956 году (іпадром), заслужаны трэнэр Расеі.
- Уладзімер Мерынаў — 3-разовы чэмпіён сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ, майстар спорту міжнароднай клясы.
- Уладзімер Патупчык — чалец Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
- Віктар Раманцоў — публіцыст, краязнаўца (Сьветлагорск).
- Алег Ціханаў — музычны прадусар, музычны рэдактар фэстывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
- Ігар Хулуп — чэмпіён СССР па веславаньні на байдарках і каноэ 1989 г., майстар спорту СССР міжнароднай класы (Сьветлагорск).
- Ганна Шавяленка — абсалютная чэмпіёнка сьвету па хуткаснай радыётэлеграфіі (2009), майстар спорту (Сьветлагорск).
Жыхары[рэдагаваць]
- Алесь Бяляцкі — праваабаронца, намесьнік старшыні Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека; закончыў сярэднюю школу № 5 г. Сьветлагорска.
- Ігар Гермянчук (1961—2002) — журналіст, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12 скліканьня (ад акругі ў г. Менску); выпускнік сьветлагорскай школы-інтэрната.
- Валянцін Голубеў — гісторык, доктар гістарычных навук; да 1976 г. працаваў плітачнікам-абліцоўшчыкам у будаўнічым трэсьце Сьветлагорска.
- Зінаіда Пятроўна Кіжнерава — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Андрэй Мельнікаў — выканаўца аўтарскай песьні (гітара), літаратар; раней працаваў у Сьветлагорску (прадпрыемства «Цэнтрэнэргамантаж»).
- Пётар Петрыкаў (1927—2007) — гісторык, чалец-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі; у 1956—1958 — настаўнік, намесьнік дырэктара ў сярэдняй школе Шацілак.
- Іван Фёдаравіч Хмарун (1916—1998) — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Юры Захаранка (1 студзеня 1952 — 7 траўня 1999 (?)) — палкоўнік, былы міністар унутраных справаў Беларусі й апазыцыйны палітык, зьнік у 1999 годзе.[31]
Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць]
- ^ а б Перепись населения — 2009. Гомельская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ http://zip.belpost.by/street/svetlogorsk-gomel
- ^ Гомельская область. Общегеографический атлас. — Мн., 2005. С. 1.
- ^ а б Шацілавічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 754
- ^ Рассадин С. Е. О некоторых находках 2008 г. на Шатилинском Острове // Исследования по истории Восточной Европы: научный сборник. — Вып. 1. — Мн., 2008. — С. 234—236.
- ^ Маслюкоў Т. В. З гісторыі Шацілавічаў // Гомельшчына: старонкі мінулага. ІІ выпуск. Гомель, 1996. С. 23
- ^ Маслюкоў Т. В. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы — старажытныя шляхецкія роды Беларусі // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 47—49.
- ^ Маслюкоў Т. Студэнт са Светлагорска выявіў невядомыя звесткі па гісторыі свайго горада // Светлагорск — рэгіянальны партал. 2008. 3 кастрычніка.
- ^ Кернажыцкі К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з 17 да паловы 19 ст. Мн., 1931.
- ^ Рассадзін С. Я. Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска
- ^ Diecezja Wilenska, 1744 // Suwalskie Towarzystwo Genealogiczne im. prof. J. Wisniewskiego. (пол.)
- ^ Доўнар А. Стан дарог і дарожных камунікацый Рэчыцкага павета (1765 — 1766 гг.) // Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. Гомель, 2005, с. 220—225.
- ^ а б в Дулеба Г. І., Курыловіч Г. М. Светлагорск // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Светлагорска і Светлагорскага раёна. У 2-х кн.Кн. 2. — Мн., 2004. С. 741—742.
- ^ З апісання цэркваў Светлагоршчыны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 77—85.
- ^ Jelski A. Szaciłki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 755.
- ^ Киштымов А. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны альманах. Т. 7. 2002
- ^ Кароткая інфармацыя аб навучальных установах, якія існавалі на тэрыторыі Светлагорскага раёна // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 112—113.
- ^ КРАЎЦОЎ, І. Я.; ХОМІЧ, А. М. У віхуры грамадзянскай вайны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. Мн., 2000, с. 121—133.
- ^ Камінскі М. І., Пятросава А. Ю. Светлагорск // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. Мн., 1985, с. 334.
- ^ Назва па радовішчы торфу каля г. Васілевічы Рэчыцкага раёну.
- ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 снежня 1956 г. «Аб пераўтварэнні вёскі Шацілкі Парыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарадскі пасёлак».
- ^ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 29 ліпеня 1961 г. «Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці».
- ^ ДУЛЕБА, Г. І.; КУРЫЛОВІЧ, Г. М. Аб населеных пунктах, якія ўжо не існуюць ці перайменаваны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2-х кн. Кн. 2. Мн., 2003, с. 742—748.
- ^ ПРАЧ, С. Мінулае сяла Чырковічы // Агні камунізму. 1982. 15 чэрвеня. С. 3.
- ^ Хоміч А. М., Рабянок П. П. Светлагорск у рыштаваннях // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Светлагорска і Светлагорскага раёна. У 2-х кн.Кн. 2. — Мн., 2004.
- ^ Численность наличного населения городов и других поселений, районов, районных центров и крупных сельских населённых мест на 15 января 1959 года по республикам, краям и областям. Белорусская ССР.
- ^ Светлогорск // Краткая географическая энциклопедия. Т. 3. — М., 1962.
- ^ г. Светлогорск (Гомельская область) // Belarus.by
- ^ Светлогорск // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Светлогорск // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ «Мой муж наіўным не быў. Ён разумеў, што творыцца ў краіне». Юрыю Захаранку сёння споўнілася б 60 гадоў.// "Наша ніва". - 2012. - 4 студзеня
Літаратура[рэдагаваць]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Светлагорска і Светлагорскага раёна. У 2-х кн.Кн. 1. — Мн., 2000.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Светлагорска і Светлагорскага раёна. У 2-х кн.Кн. 2. — Мн., 2004.
- Светлагорск // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2002. — 512 с.: іл. ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8. — С. 253—254.
- Светлагорск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. — С. 257.
- Лук’янаў П. Р. З гісторыі Светлагорска // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1979. № 3. С. 42—43.
- Сцепук У., Савасценка Я. Светлагорск. — Мн., 1966.
- Рассадзін С. Я., Міхальчанка А. М. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мн., 2005.
- Светлагорскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. — Мн., 1985. — С. 334—336.
- Светлагорск // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- Светлогорск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.— 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
- Асташкевіч І. 50 заўтра ці 450 сёння? — або таямніцы жыцця маладога горада, які сталее на вачах // Звязда. 2010. 21 мая.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Сьветлагорск (Гомельская вобласьць) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Рэгіянальны партал «Сьветлагорск»
- м. Сьветлагорск (Шацілкі) на Radzima.org
- Гормаш Ю. М. Шацілкі: далёкая мінуўшчына і першыя археалагічныя даследванні // Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны.
- Масьлюкоў Т. Продкі сьветлагорцаў супернічалі са славутым Карлам I Сцюартам // Радыё Свабода. 2009. 4 жніўня.
- Махмудава Л. С. Я. Рассадзін аб пісьмовых крыніцах сучаснага Светлагорска // Светлагорскія навіны. 2010. 28 красавіка.
- Да юбілею горада выдадзены паштовы набор
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
|||||||||||||