Рэпрэсіі ў БССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
(Перанакіравана з ««Нацдэмаўшчына»»)
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Курапацкі лес — адно з найвядомейшых месцаў пахаваньня ахвяраў рэпрэсіяў у БССР.
Emblem of the Byelorussian SSR.svg

Рэпрэсіі ў БССР — неабгрунтаванае прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці за дзяржаўныя (г.зв. «контррэвалюцыйныя») злачынствы, а таксама высылка — накіраваньне на спэцпасяленьні за межы БССР судовымі або пазасудовымі органамі па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах. Пачаліся ў 1917 року, сыстэматычны характар набылі ў 1930, найбольшы размах мелі ў 19371938, спыніліся разам са сьмерцю Сталіна ў 1953.

Дакладную лічбу рэпрэсаваных, як і падрабязныя сьведчаньні савецкіх злачынстваў, у наш час высьветліць немагчыма з тае прычыны, што архівы КДБ дагэтуль закрытыя для дасьледнікаў[1].

Зьмест

Гісторыя [рэдагаваць]

На думку беларускага дасьледніка Л. Маракова, у 1930-я на Сталіна працавалі сакрэтныя інстытуты НКВД, якія пралічылі значны патэнцыял у геапалітычным становішчы Беларусі. Для таго, каб беларусы ніколі не атрымалі незалежнасьць ад Расеі, яны сыстэматычна вынішчалі інтэлектуальны генафонд нацыі. Як адзначае Л. Маракоў: «Зьмянілася ўжо некалькі пакаленьняў, а нам усё ніяк не атрымоўваецца аднавіць згубленае. Усё таму, што мы — дзеці горшых, лепшых выразалі»[1].

Колькасьць ахвяраў [рэдагаваць]

Паводле няпоўных падлікаў (многія дакумэнты не захаваліся) ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі у 19171953 сталі каля 600 тыс. чал.[2][3], згодна зь іншымі зьвесткамі — ня менш за 1 млн 400 тыс. чал.[4], зь іх 250 тыс. асуджаныя судовымі ці пакараныя рашэньнямі пазасудовых органаў («двоек», «троек», асобых нарадаў, калегіяў АДПУ, НКУС, Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (МДБ)). Акрамя асуджаных у 19201930-я, рэпрэсавана і выслана за межы БССР больш за 250 тыс. «раскулачаных» сялянаў і чальцоў іх сем’яў. У 19171953 да найвышэйшай меры пакараньня (расстрэлу) прысуджаныя 358 686 чалавек.

Усяго з 1954 да пачатку 2000 року ў Беларусі рэабілітавана больш за 200 тыс. ахвяраў палітычных рэпрэсіяў[2].

Наступствы [рэдагаваць]

Навука [рэдагаваць]

Ад рэпрэсіяў 1930-х пацярпелі 26 акадэмікаў і 6 чальцоў-карэспандэнтаў Беларускай акадэміі навук. З 139 асьпірантаў, якія былі ў 1934, засталося толькі шасьць чалавек. Дасьледаваньні ў галіне гуманітарных навук практычна спыніліся[5].

Гістарыяграфія [рэдагаваць]

У 1930-я савецкія ўлады фізычна і духоўна зьнішчылі 32 менскія гісторыкі, іх працы выдалілі з навуковых бібліятэк. Увогуле, была поўнасьцю зьніштожаная беларуская гістарычная школа[6].

Літаратура [рэдагаваць]

З 540—570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920—1930-я гады XX стагодзьдзя было рэпрэсавана ня менш за 440—460 (80%), у тым ліку Тодар Кляшторны, Андрэй Мрый ды мноства іншых вядомых аўтараў. Калі улічваць аўтараў, вымушаных зьехаць з радзімы, то рэпрэсіям падвергліся ня менш за 500 (90%), чвэртка усёй колькасьці літаратараў (2000), рэпрэсаваных у СССР[7].

Тым часам, паводле падлікаў У. Маракова, ва Ўкраіне колькасьць рэпрэсаваных літаратараў склала каля 35-40%, у Расеі — ня больш за 15%[1].

Мэдыцына [рэдагаваць]

Агулам пад рэпрэсіі трапіла 1520 пэрсаналіяў, зь іх каля 500 лекараў, больш за 200 мэдычных сясьцёр, блізу 600 вэтэрынарных працаўнікоў, некалькі соцень іх сваякоў і тых, хто праходзіў зь імі па адной супольнай справе[8].

Нацыянальны склад рэпрэсаваных: беларусы — 738, палякі — 331, габрэі — 203, расейцы — 168, украінцы — 25, латышы — 18, летувісы — 13, немцы — 9, чэхі, эстонцы — па 2 чалавекі, грузіны, вугорцы, казахі, малдаване, татары, французы, чувашы — па адным, нявызначаныя — 4[8].

У 1930-х адбыўся поўны заняпад сыстэмы мэдычнага абслугоўваньня насельніцтва БССР. На большасьць раённых лякарань прыходзіўся толькі адзін лекар. Кожны трэці-чацьверты лекарскі ўчастак быў ня толькі бяз доктара, але і бяз фэльчара, нават без акушэркі. Арышты праходзілі з такой хуткасьцю, што трыста выпускнікоў Менскага і Віцебскага мэдычных інстытутаў штогод не пасьпявалі займаць парожнія месцы. Аднак іх рыхтавалі найперш для адмысловых лякарань, клінік і санаторыяў, у якіх лекаваліся партыйныя бонзы і энкавэдысты[8].

Глядзіце таксама [рэдагаваць]

Крыніцы [рэдагаваць]

  1. ^ а б в Кастусь Лашкевич, Леонид Моряков (21.10.2010) Как в БССР уничтожали врачей и избавлялись от больных(рас.). TUT.BYПраверана 22 кастрычніка 2010 г.
  2. ^ а б В. Ф. Кушнер. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920—1930-я гг. // Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 370.
  3. ^ 600 000 ахвяраў — прыблізная лічба: з І. Кузьняцовым гутарыць Руслан Равяка // Наша Ніва, 3 кастрычніка 1999.
  4. ^ І. Кузьняцоў. Рэпрэсіі супраць беларускай iнтэлiгенцыi і сялянства ў 1930—1940 гады. Лекцыя 2. // «Беларускі Калегіюм», 15 чэрвеня 2008.
  5. ^ В. Ф. Кушнер. Культурнае і духоўнае жыццё савецкай Беларусі. // Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 402.
  6. ^ Андрэй Катлярчук. Прадмова да «літоўскага» нумару // Arche №9, 2009.
  7. ^ Прадмова // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  8. ^ а б в …А медсястра ў вар’ятку ператварылася // Наша Ніва, 13 верасьня 2010

Літаратура [рэдагаваць]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 4. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 1. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 2. — Мн:, 2007.
  • Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005.— 584 с. ISBN 985-469-120-9.